(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Алесь Дудар — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Алесь Дудар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Дудар
лац. Aleś Dudar
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Аляксандравіч Дайлідовіч
Псэўданімы Тодар Глыбоцкі (Т. Глыбоцкі, Т.Г-кі, Т. Г.), Ал. Д., Арцём Яроцкі
Нарадзіўся 24 сьнежня 1904
вёска Навасёлкі, Мазырскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Памёр 29 кастрычніка 1937
Менск, Беларуская ССР, СССР
Пахаваны
  • невядома
Сужэнец Натальля Вішнеўская
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Перакладнік
Гады творчасьці 1921—1935
Жанр Паэзія
Мова Беларуская
Дэбют 1921 (газэта «Савецкая Беларусь»)
Значныя творы паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935)
Творы ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com

Але́сь Дуда́р (1904; в. Навасёлкі, цяпер Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 1937; Менск, цяпер Беларусь) — беларускі паэт, крытык, перакладнік.

Нарадзіўся ў сям’і безьзямельнага селяніна. У першую сусьветную вайну сям’я знаходзіліся ў бежанстве ў расейскім горадзе Казлове (Тамбоўская губэрня) і вярнулася ў Беларусь вясной 1917 году. Пасьля сканчэньня (1921) сярэдняй школы ўступіў у тэатральную трупу Уладзіслава Галубка. У 1923 адзін з заснавальнікаў менскай, віцебскай і полацкай філіяў «Маладняка». У 1927—1928 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэта БДУ, які вымушана пакінуў у выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменьнікаў-студэнтаў. У сьнежні 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб’яднаньня «Полымя». Разам з Андрэям Александровічам і Міхасём Зарэцкім Алесь Дудар выступіў супраць праяў антыбеларусізацыі ў БДУ і заявіў пра выхад з універсытэту ў канцы 1928 году[1][2]. 20 сакавіка 1929 г. арыштаваны Дзяржаўнай палітычнай управай НКУС БССР за верш «Пасеклі наш край папалам…». Высланы на тры гады ў Смаленск (Расейская СФСР). 22 ліпеня 1930 г. яго арыштавалі ў Смаленску і прывезьлі ў Менск на допыты па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі вярнуўся ў Менск. Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР (з 1934). У 1935—36 у асноўным займаўся перакладамі.

Трэці раз арыштаваны 31 кастрычніка 1936 у Менску па адрасе: вул. Правадная, д. 15а, кв. 2. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Алеся Дудара прадугледжвалася «спальваць»[3]. 28 кастрычніка 1937 г. пазасудовая калегія НКУС выракла яго да вышэйшай меры (сьмяротнага) пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці быццам у якасьці «чальца антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». 29 кастрычніка стаўся ахвярай масавага расстрэлу ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКУС («амэрыканкі») звыш 100 пісьменьнікаў, навукоўцаў і дзяячоў культуры. 21 верасьня 1957 г. ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР апраўдала яго пасьмяротна. Асабістая справа № 10861-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дэбютаваў вершам у 1921 (газэта «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сьцежкамі» (1925), «І залацісьцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданьняў «Марсэльеза» (1927). У 1959 выйшлі Выбраныя творы, у 1984 — зборнік вершаў і паэмаў «Вежа». Разам з Андрэем Александровічам і Анатолем Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).

Выступаў як крытык пад псэўданімам Т. Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).

Перакладаў зь нямецкай, расейскай і францускай моваў. Пераклаў некаторыя творы А. Пушкіна, у тым ліку "Яўгенія Анегіна". «Дванаццаць» А. Блока, урыўкі з «Фаўста» Ёгана Гётэ, творы Сяргея Ясеніна, Барыса Пастарнака, М. Ціханава, Гайнрыха Гайнэ і Э. Вайнэрта. Асобнымі выданьнямі выйшлі «Выбраныя вершы» С. Стандэ (1932), аповесьць Ф. Гладкова «Новая зямля» (1932), раман У. Кузьміча «Крыльлі авіясьпіралі» (1932), «Апавяданьне пра кайданы» М. Ляшко (1933), «Вільгельм Тэль» Фрыдрыха Шылера (1934), «Жаніцьба Фігаро» П’ера Бамаршэ (1936).

У сакавіку 2017 году стала вядома, што знойдзены пераклад Алеся Дудара паэмы «Яўген Анегін» Пушкіна, які лічыўся страчаным[4].

Крытыка, рэцэнзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Андрэй Александровіч; Алесь Дудар; Міхась Зарэцкі. Ліст у рэдакцыю. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1928, 4 сьнежня. — № 278 (2466). — С. 4.
  2. ^ Расьціслаў Платонаў. «ЛІСТ 3-х»: Партыйнае расьследаваньне (Пратэст Андрэя Александровіча, Алеся Дудара й Міхася Зарэцкага супраць праяў антыбеларусізацыі) / М. І. Мушынскі // Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-30-х гадо : газэта. — Менск: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДIДАС), 1996. — С. 127―139. — ISBN 985-6099-23-4.
  3. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  4. ^ Знойдзены пераклад на беларускую мову «Яўгенія Анегіна» // Хартыя’97

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]