(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Прадстаўнік Беларусі выступіў на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, паскардзіўся на заходнія санкцыі

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Беларусі выступіў на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, паскардзіўся на заходнія санкцыі


Юры Амбразевіч у ААН. Архіўнае фота
Юры Амбразевіч у ААН. Архіўнае фота

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч 16 ліпеня на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН заявіў, што краіны Захаду адмаўляюцца ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Паводле словаў Юрыя Амбразевіча, якія перадае прэс-служба МЗС, краіны Захаду ў адносінах зь Беларусьсю нібыта робяць стаўку на «прымус да ўзаемадзеяньня» на навязаных імі «ўмовах і правілах». Польшчу ён абвінаваціў у «сапраўднай вайне супраць мігрантаў з паўднёвых краін зь дзясяткамі забітых і сотнямі пакалечаных людзей». Пры гэтым ён не прызнаў, што мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ справакаваны беларускім бокам.

Амбразевіч паскардзіўся, што «пастаянныя прапановы» Менску аб супрацоўніцтве ў пытаньні нелегальнай міграцыі Варшавай ігнаруюцца.

Згадаў прадстаўнік афіцыйнага Менску і заходнія санкцыі:

«Чаго каштуе сьвядомая забарона Літвой транзыту беларускіх угнаеньняў празь літоўскія парты ў краіны Афрыкі і Азіі? Або адмова Вільні ад гатоўнасьці Менску да транзыту ўкраінскага збожжа ў тыя ж краіны. Сюды варта згадаць і забарону краін Эўрапейскага зьвязу на авіязносіны з Рэспублікай Беларусь», — зазначыў намесьнік кіраўніка МЗС.

16 ліпеня, выступаючы ў Менску перад выпускнікамі вайсковых ВНУ і вышэйшым афіцэрскім складам, Аляксандар Лукашэнка сярод іншага заявіў, што ўлады ў Менску прапануюць урэгуляваць адносіны з Польшчай і Літвой.

«Але пакуль узаемнасьці ня бачым. Таму нам даводзіцца вуха трымаць востра і порах трымаць сухім на паўночна-заходнім і заходнім кірунках», — сказаў ён.

15 ліпеня міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь гатовая «прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва для таго, каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы».

2 ліпеня Лукашэнка чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Эўразьвяз, таму што іх туды «пазвалі», у Беларусі іх «лавіць ня будуць».

Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Пазыцыя Польшчы

Па словах кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага, Варшава разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — для грузаў, але не людзей.

Паводле яго, ад Беларусі залежыць, ці хоча яна мець лепшыя ці горшыя добрасуседзкія адносіны з Польшчай.

«У нас ёсьць асноўныя пастуляты: павінен выйсьці Анджэй Пачобут і павінна скончыцца акцыя сілавога высыланьня мігрантаў», — заявіў Сікорскі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

26 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда па выніках сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, якая адбылася ў Пэкіне, адзначыў, што «гібрыдная атака» на беларуска-польскай мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». Днём раней МЗС Кітая заявіў, што разьлічвае на паважлівыя ўзаемаадносіны Польшчы і Беларусі і вырашэньне праблемы на мяжы «шляхам кансультацый».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG