(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Карʼера экс-міністра юстыцыі: зьнішчыў недзяржаўныя арганізацыі, а цяпер будзе займацца «ўстойлівым разьвіцьцём»

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карʼера экс-міністра юстыцыі: зьнішчыў недзяржаўныя арганізацыі, а цяпер будзе займацца «ўстойлівым разьвіцьцём»


Былы міністар юстыцыі Сяргей Хаменка, архіўнае фота
Былы міністар юстыцыі Сяргей Хаменка, архіўнае фота

Былы міністар юстыцыі Сяргей Хаменка цяпер будзе нацыянальным каардынатарам па дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця. Зьнішчыў сотні недзяржаўных арганізацый, закрыў палітычныя партыі, цяпер можна ўзяцца і за разьвіцьцё краіны. З досьведам чалавек, што тут скажаш.

Так-так, міністар, пры якім трэці сэктар у Беларусі быў літаральна зьнішчаны, цяпер будзе адказны за мэты ўстойлівага разьвіцьця. Будзе прасоўваць важнасьць правасудзьдзя, эфэктыўных інстытутаў, чыстага навакольнага асяродзьдзя і, вядома ж, гендэрнай роўнасьці.

Відавочна, што Хаменка — адзін з апошніх людзей, прафэсійна прыдатных займаць гэтую пасаду, бо ён на мінулай сваёй працы рабіў усё, каб Беларусь ня тое каб не дасягала мэтаў устойлівага разьвіцьця, а нават каб яна не падумала ляжаць у гэты бок. Нефармальная адукацыя? Не, Беларусі такое ня трэба. Ахова прыроды? Надта небясьпечна для рэжыму — у іх жа нават птушкі з народам. Прасоўваньне ідэі жаночага лідэрства? Яшчэ чаго, лідэр у краіне толькі адзін, і гэта Лукашэнка!

А цяпер Хаменка будзе справаздачыцца, як шмат Рэспубліка Беларусь робіць для жанчын. Сярод мэтаў устойлівага разьвіцьця ёсьць мэта № 5: «Гендэрная роўнасьць». Толькі нешта мне падказвае, што ён ня стане расказваць пра тое, як з жанчын нараўне з мужчынамі зьдзекуюцца ў беларускіх турмах, як адбіраюць дзяцей у актыўных беларусак і як выціскаюць з краіны палітычна актыўных жанчын.

Вельмі верагодна, што ён пахваліцца створанай у Берасьцейскай вобласьці гарачай лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту, але дакладна не ўзгадае зачыненую агульнанацыянальную лінію, якая не была падкантрольная дзяржаве. Натуральна, узгадае дзяржаўныя крызісныя пакоі, але ні слова ня скажа пра якасьць іх працы і зьнішчанае недзяржаўнае сховішча ўсё для тых жа пацярпелых ад хатняга гвалту.

Наўрад ці ён распавядзе пра тое, што жанчынам у Беларусі ўскладняюць доступ да абортаў, і як Беларусь плянуе з гэтым змагацца. А каб наблізіцца да дасягненьня мэты ўстойлівага разьвіцьця № 5, добра было б адмяніць абавязковыя размовы з псыхолягам перад перарываньнем цяжарнасьці і норму, якая дазваляе дактарам не рабіць аборты, бо яны проста ня хочуць рабіць аборты.

Мы яшчэ пабачым — рэжым Лукашэнкі знойдзе новы спосабы папсаваць жанчынам жыцьцё, пакуль былы міністар юстыцыі будзе адказны за дасягненьне мэтаў устойлівага разьвіцьця. Гэта ж іх фішка — паказальна зьдзекавацца з нас у поўнай упэўненасьці, што ім за гэта нічога і ня будзе. Для іх галоўнае — гэта фармальныя паказчыкі, якія можна «падагнаць» правільнай гульнёй са статыстыкай.

А ААН і рада падыгрываць — пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў. «Беларусь заняла 30-е месца сярод 166 дзяржаў, якія ўкараняюць мэты ўстойлівага разьвіцьця. Гэта вельмі добры паказьнік», — сказаў ён на Нацыянальным форуме па ўстойлівым разьвіцьці.

Рэжым Лукашэнкі ўмее добра гуляцца зь лічбамі, вось толькі няясна, чаму навакольныя працягваюць верыць у ягоныя байкі і так упарта ігнаруюць рэальнасьць.

Зрэшты, ААН афіцыйна дае інфармацыю пра тое, як атрымаць статус уцекача ў Беларусі, а не пасьлядоўна тлумачыць, чаму ў Беларусь увогуле небясьпечна езьдзіць. І ўвогуле, сьпіс такіх нелягічных дзеяньняў ААН атрымаецца даволі доўгім, можна было б ужо і звыкнуць. Але нешта ня хочацца звыкацца да таго, што арганізацыя, якая фармальна выступае за ўсё добрае і супраць усяго кепскага, так падтрымлівае дыктатуру.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG