Двухгадовыя травяністыя расліны вышынёю да 2 м з прамастойнымі, моцна галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, зверху зялёнае, знізу шаравата-лямцавае. Кветкі лілова-пурпуровыя ў шарападобных кошыках з калючкамі. Плод — сямянка з чубком.
Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 4 віды: лопух вялікі (Arctium lappa) (народныя назвы брылі, дзяды, задзёрка, сабачнік), лямцавы (Arctium tomentosum) (лопуцень, лапушнік, рапей), малы (Arctium minus), дуброўны (Arctium nemorosum)[4]. Трапляецца на пустках, каля жылля.