(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі за апошнія 12 месяцаў павялічылася ў 2,5 раза, — Нацбанк

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі за апошнія 12 месяцаў павялічылася ў 2,5 раза, — Нацбанк


Нацбанк Беларусі, архіўнае фота
Нацбанк Беларусі, архіўнае фота

Зьнешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за студзень — травень 2024 году склаў 39 млрд 515,1 млн даляраў — на 3,6% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году (38 млрд 156,5 млн), сьведчаць папярэднія зьвесткі Нацбанку, якія прааналізаваў «Позірк».

Пры гэтым экспарт тавараў і паслуг склаў 19 млрд 506,3 млн даляраў (летась — 18 млрд 976,2 млн; рост у 2,8%), імпарт — 20 млрд 8,8 млн (летась — 19 млрд 180,3 млн; рост — 4,3%). Адмоўнае сальда склалася на ўзроўні 502,5 млн даляраў (годам раней было мінус 204 млн — рост у 2,5 раза).

Высновы пра дзейнасьць той ці іншай краіны на міжнародным рынку робяцца на падставе зьнешнегандлёвага балянсу, г.зн. розьніцы паміж паступленьнямі грашовых сродкаў з-за мяжы дзякуючы экспарту і пералікам валюты за мяжу ў лік аплаты імпарту. Такім чынам узьнікаюць паняцьці дадатнага (экспарт большы за імпарт) і адмоўнага (імпарт перавышае экспарт) сальда зьнешняга гандлю. Дадатнае сальда характарызуе актыўны гандлёвы балянс краіны, а адмоўнае сьведчыць аб узьнікненьні пасіўнага балянсу.

Лічба адмоўнага сальда ў зьнешнім гандлі «не выклікае нейкай турботы», яна «будзе перакрытая ўжо па выніках трох кварталаў», заявіў дзяржаўным СМІ прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка 17 чэрвеня пасьля дакладу Аляксандру Лукашэнку.

«Нейкай катастрофы няма. Калі гаварыць аб прычынах, дык яны празаічныя: сусьветная цана на нафту вырасла. Мы закупляем сырую нафту, таму гэта адбілася на павелічэньні кошту імпарту, плюс зьнізіліся цэны на традыцыйныя беларускія тавары на зьнешніх рынках», — сказаў Галоўчанка.

Як тлумачыла ў ранейшым інтэрвію Свабодзе эканамістка Анастасія Лузгіна, калі сукупнае адмоўнае сальда замежнага гандлю па таварах і паслугах будзе захоўвацца, гэта можа прывесьці «да пагаршэньня сытуацыі на валютным рынку і паскарэньня ўстойлівых дэвальвацыйных працэсаў».

  • Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта плянавымі) парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, прырост экспарту тавараў і паслуг павінен скласьці 7,6 працэнта.
  • Паводле інфармацыі Нацбанку, зьнешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за 2023 год склаў 95 млрд 259,4 млн даляраў — на 6,8% больш, чым за 2022 год (89 млрд 166,8 млн), экспарт — 47,87 млрд 701,7 млн даляраў, імпарт — 47 млрд 389,3 млн, станоўчае сальда — 480,7 млн. даляраў — у 9,55 раза менш, чым было па выніках 2022 году(4 млрд 588,4 млн).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG