Антоніс ван Дэйк
Антоніс ван Дэйк | |
---|---|
Antoon van Dyck | |
| |
Імя пры нараджэнні | нідэрл.: Anthonio[2][3] |
Дата нараджэння | 22 сакавіка 1599 |
Месца нараджэння | Антверпен |
Дата смерці | 9 снежня 1641 (42 гады) |
Месца смерці | Лондан |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Franchois Van Dyck[d][1] |
Маці | Maria Cuypers[d][1] |
Жонка | Mary Ruthven[d][4][1][…] |
Род дзейнасці | мастак, майстар афорту, драматург, тэатральны рэжысёр, перакладчык, драматург, прыдворны мастак, рысавальнік, архітэктурны чарцёжнік, дзеяч выяўленчага мастацтва |
Жанр | партрэт |
Мастацкі кірунак | барока |
Заступнікі | Карл I Сцюарт |
Уплыў | Пітэр Паўль Рубенс |
Уплыў на | развіццё англійскага і еўрапейскага партрэтнага жывапісу |
Член у | |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Антоніс (Антон, Антоні) ван Дэйк (нідэрл.: Antoon van Dyck, 22 сакавіка 1599, Антверпен, Бельгія — 9 снежня 1641) — паўднёванідэрландскі (фламандскі) жывапісец і графік, майстар прыдворнага партрэта і рэлігійных сюжэтаў у стылі барока.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). 19-гадовым юнаком трапіў у майстэрню П. Рубенса, уплыў якога найбольш адчувальны ў ранніх творах. У 1621 г. А. ван Дэйк паехаў у Італію і ўсталяваўся ў Генуі. Тут ён знайшоў прыхільнікаў свайго таленту сярод мясцовай арыстакратыі. Італьянскі перыяд творчасці скончыўся ў 1627 калі мастак вярнуўся ў Антверпен. Ён заняў пасаду прыдворнага жывапісца эрцгерцагіні Ізабэлы і ў адсутнасці П. Рубенса стаў першай асобай у мастацкім жыцці горада. 3 1632 А. ван Дэйк працаваў у Англіі, куды ён прыехаў не столькі па запрашэнні караля Карла I, колькі не жадаючы канкурыраваць з Рубенсам, які тым часам вярнуўся ў Антверпен. У хуткім часе мастак стаў адным з самых модных і папулярных жывапісцаў пры каралеўскім двары, у колах сталічных арыстакратаў. У сталы перыяд творчасці ён адышоў ад традыцый Пітэра Рубенса.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Антоніс ван Дэйк быў найбольш адораным вучнем П. Рубенса.[5] Яго талент разгарнуўся галоўным чынам у партрэтным жанры. Выкананне работ на міфалагічныя і біблейскія тэмы было для мастака эпізадычным і не аказала істотнага ўплыву на фламандскі жывапіс. Майстар пражыў кароткае жыццё, але ў сваіх работах змог здзейсніць тое, што некаторым мастакам удалося зрабіць за дзесяцігоддзі руплівай працы.
У творах А. ван Дэйка спалучаліся высокае тэхнічнае майстэрства, глыбіня псіхалагічнага раскрыцця асобы і бездакорны густ. Мастак пісаў партрэты людзей рознага сацыяльнага стану — ад манархаў, бліскучых арыстакратаў, іерархаў царквы да заможных бюргераў. Але ў кожнай выяве адчуваецца імкненне да раскрыцця ў мадэлі важных якасцей характару, тонкіх настрояў, прыгажосці. Калі ж гэта знайсці было цяжка, мастак звяртаўся за дапамогай да багатага антуражу, дасканалай прадуманасці кампазіцыйнай і колеравай пабудовы.
Уплыў П. Рубенса адчувальны ў ранніх творах мастака («П'яны Сілен», да 1621; «Святы Марцін і жабрак», каля 1621). Нават у выбары жанраў, міфалагічных ці біблейскіх тэм ён ішоў услед за настаўнікам. Аднак паступова А. ван Дэйк стаў адыходзіць ад традыцый жывапісу П. Рубэнса. Яго творы набылі вытанчанасць, вызначаную стрыманасць пластычнага вырашэння. Асноўную ўвагу мастак засяроджваў на псіхалагічных момантах жыцця герояў, паказваў іх аддаленымі ад паўсядзённасці. 3 гэтага часу дзейнасць А. ван Дэйка канцэнтравалася пераважна ў партрэтным жанры і выказвалася ў распрацоўцы яго парадна-арыстакратычнага тыпу.
Мадэлямі ранніх партрэтаўбылі багатыя бюргеры, прадстаўнікі арыстакратычных сямей. Іх выяўленне будавалася на аўтарскім, суб'ектыўным бачанні. Таму ў большасці твораў пры разнастайнасці кампазіцыйных прыёмаў можна заўважыць варыяцыю адной і той жа вобразнай тэмы. У «Сямейным партрэце» (кан. 1620—21), «Аўтапартрэце» (1620-ыя) характарыстыкі даюцца праз выразныя павароты галоў, палажэнні рук, выразы вачэй. У іх няма складанага антуражу, шматслоўнага акружэння, што не перашкаджае А. ван Дэйку паказаць багатую палітру не столькі пачуццяў, колькі іх адценняў. Вытанчанасць мяжуецца з натуралістычнасцю, смутак, задуменнасць неад'емныя ад стрыманасці.[6] Аналагічныя, амаль няўлоўныя, але шматзначныя настроі адчуваюцца ў «Партрэце Ф. Снейдарса з жонкай» (1621), «Мужчынскім партрэце» (1620-ыя).
У гады работы ў Італіі мастак сфарміраваў асаблівы тып параднага партрэта, у якім эфектнасць паказу мадэлі, вытанчанасць стаяць на першым месцы. Яго творы вызначалі падкрэсленая дэкаратыўнасць кампазіцыйных і колеравых пабудоў, мяккасць каларыту. Гэта бачна ў партрэтах генуэзскай знаці — «Маркіз А. Дж. Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай», «Кардынал Гвіда Бэнцівольё» (усе — 1620-ыя). З'яўленне гэтых адметных рыс было, безумоўна, звязана з уплывамі венецыянскага жывапісу, у першую чаргу работ Тыцыяна, Караваджа.
Пасля вяртання ў Антверпен, як і ў папярэднія перыяды, алтарныя карціны займалі другараднае месца ў яго творчасці ў параўнанні з партрэтамі. Парадная, у некаторым сэнсе тэатральная эфектнасць цяпер саступіла месца ўрачыстай стрыманасці, віртуознасці пластычнага выканання. У характарных вобразах паўстаюць сучаснікі мастака, імёны якіх цяпер вядомы дзякуючы яго таленту, — палітычныя дзеячы, урачы, багатыя бюргеры і камерсанты, гарадскі патрыцыят, арыстакраты, мясцовыя прыгажуні («Партрэт Марыі Луізы дэ Тасіс», «Жывапісец П. Снаэрс», «Урач Лазарус Махаркейзус»).
Не ўсе работы А. ван Дэйка перыяду яго знаходжання ў Англіі роўныя па сваіх мастацкіх якасцях (ён звяртаўся за дапамогай да вучняў і памочнікаў). Шэрагу з іх улысцівы пэўная сухасць пластыкі, аднастайнасць кампазіцыі. Лепшыя карціны сведчаць аб пастаянным пошуку, імкненні знайсці той адзіны, адпаведны сутнасці выяўленай асобы варыянт каларыту, акружэння, сюжэта. Партрэтыст часта ўключаў у творы пейзажныя матывы, бытавыя сцэны. Менавіта так паказаны Карл I на паляванні (каля 1635). Некалькі паэтычнае бачанне караля не пашкодзіла мастаку выявіць сапраўдныя рысы яго характару, паказаць фанабэрыстасць, легкадумнасць, самаўпэўненасць, бязвольнасць. Вынайдзены ў Італіі і развіты ў Антверпене від параднага арыстакратычнага партрэта цяпер атрымаў сваё завяршэнне.[7] Каларыт работ мастака стаў больш эмацыянальным, эфектным і дэкаратыўным, фоны і антураж — вытанчанымі, позы партрэтуемых — выразнымі. Гэта бачна ў «Конным партрэце Карла I» (1636), выявах «Дзеці Карла I», «Дж. Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф. Уортан».
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лазука Б. А. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII—XVIII стагоддзі / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9