(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Дзеяслоў (часопіс) — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Дзеяслоў (часопіс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Дзеяслоў»
Тып часопіс
Рэдактар Барыс Пятровіч
Заснавана 2002
Спыненне публікацый снежань 2023
Мова беларуская
ISSN 2076-1309
Вэб-сайт dziejaslou.by

Дзеяслоў — беларускі літаратурны часопіс, які выходзіў з 2002 па 2023 год. Галоўны рэдактар — Барыс Пятровіч.

З'яўленне часопіса «Дзеяслоў» шмат у чым сталася рэакцыяй на дзеянні Міністэрства інфармацыі РБ, якое ў 2002 годзе правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасць і аб'яднаныя ў так званы дзяржаўны літаратурны холдынг «Літаратура і мастацтва». У знак пратэсту многія пісьменнікі — супрацоўнікі калектываў звольніліся з рэдакцый.

Непасрэдны ўдзел у стварэнні новага выдання ўзялі Барыс Пятровіч (Сачанка), Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. Юрыдычным заснавальнікам стала ГА «Літаратурны-мастацкі фонд „Нёман“». Выходзіць часопіс пачаў з верасня 2002 года.

Часопіс зарэгістраваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і шмат гадоў выходзіў рэгулярна — раз на два месяцы, падпіска ажыццяўлялася праз дзяржаўнае аб'яднанне «Белпошта».

Цікавай адметнасцю «Дзеяслова» было тое, што ад верасня 2002-га да канца 2009-га года часопіс выходзіў правапісам, вядомым пад назвай «дзеясловіца».

У снежні 2023 года часопіс «Дзеяслоў» спыніў выхад. З яго закрыццём у Беларусі больш не засталося незалежных літаратурных выданняў, якія друкаваліся б на беларускай мове[1]. Усяго было выдадзена 127 нумароў анталогіі беларускай сучаснай літаратуры[2].

Змест і рубрыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод аўтараў «Дзеяслова» — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Алесь Разанаў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў і іншыя. Шмат увагі часопіс аддаваў публікацыі спадчыны вядомых беларускіх пісьменнікаў — Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Алеся Адамовіча.

Выданне надавала вялікую ўвагу новаму пакаленню таленавітых аўтараў. Творы пачаткоўцаў з'яўляюцца ў часопіснай рубрыцы «Дэбют». На старонках «Дзеяслова» дэбютавалі такія вядомыя цяпер аўтары, як Вольга Базылёва, Анатоль Івашчанка, Глеб Лабадзенка, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Усевалад Сцебурака, Наталка Харытанюк і іншыя.

У «Дзеяслове» друкаваліся таксама публіцыстыка, эсэістыка, артыкулы гістарычнай тэматыкі, літаратурная і мастацкая крытыка, мастацкія пераклады, асвятляліся праблемы тэатра, кіно, музыкі.

Акрамя сталых раздзелаў — «Проза», «Паэзія», «Пераклад» і «Дэбют», з'яўляліся рубрыкі «Бліцкрыт», «Анкета», «Гутаркі з мастакамі», «Дзеяпіс», «Кнігапіс», «ПРАчытанне».

Найбольш значныя публікацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню на старонках часопіса пабачылі свет: «Паланэз» Уладзімір Някляеў (№ 1 2002), «А хто пісаў паэму гэту» Францішак Вядзьмак Лысагорскі (№ 4 2003), «Аўганец» Васіль Быкаў (№ 7 2003), «Пуціна» Барыс Пятровіч (№ 10 2004), «Круг» Алесь Пашкевіч (№ 12 2004)(недаступная спасылка), «Бліндаж» Васіль Быкаў (№ 24 2006), «Сутарэнні Ромула» Людміла Рублеўская (№ 47 2010), «Спачатку была цемра» Барыс Пятровіч (№ 59 2012), «Аўтамат з газіроўкай і без» Уладзімер Някляеў (№ 61 2012), «Час second-hand» Святлана Алексіевіч (№ 65 2013), «Рух» Алесь Пашкевіч (№ 73 2014).

Прэмія «Залаты апостраф»

[правіць | правіць зыходнік]

Рэдакцыя часопіса ў 2003 годзе заснавала ўласную літаратурную прэмію «Залаты апостраф». Штогод яна ўручаецца ў наступных намінацыях: паэзія, проза, дэбют. З 2009 года з'явілася новая намінацыя «За ўклад у сучасную беларускую літаратуру» (прэмія Алеся Усені).

Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў»

[правіць | правіць зыходнік]

У 2006 годзе часопіс стварае сваю кніжную серыю — "Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў». Першая кніга — «Вершнік» Анатоля Івашчанкі. Па стане на 2015 год у серыі выйшла 17 кніг беларускіх аўтараў.

Першапачаткова склад рэдакцыі быў наступны: Барыс Пятровіч (Сачанка) — галоўны рэдактар, намесніцкія функцыі выконвалі Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. У 2004 годзе да складу далучаецца Анатоль Івашчанка (адказны сакратар). На 2015 год у склад рэдакцыі ўваходзілі: Барыс Пятровіч (Сачанка) — галоўны рэдактар, Алесь Пашкевіч — намеснік галоўнага рэдактара, Анатоль Івашчанка — адказны сакратар, Андрэй Федарэнка — стыльрэдактар. Дызайн часопіса забяспечваў мастак Генадзь Мацур.

Зноскі