Уладзімер Шыманец
Уладзімер Шыманец (15 траўня 1911, Рыга — 27 жніўня 1977, Сартрувіль, Францыя) — беларускі грамадзкі дзеяч у Францыі, інжынэр, мастак, міністар фінансаў БНР[2].
Уладзімер Шыманец | |
Дата нараджэньня | 2 (15) траўня 1911[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 27 жніўня 1977 (66 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | інжынэр, грамадзкі дзяяч, маляр |
Сябра ў | Рада Беларускай Народнай Рэспублікі |
Дзеці | Івонка Сурвіла і Лявон Шыманец |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў Рызе, дзе ў той час працаваў яго бацька, што паходзіў зь вёскі Засульле на Стаўпеччыне. Падчас Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе сям’я была эвакуіраваная ва ўкраінскае Дняпро, і толькі ў 1919 годзе ім ўдалося вярнуцца на радзіму ў Засульле. Уладзімер Шыманец вучыўся ў школе ў Негарэлым, апошнія клясы — у Стоўпцах. Ад дзяцінства пачаў маляваць.
У 1932 годзе скончыў Віленскую тэхнічную школу. Па заканчэньні школы цягам году ня мог знайсьці працы і жыў з бацькамі, толькі пазьней знайшлася праца ў Стоўпцах. У 1935 годзе ажаніўся. У 1938 годзе польскія ўлады перавялі яго ў Берасьце.
У 1939 годзе здолеў уладкавацца ў Баранавічах, працаваў намесьнікам начальніка электрастанцыі чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральная. Пасьля прыходу саветаў быў арыштаваны — 23 кастрычніка 1940 году. Асуджаны 22 лютага 1941 году «асобай нарадай» за «антысавецкую агітацыю» на 5 гадоў савецкіх канцлягэраў у Омску, аднак адпраўцы туды перашкодзіў пачатак нямецка-савецкай вайны. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў у Баранавічах, публікаваў артыкулы пра архітэктуру.
Зь лета 1944 году разам зь сям’ёй на эміграцыі. Спачатку апынуўся ў Даніі, у Капэнгагене, дзе арганізаваў Згуртаваньне беларусаў Даніі. У 1948 годзе з дапамогай Лявона Рыдлеўскага і Міколы Абрамчыка змог разам зь сям’ёй пераехаць у Францыю. З 1952 году жыў у Сартрувілі пад Парыжам. Браў удзел у працы Аб’яднаньня беларускіх работнікаў у Францыі, Сусьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі (САБЭ), дзейнасьці ўраду БНР (некаторы час займаў пасаду міністра фінансаў).
Праз усё жыцьцё працягваў маляваць. Быў аўтарам праектаў паваенных марак БНР[3]. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках у Сартрувілі, Вэрсалі, Парыжы, у 1970-х некалькі выстаў яго прац былі арганізаваныя ў БІНіМам у Нью-Ёрку. Пісаў у эміграцыйнай пэрыёдыцы пра творчасьць беларускіх мастакоў на эміграцыі.
Памёр 27 жніўня 1977 году ў Сартрувілі.
Сям’я
рэдагаваць- Дзеці:
- Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР
- Лявон Шыманец, беларускі грамадзкі дзеяч
- Унучкі:
- Марыя Паўла Сурвілла, музыказнаўца
- Віржыні Шыманец, літаратарка, тэатразнаўца і дасьледчыца беларускага тэатру
Цікавыя факты
рэдагаваць- Рэабілітаваны 7 верасьня 1989году Пракуратурай Берасьцейскай вобласьці (архіўная справа: УКГБ Берасьцейскай вобласьці 10013-с).
- Жыцьцяпіс Уладзімера Шыманца была надрукаваная ў газэце «Беларус» № 241 за 1977 год
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://by.openlist.wiki/%D0%A8%D1%8B%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B5%D1%86_%D0%A3%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BC%D1%96%D1%80_%D0%90%D0%BB%D1%8F%D0%BA%D1%81%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87_(1911)
- ^ Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 27 жніўня. Уладзімір Шыманец, Уладзімір Клуніцкі
- ^ Аўкцыён да 103-й гадавіны БНР: рарытэтныя кнігі, маркі, гравюры