Рэферэндум у Беларусі (1995)
Палітыка |
Беларусь |
Артыкул — частка серыі: |
Адміністрацыйная сістэма Выбары |
Рэферэндум у Беларусі (14 мая 1995) — рэферэндум, які быў праведзены з ініцыятывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, падтрыманай радам партый і грамадскіх арганізацый, і згодна з пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII-га склікання № 3728 — ХІІ «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забяспячэнні» ад 13 красавіка 1995 г.
Падрыхтоўка
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню ідэя реферэндуму была выказана Аляксандрам Лукашэнкам у размове з Іванам Рыбкіным у пачатку лютага 1995 г.[1] 11 красавіка Лукашэнка выступіў у Вярхоўным Савеце з ініцыятывай правядзення рэферэндуму па 4 пытаннях: пра наданне рускай мове статусу дзяржаўнай; пра змяненне дзяржаўнай сімволікі; аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй; аб надзяленні Прэзідэнта правам распускаць парламент. Дэпутаты адхілілі ўсе пытанні акрамя пытання аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. У адказ, А. Лукашэнка заявіў, што рэферэндум будзе праведзены, нягледзячы на пастанову парламента.
Менш чым за месяц да рэферэндума ў газеце «Звязда» з’явіліся лісты нібыта ад 73 дэпутатаў, якія заклікалі да змены дзяржаўных сімвалаў і надання рускай мове статусу дзяржаўнай, сярод іх: Міхаіл Качан, Барыс Гетц, В. Шукшын, Ульяна Крышталевіч, Аляксей Саенка, Павел Папоў, Ганна Бабарыкіна, Іван Ціханаў, Мікалай Даменікан, Уладзімір Скрыцкі, Зінаіда Пянькова, Мікалай Спранецкі, Міхаіл Сасноўскі, М. Копач, В. Пыцуха, Валянцін Сарокін, Алена Усціновіч, Пётр Мінчанка, Аляксандр Шыдлавец, Якаў Халшчэўнікаў, Аляксандр Трацьякоў, Мікалай Якубец, Станіслаў Ціткоў, Раіса Самусевіч, Пётр Катушкін, Аляксандр Пазюмка, Леанід Прывалаў, Уладзімір Герасімаў, Анатоль Новікаў, Мікалай Лакцюшын, Мікалай Дамашкевіч, Аляксандр Малахоўскі, Мікалай Гарэлік, Анатоль Вайцешык, Уладзімір Новікаў, Мікалай Канюшык, Васіль Марозаў, Пётр Скарабагацька, Уладзімір Кулакоў, Валерый Паўлаў, Надзея Ізвалава, Аляксандр Абухоў, Аляксандр Кічкайла, Аляксандр Авечкін, Анатоль Піскуноў, Валянцін Шкурко, Мікалай Судас, Мікалай Грынёў, Анатоль Сіўчыкаў, Генрых Яскевіч, Віктар Чырун, Міхаіл Жукоўскі, Анатоль Жук, Мікалай Дземянцей, Анатоль Дубоўскі, Анатоль Сакалоў, Яўген Радзецкі, Міхаіл Веславухаў, Уладзімір Уранюк, Іван Цітоў, Георгій Чэх, Баляслаў Шылько, Іван Цярэшка, Мікалай Гушаль, Ігар Нялюбін, Аляксандр Кузьмянкоў, Васіль Борыс, Іван Трусаў, Васіль Трафіменка, Аляксей Камай, Мікалай Коваль, Мікалай Скарынін, Яўген Бачароў. Дэпутат Барыс Савіцкі, чый сфабрыкаваны зварот у падтрымку рэферэндума таксама з’явіўся ў газеце, адклікаў сваю «заяву», заявіўшы на сесіі Вярхоўнага Савета, што подпіс пастаўлены без ягонай згоды[2].
18 дэпутатаў ад апазіцыі Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» абвінавацілі Прэзідэнта ў парушэнні Канстытуцыі і абвясцілі галадоўку. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г. група асобаў у чорных масках збіла дэпутатаў, якія знаходзіліся ў Авальнай зале Дома ўраду[3]. Генеральная пракуратура выявіла ўдзел у аперацыі некалькіх сотняў узброеных людзей, уведзеных у тую ноч у Дом ураду, але хто канкрэтна збіваў дэпутатаў — высветліць не здолела: служба аховы прэзідэнта не адказала на афіцыйныя запыты і адмовілася прадставіць пракуратуры відэазапіс падзеяў[4].
13 красавіка 1995 г. дэпутаты вярнуліся да разгляду пытанняў, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам. Старшыня камісіі ВС па дзяржаўным будаўніцтве Уладзімір Леўчык выступіў перад дэпутатамі і заявіў, што пытанні, прапанаваныя прэзідэнтам на рэферэндум, не супярэчаць закону аб народным галасаванні. Таксама ён абвясціў, што першыя тры пытанні маюць абавязковы характар, а чацвёртае — кансультатыўны. Разгарнуліся вострыя дыскусіі. У выніку за правядзенне рэферэндуму 14 мая 1995 г. па чатырох пытаннях аддалі свае галасы 177 дэпутатаў з 185, якія галасавалі. Гэта намнога перасягнула кворум (152 чалавекі). Праціўнікі рэферэндуму пераважна не галасавалі, пратэстуючы такім чынам і супраць парушэння дэпутацкага імунітэту начным збіццём.
Прэзідэнцкая каманда мабілізавала на агітацыю некаторых беларускіх вядомых дзеячаў культуры і мастацтва (акцёр Уладзімір Гасцюхін, мастак Міхаіл Савіцкі і інш.). Быў арганізаваны спецыяльнага тэлемост «Рэферэндум-95» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова прыхільнікі прэзідэнта імкнуліся дыскрэдытаваць БНФ у вачах насельніцтва, даказаць яго разбуральную сілу. Напярэдадні рэферэндуму была паказана прапагандысцкая стужка рэжысёра Юрыя Азаронка «Дзеці хлусні». У фільме БНФ асацыяваўся з калабарантамі падчас акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі[5].
Ідэя рэферэндуму выклікала непаразуменне з боку значнай колькасці грамадзян, грамадскіх і палітычных арганізацый. 6 мая Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсліваючы, што пытанне аб мове не можа выносіцца на рэферэндум[6].
Пытанні
[правіць | правіць зыходнік]На галасаванне былі пастаўленыя чатыры пытанні, першыя тры з іх — на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае — на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:
- Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
- Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
- Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?
- Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[7]
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле афіцыйных звестак у спісы грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, было ўключана 7.445.820 чалавек, бюлетэні для галасавання атрымалі 4.830.582 чалавекі (64,8 %), у галасаванні ўзялі ўдзел 4.823.482 чалавекі.
За адабрэнне пытання «Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?» выказаліся 4.017.273 чалавекі (88,3 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання або 53,9 % ад колькасці ўсіх, хто мае права голасу), супраць — 613.516 чалавек (12,7 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 192.693 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
За адабрэнне пытання «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» выказаліся 3.622.851 чалавек (75,1 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 988.839 чалавек (20,5 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 211.792 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
За адабрэнне пытання «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?» выказаліся 4.020.001 чалавек (83,3 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 602.144 чалавек (12,5 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 201.337 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
За адабрэнне пытання «Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?» выказаліся 3.749.266 чалавек (77,7 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 857.485 чалавек (17,8 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 216.731 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
Пасля поспеху кіруючая каманда нават не спрабавала выканаць па некаторых пытаннях рэферэндуму фармальныя заканадаўчыя патрабаванні. Так, новая дзяржаўная сімволіка, падтрыманая на рэферэндуме, патрабавала зацвярджэння Вярхоўным Саветам, але бел-чырвона-белы сцяг быў спушчаны з будынку адміністрацыі прэзідэнта ўжо 16 мая, яшчэ да абвяшчэння Цэнтрвыбаркамам афіцыйных вынікаў. Пры гэтым асобы на чале з начальнікам Кіраўніцтва справаў Прэзідэнта Іванам Ціцянковым разарвалі сцяг на кавалкі[5].
Прававая ацэнка рэфэрэндуму
[правіць | правіць зыходнік]На незаконнасць фармулёўкі пытанняў указвае Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Пытанні, вынесеныя на рэферэндум, супярэчылі прэамбуле і артыкулам 1, 2, 3 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прэамбуле і артыкулам 17 і 78 Канстытуцыі Беларусі 1994 года, артыкулу 3 Закона «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» (пытанні № 1, № 2 парушылі неад’емнае права беларускага народа на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, гарантыі існавання беларускай культуры і мовы, замацаваныя ў Законе)[8]. На думку юрыста, пытанні наконт мовы і нацыянальных сімвалаў было няможна выносіць на рэферэндум[8]. Пытанне № 3 пайшло ўразрэз з усталяванай суверэннай нацыянальнай дзяржаўнасцю і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь[8]. Пытанне № 4 не адпавядае норме Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, згодна з якою толькі Вярхоўны Савет мае права выступаць ад імя народа Беларусі, акрамя гэтага, яно таксама супярэчыла некалькі палажэнням Канстытуцыі Беларусі 1994 года[8].
Працэдура прызначэння рэферэндума таксама была парушана: 11 красавіка 1995 года Вярхоўны Савет прыступіў да разгляду прапановы Лукашэнкі і не падтрымаў ініцыятыву[8]. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года здарылася Збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Беларусі, калі людзі ў масках пабілі і выкінулі з будынка дэпутатаў, якія засталіся трымаць дзяжурства ў адказ на заяву Лукашэнкі, што ён прыпыніць дзейнасць парламента і ўсё роўна правядзе рэферэндум[8]. 13 красавіка 1995 года шляхам паўторнага галасавання Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб прызначэнні рэферэндуму, але паўторнае галасаванне паводле працэдуры не дапускалася[8]. Акрамя таго, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі 1994 года змены і дапаўненні ў яе забаранялася ўносіць у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў парламента[8].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі прэзідэнт і яго асяроддзе былі задаволеныя вынікамі рэферэндуму. Яны заяўлялі, што нацыяналістычныя сілы пасля паразы на рэферэндуме не маюць ніякага права на ўладу ў краіне. Прэзідэнцкія прыхільнікі сцвярджалі, што змена сімволікі, раўнанне ў статусах рускай і беларускай моў былі неабходныя ў імя кансалідацыі грамадства, што права прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет умацавала баланс сіл, і што не было ніякай альтэрнатывы эканамічнай інтэграцыі з Расіяй[5].
Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разглядае рэферэндум як галоўную падзею 1995 года. Ён паказвае, што рэфэрэндум
…зьліквідаваў статус нацыянальных сымбаляў як дзяржаўных, загнаў мову ў гета, прывязаў краіну да Расеі, а прэзыдэнту адчыніў дзьверы да неабмежаванай улады.[9] |
Літаратар Альгерд Бахарэвіч так апісаў свае ўражанні пасля рэферэндуму:
14 траўня 1995 году ў Беларусі перамагла дымакратыя. Менавіта так, праз «ы». І хаця ніякіх асаблівых шэсьцяў з паходнямі каля райхстагу, ні вогнішчаў з кніг «на самам красівам пасьля італьянскага» заўважана не было, ілюзіі расталі, як дым ад пакрышкі МАЗа, дыхаць умомант стала немагчыма, а адчуваньне было рыхтык такое, як у бэрлінца 30 студзеня 1933-га. Адчуваньне, што цёмныя часы прыйшлі і яны надоўга.[10] |
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Звязда. — 1995. — № . — 9 лютага. — С.
- ↑ Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы Архівавана 24 студзеня 2021.
- ↑ Колб, Аксана (2021-05-14). "Доўгі шлях да лепшай долі". Новы Час (18 (726)): 1.
{{cite journal}}
: Папярэджанні CS1: date і year (спасылка) - ↑ svaboda.org
- ↑ а б в nashaniva.by
- ↑ Народная газета. — 1995. — № . — 6 мая. — С.
- ↑ Фармулёўкі па-беларуску пд. М. Пастухоў.
- ↑ а б в г д е ё ж Пастухоў, Міхаіл; Пульша, Сяргей (2021-03-12). "Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая". Новы Час (10 (718)): 4.
{{cite journal}}
:|access-date=
патрабуе|url=
(даведка) - ↑ Навумчык C. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. С. 4
- ↑ Бахарэвіч А. Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014. С. 181
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэферэндум 1995 года адносна надання дзяржаўнага статусу рускай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы; ТБМ імя Ф.Скарыны. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сообщение Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов «Об итогах голосования на республиканском референдуме 14 мая 1995 года». — На афіцыйнай пляцоўцы Цэнтрвыбаркама Архівавана 20 ліпеня 2011.
- Протокол Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов «Об итогах голосования на республиканском референдуме, который проводился 14 мая 1995 года в соответствии с постановлением Верховного Совета Республики Беларусь от 13 апреля 1995 года № 3728-XII». — На афіцыйнай пляцоўцы Цэнтрвыбаркама Архівавана 18 ліпеня 2011..