Акружак
Акружак[1] — такое разьмяшчэньне лісьця ў некаторых расьлінаў, калі сьцябло бывае нагэтулькі ўкарочаным, а лісьце разьмяшчаецца на нём так блізка адзін да аднаго, што міжвузельлі амаль цалкам не разьвіваюцца ці толькі ледзь прыкметныя. Чаранкі лісьця ў гэтым выпадку таксама бываюць слаба разьвітымі. Такое разьмяшчэньне лісьця акружкам назіраецца ў дзьмухаўца (Taraxacum officinale), стакроткі (Bellis perennis), расіцы (Drosera) і іншых. Асабліва часта акружак сустракаецца ў прадстаўнікоў сямейства астравых (Asteraceae).
У дзьмухаўца, стакроткі і расіцы сьцябло выяўляецца толькі падчас красаваньня ў выглядзе доўгае бязьлістнае стрэлкі, якая нясе на сваёй верхавіне кветкі. Стрэлка прадстаўляе сабой адно доўгае міжвузельле, таму на ёй і няма лісьця.
У некаторых расьлінаў, як, напрыклад, часам у капусных (Brassicaceae), толькі ніжэйшае лісьце бывае сабраным у акружак, а вышэй на том жа сьцябле міжвузельлі становяцца даўжэйшымі, у сілу чаго верхняе лісьце аказваецца раздвінутым. Прыкладам апошняга могуць быць стрэлкі звычайныя (Capsella bursa-pastoris) і некаторыя іншыя капусныя.
Разьмяшчэньне лісьця ў акружку і ледзь прыкметнае разьвіцьцё сьцябла залежаць бессумнёўна ад тых зьнешніх умоваў, у якіх разьвіваецца расьліна. Так, лісьце бывае вельмі часта сабранае акружкам у высакагорных расьлінаў (альпійская флёра) і радзей на раўнінах, у асноўным ва ўмераным і халодным клімаце, дзе гэта дапамагае шматгадовым расьлінам перачакаць зіму. У засушлівых вобласьцях, дзе больш кампактная форма дапамагае паменшыць выпарэньне і эканоміць ваду, акружкавыя расьліны таксама шырока распаўсюджаныя.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Акружак(недаступная спасылка) // Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акружак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў