(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Споўнілася 10 гадоў, як прарасейскія сэпаратысты ва Ўкраіне зьбілі малайзійскі «Боінг». Як гэта было

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 10 гадоў, як прарасейскія сэпаратысты ва Ўкраіне зьбілі малайзійскі «Боінг». Як гэта было


На месцы крушэньня самалёту, 2014
На месцы крушэньня самалёту, 2014

17 ліпеня 2014 году ў небе над украінскім Данбасам, на якім ужо актыўна дзейнічалі расейскія і прарасейскія баевікі, быў зьбіты малайзійскі авіялайнэр. Гэтая трагедыя стала адной з найбольш рэзанансных, якія адбыліся з паветраным транспартам за апошні час. Нагадваем, як гэта было.

Як адбылася трагедыя

Самалёт рэйса MH17 вылецеў з аэрапорту ў Амстэрдаме (Нідэрлянды) у 12:31 мясцовага часу і накіроўваўся ў Куала-Лумпур (Малайзія). У палёце ён меў правесьці каля 12 гадзін. Праз 3 гадзіны палёту, прыкладна за 50 км ад украінска-расейскай мяжы, самалёт раптоўна страціў сувязь зь зямлёй і зьнік з радараў.

Загінулі 283 пасажыры, у тым ліку 80 дзяцей, і 15 чальцоў экіпажу. Сярод тых, хто загінуў у самалёце, былі грамадзяне Нідэрляндаў (193), Малайзіі (43), Аўстраліі (38), Інданэзіі (13), а таксама некалькіх іншых краін.

Прарасейскія баевікі на месцы падзеньня самалёта рэйсу MH17. 18 ліпеня 2014
Прарасейскія баевікі на месцы падзеньня самалёта рэйсу MH17. 18 ліпеня 2014

Пасьля падзеньня ў сеціве зьявілася шмат аматарскіх фотаматэрыялаў зь месца трагедыі. На фатаграфіях і відэа можна было ўбачыць шмат чалавечых целаў, абломкі самалёту і рэчы. Шэраг гэтых матэрыялаў затым выдалілі зь сеціва, але іх пасьпелі скапіяваць.

Затым пачалося сьледзтва ў гэтай справе. Аўстралія і Нідэрлянды запатрабавалі спагнаць з Расеі мільёны даляраў. Пяць краін — Аўстралія, Бэльгія, Малайзія, Нідэрлянды і Ўкраіна — стварылі сумесную Міжнародную сьледчую групу (JIT). Сьледчыя змадэлявалі розныя траекторыі боегалоўкі, каб вызначыць, дзе яна выбухнула, і выявілі, што 70-кіляграмовая боегалоўка вельмі супадала з пашкоджаньнямі, якія назіраліся на абломках. Яны паказалі, што выбух адбыўся прыкладна за чатыры мэтры над носам самалёта зьлева ад кабіны пілётаў і засыпаў самалёт аскепкамі.

Сьледчыя вылічылі, што пасьля таго, як у выніку выбуху самалёт пачаў разбурацца ў паветры, прайшло ад 60 да 90 сэкундаў да ўдару аб зямлю.

Судовы працэс у Гаазе

Суд у Гаазе прыйшоў да высновы, што рэйс MH-17 быў зьбіты ракетай з комплексу «Бук», запушчанай з боку Першамайскага, якое тады знаходзілася ў руках падкантрольных Расеі сілаў з гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР).

Больш як праз 8 гадоў пасьля трагедыі, 17 лістапада 2022 году, суд завочна прызнаў Ігара Гіркіна (Стралкова) і ягоных падначаленых Сяргея Дубінскага («Хмуры») і Леаніда Харчанку вінаватымі і датычнымі да зьнішчэньня самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 яго пасажыраў.

Суд у Гаазе па крушэньні самалёта MH17
Суд у Гаазе па крушэньні самалёта MH17

Яшчэ аднаго абвінавачанага, Алега Пулатава («Гюрза»), прызналі невінаватым. Сьледзтва заявіла пра «недахоп доказаў» што да ягонага ўдзелу ў трагедыі.

Адзін зь фігурантаў справы, Ігар Гіркін, завочна асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ў Нідэрляндах у справе аб крушэньні «Боінга» МН-17, цяпер асуджаны і ў Расеі. Ён адбывае пакараньне ў расейскай турме, але не за гэты выпадак.

Крымінальную справу ў дачыненьні да Гіркіна распачалі 18 ліпеня 2023 году. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкула аб закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці. Прычынай сталі яго пасты ў тэлеграм-канале. У студзені суд прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Расея лічыць, што судовы працэс і прысуд у справе аб катастрофе MH17 — выкананьне «палітычнай замовы». У Міністэрстве замежных спраў Расеі заяўлялі, што суд няспынна знаходзіўся пад ціскам галяндзкіх палітыкаў і пракуратуры, а абвінаваўчы вырак нібыта быў прадвызначаны загадзя.

Самалёт зьбіла ракета, выпушчаная з комплексу «Бук». Сыстэма «Бук» прыбыла на Данбас з 53-й зэнітна-ракетнай брыгады СПА пад Курскам, адпаведна, належала не сэпаратыстам, а кадравым расейскім вайскоўцам.

З матэрыялаў справы вынікала, што абвінавачаныя непасрэдна адказвалі за дастаўленьне зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» з Расеі ў Данбас, хоць пракуратура адзначыла, што ніхто зь іх асабіста ня браў удзелу ў запуску ракеты, якая зьбіла малайзійскі лайнэр.

Фрагмэнт расейскай ракеты, якой быў зьбіты рэйс MH17
Фрагмэнт расейскай ракеты, якой быў зьбіты рэйс MH17

У момант трагедыі ўжо адбываліся і фіксаваліся пастаянныя кантакты «адміністрацыі» «ДНР» з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым, Масква прызначала ў «ДНР» чыноўнікаў і пастаўляла сэпаратыстам зброю.

Такім чынам, завочна разглядалі абвінавачаньні супраць чатырох чалавек. Тром зь іх прысудзілі пажыцьцёвыя тэрміны за наўмыснае зьнішчэньне самалёта і наўмыснае забойства.

Асуджаныя, акрамя пажыцьцёвага зьняволеньня, мусілі выплаціць кампэнсацыі сем’ям загінулых на суму больш як 16 мільёнаў эўра. Цягам 14 дзён асуджаныя маглі падаць апэляцыю на прысуд. Але ніхто зь іх у суд не зьявіўся і кампэнсацый не плаціў, яны знаходзяцца на тэрыторыі Расеі. А Ігар Гіркін за сыстэматычную крытыку Пуціна быў арыштаваны. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкула аб закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці. Пазьней ён быў асуджаны расейскім судом — за гэта, але не за зьбіцьцё «Боінгу».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG