Зуброн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зуброн у зубровым заказніку ў Белавежскім нацыянальным парку (Польшча)

Зуброн (польск.: żubroń) — міжвідавы гібрыд еўрапейскага зубра і свойскай буйной рагатай жывёлы.

Першая асобіна была выведзеная ў 1847 годзе палякам Леапольдам Валіцкім у выніку скрыжавання быка зубра са свойскай каровай. Да 1859 г. ён атрымаў 15 такіх жывёл, у тым ліку адзінага ў свеце фертыльнага самца ў першым пакаленні. У 1905–1928 гадах у запаведніку Асканія-Нова ў Савецкім Саюзе працягваліся даследаванні зубронаў, іх было выгадавана 28 штук. У 1953 г. у Плоцкім заапарку  (польск.) нарадзіліся чатыры гібрыдныя жывёлы. У 1958 г. працу распачаў Інстытут вывучэння сысуноў Польскай акадэміі навук  (польск.) у Белавежы і шляхам скрыжавання зубра (быка) з каровамі польскай чырвонай і нізіннай чорна-пярэстай пароды да 1976 г. атрымаў 71 жывёлу.

Асноўнай мэтай стварэння зуброна было атрыманне міжвідавага гібрыда, які можна было б гадаваць на пустках без неабходнасці будаўніцтва падсобных памяшканняў. Аднак спробы не далі здавальняючых вынікаў апроч добрага прыросту мышачнай масы ў зубронаў — тэмперамент гэтых жывёл не дазваляе выкарыстоўваць іх для развядзення. У цяперашні час толькі некалькі з іх жывуць у Польшчы.

Зуброн адрозніваецца вялікай масай цела (самцы дасягаюць 1200 кг, самкі — да 810 кг), сілай, хуткім ростам, устойлівасцю да хвароб і дрэнных кліматычных умоў. Бык першага пакалення звычайна бясплодны; самкі даюць патомства з прадстаўнікамі абодвух бацькоўскіх відаў.

Назва «зуброн» («żubroń») была выбрана з некалькіх сотняў прапаноў, дасланых чытачамі на конкурсе, арганізаваным часопісам «Пшэкруй»  (польск.) у 1969 годзе.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]