(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Беларускую сетку крамаў «Бусьлік» прызналі банкрутам. Што будзе зь нявыплачанымі даўгамі

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую сетку крамаў «Бусьлік» прызналі банкрутам. Што будзе зь нявыплачанымі даўгамі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Лягатып сеткі крамаў «Бусьлік» з сайту афіцыйнай інтэрнэт-крамы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Лягатып сеткі крамаў «Бусьлік» з сайту афіцыйнай інтэрнэт-крамы

Беларускую сетку супэрмаркетаў для дзяцей «Бусьлік» (ТАА «ДПМ») прызналі банкрутам. Адпаведнае рашэньне суду разьмешчана ў Дзяржаўным адзіным рэестры зьвестак аб банкруцтве. Выданьне Myfin.by даведалася, што будзе з даўгамі кампаніі.

Згодна з рашэньнем суду, павінны адкрыць конкурснае вядзеньне, а ў кампанію прызначыць антыкрызіснага кіраўніка, які павінен правесьці інвэнтарызацыю і ацэнку ўсёй маёмасьці кампаніі да 24 кастрычніка 2024 году. Пасьля гэтага яе прададуць на публічных таргах і пачнуць выплаты крэдыторам.

У дакумэнтах суду ўказваецца кошт актываў кампаніі ў памеры 15,299 мільёна беларускіх рублёў пры наяўнай крэдыторскай запазычанасьці ў 30,287 мільёна рублёў.

Сярод даўгоў кампаніі — крэдыт у 3,95 мільёна даляраў ад «Альфа-Банку», а таксама абавязаньні перад пастаўшчыкамі з Расеі і Беларусі. Сярод пазоўнікаў з Расеі значацца вытворцы шапак, аптовыя прадаўцы цацак і падгузьнікаў і г.д. Іх заявы зарэгістравалі ў лютым, сакавіку і красавіку 2024 году ў судах некалькіх расейскіх рэгіёнаў (Масквы і Санкт-Пецярбургу, Растоўскай і Ленінградзкай абласьцей, Прыморскага краю).

Згодна зь беларускім заканадаўствам, у першую чаргу трапляюць патрабаваньні па выплатах з прычыны прычыненьня шкоды жыцьцю і здароўю, у другую чаргу — даўгі па заробках і выходнай дапамозе. У трэцяй чарзе — выплаты па запазычанасьці перад бюджэтам і дзяржаўнымі пазабюджэтнымі фондамі (падаткі, мытныя плацяжы і інш.) і абавязаньні, забясьпечаныя закладам (часьцей за ўсё — банкаўскія крэдыты), але толькі ў рамках сродкаў, выручаных ад рэалізацыі закладу. І, нарэшце, у чацьвёртай чарзе выплат аказваюцца астатнія крэдыторы.

Гісторыя сеткі крамаў «Бусьлік»

  • Сетку «Бусьлік» заснаваў беларускі бізнэсовец Сяргей Місячэнка. Першая крама зьявілася ў Менску ў 2006 годзе. Праз 10 гадоў было ўжо больш за 40 крамаў. У 2018 годзе прыкладна 90% сеткі прадалі польскай кампаніі CDRL, Місячэнка застаўся на пасадзе кіраўніка кампаніі.
  • Праблемы ў «Бусьліка» пачаліся ў 2023 годзе: выручка на працягу году падала, не паступіла плата за тавары з Польшчы, якія прадаваліся ў сетцы. Страты галаўной кампаніі ў сувязі з гэтым ацэньваліся ў 1,7 мільёна злотых (каля 1,4 мільёна беларускіх рублёў).
  • Увосень 2023 году кампанія CDRL заявіла пра «страту кантролю» над даччыным прадпрыемствам у Беларусі і пагрозу яго банкруцтва. Тым ня менш, паводле зьвестак Адзінага дзяржаўнага рэгістру на 24 траўня 2024 году, польская фірма ўсё яшчэ мае 74,9% акцыяў «ДПМ», яшчэ 25,1% належаць беларускаму бізнэсоўцу Сяргею Місячэнку.
  • У канцы студзеня 2024 году ўлады паведамлялі, што сетку плянуюць трансфармаваць. Пры гэтым брэнд захаваюць, а ў крамах будуць прадаваць беларускія тавары і адзеньне для дзяцей.
  • У красавіку 2024 году стала вядома, што сетка крамаў «Бусьлік» больш не працуе. Тады ж паведамлялася, што дзесяць расейскіх кампаній і адзін ІП падалі ў розныя арбітражныя суды Расеі пазовы супраць «ДПМ» — так пастаўшчыкі спрабавалі вярнуць запазычанасьць.
  • Раней сетка «Бусьлік» была найбуйнейшай у сэгмэнце дзіцячых тавараў у Беларусі. Цяпер у гэтым сэктары дамінуе «Детмир» — даччыная структура расейскага «Детского мира». У гэтай сеткі 38 крамаў у Беларусі. Таксама за месца «Бусьліка» на беларускім рынку гандлю дзіцячым адзеньнем вядзе барацьбу беларускі дзяржаўны «Сьвітанак Kids». Сваю першую краму ён плянаваў адкрыць сёлета 3 ліпеня ў Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG