(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Гаяна — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Гаяна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кааператыўная Рэспубліка Гаяна
англ.: Co-operative Republic of Guyana
Герб Гаяны
Сцяг Гаяны Герб Гаяны
Дэвіз: «One People, One Nation, One Destiny»
Гімн: «Dear Land of Guyana, of Rivers and Plains»
Дата незалежнасці 26 мая 1966 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Джорджтаўн
Найбуйнейшы горад Джорджтаўн
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Махамед Ірфаан Алі
Марк Філіпс
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
81-я ў свеце
214 970 км²
3,2
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
Шчыльнасць

751 223[1] чал. (160-я)
9,1 чал./км²
ВУП
  • Разам (2008)
  • На душу насельніцтва

$3,082 млрд[2]  (159-ы)
$4029[2]
Валюта Гаянскі долар
Інтэрнэт-дамен .gy
Код ISO (Alpha-2) GY
Код ISO (Alpha-3) GUY
Код МАК GUY
Тэлефонны код +592
Часавыя паясы −4

Гая́на (англ.: Guyana), Кааператы́ўная Рэспу́бліка Гая́на (англ.: Co-operative Republic of Guyana) — краіна ў Паўднёвай Амерыцы, мае выхад да Атлантычнага акіяна, на паўночным захадзе мяжуе з Венесуэлай (743 км), на паўднёвым захадзе і поўдні з Бразіліяй (1 119 км), на ўсходзе з Сурынамам (600 км). Сталіца — горад Джорджтаўн.

Галандская крэпасць Насау, 1770 г.

Старажытныя насельнікі з’явіліся на тэрыторыі Гвіяны каля 11 тысяч гадоў таму. Каля 3 тысячагоддзяў таму яны асвоілі земляробства. Археолагі лічаць, што земляробы 1 тысячагоддзя н. э. былі прамымі продкамі сучасных індзейцаў аравакаў і варау. Незадоўга да прыходу еўрапейцаў на поўначы Гаяны з’явіліся карыбы. Акрамя таго, у розных раёнах жылі асобныя групы гуарані.

Узбярэжжа Гаяны было адкрыта іспанцамі ў 1498 г. У 1616 г. галандцы заснавалі першую калонію на рацэ Эсекіба. У 1796 г. галандскія калоніі былі акупаваны Вялікабрытаніяй. Канчаткова яны перайшлі пад кантроль Злучанага Каралеўства ў 1814 г. У 1831 былі аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйную адзінку Брытанскую Гвіяну.

Ужо галандцы для забеспячэння створаных імі плантацый таннай працоўнай сілай увозілі чарнаскурых рабоў з Афрыкі. У першай трэці XIX ст. іх колькасць значна павялічылася. Цяжкія ўмовы жыцця і працы вымушалі рабоў арганізоўваць паўстанні. Найбольш значныя адбыліся ў 1763 г. і 1823 г. Рабства было адменена ў 1834 г. Нашчадкі чарнаскурых рабоў склалі адну з найбольш уплывовых абшчын сучаснай Гаяны — афрагаянцаў.

Для вырашэння праблемы таннай працоўнай сілы ўладальнікі плантацый пачалі ўвозіць закантрактаваных рабочых. У 18441912 гг. дзейнічала пагадненне з каланіяльнай Індыяй, згодна якому ў Брытанскую Гвіяну прыбыло каля 240 000 рабочых з Усходняй Індыі. Такім чынам сфарміравалася найбуйнейшая ў наш час індыйская абшчына Гаяны.

У 1928 г. Вялікабрытанія прадставіла калоніі самакіраванне. Гэта дало штуршок да развіцця нацыянальнага і рабочага руху. Да сярэдзіны XX ст. у Брытанскай Гвіяне было створана некалькі буйных уплывовых прафсаюзных аб’яднанняў. У 1950 г. — першая палітычная Народная Прагрэсіўная Партыя (НПП), якая выступала за незалежнасць і сацыяльныя змены. У другой палове 1950-ых гг. у НПП адбыўся раскол. Вылучыліся асобная Народная Прагрэсіўная Партыя, якую падтрымлівала пераважна індыйская абшчына, і Народны Нацыянальны Кангрэс (ННК), што арыентаваўся пераважна на афрагаянцаў. У 1964 г. спроба ўрада на чале Чэддзі Джагана, лідара НПП, падпарадкаваць прафсаюзы прывяла да выбуху гвалту і ўмяшання каланіяльнай адміністрацыі. Новая заканадаўчая рэформа садзейнічала перамозе кааліцыі на чале Форбса Бэрнхама, лідара ННК. 26 мая 1966 г. Гаяна атрымала незалежнасць. 23 лютага 1970 г. была абвешчана рэспублікай. У 1980 г. пачала дзейнічаць Канстытуцыя. Главой дзяржавы стаў прэзідэнт.

У 1968 — 1985 гг. прэм’ер-міністрам, а потым прэзідэнтам Гаяны быў Форбс Бэрнхам, які абвясціў палітыку пабудовы «кааператыўнага сацыялізму» на аснове нацыяналізацыі буйных і кааперавання дробных прадпрыемстваў. Яна выклікала незадаволенасць сярод розных пластоў насельніцтва і ў выніку скончылася поўным эканамічным правалам. Урад НКК абвінавачваўся ў махлярстве на выбарах. У 19851992 гг. НКК праводзіў рэформы, накіраваныя на адкрытасць эканомікі і прыцягненне інвестыцый. Выбарчая рэформа пачатку 1990-ых гг. прывяла да паражэння НКК і прыходу да ўлады прадстаўнікоў НПП. Гэтая партыя дамінуе ў палітычным жыцці краіны і ў нашы дні.

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]
Карта

Тэрыторыю краіны можна падзяліць на тры геаграфічныя рэгіёны. Узвышаная частка, Гвіянскае нагор’е, займае поўдзень і цэнтр краіны. Яно разрэзана на асобныя масівы рачнымі далінамі. Найбольш узвышаным лічыцца захад цэнтральнай часткі. У адным з горных ланцугоў на мяжы з Венесуэлай і Бразіліяй знаходзіцца самы высокі пункт краіны — гара Рарайма (2810 м). Паверхня паступова зніжаецца ў бок Атлантычнага акіяна, пакуль не пераходзіць у раўнінныя тэрыторыі, парослыя трапічнымі лясамі. Бліжэй да акіянічнага ўзбярэжжа раўніны ператвараюцца ў забалочаныя нізіны да 100 км у шырыню.

Назва Гаяны на мове індзейцаў-аравакаў значыць «месца вялікіх вод». Па ўсёй тэрыторыі краіны прыродай пракладзена густая сетка рэк. Найбуйнейшыя рэкі — Эсекіба, Бербіс, Дэмерара, Карантэйн, Мазаруні, Куюні і інш. Усе яны бяруць пачатак на Гвіянскім нагор’і і ўпадаюць у Атлантычны акіян. У перасечанай мясцовасці рэкі ўтвараюць шматлікія вадаспады. Найбольш знакаміты вадаспады Каетур вышынёй 226 м. Але многія рэкі суднаходны і выконваюць ролю важных транспартных артэрый.

У вусці рака Эсекіба фарміруе шырокую дэльту са шматлікімі астравамі. Найбольшыя з іх — Хог і Легуан. Дэльта Эсекіба падзяляе ўзбярэжжа на 2 часткі — паўночна-заходнюю і паўднёва-усходнюю. Бераг нізкі, часцяком ніжэй за ўзровень акіяна. У мінулым марскія прылівы затаплялі значную частку сушы. Для абароны берагоў былі пабудаваны дамбы і сетка дрэнажных каналаў. Рэкі выкідваюць у акіян шмат глею, з-за чаго вада набывае гразна-карычневы колер, утвараюцца глеістыя водмелі да 22,5 км у даўжыню[4].

Разведаныя карысныя выкапні — баксіты, золата, дыяменты, буры вугаль, друз, марганец, жалеза, нікель.

Клімат у Гаяне субэкватарыяльны, спякотны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +20 °C да +27 °C на ўзбярэжжы і ад +18 °C да +39 °C ва ўнутраных раёнах краіны. Сезон дажджоў цягнецца з мая да чэрвеня і са снежня да студзеня. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае ад 1200 мм на ўзвышшах і да 3000 мм на ўзбярэжжы.

Флора і фаўна Гаяны адрозніваюцца значнай разнастайнасцю. Гэта абумоўлена зменамі ў колькасці дажджавых ападкаў, складу глебы і асаблівасцямі чалавечай дзейнасці ў розных рэгіёнах краіны. Большая частка акіянічнага ўзбярэжжа апрацавана і выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, аднак месцамі на ім захаваліся мангравыя лясы і водмелі, дзе размножваюцца марскія чарапахі[5].

Далей на раўнінах, узвышшах і перадгор’ях цягнецца паласа вільготных трапічных лясоў. Лясы займаюць каля 80 % плошчы Гаяны. Усяго налічваецца каля 1000 відаў розных дрэў, у тым ліку рэдкія і каштоўныя чырвоны сандал, баі́я, жалезнае дрэва, гевея і г. д. У кронах дрэў жывуць птушкі, насякомыя, дробныя сысуны. На паўднёвым захадзе адкрываецца саванна Рупунуні — вялізарная натуральная паша для дзікай і хатняй жывёлы.

Лясы Гаяны насяляюць ягуары, тапіры, дзікабразы, кугуары, вузканосыя малпы, анаконды, ляніўцы. У саванне сустракаюцца антылопы, мурашкаеды, браняносцы. У рэках шмат рыбы, распаўсюджаны кракадзілы, прэснаводныя малюскі, паўзуны і г. д.

Для аховы дзікай прыроды Гаяны створаны шэраг нацыянальных паркаў.

Гаяну часцяком называюць краінай шасці народаў з-за надзвычай стракатага этнічнага і расавага складу насельніцтва. У 2009 г. тут жыло 751 223 чалавек.

З агульнай колькасці гаянцаў толькі 70 000 з’яўляюцца карэннымі жыхарамі — індзейцамі[6]. У моўных адносінах яны падзяляюцца на 3 буйныя групы — аравакі, карыбы і варау. У дакаланіяльны перыяд індзейскае насельніцтва Гаяны было этнічна яшчэ больш стракатым, але пазней яно скарацілася з-за прымусовых міграцый, сутыкнення паміж плямёнамі і з каланіяльнымі захопнікамі і асабліва з-за прынесеных каланістамі у Амерыку эпідэмічных захворванняў. Большасць сучасных індзейцаў жыве ў сельскай мясцовасці, абапіраецца на абшчынную форму зямельнай маёмасці і традыцыйныя формы арганізацыі кіравання, якое, аднак, мае сталыя стасункі з афіцыйнымі органамі ўлады. У Гаяне дзейнічае Міністэрства па справах індзейцаў[7]. Карэнныя жыхары Гаяны маюць адзін з найлепшых паказчыкаў пісьменнасці сярод індзейцаў краін Паўднёвай Амерыкі.

Астатнія гаянцы — нашчадкі імігрантаў. Асобы еўрапейскага паходжання складаюць каля 1,5 % ад усяго насельніцтва, афрыканскага паходжання — каля траціны, нашчадкі выхадцаў з Усходняй Індыі — больш за палову, кітайцы — каля 1 %. 11 % гаянцаў маюць змяшанае паходжанне. Паміж прадстаўнікамі розных этнічных груп існуюць дастаткова складаныя адносіны, што асабліва заўважна на прыкладзе канкурэнцыі паміж прадстаўнікамі індыйскай і афрагаянскай абшчын.

57 % гаянцаў спавядаюць хрысціянства, 28 % — індуізм, 7 % — іслам.

Для Гаяны характэрна высокая нараджальнасць. У 1960 г. на 1000 чал. у сярэднім прыходзілася 44,49 нараджэнняў. Да 2011 г. нараджальнасць скарацілася да 17,81 нараджэнняў на 1000 чал., што значна ніжэй, чым у мінулым, але вышэй, чым у такіх краінах, як ЗША, Канада, Вялікабрытанія і Германія[8]. Росту насельніцтва перашкаджае сталая эміграцыя. У 19691976 гг. з краіны афіцыйна выязджала ў сярэднім 6080 чал. у год. У 1976 — 1981 гг. гэтая лічба павысілася да 14 400 чал., прычым 43 % эмігравалі ў ЗША, 31 % — у Канаду, каля 10 % — у Вялікабрытанію, 9 % — у краіны Карыбскага басейна. У канцы 1980-ых гг. легальная і нелегальная эміграцыя дасягала 10 тысяч — 20 тысяч чал. у год. Большасць эмігрантаў былі індыйскага паходжання, належалі да сярэдняга класа і мелі дастаткова добрую прафесійную адукацыю. У наш час толькі ў ЗША выязджае штогод каля 30 тысяч чал., больш за 100 тысяч гаянцаў маюць грамадзянства ЗША[9].

Эканамічная геаграфія Гаяны

Традыцыйна эканоміка Гаяны абапіраецца на экспарт цукру, золата, баксітаў, крэветак, драўніны і рысу. Іх вытворчасць і продаж складае прыкладна 60 % ВУП краіны[10] і залежыць ад коштаў на знешніх рынках на сыравіну.

Структура народнай гаспадаркі выглядае наступным чынам[11]:

Галіна гаспадаркі Адносіны да ВУП, % Удзел насельніцтва, %
Сельская гаспадарка 21,35 1,4
Прамысловасць 33,74 15,10
Абслугоўванне 43,37 34,6

На развіццё эканомікі станоўча адбілася ўступленне краіны ў 2006 г. у адзіны рынак КАРЫКАМ, а таксама прыпыненне сталай інфляцыі. Разам з гэтым, Гаяна мае значныя знешнія пазыкі. У 2012 г. агульны ВУП Гаяны склаў 3 мільярды долараў ЗША, прыкладна 7939 долараў ЗША на чалавека. Такім чынам, краіна застаецца адной з найбяднейшых у Лацінскай Амерыцы.

Найбуйнейшымі эканамічнымі цэнтрамі з’яўляюцца Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам.

Сельская, лясная гаспадарка, рыбалоўства

[правіць | правіць зыходнік]

Земляробства развіта пераважна на поўначы краіны, дзе існуюць камерцыйныя насаджэнні цукровага трыснягу, рысу, какосавай пальмы, кавы і г. д. Асноўны прыбытак фермерам прыносяць вырошчванне цукровага трыснягу і рысу. Пашырэнне плошчаў засеву і дапамога ўрада ў забеспячэнні ўгнаеннямі садзейнічалі істотнаму падвышэнню ўраджайнасці ў другой палове 2000-ых гг. На поўдні краіны земляробства мае дапаможны характар, тут дамінуе мясная жывёлагадоўля, існуюць вялікія гаспадаркі, якія трымаюць буйную рагатую жывёлу. У 2009 г. вытворчасць мяса і маладняка падвысіліся на 2,5 %.

Лоў рыбы і крэветак ажыццяўляецца ў прыбярэжных водах Атлантычнага акіяна. Рыбакі карыстаюцца пераважна малымі суднамі. У другой палове 2000-ых гг. эканамічны рост гэтай галіны знізіўся на 10,5 % з-за падзення попыту і высілення некаторых промыслаў. Неспрыяльная знешняя кан’юнктура таксама абумовіла спад у лясной гаспадарцы (-0,6 % у 2009 г.)

Здабыча карысных выкапняў

[правіць | правіць зыходнік]

Гаяна мае багатыя радовішчы баксітаў і золата. Акрамя таго, тут здабываюць дыяменты. Здабычу карысных выкапняў рэгулюе дзяржаўная камісія па геалогіі і здабычы[12], створаная ў 1979 г.

Здабыча баксітаў ажыццяўляецца галоўным чынам ў міжрэччы Бербіса і Дэмірары. Гэта складаны тэхналагічны працэс, у які ўцягнуты буйныя кампаніі, і які стала патрабуе значных інвестыцый. У апошнія два дзесяцігоддзі XX ст. баксітная прамысловасць Гаяны знаходзілася ў складаным становішчы з-за неэфектыўнага дзяржаўнага кіравання і пераразмеркавання прыбыткаў на карысць іншых галін эканомікі. У 2004 г. была створана Баксітная Кампанія Гаяны з частковым прыватным удзелам. У 2006 г. урад Гаяны прадаў актывы буйной дзяржаўнай кампаніі расійска-швейцарскаму здабытчыку РУСАЛ. РУСАЛ, а таксама кітайскія інвестары атрымалі магчымасць весці здабычу высакаякасных вогнетрывалых баксітаў[13]. Развіццю здабычы баксітаў спрыяе сусветны попыт на алюміній і цэмент, у вытворчасці якіх выкарыстоўваюцца гэтыя карысныя выкапні.

Здабыча золата і дыяментаў вабіць як буйныя кампаніі, так і дробных капальнікаў. Ліцэнзаваныя здабытчыкі аб’яднаны ў асобную Гаянскую асацыяцыю золата- і дыяментаздабытчыкаў. Згодна планам 2013 г., яе члены паставілі на рынак 500 тысяч унцый золата[14].

Прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Прамысловы сектар прадстаўлены пераважна дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі. Дамінуе перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, рамонтныя паслугі.

Сфера паслуг паступова пашыраецца ў агульным ВУП. Найбольш імкліва развіваюцца такія галіны, як транспарт, арэнда жылля і камунальныя паслугі.

Развіццё культуры Гаяны ў значнай ступені абумоўлена каланіяльным мінулым гэтай краіны, а таксама яе шматэтнічным насельніцтвам, што асабліва ярка выяўляецца ў арганізацыі святочных мерапрыемстваў, дзе прынята спалучаць элементы афрыканскіх, еўрапейскіх і індыйскіх традыцый. У верасні праводзяцца абавязковыя мерапрыемствы, прысвечаныя індзейскай спадчыне. Гаянская культура болей набліжана да культуры краін Карыбскага басейна, чым Лацінскай Амерыкі.

На фарміраванне гаянскай літаратуры значны ўплыў аказаў фальклор тых народаў, якія жывуць на яе тэрыторыі. Англамоўная паэзія ўзнікла ў XIX ст. У канцы XIX — пачатку XX ст. — мемуарная літаратура. Першым знакамітым гаянскім майстрам мастацкай прозы стаў выхадзец з Нью-Амстэрдама, Эдгар Мітлхольцэр (19091965 гг.), які праславіўся за свае рэалістычныя апавяданні, прысвечаныя падзеям у Вест-Індыі. З сярэдзіны XX ст. гаянскія аўтары прысвячалі свае творы кантрастам гарадскога і сельскага жыцця, прамысловых раёнаў і традыцыйнага сельскага ладу. У 1960—1970-ыя гг. узніклі гарадскія апавяданні, а таксама фантастычная літаратура[15].

Найбольш знакамітыя гаянскія пісьменнікі — паэт-рэвалюцыянер Марцін Картэр (19271997 гг.) і Тэадор Вільсан Харыс (нар. 1921 г.), аўтар метафарычных апавяданняў, літаратурны крытык і перакладчык індзейскага фальклора.

Развіццё сучаснай гаянскай літаратуры стымулюецца ўручэннем штогадовых літаратурных прэмій Універсітэта Гаяны[16].

Выяўленчае мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленчае мастацтва характарызуецца моцным уплывам індзейскай культурнай спадчыны. Асабліва вылучаецца мастацкая група «Лакона» (англ.: Lokono Artists Group), створаная індзейцам-аравакам Джорджам Сайманам (нар. 1947 г.), прадстаўнікі якой развіваюць традыцыі сакральнага і пабытовага жывапісу карэнных жыхароў Гаяны, ужываюць прыёмы, запазычаныя з індзейскага мінулага і сучаснай сусветнай практыкі.

Адукацыйная сістэма ў Гаяне абапіраецца на вопыт, запазычаны з часоў, калі краіна з’яўлялася калоніяй Вялікабрытаніі, і знешне нагадвае гэту сферу ў англамоўных краінах Карыбскага рэгіёна. У сярэднім на патрэбы адукацыі выдаткоўваецца 8,3 % ад ВУП. Школьная адукацыя кантралюецца дзяржавай праз Міністэрства адукацыі і дзяржаўныя праграмы. Апошнімі кіруюцца як грамадскія, так і прыватныя школы. Згодна заканадаўству, у школах абавязаны вучыцца дзеці з 5 гадоў 9 месяцаў да 16 гадоў. Навучальны год пачынаецца ў верасні і сканчаецца ў ліпені. Школьнікі вучацца 5 гадзін у дзень[17].

З канца 1980-ых гг. у сувязі з эканамічнымі цяжкасцямі ўзровень пісьменнасці знізіўся, але ў нашы дні застаецца адным з найбольш высокіх у краінах трэцяга свету (92 % асоб, старэйшых за 16 гадоў). Міністэрства адукацыі пры падтрымцы міжнародных арганізацый ладзіць праграмы і асобныя мерапрыемствы па падтрымцы пісьменнасці, бясплатна раздае дзіцячыя кнігі і падручнікі[18].

Найстарэйшай установай адукацыі ў Гаяне з’яўляецца Каралеўскі каледж (англ.: Queen's College of Guyana), заснаваны ў 1844 г.[19] Ён дае вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, маюцца іншыя ўстановы з вышэйшай ступенню сярэдняй і прафесійнай адукацыі — Прэзідэнцкі каледж (з 1985 г.), Гаянская школа сельскай гаспадаркі (з 1963 г.), Вышэйшая школа Макензі (англ.: Mackenzie High School, з 1945 г.), Нью-Амстэрдамскі тэхнічны інстытут, Ліндэнскі тэхнічны інстытут і г. д. Адзінай установай, якая дае вышэйшую ўніверсітэцкую адукацыю з’яўляецца Універсітэт Гаяны[20] (з 1963 г.).

Нацыянальная палітыка Гаяны ў галіне навукі і тэхналогій вылучае наступныя прыярытэтныя сферы развіцця: пошук і здабыча карысных выкапняў, сельская і лясная гаспадарка, лёгкая прамысловасць, энергетычныя і інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналагічная трансфармацыя грамадства, адукацыя, здароўе, тэлекамунікацыі, даследчая сфера, стандартызацыя, інжынерыя, навакольнае асяроддзе[21]. Найбуйнейшымі навуковымі цэнтрамі краіны з’яўляюцца Універсітэт Гаяны і Інстытут Прыкладных Навук і Тэхналогій[22] у Джорджтаўне. Апошні займаецца праблемай засваення прыродных рэсурсаў праз прыстасоўванне адпаведных тэхналогій. Інстытут даследуе сферы сельскай гаспадаркі, сельскагаспадарчага машынабудавання, альтэрнатыўнай энергетыкі, аналізу, харчавання, выкарыстання натуральных прадуктаў і мінералаў, у тым ліку вытворчасць керамікі[23].

Сусветная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

У папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[24] ўнесена 5 аб’ектаў на тэрыторыі Гаяны.

Найбольш папулярныя віды спорту — футбол і крыкет. Для правядзення сусветнага чэмпіяната па крыкету 2007 г. у Джорджтаўне быў пабудаваны сучасны стадыён Провідэнс.

Беларуска-гаянскія зносіны

[правіць | правіць зыходнік]

Падпісаннем сумеснага камюніке ў 2000 годзе на ўзроўні пастаянных прадстаўнікоў Беларусі і Гаяны пры ААН усталяваны дыпламатычныя зносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Гаяна. Такім чынам, Гаяна стала 133 дзяржавай, з якой Беларусь ўсталявала дыпламатычныя зносіны. Гаяна разглядаецца як адна з краін, важных для развіцця і дыверсіфікацыі беларускага экспарта[25][26].

Зноскі

  1. Guyana 2002 Census Архівавана 9 верасня 2012. Bureau of Statistics — Guyana.
  2. а б Guyana(недаступная спасылка). International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 4 верасня 2018.
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/southamerica
  4. The World Geographical Encyclopedia. / John F. McCoy, Project Editor. — Thompson Gale, 2003. P. 228
  5. Guyana — Flora and fauna
  6. The Amerindians in Guyana Архівавана 16 снежня 2013.
  7. amerindian.gov.gy Архівавана 11 снежня 2013.
  8. Guyana Birth rate
  9. THE MASS EMIGRATION FROM GUYANA TO THE USA Архівавана 29 лістапада 2016.
  10. Guyana Economy Profile 2013
  11. Guyana — All Economic Indicators Архівавана 13 лістапада 2013.
  12. Guyana Geology and Mines Commission (GGMC)
  13. Bauxite Mining in Guyana — Overview Архівавана 13 мая 2002.
  14. Guyana miners association projects historic 500,000oz 2013 gold production
  15. Jeremy Poynting, GUYANESE LITERATURE Архівавана 3 ліпеня 2006.
  16. Guyana Prize for Literature Архівавана 28 лістапада 2017.
  17. Education in Guyana Архівавана 12 лістапада 2016.
  18. VAHNU MANIKCHAND, Guyana not in a terrible place as it relates to literacy
  19. A Brief History of Queen’s College Архівавана 20 лістапада 2014.
  20. University of Guyana
  21. NATIONAL SCIENCE AND TECHNOLOGY POLICY FOR GUYANA(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2016. Праверана 9 снежня 2013.
  22. iast.gov.gy(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 снежня 2013. Праверана 9 снежня 2013.
  23. REPORT ON SCIENCE AND TECHNOLOGY INFRASTRUCTURE AND POLICY IN SELECTED MEMBER AND ASSOCIATE MEMBER COUNTRIES OF THE CDCC(недаступная спасылка)
  24. whc.unesco.org
  25. Об итогах внешней торговли за январь-апрель 2012 г.
  26. Материалы брифинга начальника управления информации — пресс-секретаря МИД Андрея Савиных, проведенного для представителей СМИ 7 июня 2012 года Архівавана 10 кастрычніка 2013.