(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Лукаш Семянюк — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Лукаш Семянюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лукаш Семянюк (Сяменік)
1880 — 1921
Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За ім – Васіль Муха. Вялікае Стахава, 1919 г.
Месца нараджэньня Вёска Траянаўка ля мястэчка Халопенічы Барысаўскага павету Менскай губэрні, Расейская імпэрыя
Прыналежнасьць Беларуская Народная Рэспубліка
Частка Узброеныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі

Лукаш Сяменік (Семянюк) (7 (19) сьнежня 1887 — 1921) — беларускі вайсковец, удзельнік беларускага незалежніцкга руху. Нарадзіўся ў вёсцы Траянаўка Халопеніцкай воласьці Барысаўскага павету. Удзельнік Першай сусьветнай вайны. Арганізатар і кіраўнік сялянскага паўстаньня ў жніўні 1918 году, супраць нямецкіх кайзэраўскіх войскаў, што ахапіла Лісічанскую, Халопеніцкую і Зачысьценскую воласьці Барысаўшчыны і Меншчыны, якое было задушана сумеснымі высілкамі немцаў і бальшавікоў. У лістападзе 1918 году, да прыходу бальшавікоў, быў абраны сялянамі Халопеніцкай воласьці вайсковым атаманам. У пачатку 1919 году, арыштаваны бальшавікамі і пасаджаны ў вязьніцу. 27 траўня падчас перасылкі зь менскай турмы ў Барысаў Сяменік здолеў зьбегчы, за што рэвалюцыйным трыбуналам быў прысуджаны да сьмяротнай кары. Арганізатар Першага Беларускага партызанскага адзьдзелу, які пасьпяхова дзейнічаў супраць бальшавікоў у Барысаўскім ды Менскім паветах у першай палове 1919 году. Адзьдзел налічваў каля 50 чалавек. Вядомыя прозьвішчы набліжаных да Сяменіка паўстанцаў, зь якіх складаўся штаб: Усьцін Скалубовіч, Мяфод Шаблінскі, Стах Буры, Міхал Казлоўскі.

Сумесна з польскімі адзьдзеламі ўдзельнічаў у вызваленьні ад бальшавікоў Барысава ў ліпені 1919 году. У пачатку 1920 году, у чыне капітана разам са сваім адзьдзелам залічаны ў склад Беларускай вайсковай камісіі. Зьяўляўся адным з арганізатараў вайсковага сялянскага руху пад кіраўніцтвам «Зялёнага Дубу». Прымаў удзел у вайсковым паходзе генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Прызначаны камандзірам 2-га Грозаўскага палка падчас Слуцкага паўстаньня. Пазьней працягваў партызанскія акцыі супраць бальшавікоў. Паводле зьвестак бібліёграфа Рамуальда Зямкевіча, загінуў у 1921 годзе, у адным з баёў з чырвонымі[1].

Ёсьць меркаваньне, што камандзірам Другога Грозаўскага палка быў не капітан Лукаш Семенюк, а капітан Аляксандар Семяняка[2].