Гран-пры Манака
Монтэ-Карлё | |
(Монтэ-Карлё, ) | |
Гісторыя | |
---|---|
Праведзеныя гонкі | 80 |
Першая гонка | 1929 |
Лідэр (гоначнік) | Айртан Сэна (6) |
Лідэр (канструктар) | Макларэн (15) |
Траса | |
Каардынаты | 43°44′04″ пн. ш. 7°25′17″ у. д. / 43.7345° пн. ш. 7.4214° у. д.Каардынаты: 43°44′04″ пн. ш. 7°25′17″ у. д. / 43.7345° пн. ш. 7.4214° у. д. |
Працягласьць кола | 3,337 км |
Працягласьць гонкі | 260,286 км |
Колькасьць колаў | 78 |
Сэзон 2023 году | |
Поўл-пазыцыя |
|
Подыюм |
|
Найхутчэйшае кола |
|
Вонкавыя спасылкі | |
formula1monaco.com (фр.) (італ.) (анг.) | |
Гран-пры Манака (па-француску: Grand Prix de Monaco) — штогадовая гонка Формулы-1 на гарадзкой трасе Монтэ-Карлё ў княстве Манака. Праводзіцца зь першага чэмпіянату сьвету 1950 году па цяперашні час (не было ўключана ў чэмпіянат 1951—1954 гадоў). З 1929 па 1948 гады да ўзьнікненьня Формулы-1 Гран-пры Манака па аўтагонках праводзіліся як незалежныя спартовыя спаборніцтвы. Гран-пры Манака лічыцца адной з самых прэстыжных гонак у чэмпіянаце Формулы-1 і ў сьвеце.
Гран-пры Манака праводзіцца на вуліцах гораду. Гэта адзіная гонка, якая не адпавядае стандартам МФА паводле мінімальнай працягласьці. Вулічная язда вымагае параўнальна нізкіх хуткасьцяў, ускладняе абгоны, малая шырыня трасы часта спрычыньваецца да аварыяў.
Да Другой сусьветнай вайны Гран-пры Манака складала адзін з этапаў чэмпіянату Эўропы па аўтагонках(d), а пасьля вайны была ўключаная ў першы чэмпіянат сьвету 1950 року. У 1955 і 1963 роках тут ладзіліся Гран-пры Эўропы. Найбольшую колькасьць перамог у Манака мае Айртан Сэна (6 разоў).
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нароўні з шматлікімі іншымі эўрапейскімі трасамі Гран-пры Манака ладзілася яшчэ задоўга да сучасных сусьветных чэмпіянатаў — з 1929 року. Тую гонку выйграў Ўільям Гровэр Ўільямз на Bugatti Type 35B. Мазэраці і Альфа-Рамэо ня бралі ўдзелу, хаця й атрымалі запрашэньні. Адзіным ураджэнцам Манака, які здолеў перамагчы ў хатнім Гран-пры, застаецца Люі Шырон, які перамог за «Бугаці» ў 1931 року.
Гонка хутка здабыла папулярнасьць і ў 1933 року атрымала статус міжнароднага Гран-пры(d) ў шэрагу з Гран-пры Францыі, Бэльгіі, Італіі ды Гішпаніі. У тым жа годзе Гран-пры Манака стала першай гонкай, у якой стартавыя пазыцыі вызначыліся паводле вынікаў кваліфікацыі, а не традыцыйным дагэтуль лёсаваньнем.
З 1936 року гонка стала адным з этапаў чэмпіянату Эўропы. Гран-пры 1937 року стала апошнім даваенным, бо ў 1938 была скасаваная праз завялікі ўступны ўнёсак для ўдзельнікаў. Па вайне аўтагонкі аднавіліся толькі 9 верасьня 1945 року, аднак Манака адсутнічала ў календарох 1945—1947 рокаў зь фінансавых прычынаў. Першае паваеннае Гран-пры Манака 1948 году выйграў будучы чэмпіён сьвету Ніна Фарына на Maserati 4CLT. Гонка 1949 року была скасаваная з прычыны сьмерці князя Люі II.
З наступнага году Гран-пры Манака ўвайшло ў каляндар навастворанага чэмпіянату сьвету ў Формуле-1. Першым пераможцам стаў будучы пяціразовы чэмпіён Хуан Мануэль Фанхіё. Тым ня меней, праз год Гран-пры зноўку не адбылося зь фінансавых прычынаў. Гонка 1952 року ня была ўключаная ў залік чэмпіянату сьвету, паколькі ладзілася паводле правілаў Формулы-2. У 1953—1954 гонка не адбылася праз адсутнасьць канчаткова сфармаваных правілаў.
З 1955 року Гран-пры Манака прысутнічала ў календары Формулы-1 64 гады бесьперапынна. У гэтым годзе Люі Шырон здолеў заваяваць пункты, стаўшы ў 56-гадовым веку найстарэйшым гоначнікам Формулы-1. У 1957 року Фанхіё стаў першым двухразовым пераможцам у Манака. Ужо да 1961 року гэтае дасягненьне пераадолелі Стырлінг Мос і Марыс Трэнтыньян (па тры перамогі).
У 1960-х роках Грэм Гіл атрымаў мянушку «Кароль Манака» за свае пяць перамог. У гэты ж пэрыяд ён стаў двухразовым чэмпіёнам Формулы-1.
З канца 1960-х падвысіліся патрабаваньні да бясьпекі на трасах; некаторыя Гран-пры былі скасаваныя з прычыны неадпаведнасьці вымогам. Для Гран-пры Манака 1969 году ўпершыню былі ўсталяваныя разьдзяляльныя бар’еры. Дагэтуль траса ў Монтэ-Карлё нічым не аддзялялася ад горада, і пілёты маглі, вылецеўшы, трапіць у будынкі, слупы ці нават у вакзал. Здараліся выпадкі, калі гоначнікі выляталі разам з машынай проста ў бухту. Да 1972 року траса была цалкам адгароджаная з усіх бакоў і ў тым жа годзе ўпершыню зьмененая — перамешчаныя камандныя боксы і шыкана. У 1973 року быў збудаваны стадыён для гледачоў ды зьявілася новая падвойная шыкана. Яшчэ адзін раз трасу перарабілі ў 1976 року.
Гонка 1972 року ледзь не сарвалася з прычыны рознагалосьсяў між Асацыяцыяй канструктараў Формулы-1 (АКФА) і Аўтамабільным клюбам Манака (АКМ), які традыцыйна сам вызначаў колькасьць аўтамабіляў, якія маглі ўзяць удзел у гонцы. Бэрні Эклстоўн намагаўся ўвесьці для кожнага Гран-пры ніжні ліміт у 18 аўтамабіляў; манэгаскі ж заўсёды дапускалі да Гран-пры ня больш за 16 балідаў. У рэшце рэшт АКМ пагадзілася дапусьціць ў тым годзе 26 удзельнікаў (як і на астатніх Гран-пры), але праз два гады зьменшыла колькасьць удзельнікаў да 18.
Пра падступнасьць трасы ў Манака яскрава сьведчыць гонка 1982 року. Сьпярша ў ёй рэй вёў Рэнэ Арну, ды сышоў пасьля 15 колаў. Пасьля гэтага лідзіраваў Ален Прост, аўтамабіль якога за 4 колы да канца пасьлізнуўся на мокрай дарозе і пасьля ўдару аб бар’ер пазбавіўся кола. Лідэрства пераняў Рыкарда Патрэзе, аднак яго разьвярнула за паўтара кола да фінішу. Наперад выйшаў Дыд’е Пірані, якога перасьледаваў Андрэа дэ Чэзарыс. На апошнім коле ў тунэлі ў Пірані скончылася паліва, аднак у гэты час тое ж сталася і з аўтамабілем дэ Чэзарыса. У выніку ў гонцы перамог Патрэзе, які здолеў завесьці свой аўтамабіль пасьля аварыі; гэта была ягоная першая перамога ў Гран-пры.
У 1984—1993 роках у Манака перамагалі толькі два гоначнікі: француз Ален Прост і бразылец Айртан Сэна. Апошні і дагэтуль трымае рэкорд паводле найбольшай колькасьці здабытых у Манака перамог — 6, зь іх 5 запар між 1989 і 1993 рокамі. У 1987 року ён здабыў першую ў гісторыі перамогу для аўтамабілю з актыўнай падвескай.
У 1994 року, праз два тыдні пасьля трагічных сьмерцяў Ролянда Рацэнбэргера і Айртана Сэны ў Імале, у Манака трапіў у аварыю яшчэ адзін аўстрыец Карл Вэндлінгер; ён апынуўся ў коме і прапусьціў рэшту сэзону. У 1996 року да фінішу дайшлі ўсяго 3 аўтамабілі, а перамог адзіны раз у кар’еры Аліўе Паніс, стартаваўшы 14-м.
У 1990—2000-х сяміразовы чэмпіён сьвету Міхаэль Шумахэр станавіўся пераможцам у Манака пяць разоў, дагнаўшы па гэтым паказьніку Грэма Гіла.
У 2020 року гонка не адбылася ўпершыню з 1954 року, бо набылі моц ізаляцыйныя абмежаваньні ад пандэміі каранавірусу. Праз год Гран-пры Манака вярнулася ў каляндар Формулы-1.
Траса
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Траса праходзіць па вуліцах Монтэ-Карлё і Ля-Кандаміну, уздоўж знакамітай затокі, і ўключае перапад вышыняў, вузкія павароты і малую шырыню ў цэлым, што вымагае ад кіроўцаў надзвычайнай уважлівасьці. Да таго ж на трасе ёсьць і тунэль. Паводле стану на 2024 у затоку траплялі два пілёты: Альбэрта Аскары ў 1955 року ды Пол Гокінз у 1965. Абодва здолелі ўратавацца.
Гонка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арганізацыяй захаду кіруе Аўтамабільны клюб Манака (АКМ), які доўгі час вызначаў колькасьць аўтамабіляў, што могуць узяць удзел у гонцы: на трасе найменшая стартавая лінія з усіх аўтадромаў Формулы-1.
Доўгі час трэніравальныя заезды гоначнікаў ладзіліся ў чацьвяргі, каб вызваліць для праезду жыхароў княства пятніцу. З 2022 року трэніроўка перанесеная на пятніцу дзеля ўніфікацыі зь іншымі Гран-пры; таксама стандартызаваны зь іншымі эўрапейскімі гонкамі і час пачатку спаборніцтваў.
Гран-пры Манака лічыцца адной з самых прэстыжных гонак сьвету нароўні з Індыянапалісам 500 і 24 гадзінамі Ле-Ману. Гэтыя тры гонкі называюцьТрайной каронай матаспорту(d). Паводле стану на 2024 адзіным здабыўцам Трайной кароны заставаўся Грэм Гіл. Рэч у тым, што гонкі ў Манака і Індыянапалісе часта перасякаюцца, таму гоначнікам складана паўдзельнічаць ў абедзьвюх зь іх.
Зь іншага боку, у XXI стагодзьдзі розныя гоначнікі і спартовыя камэнтатары называюць Гран-пры Манака «самай сумнай гонкай», таму што тут абгоны практычна немагчымыя, і найхутчэй пераможцам становіцца той, хто заваяваў поўл-пазыцыю.
Пераможцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ружовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.
Жоўтае тло азначае этап даваеннага чэмпіянату Эўропы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Monaco GP. ChicaneF1. Архіўная копія ад 10 December 2021 г.
- ^ Higham, Peter The Guinness Guide to International Motor Racing. — London, England: Motorbooks International, 1995. — P. 425–426. — ISBN 978-0-7603-0152-4