(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Жаргон — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Жаргон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Жарго́н (або жарґон) — слова паходзіць з франц. jargon і першапачаткова абазначала ў францускай мове сапсаваную мову. Цяпер пад жарґонам разумеюць любое маўленьне, якое адрозьніваецца ад літаратурнага і характарызуе пэўныя сацыяльныя слаі, напрыклад людзей, аб’яднаных прафэсіяй, родам заняткаў, захапленьнямі. Існуюць, напрыклад, жарґоны ваенных і маракоў, актораў і фізыкаў, паляўнічых і карцёжнікаў, моладзі і рок-музыкантаў.

На адным полюсе знаходзяцца жарґоны, якія набліжаюцца да прастамоўя: гэта аб’яднаньні словаў, што выкарыстоўваюцца найчасьцей у неафіцыйных сытуацыях, сярод сяброў: словы, якія маюць значную долю жарту, эмоцыяў і экспрэсіі. Такія жарґоны выкарыстоўваюцца найперш для ажыўленьня маўленьня, стварэньня асобага моўнага калярыту. Яркім прыкладам такіх жарґонаў служыць жарґон моладзі (маладзёвы слэнґ). Яго носьбітаў аб’ядноўвае толькі ўзрост, і часта жарґонныя слоўцы ў мове моладзі як бы гавораць: я — «свой». Крыху іншы характар маюць прафэсійныя жарґоны, г. зн. жарґоны людзей адной прафэсіі. Яны адрозьніваюцца ад маладзёвага жарґону найперш складам лексыкі: большая частка іх — словы, якія абазначаюць розныя прадметы і зьявы пэўнай прафэсійнай дзейнасьці. Там, дзе звычайны чалавек скажа хвост, паляўнічы назаве больш за дзесяць словаў, якія абазначаюць розныя віды хвастоў жывёлаў; у сталяра кожны інструмэнт мае сваю назву, якая адрозьніваецца ад літаратурнай; паліґрафісты даюць сваё найменьне розным відам памылак, браку друкаванай прадукцыі.

Найбольш старажытныя паводле паходжаньня жарґоны трэцяга тыпу: мовы вандроўных рамесьнікаў, гандляроў, жабракоў Расеі, Украіны, Беларусі 18-19 стагодзьдзяў, а таксама жарґон злачынцаў. Да гэтых жарґонаў у большай ступені падыходзіць назва ўмоўныя (або тайныя) мовы. Гандляры і рамесьнікі, ідучы на заробкі далёка ад родных мясьцінаў, дамаўляліся пры неабходнасьці гаварыць так, каб сярод чужых ніхто ня мог іх зразумець. Ствараліся ня проста асобныя словы, а цэлыя лексыка-сэмантычныя сыстэмы — мовы, на якіх складалі песьні, частушкі, прымаўкі, вершы. Лексыка ўмоўных моваў багатая і разнастайная. Тут ёсьць усе паўназначныя часьціны мовы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, дзеясловы, прыслоўі). Службовыя ж часьціны мовы браліся звычайна з агульнанароднай мовы.

Да ліку беларускіх умоўных моваў адносяцца катрушніцкі лемезень (мова шапавалаў с. Дрыбіна Магілёўскай губэрні); па́рушніцкі ле́мез (мова шклоўскіх краўцоў і шапавалаў); адве́рніцкая гаворка (мова рамесьнікаў Крычава Магілёўскай губэрні); мова шапавалаў Навазыбкава і краўцоў Жыздры (цяпер у Бранскай і Калускай абласьцях Расейскай Фэдэрацыі, але іх трэба аднесьці да беларускіх); любе́цкі ле́мент (мова жабракоў Амсьціслаўскага, Чавускага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага паветаў Магілёўскай губэрні, а таксама Чарнігаўскага, Імглінскага і Бранскага паветаў); мова семежаўскіх жабракоў з в. Семежава Слуцкага павету Менскай губэрні; выцірня́цкі гаўры́днік — мова ла́бараў — прафэсійных зьбіральнікаў ахвяраваньняў на патрэбы царквы, а першапачаткова і касьцёлаў (м. Іванава Кобрыньскага павету Гарадзенскай губэрні).

Храналяґічна першым зьяўляецца ўпамінаньне аб адверніцкай гаворцы крычаўскіх мяшчанаў — краўцоў і шаўцоў у «Апісаньні Крычаўскага графства ці былога староства 1786 году» А. Меера (апублікаваная Е. Р. Раманавым у 1901 годзе). Меер прыводзіць 6 выразаў, 35 назоўнікаў і 5 дзеясловаў гэтай гаворкі. У 1853 годзе С. Мікуцкі апублікаваў кароткі слоўнічак любецкай мовы (мовы сьляпых жабракоў, старцаў). Слоўнік уключаў 65 словаў, сярод якіх былі такія, як хира 'рука', троить 'есьці', сапи 'маўчы', карыга 'дзеўка', галость 'соль'.

Умоўная мова лабараў зь мястэчка Янава (Іванава) была апісаная Ф. Стаўровічам у 1869 годзе. Калісьці янаўцы належалі польскім каралям і карысталіся пэўнымі прывілеямі. Пасьля мястэчка пераходзіла ад аднаго пана да другога, але прывілеі (напрыклад, вызваленьне ад паншчыны) заставаліся. Менавіта гэта, а таксама недастатковая колькасьць зямлі і прывялі сялянаў Янава да лабарства. Амаль увесь год лабары вандравалі па краіне з царкоўнымі кнігамі, у якія яны запісвалі ахвяраваныя сумы. Аднак акрамя гэтага яны займаліся яшчэ жабрацтвам і проста махлярствам.

Лабары мелі і сваю асобую мову, якой карысталіся ў прысутнасьці чужых людзей. Стаўровіч прыводзіць колькі словаў зь іх мовы: хлюса 'царква', Охвес 'бог', Корх 'сьвятар', ставер 'крыж', хирганица 'чалавек', ребсанька 'кніга для запісу ахвяраваньняў', либерская гавридня 'лабарская размова', хрущ 'рубель', хлюсный ставер 'царкоўны крыж'. Некаторыя з гэтых словаў запазычаныя з грэцкай мовы, напрыклад тэос — бог, стаўрос — крыж, эклезіа — царква. Аднак на пытаньне дасьледчыка, адкуль вы навучыліся гэтай мове, «адзін са старых лабараў адказаў, што яны навучыліся яе ад рускіх, г. зн. напэўна ад афеняў».

Любецкі лемент быў апісаны Е. Р. Раманавым. З розных тыпаў жабракоў (ці, як яны сябе называлі, старцоў, калек, сьляпых) Раманаў лепш за ўсё вывучыў найбольш распаўсюджаны тып: жабракоў-песьняроў. Гэта ў асноўным сьляпыя жабракі, якія хадзілі з павадырамі — хлопчыкамі 8-15 гадоў. Просячы міласьціну, жабракі сьпявалі псальмы, якія яны вывучвалі за невялікую плату звычайна ў «майстра» — таксама сьляпога жабрака. З даўніх часоў у старцаў існавала асобае самакіраваньне, якое вырашала многія пытаньні, у тым ліку і пытаньні «абароны» старцаў ад «зьнешняга сьвету». Гэтымі ж прычынамі (схаваць свае намеры ад чужых) тлумачыцца і наяўнасьць у іх любецкага лемента.

Е. Р. Раманаў запісаў каля 1000 словаў любецкага лемента ў Амсьціслаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Чавускім паветах Магілёўскай губэрні. Сярод іх, напрыклад, такія, як дылька 'вада', сиянка 'сонца', кудень 'дзень', лох 'мужык, мужчына', шусцяни́н 'мешчанін', тройман 'твар', лыкша 'каша', настыжник 'спадніца', клюжать 'ляжаць', явлыда 'карова', лапуха 'капуста', учинятца 'маліцца', клёвый 'добры', і г. д.

Нарэшце, у апублікаванай у 1912 годзе ў «Беларускім зборніку» (9 выпуск) «Спробе слоўніка ўмоўных моваў Беларусі» Е. Р. Раманаў зьмясьціў звод усіх вывучаных да таго часу беларускіх умоўных моваў. Раманаў спрабаваў высьветліць паходжаньне гэтых моваў разам з гісторыяй узьнікненьня саміх моваў. Так, ён лічыў, што пасьля падзеньня Бізантыі на Русь хлынулі натоўпы грэцкіх і афонскіх манахаў, якія зьбіралі ахвяраваньні на храмы і манастыры; пасьля гэтага і зьявіліся на нашай зямлі «кубракі» і «лабары» з такімі ж мэтамі, мова якіх была часткова падобнай на афонскую («афінскую»). Усе гэтыя лемезьні, лементы, гаўрыднікі мелі, на думку Раманава, агульнае паходжаньне. Ён прыводзіць цэлыя выразы на ўмоўных мовах, напрыклад: Гурь маньку́ хавбо́в 'Дай мне грошай' (Дрыбін); Похли́м ке́ро ке́рить 'Пайшлі піва піць' (тамсама); Клёво хве́сить 'Добра сьпявае' (Шклоў). Навукоўца адзначае і перамены, якія адбываліся ва ўжываньні ўмоўных моваў: напрыклад, было заўважана, што жабрацкая моладзь («любкі» Магілёўскай губэрні) з усё меншай ахвотай вывучала любецкі лемент, аддаючы перавагу адверніцкай гаворцы, г. зн. звычайнай беларускай мове, але з дабаўленьнем або ўстаўкай у словы пэўных гукавых элемэнтаў (хер, ку, шу, ша, це, уймуд і г. д.). Такая гаворка, напрыклад, поўнасьцю выцесьніла «лемент» з мовы жабракоў Слуцкага павету Менскай губэрні. Е. Р. Раманаў параўнаў беларускія ўмоўныя мовы з расейскімі й польскімі. У другой палове XX стагодзьдзя спробу параўнаць ўсходнеславянскія ўмоўныя мовы зрабіў В. Д. Бандалетаў.

Лексыка беларускіх умоўных моваў (іх таксама называюць арго або арґо) часткова запазычаная з грэцкай, нямецкай і іншых моваў, часткова створаная на базе беларускай. Напрыклад, былі запазычаныя такія словы: мелюс 'мёд', макрый 'малы', петрус 'камень' (з грэцкай), штэк 'палка', цигаль 'каза', шнейдэр 'кравец' (зь нямецкай ці ідыш), сьвяно 'сьвята', девент 'дзевяць' (з польскай), басать 'рэзаць' (з татарскай). Шмат словаў у гэтых арґо і з адверніцкай гаворкі, г. зн. мовы, словы якой уяўляюць сабой скажоныя (перастаноўкай складоў ці ўстаўкай іншых гукаў) словы беларускай мовы: куба́куцька 'бацька', шуха́шута 'хата', кувясна́ 'вясна'. Урэшце, у складзе гэтых гаворак былі словы, створаныя на базе беларускай мовы з дапамогай розных словаўтваральных сродкаў: хадырки 'ногі', касьляты 'яблыкі', рыкуха 'карова', кругляки 'яйкі'.

Цікавым зьяўляецца і разьмеркаваньне лексыкі ўмоўных моваў па тэматычных ґрупах. Так, у «Беларускім зборніку» Е. Р. Раманаў выдзяляе наступныя прадметна-паняційныя групы словаў:

  1. Зьявы і прадметы прыроды: суга́, де́лька 'вада', сьвя́нка, дэус 'сонца', цір 'пясок', ку́год 'год', дэ́ушница 'тыдзень'.
  2. Прадметы духоўныя: сьвя́но 'сьвята', хлю́са, дэ́ушница 'царква', калага́н 'звон', пса́лка 'духоўны верш, псалм'.
  3. Чалавек: цыри́зник 'цар', бакштэ́йка, ёрица 'маці', юга́н 'цыган', апу́льщик 'купец', главда́ 'галава', краси́нка 'кроў'.
  4. Ежа: пирьха́ 'мука', артимо́с 'блін', букле́й 'квас'.
  5. Адзеньне: насты́жница 'спадніца', по́друбсень 'пояс', хвили́стка 'хустка', верзюки́ 'лапці'.
  6. Жыльлё, рэчы, прылады: сви́город, шу́сто 'горад', хаз 'хата', дергу́тница 'млын', хазо́мка 'пакой', бода́бка 'іголка'.
  7. Жывёлы: во́лот 'конь', лынь 'воўк', бурча́вка 'пчала'.
  8. Расьліны: зе́дка 'жыта', сувя́зка 'грэчка', товпы́жница, солоди́мная 'морква' (літаральна 'рэдзька салодкая'), вихро́ 'сена'.
  9. Дзеяньні: е́рчать 'ехаць', лы́хтитца 'сьмяяцца', сиво́рить 'мёрзнуць', пропуля́ть 'прадаваць', се́ворить 'сеяць'.
  10. Уласьцівасьці і якасьці: ша́влый 'вялікі', ла́сый, тонки́мный 'тонкі', ду́лясный 'гарачы', няўле́пый 'сьляпы'.
  11. Лікі і меры: ёный 'адзін', стро́мах 'тры', ку́сотня 'сто', ба́крышний 'другі', лухтови́на 'палова', вихт 'фунт'.
  12. Найбольш ужывальныя займеньнікі: мань 'я', бальва́ 'ты', собе́ский 'свой', то́нтый 'той', ко́ро 'што', са́басный 'сам'.
  13. Асноўныя прыслоўі: по́со 'многа', мугро́м 'хутка', шимче́й 'лепш', нисвя́зу 'ніколі', шот 'вось', ку́сеньня 'сёньня'.
  14. Фразы на ўмоўнай мове: Ко́рнем Ахве́су ча́нитца 'Будзем Богу маліцца'.

Цяпер умоўныя мовы практычна выйшлі з ужытку: адышлі ў мінулае сацыяльныя ўмовы, што спарадзілі іх. Асобныя слоўцы са старых умоўных моваў захаваліся яшчэ ў дыялектах або перайшлі ў жарґоны новага тыпу, напрыклад у маладзёвы жарґон: клёва 'добра', хаз (хаза) 'дом' ('кватэра'), лох 'дурань' і г. д. Элемэнты жарґонаў (жарґанізмы) часам выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах дзеля таго, каб дадаць адметнасьць мове пэрсанажа.

Зьнешніыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]