(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Выпасьці з часу і вярнуцца. Пра адносіны беларусаў з уласнай гісторыяй

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпасьці з часу і вярнуцца. Пра адносіны беларусаў з уласнай гісторыяй


Першы склад Народнага Сакратарыяту (ураду) БНР. 1918
Першы склад Народнага Сакратарыяту (ураду) БНР. 1918

Калега паскардзіўся на непрыемнае адчуваньне: «Быццам выпаў з часу».

Маўляў, раней проста жыў, займаў сваё месца, ехаў, аплаціўшы квіток, у цягніку «Беларусь». І раптам цёмныя сілы пусьцілі цягнік пад адхон — і ты завіс у паветры незразумелага міжчасься.

Сьцісла:

  • Каб ня выпасьці з часу і не згубіцца ў гісторыі, трэба мець пераемнасьць ад папярэднікаў.
  • Самым непраясьненым пэрыядам гісторыі зь беларускага гледзішча застаецца мінулая вайна.
  • Лякуны ў нацыянальнай гісторыі заўсёды запаўняюцца прапагандай чужых, небеларускіх інтарэсаў.

Напэўна, гэткае адчуваньне наведвала шмат каго, хто згубіў звыклыя каардынаты ці дома, ці ў эміграцыі. Калі адзінае, за што застаецца трымацца, — тыя, для каго ты непасрэдна фізычна жывеш. Але больш глыбока стаілася іншая праблема: калі ты ня можаш трымацца за сябе самога, калі ты страціў суб’ектнасьць і ў разгубленасьці ня ведаеш, як яе вярнуць.

Тэрапія ад Ларысы Геніюш

Мне думаецца, што не прыходзіць такое адчуваньне да тых, хто за свае погляды апынуўся ў турме. Цалкам пазбаўленыя вонкавай суб’ектнасьці, яны і жывуць унутры сябе, маючы адзіную мэту — захаваць да лепшых часоў сваю ўнутраную суб’ектнасьць. Чаму ў лістах сваіх выглядаюць больш пэўна, знаходзяць сілы падтрымліваць тых, хто на волі. «Не хвалюйцеся. Што са мной можа здарыцца, я ж у турме».

Нешта падобнае адбываецца зь беларускай гісторыяй — яна то прападае, то зьяўляецца навонкі, то хавае сябе да лепшых часоў.

Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Асабіста мне ў такіх выпадках успамінаецца Ларыса Геніюш, якую пашчасьціла ведаць асабіста. Яна перажыла і эміграцыю, і вайну, і савецкую турму, ГУЛАГ, але ніколі не магла сказаць, што «выпала з часу», бо ў яе разуменьні гэта і азначала б выпасьці з самой сябе, з таго кола каштоўнасьцяў, прынцыпаў і любові, якім уласна яна сама і была і якое аб’ядноўвала яе зь іншымі — такімі самымі. Яна ня ехала ў цягніку «Беларусь» з набытым квітком, яна сама гэтым цягніком і была.

Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

Як жыць — дык жыць для Беларусі,

А безь яе — зусім ня жыць.

«Паўтарай сабе гэтыя радкі Ларысы Геніюш як малітву і будзеш адчуваць сябе ў сваёй сыстэме каардынат, — сказаў я тады калегу, — як верабей у гурце такіх самых вераб’ёў з аднолькавымі інтарэсамі. Разам вы і ёсьць нацыя, беларусы, адна прыродная сіла, якую можна зьнішчыць, але дэмаралізаваць ці перамагчы немагчыма. Нават калі ты сам адзін». Пасьля ГУЛАГу Ларыса Геніюш жыла ў Зэльве пад пільным наглядам КГБ, прымала гасьцей, але так і не прыняла савецкага грамадзянства, рэпрэсіўная машына мусіла зьмірыцца з тым, што Геніюш зьмяніць нельга.

Каб ня выпасьці з часу і заставацца ў гісторыі, трэба мець повязь і пераемнасьць з папярэднікамі, бо гісторыя пішацца ня недзе побач, а табою і ў табе.

Як узьнікае непарыўнасьць

На сотыя ўгодкі Васіля Быкава ў друку зьявіўся артыкул Сяргея Абламейкі «Крыніца яго творчай сілы — беларуская народная прыстойнасьць».

Чытаючы гэты тэкст, я лавіў сябе на думцы, што чытаю яго вачыма рэдактараў віленскай «Нашай нівы» пачатку ХХ стагодзьдзя, вачыма расстралянага чэкістамі Максіма Гарэцкага і закатаванага чэкістамі Кузьмы Чорнага, застрэленага савецкімі партызанамі ў Менску пачынальніка беларускага адраджэньня Вацлава Іваноўскага і застрэленага савецкімі партызанамі ў Вільні Францішка Аляхновіча, любімага ў народзе драматурга і першага беларускага нявольніка савецкага ГУЛАГу, які напісаў кнігу пра Салаўкі... Думка простая — яны ўсе ўспрынялі б гэты тэкст аднолькава, як сваё, як прыгаданыя радкі Ларысы Геніюш. Бо яны ўсе жылі і гучалі на адной ноце нацыянальнага інтарэсу, і на той самай ноце гучаў Быкаў. Гэтая нота насамрэч — цэлы нотны стан, на якім толькі і можа пісацца нацыянальная беларуская гісторыя.

Уладыслаў Галубок і Францішак Аляхновіч. 1918
Уладыслаў Галубок і Францішак Аляхновіч. 1918

Ня казка, ня міт і не прапаганда, а сукупнасьць аб’ектыўных фактаў і прычынна-выніковых сувязяў з гледзішча нацыянальнага інтарэсу незалежнай нацыі, найперш яе нацыянальнай мовы, шляху зь мінуўшчыны ў будучыню і самабытных традыцыяў. І пісацца такая гісторыя мусіць людзьмі, надзеленымі тым, што Абламейка назваў «беларускай народнай прыстойнасьцю».

І тут, бадай, самым непраясьненым пэрыядам беларускай гісторыі застаецца мінулая вайна, дзе ў розных крыніцах блытаюцца сваё і чужое, дабро і зло, героі і здраднікі. Як глядзець на гэта ўсё беларускімі вачыма, з гледзішча беларускага інтарэсу?

Нацыя-«калябарант»

Напрыклад, расейская прапаганда не прымала і не прымае беларускіх патрыётаў, што вымушаныя былі жыць і працаваць пад нямецкай акупацыяй, бо ўсе беларусы, якіх тады пакінулі пад нямецкай уладай, для Масквы — «калябаранты».

У самой Расеі пад акупацыю трапіла нязначная частка тэрыторыі, таму для іх гэта была зусім іншая вайна, амаль адзін суцэльны тыл і Вялікая Перамога. Таму зь іхнага гледзішча настаўнік беларускай школы, забіты савецкім партызанам толькі за тое, што вучыў дзяцей беларускай граматыцы, вораг, а партызан — герой. Я ўжо не кажу пра цывільную беларускую ўладу пад немцамі, якая наладжвала жыцьцё людзей, а пры тым усімі спосабамі выцягвала на волю вязьняў зь нямецкіх турмаў і канцлягераў; пра грамадзкія арганізацыі ўзаемадапамогі ці нават пра якога-небудзь пекара на хлебазаводзе ці доктара ў лякарні. (Былі, вядома, сярод беларусаў і карнікі, якіх з коптурам хапае і сёньня, але да нацыянальных элітаў яны не належалі і народнай прыстойнасьцю не вылучаліся.) Гаворка не пра злачынцаў, а пра тых, хто пад акупацыяй наладжваў якое-ніякое беларускае жыцьцё, пра людзей пазытыўнага дзеяньня ў самых цяжкіх умовах паміж нямецкім молатам і маскоўскім кавадлам.

Што было далей і пра што не гавораць

Але жыцьцё ў тую вайну, як ні круці, працягвалася. На зьмену цалкам вынішчанай у 1930-я гады беларускай інтэлігенцыі прыходзіла новае пакаленьне нацыянальных элітаў. Іншых не было і не магло быць. Варта ўявіць сабе, што пасьля 1945 году ў Беларусі, апроч лічаных адзінак, не было нікога і нічога, што можна было б назваць жывой беларускай культурай у шырокім сэнсе і ў дастатковым аб’ёме, бо ўсё, што нарадзілася ў гады нацысцкай акупацыі і ведала пра расстрэлы сваіх папярэднікаў у 1930-я, мусіла ўцякаць перад новым прыходам калгаснага і гэбісцкага рабства. Вялікае мноства пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў, кампазытараў, артыстаў, настаўнікаў, навукоўцаў, журналістаў — найбольш сьвядомых носьбітаў нацыянальных інтарэсаў. Толькі зь Менску выехалі на Захад 20 тысяч чалавек. Менавіта ім выпадзе ствараць у эміграцыі жывую беларускую культуру, узяўшы на сябе ўвесь яе аб’ём, пакуль у СССР не памрэ Сталін і не пачне зьяўляцца новае пакаленьне нацыянальных элітаў...

Але гэтай гісторыі ў нас няма, бо яна не пра Вялікую Перамогу, а пра Беларусь, якая глядзіць не ў крывое люстра чужых інтарэсаў, а на саму сябе.

Як пішацца гісторыя

Свая нацыянальная беларуская гісторыя, здаецца, таксама выпадае з часу, калі ў пэўныя пэрыяды страчвае суб’ектнасьць і, наадварот, вяртаецца, калі мы зноў бачым ланцужок пераемнасьці.

Да прыкладу, у нас ёсьць гісторыя «Нашай нівы» (ад 1906 году), гісторыя БНР (1918), Слуцкага збройнага чыну (1920), савецкай беларусізацыі, хутарызацыі, уздыму краязнаўства (1920-я)... І гэта гісторыя, якую можна памацаць і ўбачыць у дакумэнтах; яна, няхай недастаткова, але апісаная ў кнігах, што паміж сабой не спрачаюцца, бо грунтуюцца на аб’ектыўных фактах.

У 1930-я нацыянальныя эліты сталі мішэньню сталінскага тэрору, зьнікла і нацыянальная гісторыя: факты схаваныя ў архівах КГБ, на паверхні застаюцца толькі інтэрпрэтацыі кшталту гэбісцкай вэрсіі пра тое, што ад рэпрэсій пацярпелі найперш самі чэкісты... Гэта значыць тое, што ні да Беларусі, ні да прыстойнасьці ня мае дачыненьня. Пасьля вайна, пасьляваенны, найбольш, бадай, засакрэчаны пэрыяд антысавецкага ляснога і моладзевага змаганьня за нацыянальныя інтарэсы. Беларускі супраціў калгасам і русыфікацыі, які ўласна і тварыў тады нашу гісторыю, быў пайменаваны бандытызмам, зачышчаны пад корань і выцерты з народнай памяці.

Пасьля маем урыўкавыя і «неафіцыйныя» зьвесткі пра пераважна культурніцкі рух, пакуль не сасьпявае БНФ, незалежнасьць і на тры-чатыры гады мы зноў маем сваю суб’ектнасьць і сваю гісторыю, хоць і не ў такім аб’ёме і дэталізацыі, як мусіла б быць. Выбары Лукашэнкі зноў ставяць крыж на суб’ектнасьці нацыі, якую ўлады зноў заганяюць пад сукно «тоже русских» або «народца» і ўсё заплывае густой рэжымнай прапагандай.

Мітынг у Менску, 1991
Мітынг у Менску, 1991

Трэба сказаць, што калі ня пішацца (ня творыцца) беларуская гісторыя, дык і ніякая іншая гісторыя ў Беларусі ня пішацца: лякуны запаўняюцца прапагандай, якой невядомы погляд празь беларускі нацыянальны інтарэс і не ўласьцівая беларуская прыстойнасьць, без чаго трактоўкі не становяцца кансэнсуснымі і не выклікаюць даверу.

Мы так і ня ведаем, чым для нас была мінулая вайна. Ясна, што беларусы ў той вайне не перамаглі вялікае зло і што айчыннай для нас тая вайна не была. Адзіны арыентыр для разуменьня — наш нацыянальны інтарэс, які з усіх сілаў стараўся праявіцца, то бок захаваць нацыю ў чужым супрацьстаяньні. Але якраз гэты інтарэс, факты ягоных праяваў цяперашні афіцыёз выдае за варожыя.

І часта не зразумела, чые героі. Савецкі герой — гэта чый, калі СССР — даўно зьніклая імпэрыя? За што загінулі ўсе нашы мараты казеі і веры харужыя? За Беларусь? Ці можам мы так сказаць? За будучыню з Лукашэнкам? За «Любимую не отдают», «Раздевайся и работай», «Головы пооткручиваю»? Уявіць такое не атрымліваецца, бо няма беларускай пераемнасьці.

Нацыянальная гісторыя пасьлядоўная, нават калі фрагмэнтамі прападае суб’ектнасьць — новы сюжэт абавязкова мае пераемнасьць з папярэднім... або не становіцца сюжэтам гісторыі. І таму, напрыклад, у нас сёньня ня пішацца гісторыя дэмакратычных сілаў у эміграцыі, бо ня ўхопленая тая самая пераемнасьць — ад часоў незалежнасьці і ўсёй гэтай доўгай лініі, пачынаючы ад Кастуся Каліноўскага, дзе нішто наступнае не супярэчыць папярэдняму.

Помнік паўстанцам 1863–1864 гадоў у Вільні
Помнік паўстанцам 1863–1864 гадоў у Вільні

Пакуль гэтаму моцна замінае тое, што нацыянальны інтарэс стаў прадметам дыскусіі і быццам недаверу ці нават разладу з самімі сабой. Чаму? І ці ёсьць у нас нейкія іншыя нацыянальныя інтарэсы, апроч сфармуляваных Каліноўскім і «Нашай нівай», БНР і Ларысай Геніюш? Нават калі і высноўваюцца такія «іншыя» тэзы, яны заўсёды на карысьць чужых нацыянальных інтарэсаў, а гэта значыць, што яны не беларускія, не свае. І мы зноў выпадаем з часу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG