(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Трансдукцыя (генетыка) — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Трансдукцыя (генетыка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трансду́кцыя[1] (ад лац.: transductio — перамяшчэнне) — перадача генетычнага матэрыялу ад адной бактэрыі (донара) да другой (рэцыпіента) з дапамогай бактэрыяфага. З’ява была адкрыта ў 1952 годзе амерыканскімі вучонымі Джошуа Ледэрбергам і Нортанам Зіндэрам[2][3] пры аналізе прычын змянення спадчынных прыкмет у некаторых штамаў бактэрыі Salmonella typhinurium пры іх сумесным вырошчванні[3].

Існуе ў многіх бактэрый: сальманел, шыгел, бацыл, актынаміцэтаў і іншых.

Умераныя фагі (бактэрыяфагі) у працэсе вегетатыўнага размнажэння здольныя выпадкова захопліваць і пераносіць у іншыя клеткі любы ўчастак ДНК бактэрый, што яны разбураюць. У гэтым выпадку ўласная ДНК фага замяняецца на аналагічны па памерах фрагмент бактэрыяльнай храмасомы, які можа мець некалькі генаў. Пры чарговым заражэнні фагам бактэрыі ўчастак храмасомы донара пераносіцца ў клетку рэцыпіента.

Выкарыстоўвецца ў генетыцы бактэрый пры складанні генетычных карт, для аналізу іх генетычнай структуры і функцыі.