(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Плоскае (Хвойніцкі раён) — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Плоскае (Хвойніцкі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плоскае
Першыя згадкі: 1581 год
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Часавы пас: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°47′20.6″ пн. ш. 30°4′14.9″ у. д. / 51.789056° пн. ш. 30.070806° у. д. / 51.789056; 30.070806Каардынаты: 51°47′20.6″ пн. ш. 30°4′14.9″ у. д. / 51.789056° пн. ш. 30.070806° у. д. / 51.789056; 30.070806
Плоскае на мапе Беларусі
Плоскае
Плоскае
Плоскае

Пло́скае[1] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Селішча Плоскае, прыналежнае да Астраглядаўскага маёнтку кіеўскага падкаморага пана Шчаснага Харлінскага, ці не ўпершыню згадана ў датаваным 13 днём сакавіка 1581 году дакумэнце, у якім паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца Ш. Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[2]. Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на той жа 1581 год, з аднага дыму жыхара Плоскага асаднага селяніна выбіралася 15 грошаў падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяд Плоскае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі; пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

12 днём чэрвеня 1591 году пазначаны дэкрэт Кіеўскага суда ў справе падкаморага Ш. Харлінскага з князямі Аляксандрам, старостам чаркаскім і канеўскім, Міхаілам і Юрыем Вішнявецкімі аб забраньні грунтоў у Астраглядавічах, Плоскім, Варатцы, Багушах і далучэнні іх да замку і места Брагіня. Таксама выстаўлена сума нанесенай шкоды ў 40 000 коп грошаў. 12 ліпеня 1599 году пан Ш. Харлінскі падаў пратэст супраць кіеўскага кашталяна князя Міхаіла Вішнявецкага з прычыны гвалтоўнага наезду колькіх сотняў яго ўзброеных падданых з розных сёл брагінскіх на дзедзічныя ўладаньні астраглядаўскія Плоскае і Багушы, за зьбіцьццё і скалечаньне людзей, за рабаўніцтвы[5].

20 чэрвеня 1600 году пан Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Плоскае і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[6]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Плоскае, Паселічы, Малішаў[a][7]

8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (разам з Плоскім) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасьня 1631 — 26 студзеня 1632 году пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтку Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[c] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку таксама названа Плоскае[8].

У тарыфе 1754 году паведамляецца, што з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) вёскі Плоскае, прыналежнай да Хвойніцкіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 злотыя і 24 грошы[9].

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плоскае на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Плоскае — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 года 15 двароў вёскі Плоскае з 71 душой мужчынскага і 61 жаночага полу сялян трымаў у трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар шамбэлян Ян Ястржэмбскі[11].

На 1850 год, паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у паселішчы налічвалася 12 двароў, 77 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 78 жыхароў вёскі Плоскае зьяўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Свята-Троіцкай царквы[12].

У парэформавы пэрыяд Плоскае — у складзе Мікуліцкай воласьці. У пачатку 1870 года тут — 33 мужчыны-гаспадара зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Плоскаўскага сельскага таварыства[13]. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 гады, Плоскае заставалася ў прыходзе Троіцкай царквы[14]. Згодна зь перапісам 1897 году, 23 двары, 133 жыхары, працаваў вятрак. На 1909 год у Плоскім налічвалася 90 двароў, 689 жыхароў[15].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Плоскае ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[16].

21 верасьня 2010 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[17].

  1. ^ Яшчэ названыя 16 паселішчаў, акрамя "іnszych wsiów i przysiołków".
  2. ^ 2 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  3. ^ За недарослага яшчэ Самуэля (напэўна, прэтэндаваў на меншую, як Шчасны, частку дзядзькавай фартуны) дакумэнт аформіў яго апякун пан Хведар Праскура, пісар земскі кіеўскі.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  3. ^ Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  4. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 5; Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8, 14
  6. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  7. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — S. 637
  8. ^ АGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 59
  9. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
  10. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  11. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 230—233; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  12. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 700
  13. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  14. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 459; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 117
  15. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 154
  16. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  17. ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 (рас.)