(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ЛітБелССР»)
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі
Lietuvos — Baltarusijos Tarybų Socialistinė Respublika
Социалистическая Советская Республика Литвы и Белоруссии
Litewsko-Białoruska Republika Radziecka
סאָציאַליסט סאָוועטן רעפובליק פון ליטע און ווייַסרוסלאַנ
Сьцяг Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі
Сьцяг
Нацыянальны дэвіз: Пралетары ўсіх краін, яднайцеся! Visų šalių darbininkai, vienykitės! Пролетарии всех стран, соединяйтесь! Proletariusze wszystkich krajów, łączcie się!!פראָלעטאריער פון אלע לענדער, פאראייניקט זיך
Дзяржаўны гімн: «Інтэрнацыянал»
Месцазнаходжаньне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі
Афіцыйная мова Беларуская, летувіская, расейская, польская, ідыш
Сталіца Вільня, Менск
Форма кіраваньня
ЦВК ССР ЛіБ, СНК ССР ЛіБ
Урад рабочых і сялян, дыктатура пралетарыяту
К. Цыхоўскі, В. Міцкявічус-Капсукас
Часавы пас +3
Незалежнасьць 27 лютага — 8 жніўня 1919
Пячатка ЧК ЛітБел. 1919

Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка Літвы́ і Белару́сі, Літо́ўска-Белару́ская ССР, ЛітБел (лет. Lietuvos – Baltarusijos Tarybų Socialistinė Respublika, рас. Социалистическая Советская Республика Литвы и Белоруссии, польск. Litewsko-Białoruska Republika Radziecka, на ідыш סאָציאַליסט סאָוועטן רעפובליק פון ליטע און ווייַסרוסלאַנ) — абвешчаная бальшавікамі 27 лютага 1919 году рэспубліка зь Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі і Летувіскае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі. Праіснавала да 8 жніўня 1919 году.

Літоўска-Беларуская ССР праіснавала толькі паўгоду, яе ўлады не пасьпелі стварыць асноўных атрыбутаў дзяржаўнасьці[1]. Пры абвяшчэньні ЛітБел вызначальную ролю адыгралі вонкавыя сілы, а менавіта ЦК РКП(б), якое кіравалася інтарэсамі сусьветнае рэвалюцыі. ЛітБел ня быў паўнавартаснай дзяржавай, маючы фіктыўную самастойнасьць і падпарадкоўваючыся ЦК РКП(б).

Нягледзячы на фармальную прысутнасьць у назьве слова «Беларусь», ЛітБел напраўду ня меў нічога беларускага: беларуская мова ня мела дзяржаўнага статусу і не прысутнічала ў пэрыядычных выданьнях, беларусы адсутнічалі ў кіроўных органах (ачолены летувісам В. Міцкявічусам-Капсукасам урад ня меў у сваім складзе ніводнага беларуса). Усё беларускае, пачынаючы з мовы, лічылася контррэвалюцыйным. Літаратура выдавалася толькі па-летувіску, па-польску і па-расейску[1].

Прычыны ўтварэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прычыны стварэньня ЛітБелу дагэтуль застаюцца нявысьветленымі. Некаторыя гісторыкі (Платонаў і Сташкевіч) пісалі: «уключэньне ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губэрняў было прадыктавана найперш пагрозай захопу тых тэрыторыяў польскай дзяржавай. Гэтыя тэрыторыі ў пэрспэктыве мусілі стаць асноваю адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці»[2].

Аўтары Брыгадзін П. і Ладысееў У.: «Зыходзячы з абставін міжнароднага характару, ЦК РКП (б) прыняў пастанову аб аб’яднаньні Менскай і Гродзенскай губэрняў зь Літоўскай ССР. Тым самым як бы здымалася з парадку дня пытаньне аб правамернасьці далучэньня ўсходніх этнічных беларускіх зямель да РСФСР»[3][4].

Юры Туронак прыводзіць словы Сьвярдлова аб тым, што: «імкненьне ЦК забяспечыць гэтыя рэспублікі ад магчымасьці праяўленьня ў іх нацыянальна-шавіністычных настрояў».[5]

Прычыны аб’яднаньня былі сфармуляваны ў пастанове і рашэньнях ЦК РКП (б), выступах старшыні расейскага ЦВК Я. Сьвярдлова і прадстаўніка ЦК РКП (б) у Беларусі А. Іофэ. Прычыны былі наступнымі: зліцьцё Літвы і Беларусі было абумоўлена агульнасьцю гістарычнага мінулага, эканамічных сувязяў і геаграфічнага становішча, неабходнасьцю ўмацаваньня абароназдольнасьці рэспублік, аб’яднаньнем намаганьняў у барацьбе з контаррэвалюцыяй, а іменна тым, што савецкія рэспублікі імкнуліся дабраахвотна да аб’яднаньня.[6]

Ідэя ўтварэньня ЛітБела ўзьнікла сярод кіраўніцтва РКП(б) і была праведзена ў жыцьцё шляхам партыйнае дысцыпліны. КП(б)Л і КП(б)Б аніякіх адносінаў да рашэньня аб утварэньні ЛітБелу ня мелі.

Невядома, ад каго менавіта з ЦК РКП (б) зыходзіла ідэя аб’яднаньня Летувы і Беларусі ў Літоўска-Беларускую ССР. На гэты конт існуе шэраг гіпотэзаў. Ідэю аб тым, што ініцыятарам аб’яднаньня быў Уладзімер Ленін, упершыню выказаў гісторык права С. Маргунскі ў кнізе, выдадзенай у 1958[7]. Але дакумэнтальных сьведчаньняў таго, што ініцыятарам дзяржаўнага экспэрымэнту быў менавіта У. Ленін, дасьледчыкі не прыводзяць, а гавораць аб гэтым у сілу гістарыяграфічнай традыцыі[8].

ЛітБел быў створаны пасьля абвяшчэньняў Летувіскай ССР 16 сьнежня і Беларускай ССР 1 студзеня. Рашэньне аб стварэньні Літоўска-Беларускай ССР было прынятае 16 студзеня 1919 праз ЦК КПР (б), разам з пастановай аб уключэньні ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губэрняў[9][10].

Упершыню рашэньне ЦК РКП (б) аб аб’яднаньні рэспублік было агучана на Першым Усебеларускім зьезьдзе Саветаў 3 лютага 1919. На гэтым зьезьдзе была прынята Дэклярацыя аб аб’яднаньні савецкіх сацыялістычных рэспублік Літвы і Беларусі. Тыя беларускія камуністычныя дзеячы, якія выступілі супраць, былі арыштаваныя і потым да ўраду ЛітБелу не прыцягваліся.

Пасьля прыняцьця Першым Усебеларускім зьездам пастановы аб аб’яднаньні дзьвух рэспублік пытаньне заставалася за Першым зьездам Саветаў Літвы.

17—21 лютага 1919 у Вільні праходзіў І Зьезд Саветаў Літвы. На гэтым зьезьдзе была прынята рэзалюцыя, у якой гаварылася:

«зьезд урачыста праклямуе стварэньне адзінай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі».[11]

Прынятая на гэтым зьездзе рэзалюцыя і стала пачаткам гісторыі ЛітБелу — 17 лютага 1919.

Фармаваньне ўраду. Сыстэма кіраваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фармаваньне дзяржаўных і партыйных органаў Літоўска-Беларускай ССР знаходзілася пад пільным кантролем з боку ЦК РКП(б). Прызначэньне на ўсе ключавыя пасады ўва ўрадзе ў абавязковым парадку праводзілася пасьля зацьверджаньня кандыдатуры ў ЦК РКП(б) альбо з санкцыі прадстаўніка ЦК РКП(б).

27 лютага 1919 адбылося аб’яднанае паседжаньне ЦВК ЛССР і ЦВК БССР, якое аднагалосна і канчаткова прыняло пастанову аб стварэньні ССР Літвы і Беларусі[12]. 28 лютага 1919 Дэклярацыя ЦВК ЛітБелу ССР аб зьнешняй палітыцы. Быў створаны ЦВК Літоўска-Беларускай ССР (у складзе 100 асобаў) і яго Прэзыдыюм на чале з Казімерам Цыхоўскім, урад аб’яднанай рэспублікі — Савет Народных Камісараў на чале зь Вінцісам Міцкявічусам-Капсукасам.

1 сакавіка 1919 СНК ЛітБел ССР афіцыйна зацьвердзіў назву — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, назву ўрада — Рабоча-сялянскі ўрад Літвы і Беларусі, а таксама сьцяг і гэрб рэспублікі (з назвай «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі» на пяці мовах)[13].

На працягу ўсёй гісторыі рэспублікі яе дзяржаўныя інстытуты знаходзіліся на стадыі фармаваньня альбо наогул адсутнічалі. Паўнавартага дзяржаўнага апарату створана не было, а польска-савецкая вайна не дазволіла давесьці гэтую справу да канца.

Пры стварэньні сыстэмы кіраваньня вялікай праблемай быў кадравы голад. Вельмі цяжка было знайсьці адданых бальшавізму людзей, якія пры гэтым былі б адукаванымі і здольнымі выконваць кіруючыя функцыі. Падчас разьмеркаваньня наркамацкіх партфэляў мясцовыя камуністы не змаглі самастойна закрыць усе вакансіі і зьвярнуліся па дапамогу ў Маскву. ЦК РКП(б) абяцаў дапамагчы з падборам адпаведных кіраўнікоў для камісарыятаў земляробства, аховы здароўя і сацыяльнага забясьпечаньня[14].

Падчас фармаваньня ўраду паміж мясцовымі камуністымі і прадстаўніком ЦК РКП(б) А. Іофэ паўстаў канфлікт з-за нежаданьня апошняга ўлучыць у склад ураду былых дзеячоў Аблвыканкамзаха, далучаючы пры гэтым прадстаўнікоў інтэлігенцыі[15]. У выніку склад ураду выглядаў наступным чынам:

  • Кіраўнік ЦВК КП ЛіБ: Вінцас Міцкявічус-Капсукас
  • Кіраўнік ЦВК: Казімер Цыхоўскі
  • Кіраўнік Віленскай Рады Дэлегатаў Рабочых і Салдацкіх дэпутатаў: Казімер Цыхоўскі
  • Кіраўнік Рады Народных Камісараў: Вінцас Міцкявічус-Капсукас
  • Народны Камісар фінансаў: Казімер Цыхоўскі
  • Народны камісар камунікацыі: Аляксандар Якшэвіч
  • Народны камісар дзярж. кантролю: Станіслаў Бэрсан
  • Народны камісар асьветы: Юліян Ляшчынскі, Аляксандар Чарвякоў
  • Народны камісар працы: Шымен Дыманштэйн
  • Народны камісар нутраных справаў: Зігмас Алекса-Ангарэтыс
  • Народны камісар вайсковых справаў: Юзаф Уншліхт
  • Народны камісар замежных справаў: Вінцас Міцкявічус-Капсукас
  • Народны камісар юстыцыі (справядлівасьці): Мечыслаў Казлоўскі
  • Народныя камісары бяз партфэлю: Канстанцінас Керванічус, Пранас Сватэліс-Пралетарас і Айзік Вайнштэйн.

З 8 сакавіка да 15 красавіка 1919 году адбылося 16 паседжаньняў ураду ЛітБела.[16]

Калі кадравы голад ува ўрадзе часткова ўдалося вырашыць, то на мясцовых пасадах ён быў яшчэ больш вострым. Гэта стала прычынай даволі свабоднага адбору кандыдатаў падчас прыёму на працу ў савецкія ўстановы. У выніку нярэдкімі былі выпадкі, калі высокія пасады займалі варожыя савецкай уладзе асобы. Напрыклад, у паведамленьні сакрэтнага аддзелу ВЧК ад ліпеня 1919 году адзначалася што «ў савецкіх установах, на тэлеграфе, на чыгуначнай лініі засела шмат прыхаваных белагвардзейцаў-сабатажнікаў».[17] Учарашнія прыгнечаныя і эксплюатаваныя, атрымаўшы ўладу, хутка станавіліся ня меншымі эксплюататарамі для сваіх аднавяскоўцаў, чым былыя памешчыкі. У паведамленьні ВЧК ад 7 ліпеня адзначалася, што ў адным з валасных саветаў Менскага павету «старшыня савету і два міліцыянты бяруць хабар зь беднякоў, гоняць самагон, цэлымі начамі граюць у карты і арганізоўваюць бойкі»[18].

Неабходна было таксама стварыць адзіную камуністычную партыю Літоўска-Беларускай ССР. Каб абмеркаваць гэтае пытаньне, 4—6 сакавіка 1919 году ў Вільні быў скліканы Аб’яднаўчы зьезд Камуністычнай партыі Летувы і Заходняй Беларусі і Кампартыі Беларусі. На зьездзе прысутнічалі 169 дэлегатаў, на якім было праклямавана стварэньне Камуністычнай партыі бальшавікоў Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ)[19].

6 сакавіка пленум ЦК КП (б) Беларусі і Літвы стварыў Прэзыдыюм ЦК КП (б) Літвы і Беларусі ў складзе Міцкявічуса-Капсукаса, Алексы-Ангарэціса, Мясьнікова, Кнорына, Далецкага, Іванова. Старшынём Прэзыдыюма ЦК КП (б) Літвы і Беларусі быў абраны В. С. Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — В. Кнорын[20].

Асноўнымі задачамі, на якіх канцэнтравалі сваю ўвагу лідары рэспублікі, былі наступныя:

  1. стварэньне і ўмацаваньне савецкае сыстэмы ўлады на ўсіх яе ўзроўнях;
  2. абарона рэспублікі ад анэксіянцкіх памкненьняў з боку Польшчы;
  3. вырашэшьне харчовае праблемы і аднаўленьне гаспадаркі рэспублікі, якая панесла вялікія страты ад ваенных дзеяньняў[21].

Тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сталіцай ЛітБел была абрана Вільня, нягледзячы на спрэчкі зь беларускімі камуністамі і былымі працаўнікамі Аблвыканкамзаху, якія настойвалі на тым, каб сталіцай быў Менск. Згодна зь іх аргумэнтацыяй, Менск як буйное места, дзе савецкая ўлада карысталася больш вялікай папулярнасьцю і ў адпаведнасьці ваена-стратэгічным меркаваньням, пасаваў на ролю сталіцы лепш. Аднак выбар на карысьць Вільні паў з-за рашэньня партыйнага кіраўніцтва ў Маскве. Гопнэр у сваей тэлеграме ад 3 лютага 1919 наркаму замежных справаў Г. Чычэрыну і наркаму па справах нацыянальнасьцяў Ё. Сталіну паведамляў: «ЦБ пагадзілася, нягледзячы на практычныя назручнасьці і некаторыя ахвяры, саступіць па палітычных меркаваньнях і перанесьці безадкладна ўрадавыя ўстановы ў Вільню»[22].

Па сёньня застаецца невядомым, якую тэрыторыю займала і кантралявала Літоўска-Беларуская ССР. Гісторык Маркунскі са спасылкай на архіўныя зьвесткі кажа аб тым, што ў склад Літоўска-Беларускай ССР фактычна ўваходзілі Менская, Віленская і невялічкая частка Ковенскай губэрняў з насельніцтвам 4 млн чалавек[23][24]. Гісторык Шкляр адзначае, што: «Літоўска-Беларуская ССР складалася зь Менскай, Гарадзенскай, Віленскай, Ковенскай і часткі Сувалкаўскай губэрняў з насельніцтвам больш за 6 млн»[25][26].

Звычайна, чым далей ад Вільні знаходзілася тэрыторыя, тым слабейшай была там савецкая ўлада, у многіх месцах яна была проста намінальнай.

Эканамічнае становішча ЛітБелу было крытычным. Праводзілася палітыка ваеннага камунізму. Яшчэ ў студзені-лютым адбылася нацыяналізацыя фабрык і заводаў, чые гаспадары зьбеглі за мяжу, а потым праводзілася актыўная нацыяналізацыя прадпрыемстваў, банкаў, транспарту. Быў уведзены надзвычайны падатак на буржуазію.

У тэлеграме ўраду ЛітБелу ад 12 чэрвеня 1919 году на імя У. Леніна ў Народны камісарыят харчаваньня РСФСР паведамлялася: «ЛітБел перажывае адчайны харчовы крызіс. Фронт і тыл засталіся бяз хлеба. У найлепшым выпадку здолеем выкачаць з тэрыторыі ЛітБел ня болей за 20 вагонаў. На дадзены час сядзяць бяз хлеба мабілізаваныя. Барысаўскі, Бабруйскі паветы галадаюць. У Менску няма хлеба нават для бальніц і дзяцей»[27]. У палітычнай зводцы ВЧК за 15—26 чэрвеня 1919 году адносна Менскай губэрні паведамлялася: «Настроі пагаршаюцца ў сувязі з голадам. Зусім няма запасаў сыравіны. Пасевы, па прычыне адсутнасьці насеньня, ня робяцца. Верагодна, па той самай прычыне застаюцца незасеянымі тры чвэрці яравой плошчы»[28].

Савецкая Расея аказвала Літбелу значную фінансавую падтрымку. У сакавіку-пачатку красавіка 1919 урад ЛітБел атрымаў ад РСФСР крэдыт у памеры 180 млн р. на выдаткі па кіраўніцтве[29]. У пераважнай большасьці гэтая фінансавая дапамога мела значэньне ня столькі для ЛітБел, колькі для ўсёй Савецкай Расеі і накіроўвалася на вайсковыя і чыгуначныя ўстановы.

ЛітБел гаспадарча шчыльна супрацоўнічаў зь іншымі савецкімі рэспублікамі. За час з 8 сакавіка па 15 чэрвеня 1919 зь ЛітБелу ва Ўкраіну было вывезена 1130 вагонаў з рознымі матэрыяламі і перапраўлена вадой 606 кубічных сажняў лесу (што прыкладна складае яшчэ 200 вагонаў). Усяго разам 1330 вагонаў, у якіх знаходзіліся дровы, дошкі, фанера, папера, запалкі, шкло, смолы, цьвікі, тканіна і інш. За гэты ж пэрыяд з Украіны быў экспартаваны 531 вагон з харчаваньнем. Прычым больш за 300 вагонаў былі адразу ж накіраваны на Смаленск для разьмеркаваньня па вайсковых частках Заходняга і Паўночнага франтоў. 132 вагоны разышліся па гарадох Расеі, у тым ліку 79 вагонаў трапілі ў Петраград. Народны камісарыят ЛітБел атрымаў толькі 21 вагон з харчаваньнем[30].

Вайсковая справа. Вайна з Польшчай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пытаньне арганізацыі войска было адным з ключавых для рэспублікі. У лютым 1919 польскія войскі перайшлі ў наступленьне па рацэ Нёман на Вільню, а таксама ў напрамку Баранавічаў і Пінска. Ім супрацьстаяла Заходняя армія, якую Рэўваенсавет РСФСР перайменаваў у Літоўска-Беларускую, што, аднак, было толькі фармальным крокам[31].

Паколькі войскі ЛітБел былі часткай Чырвонай Арміі, ваенныя справы рэспублікі таксама цалкам падпарадкоўваліся Маскве. У пачатку 1919 Заходні фронт ня быў для Масквы прыярытэтным, таму дапамога зь яе боку была вельмі адмежаванай і нізкаякаснай. Напрыклад, калі з Савецкай Расеі прыбылі 153 і 148 асобныя палкі, іх прыйшлося адразу ж раззброіць, бо яны ўяўлялі пагрозу для насельніцтва і савецкай улады[32].

Баявы дух і маральны ўзровень арміі Літоўска-Беларускай ССР быў вельмі нізкім. Ужо ў пачатку лютага 1919 Гопнер паведамляў у Маскву аб падзеньні дысцыпліны ў вайсковых частках ў Менску і яго ваколіцах: «Часьці заходняй дывізыі недысцыплінаваныя, узмацніліся бандытызм, адвольнае п’янства, рэквізыцыі. Паўсюдна грубыя паводзіны салдат».[33] У лісьце да старшыні ВЦВК РСФСР Я. Свярдлова А. Іофэ пісаў наступнае: «Ваеннае становішча безнадзейнае, часьці разлагаюцца з кожным днём. У некаторых палках прымаюцца рашэньні кінуць пазыцыі і адправіцца па хатах. Узмацняецца контррэвалюцыйная прапаганда, камісары ні на што ня вартыя»[34].

24 сакавіка 1919 году СНК Літоўска-Беларускай ССР прыняў дэкрэты аб вайсковай службе і працоўнай павіннасьці. З улікам становішча ваеннага часу службе ў арміі падлягалі грамадзяне векам ад 18 да 40 гадоў. Вайсковыя органы атрымалі права прыцягваць да абарончых работ усіх працаздольных мужчын. Але гэтыя мерапрыемствы не прынесьлі пажаданага посьпеху, і стварыць войска, якое магло б супрацьстаяць польскай арміі, ва ўрада ЛітБел не атрымалася.

17 красавіка 1919 пачалося наступленьне польскай арміі на Вільню, якая была ўзята праз чатыры дні. Сам урад ЛітБелу не заўважыў канцэнтрацыі польскіх войскаў і лічыў, што Вільні нічога не пагражае. Потым прадпрымаліся спробы вярнуць Вільню — тры разы часьці Чырвонай Арміі падыходзілі да места, але ўзяць яго не змаглі.

У часьцях арміі ЛітБел вельмі пашыралася дэзэртырства. Летам 1919 бегства чырвонаармейцаў набыло масавы характар. У канцы жніўня 1919 толькі ў адной Менскай губэрні паводле зводак ВЧК налічвалася амаль 33 тысячы дзезэрціраў, прытым што сілы польскага войску, якія супрацьстаялі арміі ЛітБел, ацэньваліся ў 64 тыс. пяхоты і 7 тыс. кавалерыі. Дэзэртыры стваралі ўласныя ўзброеныя атрады і не падпарадкоўваліся анікому, кантралюючы цэлыя вобласьці. У антысавецкім паўстаньні ў Рэчыцкім павеце ўдзельнічала каля тысячы дзезэрціраў пры дзьвюх гарматах і шасьці кулямётах[35].

У чэрвені 1919 польскае войска падышло да Менску. У ліпені 1919, калі польскія войскі падыходзілі да Менску, адбылася рэарганізацыя ўрада ЛітБел ССР. Народныя камісарыяты былі перайменаваны ў аддзелы Менскага губэрнскага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які ў канцы ліпеня пераехаў у Бабруйск. Да канца лета 1919 польскія войскі занялі амаль усю тэрыторыю Літоўска-Беларускай ССР. 8 жніўня быў узяты Менск, а 27 жніўня апошні горад рэспублікі — Зарасай[36].

Нацыянальная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У нацыянальнай палітыцы ўрад ЛітБела ўзяў курс на ўцісківаньне беларускасьці:

…пачалося перасьледваньне ўсяго беларускага. Беларускі нацыянальны рух быў абвешчаны «буржуазным забабонам», у беларускіх школах была ўведзена расейская мова, усё беларускае — кнігавыдавецтва, курсы, тэатар, хор былі нацыяналізаваны і зьведзеныя на не. (Варшавское Слово. 1920. 2 мая)[37]

Такі ж нацыянальны ўціск мелі і летувісы.

Ліквідацыя ЛітБел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ЛітБел ня здолеў выканаць пастаўленую на яго задачу — войска польскае даволі лёкка зламала гэты бар’ер, і баявыя дзеяньні цяпер вяліся непасрэдна супраць РСФСР. Далейшае існаваньне ЛітБела цяпер не мела сэнсу.

У ліпені 1919 году, калі польскія войскі падыходзілі да Менску, адбылася рэарганізацыя ўраду ЛітБел ССР. Народныя камісарыяты былі перайменаваны ў аддзелы Менскага губэрнскага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту. Тады ж у Менск прыбыў чалец Рэўваенсавету Заходняха фронту і Наркам па справах нацыянальнасьцяў Ёсіф Сталін, які запатрабаваў распусьціць цэнтральныя органы ЛітБел, што, па сутнасьці, азначала ліквідацыю рэспублікі.

ЦК КПЛіБ зь меркаваньнем Сталіна не пагадзіўся. Урад ЛітБел уважаў, што рэспубліка павінна існаваць, бо яе ліквідацыя набудзе непажаданы зьнешнепалітычны рэзананс. Канчатковае рашэньне прыйшло 25 ліпеня 1919 году, калі па патрабаваньні Масквы адбылася ліквідацыя Савету абароны і ўрадавага апарату. Урад ЛітБел захоўваўся, але, ня маючы рэальнай улады, існаваў толькі на паперы. Органам кіраваньня на незанятай палякамі тэрыторыі станавіўся Менскі губрэўкам. Ужо з канца ліпеня, калі ўрад ЛітБелу пераехаў у Бабруйск, ні ЦВК, ні СНК не выконвалі сваіх функцыяў. Юрыдычнага дакуманту аб ліквідацыі ЛітБел не было, не зьявіліся яны і пазьней.

У жніўні 1919 пачала сваю дзейнасьць Ліквідацыйная камісія эвакуяваных установаў Літвы і Беларусі. У гэтым жа месяцы спыніў сваю дзейнасьць Менскі губрэўкам. Незанятая палякамі тэрыторыя ЛітБел была далучана да суседніх губэрняў РСФСР. Канцом існаваньня ЛітБел лічыцца верасень 1919[38][39][40][41].

  1. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 359.
  2. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 11.
  3. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 12.
  4. ^ Ладысееў У. Ф., Брыгадзін П. І. На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці.
  5. ^ Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. «Інстытут беларусістыкі». — Вільня, 2008. С. 73.
  6. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 13.
  7. ^ Маргунский С. П. Создание и упрочение белорусской государственности. 1917—1922 гг. — Минск, 1958. С. 159.
  8. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 10.
  9. ^ Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. «Інстытут беларусістыкі». — Вільня, 2008. С. 73.
  10. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 12.
  11. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі). С. 148.
  12. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі). С. 149.
  13. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі). С. 149.
  14. ^ Круталевич В. А. История Беларуси: становление национальной державности… С. 146.
  15. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 410.
  16. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі). С. 151.
  17. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 411.
  18. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 411.
  19. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі). С. 149.
  20. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі). С. 150
  21. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 409.
  22. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 409.
  23. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 14.
  24. ^ Маргунский С. П. Государственное строительство Белорусской ССР на первом этапе её развития. С. 38.
  25. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 15.
  26. ^ Шкляр Е. Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами. С. 33.
  27. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 413.
  28. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 413.
  29. ^ Круталевич В. А. История Беларуси: становление национальной державности… С. 206.
  30. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 414.
  31. ^ Борьба за Советскую власть в Белоруссии: 1918—1920 гг.: сб. док. и материалов. Т. 2. С. 43.
  32. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 416.
  33. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 414.
  34. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 415.
  35. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 417.
  36. ^ Малыхіна Л. Праблемы гістарыяграфіі Літоўска-Беларускай ССР // Беларус. гіст. зб. Беласток, 2003. № 20. С. 150.
  37. ^ Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. «Інстытут беларусістыкі». — Вільня, 2008.
  38. ^ Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 1. НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 418.
  39. ^ Малыхіна Л. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Менск, 2003. С. 16.
  40. ^ Vitkauskas P. Lietuvos Tarybu Respublikos Sukurimas 1918—1919 metais. — Vilnius, 1978. С. 208—214.
  41. ^ Круталевич В. А. История Беларуси: становление национальной державности… С. 221—231.