Мартыралёг Беларусі
«Мартыралёг Беларусі» | |
Дата ўтварэньня | 19 кастрычніка 1988 (36 гадоў таму) |
---|---|
Тып | асьветніцкае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | ушанаваньне памяці ахвяраў камунізму і сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Старшыня | Радзім Гарэцкі |
Каардынатарка | Ганна Соўсь |
Колішняя назва | «Таварыства памяці ахвяраў сталінізму» |
«Мартыралёг Беларусі» — грамадзкае гісторыка-асьветніцкае таварыства памяці ахвяраў камунізму і сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі (першапачаткова «Таварыства памяці ахвяраў сталінізму»). Арганізацыя была ўтвораная 19 кастрычніка 1988 году. Гэтая ж дата лічыцца днём утварэньня Беларускага Народнага Фронту. У гэты дзень у Менску ў Чырвоным касьцёле (за савецкім часам «Дом кіно») адбылося ўстаноўчае паседжаньне «Мартыралёгу Беларусі», і на ім жа Зянон Пазьняк выступіў зь ініцыятывай стварэньня Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» на ўзор ужо створаных тады народных франтоў у Балтыі.
«Мартыралёг Беларусі» займаецца асьветніцкай і дасьледніцкай дзейнасьцю, зьбірае інфармацыю пра злачынствы сталінскіх часоў і камунізму. 17 кастрычніка 2004 быў афіцыйна адкрыты вэбсайт арганізацыі, на якім сабраныя тысячы імёнаў ахвяраў камунізму.
Экспэртная Рада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ларыса Андросік (нар. 1967), гісторык. Скончыла Беларускі інстытут культуры (1988). Архіварыюс і каардынатар праграмы «Архіў Найноўшае Гісторыі» гуманітарнага фонду «Наша Ніва» (з 1995 да 2000), старшыня грамадзскага аб’яднаньня «Дыярыюш» (з 2000). Аўтарка артыкулаў і кніг пра пазацэнзурны друк і дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі.
- Вацлаў Арэшка (нар. 1955), культуроляг. Скончыў БелАМ і асьпірантуру. Сябра рады грамадзкага аб’яднаньня «Дыярыюш» (з 1999), каардынатар праграмы «Беларускі Індэкс Рэпрэсаваных». Сябра міжнароднай арганізацыі «Мэмарыял». Адзін зь ініцыятараў і каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты».
- Нона Васілеўская, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1982). Скончыла БДУ. З 1966 году працуе ў інстытуце гісторыі АН Беларусі. Дасьледуе культурныя пераўтварэньні ў Беларусі ў 1921-1941 г.
- Валянціна Вяргей (нар. 1946), археоляг. Кандыдат гістарычных навук (1984). Скончыла БДУ (1968). Працавала ў БДУ, Гарадзенскім пэдынстытуце, з 1978 у інстытуце гісторыі АН Беларусі. Спэцыяліст у гістарыяграфіі археалёгіі Беларусі і гісторыі насельніцва беларускага Палесься ў жалезным веку. Адна з аўтараў кнігі «Беларуская археалёгія». Сяброўка «Камітэту-58».
- Радзім Гарэцкі (нар. 1928), геоляг. Акадэмік АН Беларусі. Заслужаны дзяяч навукі Беларусі. Прэзыдэнт Беларускага геалягічнага таварыства, галоўны рэдактар часопісу «Літасфэра», старшыня Аб’яднаньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1993-2001). Старшыня Экспэртнае рады «Мартыралёгу».
- Сяргей Дубавец (нар. 1959), літаратар. Скончыў БДУ (1984), выдавец нелегальных выданьняў за савецім часам, рэдактар газэт «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991-2000), кніг пра пэрыяд сталінскага генацыду, аўтар перадачы «Вострая Брама» на Радыё «Свабода» (з 1997).
- Алег Іоў (нар. 1957), археоляг. Кандыдат гістарычных навук (1991). Скончыў БДУ (1984). У 1979-94 і з 1995 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, у 1994-95 навуковы рэдактар у выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя». Дасьледуе гісторыю Беларусі 9-13 ст., Тураўскае княства. Удзельнік эксгумацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (1988, 1997-98).
- Мая Кляшторная (нар. 1937), архітэктар. Дачка рэпрэсаванага ў 1937 паэта Тодара Кляшторнага. З 1937 да сярэдзіны 50-х гадоў правяла ў сталінскіх лягерах. Да 10 гадоў жыла у дзіцячым спэцпасёлку НКВД № 9 ў Акмалінскім раёне Карагандзінскай вобласьці. У Беларусь вярнулася пры канцы 50-х. Скончыла архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Маскоўскі інжынэрна-будаўнічы інстытут. Сябра Саюзу архітэктараў Беларусі. Сябра рады Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, адна з заснавальніцаў «Мартыралёгу Беларусі». Навуковая кіраўніца гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-40-х гадоў урочышча Курапаты».
- Мікола Крывальцэвіч (нар. 1957), археоляг. Скончыў гіст. ф-т МДПІ (1982). З 1987 працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У 1988 навуковы экспэрт і спэцыяліст-археоляг эксгумацыі ў Курапатах. Заснавальнік таварыства «Мартыралёг Беларусі». Аўтар кніг і артыкулаў пра вынікі дасьледаваньня курапацкіх пахаваньняў.
- Ігар Кузьняцоў (нар. 1956), гісторык. Кандыдат гістарычных навук, тэма дысэртацыі «Масавыя рэпрэсіі ў 1930-ыя гады і рэабілітацыя ахвяр тэрору». Дацэнт факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ. Сябра таварыства «Мэмарыял», сябра грамадзкай рады Архіву найноўшай гісторыі. Аўтар кніг і артыкулаў пра масавыя рэпрэсіі ў СССР.
- Аляксандар Лукашук, журналіст. Скончыў Інстытут замежных моваў у Менску, працаваў у газэтах, выдавецтвах, дакумэнтальным кіно (дзяржпрэмія за фільм «Дарога на Курапаты», 1994). Дырэктар Беларускай службы радыё «Свабода». Сябра парлямэнцкай камісіі ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1990-1995). Аўтар кніг і артыкулаў пра рэпрэсаваных і карнікаў НКВД.
- Тацяна Процька (нар. 1951), гісторык. Кандыдат філязофскіх навук. Скончыла БДУ. Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту. Аўтарка кніг і артыкулаў пра масавыя рэпрэсіі ў СССР.
- Ганна Соусь (нар. 1971), журналістка. Скончыла БДУ. Працавала ў выдавецтве «Паліфакт», часопісе «Дело», газэце «Народная воля», ад 2000 – на Беларускай службе радыё «Свабода». Узнагароджаная прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру за сэрыю рэпартажаў з урочышча Курапаты. Каардынатар «Мартыралёгу».
- Ніна Стужынская (нар. 1955), гісторык. Кандыдат гістарычных навук. Скончыла БДУ. Намесьніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), прэзыдэнт Беларускай Жаночай Лігі. Узнагароджаная прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву 20-х гадоў ХХ ст.»
- Міхась Чарняўскі, археоляг. Кандыдат гістарычных навук (1971). Скончыў Менскі пэдінстытут. З 1966 супрацоўнік Інстытуту гісторыі АН Беларусі. Аўтар навуковых, навукова-папулярных і празаічных твораў. Апублікаваў успаміны Ларысы Геніюш «Споведзь» (1990). Сябра «Камітэту-58».
- Георгі Штыхаў (нар. 1927), археоляг. Доктар гістарычных навук, прафэсар. Скончыў БДУ і асьпірантуру. Сябра Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, першы прэзыдэнт асацыяцыі (1992-1994), адзін з заснавальнікаў дабрачыннага фонду «Памяць ахвяраў сталінізму ў Беларусі».