(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Лукашэнка заявіў, што «ніякіх загадаў, каб ісьці ваяваць за межы Беларусі, не было і ня будзе»

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што «ніякіх загадаў, каб ісьці ваяваць за межы Беларусі, не было і ня будзе»


Аляксандар лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар лукашэнка, архіўнае фота

Заява прагучала, калі Лукашэнка зьвярнуўся да тэмы вайны Расеі ва Ўкраіне.

«Ніякіх загадаў, каб ісьці ваяваць за межы Беларусі, не было і ня будзе», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 29 жніўня ў Менску, слухаючы даклад аб «актуальных пытаньнях інфармацыйнай палітыкі».

«Мы толькі тады будзем ваяваць, калі прыйдуць да нас з дрэннымі намерамі», — цытуе яго БелТА.

Раней вайсковае ведамства Беларусі паведаміла, што ў рамках задач ва «ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы на паўднёвых рубяжах» у адным з раёнаў «разгорнуты мэдыцынскі атрад спэцыяльнага прызначэньня».

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у ноч на 29 жніўня ў 3:30 у паветраную прастору Беларусі з боку Украіны ўвайшоў чарговы бесьпілётнік-камікадзэ «Шахед», запушчаны Расеяй.

Спасылаючыся на ўласныя зьвесткі, група паведаміла, што ў 3:55 у Ельскім раёне Гомельскай вобласьці «чулі ня менш за два выбухі і назіралі яркую ўспышку ў небе». Была выказана думка, што беларускі зьнішчальнік упершыню за гісторыю назіраньняў правёў спробу «зьнішчыць рэальную ваенную цэль у небе».

Раней паведамлялася, што расейскія «Шахеды» заляталі ў паветраную прастору Беларусі дзьве ночы запар — 26 і 27 жніўня, да гэтага іх фіксавалі ў ліпені. Ніякіх прэтэнзій Менск наконт гэтага публічна не выказваў.

Пры гэтым Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.

Раней ён неаднаразова заяўляў, што Беларусь неадкладна адрэагуе на любую праяву агрэсіі, не выключаючы, што можа быць прымененая тактычная ядзерная зброя.

  • Міністэрства абароны Беларусі 11 жніўня заявіла, што нібыта «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны».
  • Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка назваў заяву Мінабароны Беларусі аб «умацаваньні» мяжы з Украінай «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі».
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG