Кубінская рэвалюцыя
Кубінская рэвалюцыя | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Халодная вайна | |||
Месца | Куба | ||
Вынік | Рух 26 ліпеня ўзяў верх | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кубінская рэвалюцыя — рэвалюцыя ў 1959 годзе пад кіраўніцтвам Руху 26 ліпеня і яго саюзнікаў супраць дыктатуры прэзідэнта Фульхенсіа Батысты, якая завяршылася стварэннем першай у Амерыцы сацыялістычнай дзяржавы.
Прычынамі былі незадаволенасць кубінцаў карумпаванасцю рэжыма, яго сувязямі з амерыканскай мафіяй і высокі ўзровень беспрацоўя ў краіне. Пачаткам рэвалюцыі лічаць няўдалы штурм казарм Манкада (Сант’яга-дэ-Куба) групай радыкальна настроеных апазіцыянераў (165 чалавек) на чале з Фідэлем Кастра. Паўстанцы былі зняволены, пасля амністыі Ф. Кастра ў 1955 годзе эміграваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і Эрэнэста Геварам дэ ла Сернам стварыў узброеную групу. 2 снежня 1956 года гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на ўсходзе Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі. 13 сакавіка 1957 года ўзброены атрад студэнтаў спрабаваў захапіць Прэзідэнцкі палац у Гаване. У лістападзе 1958 года паўстанцкая армія спусцілася з гор і накіравалася да сталіцы. 1 студзеня 1959 года яна заняла гарады Санта-Клара і Сант'яга. Прэзідэнт Батыста пакінуў краіну. 2 студзеня 1959 года паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканадаўчай улады (замест распушчанага парламента), прыпынена Канстытуцыя 1940 года.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да рэвалюцыі Куба цалкам залежала ад амерыканскіх інвестыцый. Асновай эканомікі была сельская гаспадарка[1]. Вытворчасць цукру давала каля траціны нацыянальнага даходу і складала 80% кубінскага экспарту. Пад цукровы трысняг было занята больш за палову ворыва. Больш за 60% кубінскага экспарту прыпадала на Злучаныя Штаты[1]. Манаполіі ЗША кантралявалі больш за палову цукровай прамысловасці, звыш 90% электраэнергетыкі, нафтаперапрацоўчай і здабываючай прамысловасці, сувязь, турыстычны бізнэс. Куба фактычна была сыравінным прыдаткам ЗША. Толькі за дзесяць пасляваенных гадоў Куба страціла каля 1 млрд долараў. На тэрыторыі краіны знаходзілася ваенна-марская база ЗША. Хоць пры прэзідэнцтве Батысты (1940—1944), які быў прафесійным ваенным, эканамічнае становішча Кубы было лепей за іншыя краіны рэгіёна, але асноўная маса насельніцтва жыла ва ўмовах галечы. Рэжым быў надзвычайна жорсткі, ён цалкам душыў дэмакратычныя свабоды, у краіне была адменена канстытуцыя 1940 года, забаронена шмат палітычных партый. Рэпрэсіі выявіліся ў арыштах няўгодных, катаваннях зняволеных, выкраданнях, заказных забойствах, якія забралі тысячы жыццяў[2].
У выніку дзяржаўнага перавароту 10 сакавіка 1952 года да ўлады на Кубе прыйшоў былы прэзідэнт Фульхенсіа Батыста, які ўсталяваў у краіне ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пераварот выклікаў незадаволенасць у асяроддзі прагрэсіўна настроенай моладзі, найбольш радыкальную групу якой узначаліў малады адвакат і палітычны дзеяч Фідэль Кастра.
Ход рэвалюцыі
[правіць | правіць зыходнік]26 ліпеня 1953 група рэвалюцыянераў, разлічваючы на падтрымку шырокіх мас, пад кіраўніцтвам Фідэля Кастра выступіла на штурм умацаванай казармы Манкада ў Сант’яга-дэ-Куба. Пасля двухгадзіннага бою атрад рэвалюцыянераў пацярпеў паразу, многія апалчэнцы былі забіты, астатнія адданыя пад суд. На працэсе Фідэль Кастра абараняў сябе сам, адмовіўшыся ад адваката, і сказаў сваю знакамітую прамову «Гісторыя мяне апраўдае». Хоць усе падсудныя атрымалі працяглыя тэрміны зняволення (Фідэль Кастра асуджаны да 15 гадоў), пад ціскам грамадскасці Батыста давялося неўзабаве амніставаць паўстанцаў. Кастра і яго брат эмігравалі ў Мексіку, дзе не кінулі планаў па звяржэнні дыктатуры Батысты, а пачалі ствараць арганізацыю для будучага рэвалюцыйнага выступу, вядомую як М-26. У Мексіцы, да таго часу традыцыйнай апоры рэвалюцыянераў рэгіёну агулам, адбылася сустрэча Кастра і Эрнэста Чэ Гевары, які ўступіў у шэрагі М-26.
2 снежня 1956 года з яхты «Гранма» ў правінцыі Ар’ентэ высадзіўся атрад рэвалюцыянераў з 82 чалавек. Апроч высадкі дэсанту апалчэнцы думалі арганізаваць выступленне і на самой Кубе, але яно было хутка задушана; а высадка ледзь не завяршылася катастрофай, бо дэсант быў адразу выяўлены ўрадавымі войскамі і толькі цудам пазбег поўнага знішчэння. З ліку ўдзельнікаў высадкі ацалела толькі 11.
13 сакавіка 1957 года ўзброены атрад студэнтаў здзейсніў няўдалую спросу захапіць Прэзідэнцкі палац у Гаване. Тым часам у гарадах краіны дзейнічалі падпольныя арганізацыі на чале з Франкам Паісам.
У лютым 1958 года Ф. Кастра пасылае партызанскую калону на чале са сваім братам Раулем Кастра на ўсход ад Сант’яга, дзе паўстаў «Другі фронт імя Франка Паіса». У іншых раёнах правінцыі Ар'ентэ неўзабаве былі створаны яшчэ два фронты. У цэнтры рэгіёна, у гарах Эскамбрай (правінцыя Лас-Вільяс), пачалі дзейнічаць паўстанцы «Рэвалюцыйнага дырэктарата 13 сакавіка». Народна-сацыялістычная партыя, салідарызавалася з мэтамі Ф. Кастра, але доўгі час асуджала яго метады барацьбы. Але ход падзей прымусіў камуністаў у пачатку 1958 года прызнаць паўстанцкую армію на чале з Фідэлем Кастра галоўнай сілай рэвалюцыі і заклікаць усіх камуністаў ўключыцца ў барацьбу пад яго кіраўніцтвам.
З лета 1958 года стратэгічная ініцыятыва перайшла на бок рэвалюцыянераў, калі ў жніўні 2-я Партызанская калона «Антоніа Масеа» на чале з Каміла Сьенфуэгасам прайшла маршам ад гор Сьера-Маэстра ў правінцыю Лас-Вільяс, дзе разбіла гарнізоны батыстаўцаў і ўзяла горад Ягуахай. Да восені пад кантролем паўстанцаў практычна цалкам былі правінцыі Ар’ентэ і Лас-Вільяс.
У лістападзе 1958 года паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу.
16 снежня 1958 года паўстанцы акружылі горад Фамента і пасля двухдзённых баёў ўрадавы гарнізон спыніў супраціў. Паўстанцы ўзялі ў палон 141 салдата і захапілі значную колькасць зброі. У гэты час таксама паўстанцы атакавалі і пасля баёў занялі гарады Кабайгуан, Рэмедыас i Пласетас.
1 студзеня 1959 года паўстанцкія войскі ўвайшлі ў Сант’яга, адначасова на захадзе паўстанцы на чале з Чэ Геварам авалодалі горадам Санта-Клара. Хоць сітуацыя яшчэ не была катастрафічнай для рэжыму, тым жа днём Батыста пакінуў востраў, а пакінутая ім адміністрацыя фактычна спыніла сваю дзейнасць. 2 студзеня атрады рэвалюцыянераў уступілі ў Гавану, 6 студзеня ў сталіцу ўрачыста прыбыў Фідэль Кастра.
Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканадаўчай улады (замест распушчанага парламента), прыпынена Канстытуцыя 1940 года.
Наступныя падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Падзенне рэжыму Батысты прывяло да пачатку партызанскай вайны, але ўжо супраць Кастра. З пэўнага моманту канфлікт падтрымлівалі ЗША, а рухаючай сілай былі кубінскія эмігранты, якія абаснаваліся ў Фларыдзе. У сярэдзіне 1960 года ўзнік буйны ачаг супраціўлення ў горным масіве Эскамбрай, дзе да верасня 1962 года дзейнічала 79 баявых атрадаў пад назвай «Армія нацыянальнага вызвалення» (каля 1600 байцоў). Збройны супраціў быў цалкам задушана толькі ў 1966 годзе. На Кубе гэты падзеі вядомы як «вайна з бандытамі»[3].
Тым часам на Кубе быў устаноўлены камуністычны рэжым. Пачалося збліжэнне з СССР, што прычынілася Карыбскаму крызісу і няўдаламу амерыканскаму ўварванню. Нягледзячы на тое, што сацыяльна-эканамічнае становішча краіны з прыходам урада Кастра палепшылася, пераслед апазіцыі і палітычныя рэпрэсіі не спыніліся.
Зноскі
- ↑ а б Историческая энциклопедия, т.13. — М., 1973, с.243
- ↑ [1] Lyman B. Kirkpatrick, Jr. The Real CIA. New York: The Macmillan Company, 1968. Chapter 7 "Batista's Cuba "
- ↑ Бородаев В. А. Позиция кубинского руководства во время карибского кризиса // Вестник Московского университета. Серия 25: Международные отношения и мировая политика. — 2013. — № 1. — С. 15
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).