Фламандцы
Фламандцы (Vlamingen) | |
Агульная колькасць | 5702200 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Бельгія — 5 448 000 Францыя — 15 000 |
Мова | нідэрландская мова |
Рэлігія | каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | галандцы, англічане, фрызы |
Флама́ндцы (нідэрл.: Vlamingen) — заходнееўрапейскі народ. Асноўнае насельніцтва Фландрыі. Кампактна жывуць у Бельгіі, Нідэрландах, поўначы Францыі. Агульная колькасць (2022 г.) — 5 702 200 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд антычнасці тэрыторыя Фландрыі з'яўлялася зонай актыўных камунікацый паміж кельтамі і германцамі. У IV ст. н. э. яна трапіла пад кантроль франкаў[2]. У 862 г. у складзе Францыі вылучылася графства Фландрыя, якое ў XIII — XIV стст. вяло актыўную палітыку, накіраваную супраць французскіх каралёў і ў выніку далучылася да Бургундыі, а ў XV ст. было падзелена паміж Францыяй і імперыяй Габсбургаў[3].
У сярэднявеччы паняцце «фламандзец» звычайна адносілася да выхадцаў з Фландрыі, хаця склад насельніцтва графства быў даволі стракатым, асабліва на поўдні. У больш вузкім сэнсе продкамі сучасных фламандцаў былі германамоўныя жыхары гістарычных Нідэрландаў. У высокім — познім сярэднявеччы населеныя імі землі знаходзіліся на найбольш інтэнсіўных гандлёвых шляхах, таму ў іх імкліва развівалася гарадская гаспадарка з характэрнай еўрапейскай гарадской культурай, насельніцтва мела высокую шчыльнасць, а сельская гаспадарка адрознівалася выкарыстаннем найноўшых метадаў і прыёмаў.
Падчас Нідэрландскай рэвалюцыі на поўначы гістарычных Нідэрландаў узнікла незалежная Галандыя, а Фламандскі рэгіён апынуўся ў складзе Іспанскіх Нідэрландаў[4]. Рэвалюцыя суправаджалася значнымі перамяшчэннямі насельніцтва. Пратэстанты імкнуліся перасяліцца на поўнач і падтрымаць рэвалюцыянераў, а каталікі — на поўдзень. Акрамя таго, выхадцы з Фландрыі пераязджалі ў іншыя краіны[5] — Англію, Шатландыю, Францыю, Азорскія астравы, амерыканскія калоніі і г. д. У выніку Фландрыя і Брабант, дзе размаўлялі на фламандскім дыялекце нідэрландскай мовы ў XVII — XVIII стст. ператварыліся ў яблык разладу паміж Галандыяй і Францыяй. У культурным жыцці дамінавала Францыя. З часоў уваходу ў склад Бургундыі французская мова шырока распаўсюдзілася ў асяроддзі мясцовай шляхты. Каталіцкае духавенства таксама падтрымлівала французскую мову і культуру як чыннік супрацьстаяння пратэстанцкай Галандыі.
У 1831 г. большая частка фламандскіх зямель увайшла ў склад незалежнай Бельгіі, хаця многія насельнікі Фламандскага рэгіёна выступалі супраць аддзялення ад Нідэрландаў. Насельніцтва, якое размаўляла на нідэрландскай мове колькасна пераважала на поўначы, захадзе і нават у Бруселі. Аднак афіцыйнай мовай Бельгіі была абвешчана французская[6]. Гэта прывяло да ўзнікнення асобнага фламандскага нацыяналістычнага руха, які выступаў за моўную і палітычную свабоду. Фламандскія культурныя і палітычныя арганізацыі аформіліся пераважна ў другой палове XIX ст. Іх асноўнымі чальцамі былі інтэлектуалы і рабочыя, аднак у канцы XIX ст. да фламандскага руха актыўна далучыліся і прадстаўнікі касцёла.
Падчас I Сусветнай і II Сусветнай войн, калі Бельгія была акупавана з боку Германіі, многія фламандскія нацыяналісты супрацоўнічалі з немцамі, што ў пасляваенныя гады стала падставай для абвінавачвання ў калабарацыянізме. Толькі ў 1962 г. фламандцы здолелі дасягнуць моўнай роўнасці. У 1993 г. Фламандскі рэгіён атрымаў роўныя палітычныя правы з Валоніяй[7].
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйныя заняткі
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ў перыяд сярэднявечча Фландрыя з'яўлялася адным з найбольш эканамічна развітых рэгіёнаў Еўропы, што абумовіла наяўнасць высокай шчыльнасці насельніцтва, падзел заняткаў на розныя прафесіі, якія атрымоўвалі спецыялізацыю. Цэнтрамі гандлю і рамяства з'яўляліся гарады. Фламандцы асабліва славіліся вытворчасцю ваўняных і ільняных тканін, суднабудаваннем, ювелірным мастацтвам. У 1447 г. з Францыі перасяліліся вытворцы габеленаў. Яны паклалі пачатак вырабу так званых tapis d'or («залатых дываноў») — складаных па-мастацку зробленых габеленаў, прызначаных для ўпрыгожвання касцёлаў[8]. У эпоху Адраджэння адметнай рысай мясцовай гарадской культуры стаў жывапіс. Фламандскія рамеснікі, мастакі і архітэктары працавалі ў Іспаніі, Англіі, Францыі і іншых краінах. Пазней узніклі прамысловыя прадпрыемствы.
Поспех гандлю ў немалой ступені залежаў ад развіцця марскога і рачного суднаходства. Для пашырэння шляхоў зносін і развіцця сельскай гаспадаркі праводзілася меліярацыя. З VII ст. у Фландыі будаваліся дамбы і дрэнажныя канавы для асушэння зямлі, якую звычайна выкарыстоўвалі пад пашу для авечак і кароў. У XII ст. былі заснаваныя спецыяльныя таварыствы землекарыстальнікаў асушаных балот[3]. Аднак эксплуатацыя меліяраваных зямель каштавала дорага. Гэта вымусіла сялян адмовіцца ад вырошчвання працаёмкіх збожавых культур і развіваць жывёлагадоўлю, сеянне гародніны і кармавых культур, выкарыстанне штучных угнаенняў. Попыт на воўну і скуру рабіў іх высілкі прыбытковымі. Фландрыя — адна з першых краін, дзе ўзнікла ландшафтнае земляробства. Вопыт фламандскіх земляробаў актыўна выкарыстоўваўся пры правядзенні зялёнай рэвалюцыі ў XX ст.
Жытло
[правіць | правіць зыходнік]Большасць сучасных фламандцаў — гараджане. Ужо ў высокім сярэднявеччы шчыльнасць гарадскога насельніцтва Фландрыі па еўрапейскіх мерках была вялікай. З эпохі Адраджэння гарады будаваліся па рэгулярных планах. У сельскай мясцовасці асноўны тып паселішча — хутар, аднак надзелы сялян звычайна малыя, таму хутары месцяцца блізка адзін да іншага, так што ствараюць уражанне адзінага населенага пункта з раскіданай планіроўкай.
Галоўным будаўнічым матэрыялам здаўна з'яўляецца цэгла. Фламандцы традыцыйна будуюць дамы langgevelhoeve з доўгімі франтонамі[9]. У сельскай мясцовасці гаспадарчыя пабудовы і жытло гаспадара аб'яднаны ў адзіную выцягнутую пабудову з адным дахам, але кожнае памяшканне мае свае дзверы. У Брабанце гаспадарчыя пабудовы і жылая частка аддзелены вузкім калідорам, у які вядзе галоўны ўваход. Радзей сустракаюцца сядзібы geslotenhoeve з замкнёнай планіроўкай.
Вопратка
[правіць | правіць зыходнік]Фландрыя здаўна славілася ваўнянымі і ільнянымі тканінамі, якія сталі асноўным матэрыялам для пашыву вопраткі. Тыповы народны строй склаўся ў XIX ст. — пачатку XX ст., аднак уключаў элементы шматвяковай даўніны — жоночыя махровыя хусткі falie, запазычаныя ў XVI ст. з Іспаніі, доўгія плашчы з каптурамі, вядомыя з XVIII ст., клецістыя шалі і г. д. У нашы дні народныя строі апранаюць у святы. Жанчыны носяць некалькі аднакаляровых спадніц, сабраных у вобласці стану, доўгія кофты, каптуры. Мужчынскія строі складаюцца з шырокіх штаноў, аднакаляровай кашулі, кофты або жакета.
Кулінарыя
[правіць | правіць зыходнік]Фламандская кухня даволі разнастайная. У выніку шматвяковых кантактаў з іншымі рэгіёнамі і народамі Заходняй Еўропы, яна ўвабрала ў сябе як мясцовыя традыцыі, так і элементы, характэрныя для французскай, італьянскай, нямецкай, іспанскай, яўрэйскай кухні. Ужо ў сярэднявеччы кухары-выхадцы з Фландрыі славіліся сваімі салодкімі вафлямі. У нашы дні прапануецца самая розная выпечка — круасаны, пірожныя, булачкі, пірагі і г. д.[10] Горад Антверпен вядомы як адна са сталіц вытворцаў шакаладных вырабаў з салодкім начыннем[11].
Бульба выкарыстоўваецца ў кулінарыі з XVI ст. З міжземнаморскага рэгіёна была запазычана традыцыя прыгатавання салатаў з гародніны на алеі. Фламандцы шырока ўжываюць у ежу цыкорыю, латук і брусельскую капусту. Мяса звычайна прапануецца запечаным або ў якасці рагу. У Бруселі захавалася старадаўняя страва стумп[12]. Яна складаецца з перацёртых бульбы і гародніны, што тушацца разам са свінінай, а потым падаюцца з каўбасой. Папулярны стравы з рыбы і малюскаў, асабліва з мідый і рачной стронгі. Супы гатуюцца густымі і наварыстымі.
Распаўсюджаныя напоі — кава, піва, белае віно. Прычым, піва і віно выкарыстоўваюць не толькі як звычайныя алкагольныя напоі, але таксама дадаюцца ў розныя стравы. Піва спалучаюць з рагу, супамі і нават дэсертамі. У Заходняй Фландрыі прынята гатаваць мідыі і крэветкі ў белым віне. У мінулым таксама ўжывалі моцныя травяныя лікёры. У нашы дні найбольш вядомы лікёр «Elixir d'Anvers»[13]. Яго прамысловая вытворчасць наладжана з 1863 г.
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]У Фламандскай вобласці захоўваецца нуклеарны тып сям'і, што складаецца з двух пакаленняў блізкіх сваякоў. Фламандцы імкнуцца мець некалькі дзяцей рознага полу, якія пасля сталення працягваюць жыць з бацькамі і атрымоўваць ад іх дапамогу. Пры гэтым яны не абавязкова працуюць у гаспадарцы бацькоў, могуць штодня ездзіць на доўгія адлегласці на працу, аднак вяртацца на ноч у родны дом. Бюджэт сям'і складаецца галоўным чынам з прыбыткаў бацькоў, але дарослыя дзеці адлічваюць на ўтрыманне частку сваіх заробкаў.
Пасля шлюбу маладыя сем'і жывуць асобна, але падтрымліваюць шчыльныя сувязі са сваякамі. Захаваўся звычай пасля нараджэння дзіцяці саджаць дрэва. Спадчына падзяляецца паміж усімі дзецьмі пароўну. У адрозненні ад валонаў, фламандцы лічацца дамаседамі, хаця знакаміты сваёй гасціннасцю.
З часоў сярэднявечча, калі грамадства было падзелена на саслоўі і карпарацыі, у гарадах і сельскай мясцовасці захавалася грамада. У нашы дні яна не мае адзінага кіравання, але аб'ядноўвае суседзяў для аказання ўзаемадапамогі, арганізацыі супольных свят, дабрачыннай працы і г. д.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Фламандцы размаўляюць на некалькіх дыялектах нідэрландскай мовы. У школах вывучаецца літаратурная нідэрландская мова, якая ў нашы дні мае статус дзяржаўнай.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў — прыхільнікі Рымска-Каталіцкага Касцёла. У Нідэрландах, дзе галандцы і фламандцы карыстаюцца адной мовай, фламандская меншасць адрозніваецца галоўным чынам рэлігійнай прыналежнасцю. Папулярныя святыя — Св. Марцін, Св. Мікалай, Св. Георгій. Апошні лічыцца заступнікам школьнікаў, таму ў дзень Св. Георгія арганізуюцца шэсці навучэнцаў і іншыя школьныя мерапрыемствы.
Славутыя фламандцы
[правіць | правіць зыходнік]- Герард Меркатар — картограф, філосаф і матэматык эпохі Адраджэння.
- Пітэр Паўль Рубенс — жывапісец эпохі Адраджэння.
- Ян Брэйгель Старэйшы — жывапісец.
- Джэймс Энсар — бельгійскі жывапісец.
- Гацье — бельгійскі і аўстралійскі музыкант.
- Лара Фабіян — канадская спявачка.
- Жан-Мары Пфаф — бельгійскі футбаліст.
- Кім Клейстэрс — славутая тэнісістка, былая першая ракетка свету ў адзіночным разрадзе і першая ракетка ў парным разрадзе.
- Одры Хепбёрн — брытанская актрыса.
- Жан-Клод Ван Дам — галівудскі акцёр і сцэнарыст.
- Херман ван Рампёй — еўрапейскі палітычны дзеяч.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Fleming
- ↑ History of Belgium
- ↑ а б Flanders in the Middle Ages Архівавана 31 мая 2008.
- ↑ History of Flanders: the Spanish Netherlands Архівавана 14 мая 2011.
- ↑ Гл.: Flemish Migrations Архівавана 31 ліпеня 2015.
- ↑ Why don't the Belgians speak Belgian?
- ↑ Ulrike Vogl and Matthias Hüning, One Nation, One Language? The Case of Belgium. // Dutch Crossing, Vol. 34 No. 3, November, 2010. P 228—247
- ↑ Short Guide to Tapestry Art (c.800-2000)
- ↑ ISSUU — Antwerpse kempen brochure
- ↑ FOOD AND DRINK
- ↑ Antwerpse handjes Архівавана 4 ліпеня 2012.
- ↑ Stoemp Архівавана 4 ліпеня 2012.
- ↑ Elixir d'Anvers Архівавана 30 жніўня 2012.