(Translated by https://www.hiragana.jp/)
«Лёгікі няма». Каго ў Беларусі ўключаюць у «сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў»

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёгікі няма». Каго ў Беларусі ўключаюць у «сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падлічылі, колькі насамрэч «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» у адной з самых міралюбных краінаў сьвету.

Беларускае «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства дазваляе ўладам шырока інтэрпрэтаваць любыя дзеяньні як экстрэмісцкія, а чалавека, які выказаў сваю асабістую думку, лічыць экстрэмістам.

Што кажа заканадаўства

Гэта Закон Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», «Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (новая, зацьверджаная пятым «Усебеларускім народным сходам» 25 красавіка 2024 год3), Крымінальны кодэкс (дзе санкцыі экстрэмісцкіх артыкулаў таксама былі абноўленыя ў 2024 годзе).

Масава запісваць у «экстрэмісты» беларусаў пачалі ў сакавіку 2022 года. За паўгода да гэтага, 12 кастрычніка 2021 году, была прынятая пастанова Савета Міністраў № 575 «Аб захадах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму», кажа юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Віка Рудзянкова.

«Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян ці асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», вядзе Міністэрства ўнутраных спраў. Робіцца гэта на падставе прысуду, які набыў моц. Артыкул для ўключэньня павінен быць «экстрэмісцкай» накіраванасьці: арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках, зьнявага службовых асоб (за камэнтары ў сацсетках) і нават «апаганьваньне будынкаў» — за надпісы на сьценах. Уключаюць у гэты сьпіс ня ўсіх, але лёгікі няма.

Прычым трапляюць туды тыя, у дачыненьні каго вырак набыў моц, і тыя, хто ўжо цалкам адбыў сваё пакараньне», — тлумачыць юрыстка Віка Рудзянкова.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Толькі «экстрэмістаў» — 4194 асобы

На сёньняшні дзень у пераліку «грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць», 4194 асобы. Сьпіс з трох частак, кожная ўключае каля 1400 чалавек, агулам ён займае каля 600 старонак.

Пад азначэньне «экстрэмісцкіх» трапляе практычна ўвесь спэктар пратэставых дзеяньняў: ад удзелу ў так званых «масавых беспарадках» да абразы службовай асобы.

«На сёньняшні дзень традыцыйныя „апдэйты“ сьпісу прыпадаюць на пятніцу, як падвядзеньне вынікаў тыднёвай працы над пошукам і „маркіроўкай“ экстрэмістаў. Цяпер у сьпісе 4194 пазыцыі, заўтра будзе больш. У мінулую пятніцу МУС прыбрала 15 чалавек са сьпісу (магчыма, у сувязі з пагашэньнем судзімасьці), але дадало 19 новых чалавек. Папярэдні раз — 28 чэрвеня 2024-га — дадалі 36 чалавек! І так кожную пятніцу», — кажа юрыстка «Вясны» Віка Радзянкова.

Інфармацыя рэгулярна абнаўляецца, але вядзецца даволі неахайна. Дагэтуль у сьпісе журналіст Генадзь Мажэйка, палітык Андрэй Дзьмітрыеў, Аксана Зарэцкая, статус якіх пазначаны як «адбываюць пакараньне». Але гэтыя людзі пасьля поўнай адседкі тэрміну выйшлі на волю паўгода таму. У сьпісе і Соф’я Сапега, памілаваная Лукашэнкам больш за год таму. І такіх прыкладаў нямала.

Соф'я Сапега
Соф'я Сапега

5 гадоў пасьля адбыцьця тэрміну — шэраг абмежаваньняў

Самы малады «экстрэміст» — 2004 году нараджэньня. Падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе яму было толькі 16. Ён асуджаны паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці»). Сярод «экстрэмістаў» даволі шмат моладзі ва ўзросьце да 25 гадоў.

Самаму старому «экстрэмісту» 82 гады, а самай пажылой «экстрэмістцы» — 78 гадоў. Яны асуджаная паводле часткі 1 артыкулу 368 КК («Зьнявага прэзыдэнта»).

У сьпісах цэлыя сем’і (па 3-4 чалавекі, напрыклад бацька і дзеці). Ёсьць некалькі шматдзетных маці, цяжкахворыя людзі, асобы з інваліднасьцю.

Грамадзяне, уключаныя ў пералік экстрэмістаў, да пагашэньня судзімасьці і на працягу яшчэ 5 гадоў пасьля пагашэньня маюць цэлы шэраг забаронаў. І гэта ня толькі вайсковая служба і праца, зьвязаная са зброяй ці выбуховымі рэчывамі.

«Усе абмежаваньні перастаюць дзейнічаць толькі па заканчэньні 5 гадоў пасьля пагашэньня або зьняцьця судзімасьці. Гэта значыць, на працягу гэтых пяці гадоў, нават калі гэта чацьвёрты год судзімасьці, чалавека ўсё яшчэ могуць уключыць у гэты сьпіс.

Адкрыцьцё банкаўскага рахунку, разавыя плацяжы, пераводы, паступленьні, выдача, абмен, іншыя фінансавыя апэрацыі тых, хто ўключаны ў пералік, падпадаюць пад „асаблівы фінансавы кантроль“. На практыцы гэта азначае, што чалавек ня можа свабодна карыстацца сваім рахункам, адкрываць новы і карыстацца ім. Любое карыстаньне банкаўскім рахункам магчымае толькі ў парадку выключэньня па дазволе органа, які ажыцьцяўляе фінансавы кантроль», — зазначае юрыстка «Вясны».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

МУС спыняцца не зьбіраецца

Віка Рудзянкова лічыць, што сьпіс экстрэмістаў — адзін з самых дэманстратыўных паказчыкаў рэпрэсій у краіне, якія не спыняюцца, бо там выключна тыя, хто сядзіць з палітычных матываў ці ў дачыненьні да каго вядзецца перасьлед.

«Менавіта гэты інструмэнт дазволіў уладам „сыстэматызаваць“ людзей, якія, напрыклад, не падпадаюць пад амністыю (тыя палітвязьні, якія нядаўна выйшлі нібыта ў сувязі з амністыяй, выйшлі, найхутчэй, па памілаваньні ці іншай падставе па-за законам, гэта значыць, не паводле закону аб амністыі)» — выказвае сваё меркаваньне Віка Рудзянкова.

Аднак ня ўсе тыя, хто з палітычных матываў знаходзіцца ў зьняволеньні, уключаныя ў так званыя «сьпісы экстрэмістаў». Напрыклад, у траіх палітвязьняў фігуруе толькі артыкул 191 КК («Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў»), а ён не зьяўляецца артыкулам «экстрэмісцкай» накіраванасьці паводле заканадаўства Беларусі. Пры гэтым, у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі правоў чалавека, ніводзін з артыкулаў, які прымяняюцца з палітычных матываў, ня можа быць «экстрэмісцкай» накіраванасьці ў агульнапрынятым і дапушчальным значэньні, тлумачыць юрыстка «Вясны».

Як пагрозьліва паведамляецца на сайце МУС, «праца ў прыцягненьні ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фармаваньняў да крымінальнай адказнасьці будзе весьціся накіравана, з улікам ролі кожнага ўдзельніка, зыходзячы з сабраных доказаў». Значыць, МУС спыняцца не зьбіраецца, хаця пасьля масавай хвалі пратэстаў прайшло ўжо 4 гады.

Міністэрства ўнутраных спраў. Ілюстрацыйнае фота
Міністэрства ўнутраных спраў. Ілюстрацыйнае фота

«Два мушкетэры і красуня»

На сайце МУС ёсьць яшчэ пералік 223 экстрэмісцкіх арганізацый, фармаваньняў, а ў некаторых зь іх дзясяткі асобаў. Сьпіс на 66 старонках. Як тлумачыцца, пастанова Саўміну «рэглямэнтуе парадак прызнаньня груп грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць, у тым ліку з выкарыстаньнем мэсэнджараў і сацсетак, экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Пад нумарам першым — «Рабочы рух». У пераліку самыя розныя грамадзкія аб’яднаньні: экалягічныя арганізацыі кшталту «Экадом», «За адзіную дзяржаўную мову Беларусі», СМІ (у тым ліку і замежныя: Радыё Свабода, «Нямецкая хваля», Эўрарадыё), журналісты, блогеры і нават музычны калектыў Tor Band.

Назовы ёсьць розныя: «Два мушкетёра и красотка», «Алиса рассказывает», "Рыцарские истории","Волейбол по выходным«, «Ник и Майк», «Женщины тяжелого поведения», «Беларусь головного мозга», «Беларусь без хамства и беззакония». Што да апошняга «фармаваньня», прызнали экстрэмісцкім і лягатып «у выглядзе фотавыяваў Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай».

У сьпісе пазначаны «людзі-фармаваньні», напрыклад, «фармаваньне Валера Цапкалы», «фармаваньне Максіма Шабуцкага, «Каманда Латушкі » зь дзясяткам чалавек.

Ёсьць такія дзіўныя рэчы, як «нагрудны знак (брошка) шэрага колеру», відэафайлы з назвай «Песенька», графічныя файлы «aajG6OrSr20» і «Vr3pVg67J8c», усе матэрыялы на асабістых старонках некаторых людзей у сацсетках, стыкеры з памылкамі ў надпісах на ўкраінскай мове, крычалка «Хто ня скача, той м....ль».

Будынак КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Будынак КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У сьпісе КДБ 450 беларусаў-тэрарыстаў

Да таго ж у Беларусі ёсьць яшчэ сьпіс тэрарыстаў, у якім 1226 асобаў. Яго вядзе КДБ: дадае як сапраўдных тэрарыстаў з замежных санкцыйных сьпісаў, так і беларусаў, асуджаных паводле пэўных артыкулаў, кшталту «распальваньня варожасьці» (да прыкладу, за выказваньні з крытыкай дзейнасьці сілавікоў).

Сайт КДБ, на якім раней публікаваўся сьпіс, не працуе зь лютага пасля ўзлому «Кібэрпартызанаў». Таму чэкісты зьмясьцілі яго ў тэлеграм канале @KGB_BY_channel

Больш за 700 з 1226 асобаў — іншаземцы з самых розных краінаў: Сырыі, Самалі, Афганістану, Карэі, Конга, Лібіі, Пакістану, Тунісу, Грузіі ды іншых. Гэтыя людзі ўключаныя Камітэтам Рады Бясьпекі ААН. Беларусаў у гэтым пераліку каля 450. Гэта людзі, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў (130, 361, 293, 289 КК).

Першымі зь беларусаў у сьпіс трапілі Сьцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. Пратасевіча пасьля памілаваньня адтуль выдалілі.

У пераліку шмат «знакавых» палітвязьняў: Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, адвакат Максім Знак, блогер Ігар Лосік, галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава, сям’я Разановічаў з чатырох чалавек, анархіст Ігар Аліневіч, саліст гурту Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў. Таксама ў пераліку і тыя, хто пазьбег ад перасьледу: Ціханоўская, Латушка, Краўцоў, Матолька, журналісткі Лойка, Талкачова.

28 чэрвеня дадалі Кацярыну Шаблінскую-Іванову, у якой 7-гадовы непаўналетні сын і якой прысудзілі 6 гадоў; баранавіцкага прадпрымальніка Сяргея Бунату; Надзею Лапцёнак, якая мае сына з інваліднасьцю, былога вайскоўца Дзяніса Кучынскага, 18-гадовага студэнта БДПУ Германа Лебедзева. 12 ліпеня ў сьпіс трапілі яшчэ трое палітвязьняў: Яўген Кладоў, былы ўчастковы Яўген Ціханаў, 63-гадовы Сяргей Шэлег.

Што тычыцца сур’ёзных тэрарыстычных актаў, якія былі зьдзейсьненыя на тэрыторыі Беларусі, юрысты і праваабаронцы згадваюць толькі выбух на станцыі «Кастрычніцкая» сталічнага мэтрапалітэну 11 красавіка 2011 году, у выніку якога загінулі 15 чалавек, а 203 пацярпелі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG