(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Гісторыя Бабруйску — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Гісторыя Бабруйску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аблога Бабруйску. А. Вэстэрвэльд, 1649 г.

Бабруйск — магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), адзін з цэнтраў рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока касьцёл езуітаў, помнік архітэктуры XVIII ст, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі дзеля будаваньня фартэцыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся езуіцкі калегіюм і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама збудаваная ў стылі клясыцызму саборная царква ў фартэцыі, помнік архітэктуры XIX ст, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы сучаснага Бабруйску існавала ўжо ў V—VI стагодзьдзях. Апроч таго, на падставе знаходак каменных прыладаў можна выказаць здагадку, што людзі маглі жыць у гэтай мясцовасьці яшчэ ў каменным веку.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Панарама места: направа — Фара і вежа езуіцкага касьцёла, 1810 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Бабруйск зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Ягайлы і датуецца 27 красавіка 1387 году. Гэты дакумэнт пацьвярджаў правы Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Виленской и Троцкой половицы». З 1392 году места падпарадкоўвалася вялікаму князю Вітаўту. Тут знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся ваяводу віленскаму. Да гэтага ж часу адносяцца першыя зьвесткі пра замак і гарадзкія ўмацаваньні.

Касьцёл і кагегіюм езуітаў, 1800 г.

У канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў Бабруйск неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама места моцна пацярпела ад войскаў Маскоўскай дзяржавы ў часе войнаў 1507—1508 і 1534—1537 гадоў. У пачатку 1508 году яго захапіў Міхал Глінскі. З XVI стагодзьдзя Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560 году, былі ўнармаваныя павіннасьці месьцічаў, перамераныя ворныя землі места.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Бабруйск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце дзеяла Мікольская царква, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 годзе ў Бабруйску зьявіліся нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.

Касьцёл езуітаў


Паводле інвэнтару 1626 году, у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліцаў, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы і Ільлі, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Места атачаў земляны вал з драўлянымі сьценамі, ўмацаванымі двухпавярховымі вежамі (агулам каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая[1]. Найбольш заможнымі месьцічамі былі староста Пётра Трызна, Прачысьценскі бабруйскі поп Фурс Карніевіч, Ільінскі поп Павал, шляхцічы Гарасім Сідаровіч, Няпжэцкі, рэвізар Сьцяпан Рагоза, харужы Ян Гінбуд, Язэп Скарына, Іван Шырокі, Шамбяровіч. У 1639 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам штогод праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561 году.

У кастрычніку 1648 году Бабруйск захапіў казацкі загон атамана Паддубскага. Пры дапамозе часткі жыхароў захопнікі перабілі шляхту і патапілі старосту ў Бярэзіне. У лютым 1649 году места вызваліла войска гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у лютым 1655 году казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі і спалілі Бабруйск, а жыхароў — забілі. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658 году, Бабруйск пераходзіў у пажыцьцёвае валоданьне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 году казакі зноў спалілі места.

З другой паловы XVII стагодзьдзя Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 годзе тут было 170 дамоў. Паселішча моцна пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), калі ў 1708 годзе празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. У пачатку 1790-х гадоў тут было 1884 жыхары, 314 дамоў[1]. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) сюды з Рэчыцы перанесьлі паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, а таксама перавялі архіў Рэчыцкага павету.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Фарны касьцёл, 1823 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бабруйск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі. У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году яго на некаторы час вызваліла з-пад расейскай улады войска палкоўніка Стэфана Грабоўскага.

У 1795 годзе Бабруйск стаў цэнтрам павету Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 году ён атрымаў уласны герб: на срэбным полі гербавай тарчы намаляваныя карабельная шчогла і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы»[2]. Сымболіка гербу атрымала цесны зьвязак з будаваньнем флёту на Чорным і Балтыйскім морах, дзеля чаго патрабавалася шмат шчоглавага лесу. У 1800 годзе зьявіўся першы праектны плян Бабруйску. Паводле гэтага пляну места забудоўвалася да 1810 году.

Царква ў фартэцыі, 1823 г.

Новы пэрыяд гісторыі Бабруйску мае зьвязак з будаваньнем фартэцыі. Яе ўзьвядзеньне пачалося ўлетку на загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810 году. 4 чэрвеня 1811 году над фартэцыяй узьнялі расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай і прылічалася да першаклясных вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Узьвядзеньне фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Яе ўзводзілі жаўнеры й прыгонныя сяляне Магілёўскае, Менскае, Чарнігаўскае губэрняў. Матэрыялы дастаўлялі з Украіны, Карэліі, Каўказу, Уралу. Да пачатку вайны 1812 году пасьпелі збудаваць пяць асноўных бастыёнаў, частку ўнутраных будынкаў, насыпаць валы і выкапаць равы.

Фартэцыя, абмеры

У пэрыяд вайны 1812 году камандуючы 2-е расейскае арміі князь Пётр Багратыён па баях з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перафармаваць за кошт гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя аддзелы, пакінуць хворых і параненых, папоўніць запасы і пасьпяхова злучыцца з 1-м войскам пад камандаю Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы фартэцыя была ў аблозе. Другі этап будаваньня прыйшоўся на 1812—1836 гады. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, зьявіліся дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 годзе — знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм».

Фартэцыя (відаць, у Замасьці)

З Бабруйскам маюць зьвязак падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі расквартавалі 9-ю пяхотную дывізію, сярод афіцэраў якой былі сябры таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 году распрацавалі плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра ў час агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры — Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікі паўстаньня адхілі гэты плян. У фартэцыі служылі, а пазьней адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьці ў 1865—1869 гадох) і іншыя. У другой палове XIX стагодзьдзя Бабруйская фартэцыя згубіла сваё стратэгічнае прызначэньне і ў 1886 годзе стала складам. Праз год фартыфікацыю зьнялі з уліку як стратэгічную адзінку, тут разьмясьціўся дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.

У XIX стагодзьдзі хутка разьвіваліся гандаль і прамысловасьць Бабруйску, да чаго прычыніліся ўзьвядзеньне фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Запрацавалі шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 годзе выпусьціў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі. На мяжы XIX—XX стагодзьдзяў у Бабруйску пашыралася сетка навучальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычнае абслугоўваньне месьцічаў ажыцьцяўлялі вайсковы шпіталь і лякарня жыдоўскага таварыства. У пачатку XX ст. налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ й як буйны выдавецкі цэнтар. У месьце працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газэты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя. У 1883 годзе ў Бабруйску дзеяла суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у тутэйшай бундаўскай друкарні выйшаў Маніфэст I зьезду РСДРП.

Паводле ўспамінаў беларускага грамадзкага дзеяча, пэдагога і актывіста беларускай дыяспары ў ЗША Яўхіма Кіпеля (1896—1969), у ваколіцах Бабруйску захоўвалася назва ліцьвіны: «У Бабруйшчыне, і там, дзе я рос, тады яшчэ быў папулярны назоў „Літва“, а мы былі „ліцьвіны“. Было й німала тых, хто памятаў, што й край называўся „Літвой“. Было яшчэ таксама шмат сьветкаў паўстаньня 1863—1864 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстаньні, ды ў Машнічах, Слаўкавічах, Байлюкох і іншых суседніх вёсках і сёлах яшчэ былі жывымі сьветкі ды ўдзельнікі паўстаньня. „Мы — Літва“, — казаў мне заўсёды мой дзед. Ды й іншыя дзяды нам, дзецям, заўсёды казалі, што тут заўсёды была Літва. <…> Памяць пра Літву перахоўвалі ня толькі нашыя дзяды ды паны, як Быкоўскі, але й маладзейшыя людзі, і гэтыя ўспаміны перадавалі нам»[3].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1914 годзе каля Бабруйску прайшла лінія фронту. У гэты пэрыяд у ім дысьлякавалася каля 30 вайсковых частак. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Жаўнеры корпусу Ю. Доўбар-Мусьніцкага ля кургану ў гонар памерлых

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабруйск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[4]. У 1918 годзе Бабруйск заняў польскі корпус Доўбар-Мусьніцкага, пазьней — нямецкія войскі. 28 лістапада 1918 году места занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Бабруйск увайшоў у склад Беларускай ССР. 28 жніўня 1919 места зноў занялі польскія войскі, якія стварылі ў фартэцыі лягер для палонных. 10 ліпеня 1920 году Бабруйск зноў захапілі бальшавікі.

1 кастрычніка 1929 году ў Бабруйску пачаў дзеяць найбуйнейшы ў Эўропе дрэваапрацоўчы камбінат. Збудаваная ў 1922 годзе, сталярная майстэрня ў 1926 годзе пераўтварылася ў мэблевую фабрыку імя Халтурына. 3 сакавіка 1930 годзе першую прадукцыю дала Бабруйская швачная фабрыка імя Дзяржынскага — найбуйнейшае ў БССР прадпрыемства швацкае прамысловасьці. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны Бабруйск стаў буйным прамысловым цэнтрам і тэмпамі росту прамысловасьці выйшаў на першае месца ў БССР.

У перадваенныя гады Бабруйск быў даволі значным вайсковым аб’ектам. Тут дысьлякаваўся штаб і часткі 47-га стралковага корпусу, большасьць частак 121-е стралковае дывізіі, 174-асобны зэнітны артылерыйскі дывізіён, вайскова-трактарная вучэльня, акруговыя склады. Аднак у першыя дні вайны ў месьце засталася малаважная частка войскаў.

У Другую сусьветную вайну ў выніку імклівага наступу нямецкіх танкавых дывізіяў 28 чэрвеня 1941 году Бабруйск захапілі войскі Трэцяга Райху. Разам з тым, у пачатку ліпеня 1941 году ў навакольлі места адбылася бітва, якая сталася часткай Смаленскае бітвы. У першыя ж дні акупацыі немцы разьмясьцілі ў Бабруйску 2 перасыльныя лягеры для ваеннапалонных. Адзін быў у раёне вуліцы Паркавай, другі — на тэрыторыі фартэцыі. У верасьні абодва лягеры былі аб’яднаныя ў адзін, і ўсіх ваеннапалонных разьмясьцілі на тэрыторыі фартэцыі. Агулам за тры гады акупацыі тут зьнішчылі каля 44 тысячаў вайскоўцаў. Першыя падпольныя антынацысцкія групы зьявіліся ў канцы ліпеня 1941 году. У месьце дзеяла 17 падпольных групаў, якія бесьперапынна падтрымлівалі зьвязак з падпольнымі аддзеламі. 24 чэрвеня 1944 году войскі правага крыла першага Беларускага фронту пад камандаю генэрала К. Ракасоўскага пачалі наступальную апэрацыю. 27 чэрвеня ўтварылася шчыльнае кольца атачэньня: у «Бабруйскім катле» апынуліся шэсьць варожых дывізіяў дзявятае палявое арміі суперніка колькасьцю каля 40 тысячаў чалавек. 29 чэрвеня ў Бабруйск увайшлі савецкія войскі. Па вайне ў імя савецкія салдатаў у Бабруйску паставілі стэлы, помнікі абэліскі, памятныя шыльды. За гераічнасьць, выяўленую пры вызваленьні места, ваярам І. Кабякову, Н. Масонаву, К. Навумаву прысвоілі званьне Героя СССР. У вайну з 7650 дамоў было цалкам разбурана й спалена больш за 3000. Колькасьць насельніцтва скарацілася больш за напалову, і склала трохі больш за 28 тысячаў чалавек (для параўнаньня ў 1939 — 84 107 чалавек).

У 1944 годзе ўтварылася Бабруйская вобласьць, скасаваная аднак у 1954 годзе. У паваенны час пачалося актыўнае будаваньне новых прадпрыемстваў: завод гумава-тэхнічных вырабаў (1952 год), мясакамбінат (1956 год), завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (1959 год), футравая фабрыка (1960 год), малочны завод (1967 год). Да пачатку 1960-х гадоў у Бабруйску ў асноўным разьвівалася дрэваапрацоўчая прамысловасьць. Да пачатку 1960-х у Бабруйску ў асноўным разьвівалася дрэваапрацоўчая прамысловасьць. У 1960 годзе пачалося будаваньне Шыннага камбіната, на якім 1 студзеня 1972 году вырабілі першую пакрышку. Неаднаразова Бабруйск выходзіў пераможцам на конкурсах СССР і БССР. 3 ліпеня 1987 за посьпехі, дасягнутыя працаўнікамі места ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, іх унёсак у перамогу СССР у апошнюю вайну і ў зьвязку з 600-годзьдзем, Бабруйск узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Штандару.

У 2006 годзе ў Бабруйску прайшоў фэстываль-кірмаш «Дажынкі».

16 жніўня 2020 году ў Бабруйску прайшоў Марш за свабоду.

Вуліца Касьцельная

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Раманаўская

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Альхоўская

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральная вуліца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Грынявецкі В. Бабруйск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 273.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  3. ^ Дыдзік У. Успаміны Яўхіма Кіпеля // Спадчына. № 3, 1995. С. 72—99.
  4. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.