(Translated by https://www.hiragana.jp/)
За 5 месяцаў 6,2 млрд рублёў — беларускія банкі працягваюць шчодра раздаваць крэдыты людзям. Чым гэта небясьпечна

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 5 месяцаў 6,2 млрд рублёў — беларускія банкі працягваюць шчодра раздаваць крэдыты людзям. Чым гэта небясьпечна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны банк папярэджваў пра «дэвальвацыйныя чаканьні», але прадоўжыў шчодра раздаваць крэдыты. На 43,4% больш, чым летась. Разьбіраемся, чым гэта шкодна.

Толькі ў траўні беларусы ўзялі ў банках 1,33 мільярда рублёў, вынікае са статыстыкі Нацбанку. Гэта на 16,8% больш, чым у траўні летась, аднак крыху менш за красавіцкі паказчык.

За першыя 5 месяцаў гэтага году беларусы ўзялі спажывецкіх крэдытаў на 4,83 мільярда рублёў. Плюс 21,5% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.

Крэдытаў на нерухомасьць — на 1,41 мільярда рублёў, на 74,6% больш, чым летась. Агулам за 5 месяцаў банкі выдалі фізычным асобам 6,2 мільярда рублёў — на траціну больш, чым за такі пэрыяд летась.

Працягвае расьці закрэдытаванасьць і ў арганізацый, юрыдычных асобаў. За першыя пяць месяцаў гэтага году яны атрымалі ад банкаў 64,73 мільярда рублёў крэдытаў. Гэта на 34,1% больш, чым за такі ж пэрыяд летась.

Калі браць усе крэдыты ва ўсіх валютах за 5 месяцаў гэтага году, то аб’ёмы крэдытаваньня вырасьлі на 43,4% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. Агулам гэта 76,1 мільярда рублёў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Дэвальвацыйныя» асьцярогі Нацбанку

Яшчэ ў студзені Нацбанк у дакладзе аўтарства першага намесьніка праўленьня Сяргея Калечыца гаварыў аб праблемах, зьвязаных з такімі тэмпамі крэдытаваньня. Асьцярогі выклікалі «лішнія грошы», якія зьявіліся ў эканоміцы праз крэдыты.

«У будучыні яны могуць праявіцца праз узмацненьне націску на валютны рынак і курс беларускага рубля, павышаны попыт на спажывецкім рынку, раскручваньне інфляцыйна-дэвальвацыйнай сьпіралі, пагаршэньне паказчыкаў устойлівасьці банкаўскага сэктару», — адзначаў тады Сяргей Калечыц.

А ўжо ў сакавіку старшыня Нацбанку Павал Калавур заяўляў, што ніякай праблемы з крэдытамі няма.

«Пытаньне перагрэву эканомікі, або закрэдытаванасьці, — адно з ключавых, на якія мы зьвяртаем увагу. У нас разрыў крэдыту знаходзіцца на аптымальным узроўні, гэта значыць у нас няма перагрэву эканомікі за кошт інтэнсіўнага залішняга крэдытаваньня», — сказаў кіраўнік банкаўскага рэгулятара.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Эканоміка становіцца крохкай»

У эканоміцы застаецца завышаны попыт, канстатуе экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык.

«Гэта гісторыя зь перагрэвам эканомікі. Інфляцыйны ціск нарастае і фінансавы стан прадпрыемстваў крыху пагоршыўся, але не крытычна. Пакуль перагрэў эканомікі на даволі высокім узроўні, але яшчэ ўмераны. Гэта не абавязкова значыць, што адбудзецца крызіс, але эканоміка становіцца крохкай».

Рэзкія нэгатыўныя падзеі ў эканоміцы могуць адбыцца пры ўмове нейкіх вонкавых ці ўнутраных фактараў, працягвае экспэрт.

«Калі будзе пагаршэньне вонкавых умоў ці ўнутраных, ёсьць пагроза дэстабілізацыі на валютным рынку, рэзкага паскарэньня інфляцыі, страты пакупніцкай здольнасьці. Для прыкладу, у 2012–2014 годзе эканоміка ўвесь час была ў стане перагрэву. Зараз мы падышлі да гэтага ўзроўню, але пры пэўных умовах эканоміка можа функцыянаваць і ў такім стане», — кажа экспэрт.

За 2014 год агульная дэвальвацыя беларускага рубля склала 24,7%. У сьнежні 2014 году аслабіўся расейскі рубель, а за ім і беларускі.

Што да прычын, чаму крэдытная палітыка застаецца мяккай, то, на думку экспэрта, Нацбанк не да канца ўпэўнены ў перагрэве эканомікі. Рэгулятар заняў пазыцыю чаканьня, а таксама на яго ўплывае ціск з боку ўраду. Могуць быць рознагалосьсі і ў кіраўніцтве Нацбанку ў пляне падыходаў да крэдытаваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG