(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Архітэктурны факультэт БІБІ — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Архітэктурны факультэт БІБІ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Архітэктурны факультэт БІБІ
БрДТУ
Заснаваны 14 верасня 1967
Закрыты люты 1984
Месцазнаходжанне

Архітэктурны факультэт БІБІ — колішні факультэт у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, які існаваў з 1967 па 1984 гады.

Архітэктурны і будаўнічы факультэты ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце былі створаны ў адпаведнасці з загадам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР ад 14 верасня 1967 года. Яго з’яўленне было звязана, перш за ўсё, са значным ростм маштабаў прамысловага і гарадскога будаўніцтва, навізной задач, якія трэба было вырашаць інжынерам і архітэктарам у заходніх рэгіёнах Беларусі. Да гэтага часу падрыхтоўка кадраў архітэктараў ажыццяўлялася ў рэспубліцы толькі на базе Беларускага політэхнічнага інстытута. Пэўную ролю ў стварэнні факультэт адыграла тое, што першым рэктарам інстытута быў кандыдат архітэктуры Ігар Дзмітрыевіч Белагорцаў[1].

Першым дэканам факультэта стаў кандыдат архітэктуры Анатоль Якаўлевіч Міцянін. І. Д. Белагорцаву і А. Я. Міцяніну было прапанавана ўзначаліць вядучыя кафедры факультэта[1].

З верасня 1968 года па спецыяльнасці «архітэктура» былі даступныя спецыялізацыі «сельскагаспадарчае будаўніцтва і планіроўка сельскіх населеных месцаў» і «азеляненне населеных месцаў»; па спецыяльнасці «гарадское будаўніцтва» — «інжынерная падрыхтоўка і добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый»[1].

Пры стварэнні факультэта было прынята рашэнне падпарадкаваць яму па арганізацыйных пытаннях і пытанням забеспячэння навучальнага працэсу наступныя кафедры: архітэктуры і малюнка (загадчык А. Я. Міцянін), горадабудаўніцтва (загадчык І. Д. Белагорцаў), начартальнай геаметрыі і чарчэнні (загадчык А. А. Панчанка), гісторыі КПСС (загадчык Г. У. Блізнякова) і замежных моў (загадчык кафедры Собалеў). Наступнае пераразмеркаванне кафедраў паміж факультэтамі інстытута было звязана з кадравымі перастаноўкамі[1].

У кастрычніку 1969 года выкананне абавязкаў дэкана архітэктурнага факультэта ўскладаецца на Валянціна Дзмітрыевіча Кузняцова, які афіцыйна абіраецца на гэту пасаду ў красавіку 1970 года. Факультэту часова перадаецца кафедра будаўнічай вытворчасці, якой кіраваў Кузняцоў. У студзені 1971 года В. Д. Кузняцоў пераходзіць працаваць на будаўнічы факультэт[1].

Дэканам архітэктурнага факультэта становіцца кандыдат гістарычных навук Мікалай Уладзіміравіч Вараксін. Недахопам высокакваліфікаваных кадраў архітэктурнага профіля тлумачыцца прызначэнне пасля на пасаду дэкана кандыдатаў тэхнічных навук Васіля Іванавіча Лысенкі, Фадзея Аляксандравіча Бабко, Віктара Васільевіча Машынскага. Праблему педагагічных кадраў інстытуту давялося вырашаць за кошт запрашэння высокакваліфікаваных спецыялістаў з іншых вышэйшых навучальных устаноў СССР[1].

Папулярнасць архітэктурнай спецыяльнасці ў рэгіёне ў 1960-1970-я гады была вельмі высокай, так пры правядзенні першага набору конкурс сярод абітурыентаў на спецыяльнасць «архітэктура» склаў 3,33, а на спецыяльнасць «гарадское будаўніцтва» — 2,58. Да канца 1970-х гадоў конкурс на ўсе спецыяльнасці факультэта трохі зменшыўся. З мэтай прыцягнення студэнтаў было вырашана змяніць скіраванасць спецыялізацый спецыяльнасці «архітэктура». Цяпер падрыхтоўка ажыццяўлялася па дзвюх спецыялізацыях: «архітэктура і планіроўка сельскіх населеных месцаў» і «ландшафтная архітэктура»[1].

Пачынаючы з 1978/1979 года план прыёму студэнтаў на першы курс спецыяльнасці «гарадское будаўніцтва» быў зменшаны з 50 да 25 чалавек, што адмоўна адбілася на навучальным працэсе, бо стварыла неабходнасць выкладчыкам часткова перакваліфікоўвацца. На спецыяльнасць «архітэктура» ж па-ранейшаму прымалася 75 чалавек[1].

Штогод факультэт выпускаў каля 50 чалавек архітэктараў са спецыялізацыяй «архітэктура і планіроўка сельскіх населеных месцаў», але, як паказала практыка, толькі 10 % з іх працавалі на сяле. Таму ў 1979 годзе, у адпаведнасці з загадам Мінвуза СССР ад 28 красавіка 1979 года, была створана новая спецыялізацыя — «Архітэктура і планіроўка сельскіх населеных месцаў», з тым, каб накіраваць высілкі архітэктараў на праектаванне і фарміраванне сельскага асяроддзя на навуковай аснове[1].

Пачынаючы з 1980/1981 навучальнага года набор студэнтаў на спецыяльнасць «архітэктура» быў цалкам спынены, а набор на спецыяльнасць «архітэктура і планіроўка сельскіх населеных месцаў» скарочаны з 50 чалавек да 25. У лютым 1984 года, у адпаведнасці з загадам № 120 па Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, архітэктурны факультэт у БІБІ быў скасаваны, дакладней, як адзначалася ў загадзе, перайменаваны ў механічны факультэт з прычыны спынення прыёму студэнтаў на архітэктурныя спецыяльнасці[1].