Сталіца
Сталі́ца — горад, у якім знаходзіцца найвышэйшая ўлада дзяржавы (манарх/прэзыдэнт, парлямэнт, урад, вярхоўны суд). Назва «сталіца» паходзіць ад стараславянскага слова «столец», якое азначае «месца для сядзеньня, трон».
Адным з выключэньняў гэтага азначэньня зьяўляюцца Нідэрлянды, дзе Амстэрдам мае чын сталіцы дзяржавы, а Гаага зьяўляецца месцам, дзе зьбіраецца парлямэнт і знаходзіцца каралеўскі двор.
Сталіцай таксама называюць месцы знаходжаньня мясцовых уладаў (абласьцей, правінцыяў, штатаў і г. д.).
У больш шырокім значэньні сталіца — гэта цэнтар нейкай дзейнасьці, напрыклад «культурная сталіца», «навуковая сталіца» і г. д.
Тыпалёгія
рэдагавацьІснуе тры віды сталіцаў:
- пастаянныя — гістарычна акрэсьленыя (Лёндан, Рым);
- устаноўленыя — спэцыяльна пабудаваныя для выкананьня сталічных функцыяў (Канбэра, Аўстралія; Бразылія, Бразылія; Ісламабад, Пакістан; Астана, Казахстан і інш.);
- падзеленыя — месца знаходжаньня ўладаў, падзеленае паміж двума ці некалькімі гарадамі (Амстэрдам і Гаага).
Сталіца таксама можа выдзяляцца ў самастойную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку (Вена, Аўстрыя; Бэрлін, Нямеччына; Масква, Расея; Пэкін, КНР, а таксама Менск, Беларусь), часам з асобым рэжымам кіраваньня (так, амэрыканская сталіца Вашынгтон утварае фэдэральную акругу, якая не ўваходзіць ні ў адзін штат).
У некаторых краінах пры існаваньні афіцыйнай сталіцы фактычна ёй зьяўляецца іншы горад (у Балівіі Ля-Пас замест Сукрэ; у Нідэрляндах Гаага замест Амстэрдаму; у Расеі, у сувязі зь пераводам Канстытуцыйнага Суда ў Санкт-Пецярбург, апошні будзе выконваць частку сталічных функцый). У некаторых краінах (Ватыкан, Науру) афіцыйна вызначанай сталіцы няма.
Гісторыя
рэдагавацьНекаторыя дзяржавы на пачатку сваёй гісторыі не мелі сталіц. Напрыклад у Вугоршчыны, Эстэргам, традыцыйнае месца каранацыі вугорскіх валадароў пачынаючы з Іштвана І, быў толькі адной з многіх каралеўскіх рэзыдэнцыяў, а Буда была абвешчана сталіцай у XVI стагодзьдзі. У Гішпаніі працяглы час таксама сталіцы не было, Бургас быў толькі месцам каранацыі кастыльска-ліёнскіх каралёў, двор вандраваў па краіне, часьцей за ўсё спыняючыся ў Вальядалідзе, Мадрыд быў абвешчаны сталіцай у 1561 годзе. Сталіцы знаходзіліся там дзе быў валадар дзяржавы й вандравалі па й краіне разам зь ім і яго дваром. Прыкладна так, верагодна, было на пачатковым этапе існаваньня ВКЛ да таго часу пакуль Гедзімін не абвясьціў сталіцай Вільню.
Распаўсюджанай практыкай зьяўляецца перанос сталіцы, выкліканы часьцей за ўсё перанаселенасьцю й гіпэртрафіраваным дамінаваньнем сталічнага горада над астатняй краінай, альбо яго нявыгадным геаграфічным разьмяшчэньнем, альбо з прычыны наяўнасьці прамой ваеннай пагрозы сталіцы, альбо для прысьпяшэньня разьвіцьця тэрыторый, дзе ствараецца новая сталіца, альбо для вызваленьня ад старых традыцый грамадзкага жыцьця й дзяржаўнага кіраваньня.
За апошняе дзесяцігодзьдзе былі перанесены сталіцы Казахстана (з Алматы ў Астану, 1997), М’янмы (з Янгона (Рангуна) ў Найп’іда, 2005), Малайзыі (з Куала Лумпура ў Путраджаю, 2005), Палаў (з Корар у Мелекеок, 2006). Да канца 2007 павінна пачацца будаўніцтва новай сталіцы Паўднёвай Карэі ў 160 км ад Сэулу ў правінцыі Чхунчхон-Пукто, што дазволіць аднесьці месцазнаходжаньне паўднёвакарэйскага кіраўніцтва ад патэнцыйна небясьпечнай лініі міжкарэйскага разьмежаваньня па 38-й паралелі.
Перанос сталіцы можа быць часовым, з-за акупацыі ці пагрозы акупацыі існуючай сталіцы (так, Коўна быў сталіцай Летувы падчас польскай акупацыі Вільні ў міжваенны пэрыяд; Куйбышаў часткова выконваў функцыі адміністрацыйнай і дыпляматычнай сталіцы СССР у гады Нямецка-савецкай вайны) альбо пры немагчымасьці знаходжаньня сталіцы ў пэўным месцы па іншых прычынах (Назрань заставалася адміністрацыйным цэнтрам Інгушэтыі на час будаўніцтва горада Магас, абвешчанага сталіцай пры ўтварэньні рэспублікі; Тайвань лічыць Тайбэй часовай усекітайскай сталіцай замест Пэкіну).
Цікавыя факты
рэдагаваць- Самай маленькай сталіцай сьвету лічыцца горад Адамзаўн.
Літаратура
рэдагаваць- Сталіца, с. 135 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2