Андскі кот (Leopardus jacobitus альбо Oreailurus jacobita) — паўднёваамерыканскі від сямейства каціных (Felidae). З-за пражывання ў адносна цяжкадасяжных рэгіёнах Анд навуковыя звесткі пра яго даволі сціслыя, першыя відэакадры андскага ката з’явіліся толькі пасля 2000 года.
Андскі кот выглядам моцна нагадвае пампаскага ката, які жыве ў тым жа рэгіёне. Адрозненні абодвух відаў да гэтага часу з’яўляюцца аб’ектам навуковых даследаванняў, у распараджэнні навукоўцаў ёсць толькі лічаныя асобнікі з музеяў. Даўжыня цела каля 70 см, даўжыня хваста — 45 см, вага — ад 4 да 7 кг. Поўсць даволі доўгая для абароны ад халадоў, афарбоўка шэра-карычневая з чорнымі плямамі. На хвасце чорны кольцападобны ўзор.
Андскі кот з’яўляецца самым рэдкім відам каціных у Паўднёвай Амерыцы. Часцей за ўсё ён сустракаецца ў Андах, дзе яго арэал распасціраецца ад паўднёвага Перу праз паўднёвы захад Балівіі да паўночнага захаду Аргенціны. Аддае перавагу жыццю на вялікай вышыні ад 3000 да 5000 м над узроўнем мора.
Андскі кот, імаверна, сілкуецца дробнымі сысунамі.
Навукоўцы мяркуюць, што колькасць папуляцыі андскіх катоў вельмі невялікая. Па гэтай прычыне андскія каты пералічаныя ў Вашынгтонскай канвенцыі па абароне відаў. Канвенцыя забараняе ўсякі гандаль прадуктамі, вырабленымі з андскіх катоў. Забарона датычыцца продажу ўжо выкарыстаных прадуктаў.
У многіх навуковых працах андскі кот вылучаецца ў асобны род Oreailurus. Больш новыя сістэматыкі, напрыклад паводле Уілсана і Рыдара (2005), адносяць яго да тыгровых катоў (Leopardus), да якіх адносіцца і ацэлот.
- D. E. Wilson und D. M. Reeder: Mammal Species of the World. Johns Hopkins University Press, 2005. ISBN 0-8018-8221-4