(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Аляксандр Надсан (18+) | Новы Час
The Wayback Machine - https://web.archive.org/web/20230417054108/https://novychas.online/asoba/aljaksandr-nadsan-18

Аляксандр Надсан (18+)

Тры гады таму пайшоў з жыцця адзін з галоўных дыяспарных беларусаў — Аляксандр Надсан. Нібыта сцішыліся ўсе, з смерцю згадзіліся, падсумавалі нейкія вынікі, сабралі прыпаміны. І, падаецца, за такімі датамі, як 500-годдзе беларускага друку і 100-годдзе БНР губляецца трохгоддзе з дня смерці лонданскага самотніка.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Але вось зусім нядаўна ў Мінску, у адной з цэнтральных кнігарняў, нібы сумысля, патрапілася мне кніга А. Надсана з серыі Кнігазбору «Выбранае» з коштам, на якім была пазнака Аляксандр Надсан (18+). Гэта адразу прыцягнула ўвагу і я ўзгадаў, як спадар Аляксандр абураўся з «Нашай Нівы», у якой на апошняй старонцы друкавалася інфармацыя пра каханне і сэкс беларусаў. Айцец Аляксандр не разумеў навошта друкаваць такую інфармацыю ў такой шаноўнай газеце і лічыў, як сапраўдны святар, што падобную інфармацыю варта друкаваць у адмысловых выданнях. Няма сумневу, ідэалізм, маралізм і святарскі стан вызначалі абурэнне.

Але цяпер і сам А. Надсан патрапіў пад узроствае абмежаванне ды яшчэ ў 18+! Хаця, канечне, такая пазнака (18+), навязаная новым законам РБ, пацешыла б спадара Аляксандра і сталася сапраўдным кампліментам з боку ўладаў. Праўда, не зразумела, чаму закон аднёс кнігу А. Надсана да катэгорыі 18+? Таму, што рэлігійны тэкст? Таму, што дыяспарны, а таму падазроны? Ці праз простае няведанне і падстрахаванне чынавецтва? Як бы там ні было, такія казусы, анекдоты вакол важных для нас людзей толькі ўзмацняюць інтарэс да іх.

А яшчэ і без даты 15 красавіка зноў і зноў прыгадваюцца мне апошнія прыезды ў Надсанавы Лондан, калі гаспадар Скарынаўкі ціхама спаўзаў зверху, з свайго кабінету і сядаў у чытальні насупраць мяне. У гарачым чэрвеньскім Лондане халода Скарынаўкі выратоўвала, але часам, прызнаюся, калі заседжваўся, то марозіла. Зразумела, мы рабілі пярэрву, спадар Аляксандр жартліва і хапатліва зазначаў: «Дайце і кнігам адпачыць».

Зрэдчас траплялася быць сам-насам з ім, а таму пагатоў прыгадваюцца нашыя прыватныя пасядзелкі. Аднаго разу мы загаманіліся на цэлую гадзіну, бо ў вір зацягнула цікавая тэма — пераклады на беларускую мову і падача французскіх уласных імёнаў у беларускай мове. Мала з кім ва ўсім беларускамоўным свеце можна было пагаварыць і параіцца ў гэтым пытанні. Так, ён дзіву даваўся, як беларусы ня слухаюць сваёй мовы і пераймаюць расійскія перакладніцкія завядзёнкі: падаюць імёны на -er як -эр, тады як трэба -ёр: Гарнёр, Фармёр, Сліпёр і пад. Таксама заўважаў расійскі ўплыў у падачы прозвішчаў кшталту Бурдз’ё, Дэпард’ё, Мат’ё: замест гэтага слушнага, набліжанага да французскай мовы, варыянту беларусы перанялі расейскую традыцыю: Бурдзье, Дэпардзье (зрэдчас Дэпардзьё), Мацье і пад.

Цікава, што мы сышліся ў тым, што на прыкладзе такога слыннага прозвішча, як (Эміль) Д’юркайм можна выразна пабачыць, як адбывалася расеіфікацыя мовы і перакладніцкай традыцыі: калі спачатку імя падавалі, захоўваючы французскую вымову (Д’юркайм, гэты варыянт застаецца слушным у дыяспарнай мове), тады як паступова прозвішча так бы мовіць «русіфікавалася» — цяпер у афіцыйнай мове слушны хіба варыянт Дзюркгейм. А яшчэ варта адзначыць, спадар Аляксандр даводзіў, што слушна было б пісаць прозвішча «бязбожніка Сартра», як Сартар (а не Сартр). Падсумоўваючы нашыя пасядзелкі, гаспадар бібліятэкі сумна падкрэсліваў, што беларусы Францыі, а перадусім Леў Гарошка ў свой час не напісалі, не стварылі пэўнай інструкцыі па напісанні франкамоўных імёнаў уласных па-беларуску. І дадаваў, між іншым, што і ў адвартотным кірунку «робіцца абы-што»: французы перадаюць імёны беларускія то ў польскай традыцыі, то ў расійскай.

Моўны клопат Аляксандра Надсана быў вядомы ўсім. Дасюль мяне ўражвае моўная культура і кампетэнцыя ў іншых, няродных мовах айца Аляксандра. І я ўдзячны, што мова сталася той рэлігіяй, якая знітавала нас, няхай на зусім крыху, у апошнія гады жыцця апякуна беларушчыны. Парады Аляксандра Надсана не засталія ў паветры, каліўкамі яны прысутнічаюць у “Беларуска-францускім слоўніку”, які ўпарта складаецца і з'явіцца ў бліжэйшай будучыні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:
  • Anatol Starkou

  • 2018-04-15 09:45:09
Героям нашы СМІ могуць зрабіць каго захочуць. Мо й я калі-небудзь (праз сто-двесці лят) буду ў некаторых беларускіх не бел-чырвона-белых выданнях выглядаць як герой Бронксу, NY. Бо тут за пяць гадоў пражывання ні разу ні ад каго не чуў беларускай мовы, але на ёй часам пішу, быццам герой беларускай дыяспары Бронксу, ў якой толькі я.

У 2008-м годзе у Кліўлендзе, ў штаце Агая сустракаў спадара Аляксандра Надсана падчас сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі з ЗША і Канады, і фатаграфаваў яго і спадарыню Івонку Сурвілу, якія ў гэты момант сядзелі разам за сталом на свежым паветры, размаўлялі і пазіравалі мне ў момант здымка. Былі падчас той сустрэчы і выступы некаторых беларусаў замежжа, толькі сутнасць іх рэчаў я не памятаю.
Але героям нашы бел-чырвона-белыя СМІ могуць усталяваць каго захочуць. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, які ўпершыню ў гісторыі нацыі стварае беларускую дзяржаву.
Больш цікавага на «Новым Часе»: