Надзея Дземідовіч
Надзея Дземідовіч | |
Дата нараджэньня | 24 лютага 1927 |
---|---|
Месца нараджэньня |
|
Дата сьмерці | 4 сакавіка 2020 (93 гады) |
Занятак | паэтка |
Сябра ў | Саюз беларускай моладзі |
Узнагароды |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дземідовіч.
Надзе́я Рама́наўна Дземідо́віч (24 лютага 1927 году, хутар Макейкі (?) Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва, Другая Рэч Паспалітая, цяпер Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці — 4 сакавіка 2020) — удзельніца беларускага адраджэнцкага руху, савецкі палітвязень, мэмуарыстка[1].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Была другім дзіцем у сям’і з шасьці. Бацька Раман Дземідовіч у 1914—1921 гг. езьдзіў на заробкі ў ЗША, пасьля вярнуўся, ажаніўся і набыў зямлю на хутары ля вёскі Дзявяткавічы. Бацькі выхоўвалі дзяцей па-беларуску насуперак польскай прапагандзе[2].
Надзея да 1939 году скончыла 4 клясы польскамоўнай школы. За два дні да пачатку вайны зь немцамі бальшавікі арыштавалі ейнага бацьку, аднак ахоўнікі ўцяклі з пачаткам бамбаваньня мясцовага аэрадрому, і гэта ўратавала вязьняў слонімскай турмы, якія былі вызваленыя мясцовымі жыхарамі[2].
Увосень 1941 году Надзея пайшла вучыцца ў Слонімскую беларускую прагімназію, што страхавала ад высылкі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. У 1943 годзе далучылася да Саюзу Беларускай Моладзі. Пасьля прыходу Саветаў працягнула навучаньне ў беларускамоўнай сярэдняй школе[2].
Неўзабаве, у сьнежні 1944, пачаліся арышты паплечнікаў Надзеі па СБМ. 13 сьнежня яна была вымушаная перайсьці на нелегальнае становішча, хавалася ў сваякоў па ўсёй Беларусі. Так працягвалася да 1948 року, пасьля чаго бацькі накіравалі Надзею па дакумэнтах малодшае сястры Ліды да сваякоў у Казахстан[2].
У Петрапаўлаўску Надзея Дземідовіч скончыла курсы бугальтараў, працавала пад чужым імем на хлебакамбінаце. Неўзабаве была вымушаная зьехаць ад дзядзькі, які турбаваўся за свой лёс.
25 верасьня 1949 г. была арыштаваная на працы ў Петрапаўлаўску, допыты і катаваньні цягнуліся чатыры месяцы. Пасьля перавезеная ў Баранавічы, дзе трыбуналам асуджаная да 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбывала ў Чалябінску, пасьля пераведзеная ў Карагандзінскі лягер (цяпер у межах Джэзказгану). Брала ўдзел у Кенгірскім паўстаньні, пасьля чаго пераведзеная ў Азёрляг.
Вызваленая як цяжкахворая 19 красавіка 1956 г., вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала на гаспадарцы. Пасьля перабралася ў Менск, да пэнсіі працавала на заводзе «Гарызонт»[2].
З 1977 году інвалід 2-й групы, з 1980 — 1-й. Жыла ў Калодзішчах пад Менскам. Рэабілітаваная не была.
У 2019 годзе Рада БНР уручыла Надзеі Дземідовіч Мэдаль да стагодзьдзя БНР.[3]
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютавала вершам «Сябрам С. Б. М.» 6 лістапада 1943 року ў «Баранавіцкай газэце». З 1990-х выступае ў друку зь вершамі і ўспамінамі.
Аўтарка трох кніг вершаў і ўспамінаў:
- «Век так ня будзе» (2002)
- «Успаміны сэрца майго» (2006)
- «Мы марылі дома спаткацца» (2010)
- «Кенгір» (?)[4]
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька Надзеі Раман у 1945 быў арыштаваны і накіраваны ў Мардоўскія лягеры, але неўзабаве вярнуўся на радзіму. Памёр пасьля таго, як Надзея трапіла ў лягер[2].
Маці была кінутая ў слонімскі астрог за адмову працаваць на тартаку. Ён знаходзіўся за 21 км ад хаты і да яго даводзілася хадзіць пешкі, а дома заставаліся малыя дзеткі. Таму маці адпрацавала колькі змагла і кінула.
Дзеці засталіся самыя, перабіваліся як маглі. Старэйшы, Федзя, атрымаў 8 гадоў лягераў па абвінавачаньні ў кантактах з антыбальшавіцкай партызанкай. Адбываў тэрмін у Томскіх лягерох[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Надзея Дземідовіч Сябра Саюза беларускай моладзі, зняволеная сталінскіх лагераў паэтка Надзея Дземідовіч памерла на 94-м годзе жыцця. // Новы час : газэта. — 6 сакавіка 2020. — № 9 (668). — С. 3.
- ^ а б в г д е ё Людміла Майсеня. Надзея Дземідовіч: «Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу» // Народная воля. — 8 траўня 1998.
- ^ Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны Надзеі Дземідовіч - Афіцыйны сайт Рады БНР, 20 траўня 2019 г.
- ^ Вячаслаў Корсак. (15 кастрычніка 2012) Вязьніца ГУЛАГаў Надзея Дземідовіч: «Лягер можна параўнаць зь пеклам» Блог Глеба Лабадзенкі Праверана 15 кастрычніка 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Майсеня Л. Надзея Дземідовіч: «Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу» // Пагоня. — 10 сакавіка 1998.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 24 лютага
- Нарадзіліся ў 1927 годзе
- Нарадзіліся ў Польскай рэспубліцы (1918—1939)
- Памерлі 4 сакавіка
- Памерлі ў 2020 годзе
- Узнагароджаныя Мэдалём да стагодзьдзя БНР
- Дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня
- Сябры Саюзу беларускай моладзі
- Беларускія палітвязьні
- Беларускія паэткі
- Беларускія мэмуарысты
- Рэпрэсаваныя ў СССР
- Высланыя