Рыгор Шырма
Рыгор Шырма лац. Ryhor Šyrma | ||||||||||
Псэўданімы | Р. Баравы, Вучыцель | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Нарадзіўся |
8 (20) студзеня 1892 або 1892[1] в.Шакуны, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня | |||||||||
Памёр |
23 сакавіка 1978 або 1978[1] Менск, Беларусь | |||||||||
Кірунак | літаратуразнаўца | |||||||||
Прэміі |
Народны артыст БССР Дзяржаўная прэмія БССР |
Рыго́р Рама́навіч Шы́рма (20 студзеня [ст. ст. 8 студзеня] 1892, вёска Шакуны, Міхайлаўская воласьць Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці) — 23 сакавіка 1978, Менск) — беларускі харавы дырыгент, фальклярыст, грамадзкі й музычны дзяяч, публіцыст, літаратуразнаўца. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыгент Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939—1970). Ляўрэат Дзяржаўных прэмій БССР за канцэртна-выканаўчую дзейнасьць (1966) і за «Беларускія народныя песьні ў апрацоўках для хору» (1974). Народны артыст БССР (1949) і СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1946). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сьцяга, «Знак Пашаны», баўгарскім ордэнам Кірылы й Мятода II ступені, мэдалямі.
Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладыя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вялікай сям’і, дзе сьпевакамі былі ўсе, пачынаючы з бондара дзеда Васіля па мянушцы Майстровіч. Добра сьпявалі дзянна[2] Ганна Іванаўна Шырма, яе дачка Алеся. Лепшыя калыханкі хлопчык пачуў ад маці Тэадоры Дзям’янаўны. Таленавітым выканаўцам быў бацька Раман Васільевіч (~1863—1947), які двойчы прызываўся ў царскую армію і ведаў даволі казацкіх, рэкруцкіх і салдацкіх песьняў. Адсюль пачалося захапленьне малога Рыгора роднай песьняй.
З прычыны беднаты сям’і з шасьцігадовага ўзросту Рыгору Шырму даводзілася працаваць па найме, а першапачатковую адукацыю атрымоўваць у «школе граматы», дзе працавалі найманыя настаўнікі. Адзін з настаўнікаў-сэмінарыстаў добра ведаў сьпевы, і Рыгор у гэты час пачаў сьпяваць у хоры.
У 1904 употай ад бацькі з 15 капейкамі ў кішэні Рыгор пешкі накіраваўся ў Пружаны, каб паступіць у гарадзкую вучэльню. Таленавіты хлопчык ужо праз год стаў лепшым вучнем, іграў на струнных інструмэнтах і ўдзельнічаў у аркестры і хоры вучэльні. Моцна ўразіла юнака тое, што ў хоры не сьпявалі беларускіх песьняў. Яшчэ большае абурэньне выклікалі шавіністычныя наскокі на родныя песьні, калі іх называлі перакручанымі расейскімі ці ўкраінскімі або ўвогуле адмаўлялі іх мастацкую каштоўнасьць[3]. Скончыў школу на ўсе пяцёркі.
Цягу Рыгора да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч. Ён і заахвоціў таго запісваць песьні. Спачатку гэта былі запісы ад Ганны Дудзейкі, у якой кватараваў юнак, пазьней і ад іншых сьпевакоў. У 1907, у час летніх вакацыяў, Рыгор Шырма пешшу адправіўся ў сваю першую фальклёрную вандроўку па Белавескай пушчы, дзе запісаў беларускія народныя песьні «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», «Я з казаком стаяла», «Там за гаем». Але першай песеньніцай была бацькава сястра Захвея Васільеўна (па мужы Хвораст, маці Янкі Хвораста) зь вёскі Кацёлкі. Звычайна яе запрашалі на ўсе ўрачыстасьці як першую сьпявачку. Акрамя такіх выдатных народных песень, як восеньская «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», Шырма запісаў ад яе радзінны і вясельны абрады. Пра багацьце паэтычнай душы цёткі Захвеі ён напіша ў 1941 годзе ў артыкуле «Выдатная песеньніца з народу». Калі фальклярыст назваў Захвеі Васільлеўне лічбу ў сто пяцьдзясят запісаных уласна ад яе песьняў, тая ўсклікнула: «Мусіць, я самая грэшная на сьвеце!» — «Чаму, бабко?» — «Бо ў нас ніхто столькі гэтых песьняў ня помніць, колькі я».
У час навучаньня на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Сьвянцянах у 1911—1912 Шырма праходзіць сальфэджыё, вучыцца іграць на скрыпцы, арганізуе настаўніцкі хор. Адначасова ён спрабуе запісваць мэлёдыі. Пасьля сканчэньня курсаў настаўнічаў у Лідзкім і Сьвянцянскім паветах. Больш плённа канцэртная работа працягнулася ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (1914), які на той час быў эвакуяваны спачатку ў Маскву і Яраслаўль, а потым у Варонеж (скончыў у 1918). Аднак ладзячы канцэрты, яго глыбока абражала тое, што ён ня мог знайсьці аніводнае апрацоўкі беларускае народнае песьні. Можа з тых пор ён і пакляўся запоўніць гэтую пустку ў нацыянальнай культуры беларусаў.
Усе запісы, зробленыя Шырмам да Першай сусьветнай вайны, згарэлі разам з хатай у Шакунах.
Настаўніцкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы Першай сусьветнай вайны мабілізаваны ў войска, скончыў Чугуеўскую вайсковую вучэльню на Харкаўшчыне. Служыў у званьні прапаршчыка ў Туркестане.
Адразу пасьля рэвалюцыі па накіраваньні Беларускага нацыянальнага камісарыяту едзе арганізоўваць школу ў вёсцы Навагольскай Новахапёрскага павету Варонескай губэрні Расеі, куды выехалі перад вайной ягоныя бацькі. Тут шматбакова раскрыўся талент Шырмы-пэдагога: ён выкладаў псыхалёгію, пэдагогіку і славеснасьць, адначасова загадваў валаснымі аддзеламі адукацыі і культуры (да лета 1922[4]). Сабраў і арганізаваў школьную бібліятэку, хор, драматычны гурток, ладзіў літаратурныя вечары. «Сьветам свайго юнацтва» назваў яго навагольскі вучань, расейскі пісьменьнік, аўтар аповесьці «Белы Бім Чорнае вуха(ru)» Гаўрыла Траяпольскі(ru).
На другі год існаваньня школы Рыгора Шырму прызвалі ў Чырвоную Армію. Але калектыў вучняў напісаў пісьмо Н. К. Крупскай, і неўзабаве школьнікі зноў былі разам са сваім любімым настаўнікам.
У Навагольскім Рыгор Шырма пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, таксама школьнай настаўніцай Клаўдзіяй Іванаўнай Раеўскай. Пасьля шлюбу яна сваё жыцьцё зьвязала зь беларускай народнай песьняй, трыццаць гадоў прасьпявала ў капэле[5].
Вяртаньне на радзіму
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Улетку 1922 вярнуўся ў родныя Шакуны Пружанскага павету і адразу актыўна ўлучыўся ў палітычную дзейнасьць. Калі Шырма адмовіўся запісацца палякам, яму забаранілі займацца настаўніцкай працай. «Ніякіх беларусаў няма, — гаварылі там польскія шавіністы, — гэта выдумка менскіх бальшавікоў»[6]. Каб пракарміць сям’ю (у іх з жонкай Клаўдзіяй Іванаўнай Раеўскай 22 верасьня нарадзілася дачка Алена), давялося пэўны час працаваць на лесараспрацоўцы, аднак неўзабаве і адтуль Шырма быў звольнены за беларускасьць і «дрэнны ўплыў на рабочых»[5]. Напрыканцы 1922 року Шырма прыняў прапанову стаць рэгентам хору пружанскага Аляксандра-Неўскага сабору[4].
У 1924 року Шырма арганізаваў у Пружанах хор, запісвае народныя песьні і заахвочвае да гэтае працы здольных людзей, ладзіць канцэрты, пераносіць на заходнебеларускую глебу «Беларускія вечарынкі». Каб паліцыя не магла іх забараніць, яны праводзіліся пад выглядам «Вечароў славянскай песьні», а ў праграму ўключаліся і польскія народныя сьпевы. Хутка выступы хору і імя ягонага кіраўніка становяцца вядомымі ў Заходняй Беларусі.
Паваротным для Шырмы стаў канцэрт у Пружанах, на якім прысутнічаў правадыр стотысячнай Грамады — рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі — Браніслаў Тарашкевіч. Пазнаёміўшыся з фальклёрнымі запісамі зьбіральніка, сам вядомы філёляг, Тарашкевіч убачыў у Шырме чалавека, здольнага ўзначаліць культурна-асьветную працу, якая ва ўмовах Заходняй Беларусі набыла характар вострай сацыяльнай барацьбы.
Віленскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1925 Шырма нарэшце атрымаў польскі пашпарт (дзе быў запісаны «палешуком») і дазвол на выкладаньне ў пачатковых школах Закону Божага. У 1926 пераехаў у Вільню. Працуе ў сакратарыяце Грамады, выхавацелем у інтэрнаце для хлопчыкаў Віленскай беларускай гімназіі. З 1926 — выкладае ў гімназіі сьпевы і арганізуе хор. У гэтым самым року стаў першым кіраўніком народнай капэлы ў Дзяляцічах ля Наваградку[7]. Пазьней некаторыя яе ўдзельнікі трапілі ў хор Рыгора Шырмы. Пасьля таго, як яго звольнілі з гімназіі, працаваў у Віленскім унівэрсытэце[5].
Будучы паплечнік і найбольш пасьлядоўны вучань Шырмы, арганізатар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР Г. І. Цітовіч напіша:
1926 год… Мая першая віленская восень. Бязмэтна блукаю па квадраце сьціснутага манастырскімі сьценамі двара. І раптам з напаўадчыненага акна палілася беларуская народная песня, за ёю другая, трэцяя. Чымсьці родным, блізкім дыхнула на мяне. «Сасна»? Ды гэтую ж песьню і ў нас сьпяваюць… Але тут прыгажэй! «Перапёлачку» я ўжо слухаю ў зале, захаваўшыся ў далёкім вугалку, — таму што перад хорам строгі рэгент… Закончылася гэта генэральная рэпэтыцыя, і куды дзелася сур’ёзнасьць кіраўніка. Ён стаіць цяпер з дабрадушнай усьмешкай у акружэньні моладзі, а тую дзяўчыну, што запявала «Зязюльку», па-бацькоўску нават па галоўцы пагладзіў. Ад выходзячых я даведаўся, што гэты рэгент — Шырма, беларускі пясьняр. Сказалі гэта, ды яшчэ на мяне насьмешліва: маўляў, хто ты такі, што Шырмы не знаеш!
Каб захаваць Шырму для культурна-асьветнай легальнай працы (па Рыскай дамове Польшча абавязалася захаваць культурную аўтаномію нацыянальных меншасьцяў), Б. Тарашкевіч рэкамэндаваў яму не ўступаць афіцыйна ні ў Грамаду, ні ў КПЗБ. З 1927 Шырма ўзначаліў Таварыства беларускай школы і заставаўся сакратаром Галоўнай управы аж да забароны арганізацыі ў 1936. За гэты час ён аб’ехаў усю Заходнюю Беларусь, наладжваў усюды гурткі ТБШ і хоры, школы зь беларускай мовай навучаньня, дапамагаў ставіць спэктаклі. Адначасна служыў яшчэ й рэгентам у віленскім Прачысьценскім саборы, ад якога атрымаў кватэру на першым паверсе хаты па адрасе вул. Сьвятой Ганны, 13. На гэтым будынку цяпер вісіць мэмарыяльная дошка[8].
Усюды, дзе б ні бываў Шырма, ён не забываў запісваць народныя песьні, для чаго нястомна адшукваў таленавітых сьпевакоў. Шырма не спыняўся толькі на запісе народных песень, а шукаў кампазытараў, якія б апрацавалі іх. Ня маючы магчымасьці зьвярнуцца да музыкантаў Савецкай Беларусі, ён знайшоў выдатных майстроў — расейскага кампазытара А. Грачанінава ў Парыжы і ўкраінскіх А. Кошыца і М. Гайваронскага ў Нью-Ёрку. Аляксандар Грачанінаў актыўна ліставаўся з Рыгорам Шырмам, захаваліся 17 ягоных апрацовак беларускіх народных песень для голасу і фартэпіяна, і яшчэ 11 для мяшанага хору. Ён таксама напісаў «Беларускую рапсодыю» для сымфанічнага аркестру, п’есу для скрыпкі на тэму калядкі з Пружанскага павету «Дар Белай Русі», музыку для п’есы Васіля Шашалевіча «Апраметная» (пастаўленая ў БДТ-2 у 1926).
А ў Вільні Рыгор Шырма шчыра сябраваў зь беларускім кампазытарам К. Галкоўскім, які апрацаваў чатыры беларускія песьні — «Там пад гаем зеляненькім», «Ой, маці, маці», «Пайшла дзяўчынка ў лес за грыбамі», «Ой, чумача, чумача» — запісаныя Шырмам у Шакунах. Атрыманыя ад гэтых асобаў апрацоўкі адразу правяраліся ў хорах гімназіі ў другой палове 20-х і Беларускага саюзу студэнтаў у 30-я гады. Апошні, заснаваны Шырмам у 1931, пасьля таго, як зь ім стаў выступаць выдатны саліст-інтэрпрэтатар родных песень Міхась Забэйда-Суміцкі, стаў выдатнай мастацкай зьявай у Заходняй Беларусі. Хор БСС вельмі часта выступаў у Вільні для моладзі, вернікаў розных рэлігій, простых гараджанаў.
Акрамя таго, Р. Шырма ўдзельнічаў у дзясятках зьездаў ТБШ, прачытаў сотні лекцыяў па беларускай культуры, выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песні» (1929) і «Наша песня» (1938). У 1927 выпусьціў зборнік вершаў «Шум баравы», а ў 1936 — «З сялянскіх ніў» папулярнага ў Заходняй Беларусі паэта Міхася Васілька. Рыгор Раманавіч першым разглядзеў магутны талент удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Максіма Танка, адклаў выданьне сваіх фальклёрных запісаў і на ахвяраваныя грошы выдаў першы «пабіты шматкроп’ямі» і адразу ж канфіскаваны зборнік паэта «На этапах» (1936), а затым два наступныя зборнікі «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938). Прапагандаваў творчасьць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая, выдаваў таксама кнігі Сяргея Крыўца.
Узрослая папулярнасьць Р. Р. Шырмы яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў непакоіла польскую санацыю. Спачатку яна дабілася яго звальненьня з пасады настаўніка гімназіі «за наладжваньне камсамольскіх ячэек» (1928), тройчы арганізоўвала судовыя працэсы ў першай палове 30-х, спрабавала спакусіць «цёплым месцам» за згоду выйсьці з кіраўніцтва ТБШ. Аднойчы віленскі ваявода Бацянскі нават прапанаваў Шырму прадаць фальклёрныя запісы, каб перакласьці іх і выдаць як польскія, на што зьбіральнік гнеўна адказаў: «Каб перакласьці народныя песьні, трэба геній Адама Міцкевіча, а так як у вас яго няма, то гэта будзе тое самае, што абліць гэты белы абрус атрамантам!» У адказ на абвінавачаньні ў камунізаваньні ТБШ Шырма сьмела заявіў на працэсе 1933 году: «За вашымі пышнымі судзейскімі тогамі я бачу свае паляшуцкія сьвіткі, дзеля асьветы якіх мы працуем, і з гэтага кірунку нас не саб’е ніхто і ніколі». Ад бясьсільля паліцыя пайшла нават на правакацыю, выпусьціўшы фальшыўку, што Шырма зьяўляецца агентам дэфэнзывы, ды прагрэсіўная грамадзкасьць на яе не паддалася. Судовыя акцыі, перасьледы цягнуліся да далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Сядзеў у вядомай турме «Лукішкі». Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны польскія баевікі па ўказцы лёнданскага ўраду намагаліся забіць Рыгора Шырму, але ня здолелі знайсьці яго на здымнай кватэры ў Беластоку, ані ў Шакунах[5].
Зь літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933 году. У 1933 разам з Фэліксам Стацкевічам пачаў выдаваць часопіс «Летапіс ТБШ» (з 1936 «Беларускі летапіс»), у 1939 стаў супрацоўнікам «Калосься». Наладжваў беларускія музычныя перадачы на польскім радыё, у сярэдзіне 1930-х адным зь першых дзеячоў культуры падтрымаў праграму Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст з народнафронтаўскай газэтай «Наша воля».
Савецкі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ужо 1 лістапада 1939 году Шырму ўручылі мандат на стварэньне прафэсійнага калектыву. Шырма зьбірае вакол сябе таленавітых сьпевакоў, у тым ліку і многіх былых удзельнікаў віленскіх хораў, і пачынае мэтанакіраваную працу зь імі ў Беластоку. У канцы 1940 Беларускі ансамбль песьні і танцу пад яго кіраўніцтвам зь вялікім посьпехам выступае ў Менску, а ў траўні 1941 — на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.
З пачаткам вайны калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль паехалі на Каўказ, а пасьля ў Краснаярск. Тут Рыгор Шырма быў арыштаваны нквдыстамі і сядзеў у турме да сакавіка 1942 року. Пасьля перавезены на Лубянку, дзе допыты ладзіліся да жніўня. Падчас аднае з размоваў адзін з гэбэшнікаў паведаміў, што яны расправіліся «з апошнім вашым галоўным нацыяналістам», маючы на ўвазе Янку Купалу[9]. Вызвалены па хадайніцтве Я. Коласа перад П. Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан, дзе працаваў настаўнікам сярэдняе школы.
У 1943 року Рыгор Шырма атрымаў дазвол выехаць да жонкі, якая знаходзілася з капэляй на гастролях. У ліпені 1944 ансамбль вярнуўся ў Менск. З восені 1944 (у 1950 перайменаваны ў Дзяржаўны хор БССР) плённа працуе ў Горадні. Шырма заняўся падрыхтоўчай працай па пераўтварэньні ансамбля ў акадэмічны хор. Ён прыцягнуў да мастацкай апрацоўкі народных песень беларускіх кампазытараў Мікалая Аладава, Анатоля Багатырова, Яўгена Цікоцкага, Пётру Падкавырава, Рыгора Пукста, Уладзімера Алоўнікава, Васіля Яфімава, Нестара Сакалоўскага, Самуіла Палонскага, Дзьмітрыя Лукаса, Эдзі Тырманд, І. Кузьняцова, а таксама прадстаўнікоў іншых народаў Васіля Залатарова, Вісарыёна Шабаліна, Андрэя Пашчанку, Дзьмітрыя Васільева-Буглая, Рыгора Лабачова, Аляксея Копасава, Мікалая Калессу, Міхаіла Верыкоўскага, Аляксандра Ленскага, Аляксандра Фляркоўскага, Г. Сьмірнову, Віктара Белага, Якава Саладуху, Марыяна Каваля, Язэпа Мядыня і інш[10].
У 1952 Дзяржаўны хор пераяжджае ў Менск, а ў 1955 бліскуча выступае на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, пасьля якой Р. Шырму было прысвоена званьне Народнага артыста БССР. Ягоны ансамбль атрымаў назву Дзяржаўная харавая капэла Беларускай ССР (з 1957 — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР).
У 1964 стаў адным з заснавальнікаў грамадзкай арганізацыі «Беларускае таварыства па сувязях з суайчыньнікамі за рубяжом(be)».
У 1970 пад ціскам вымушаны быў падаць на звальненьне з пасады мастацкага кіраўніка капэлы[9]. У адным са сваіх інтэрвію Зянон Пазьняк згадвае, як у сярэдзіне 70-х прыйшоў да Рыгора Шырмы з просьбай падпісаць зварот да Брэжнева ў абарону ад зруйнаваньня старога Менску. Шырма не адмовіўся ад подпісу, нягледзячы на тое, што ягоныя сяброўскія стасункі з Машэравым, тагачасным першым сакратаром ЦК КПБ, пагоршыліся, але руйнаваньне спынілася[11].
У 1966—1978 старшыня праўленьня Саюзу кампазытараў БССР і сакратар праўленьня Саюзу кампазытараў СССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 4 — 9 скліканьняў (1955—1978). Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1966 году. Чалец КПСС з 1959 року.
Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Народны артыст БССР (1949)
- Народны артыст СССР (1955)
- Герой Сацыялістычнай Працы (2 лютага 1977)
- Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1946)
- два ордэны Леніна (1967, 1977)
- ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971)
- ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1962)
- ордэн «Знак Пашаны» (1944)
- баўгарскі Ордэн Кірыла і Мяфодзія II ступені
- мэдалі
- ляўрэат Дзяржаўных прэмій БССР за канцэртна-выканаўчую дзейнасьць (1966) і за «Беларускія народныя песьні ў апрацоўках для хору» (1974).
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснаваная Рыгорам Шырмам харавая капэла у 1978 атрымала ягонае імя.
Імя Рыгора Раманавіча Шырмы носяць Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР, Пружанская дзіцячая школа мастацтваў[12] і Берасьцейскі музычны каледж[13]. Якаў Малайчук стварыў у Пружанах музэй Шырмы[12], у сярэдняй школе №150 г. Менску з харавой спэцыялізацыяй створаная яму прысьвечаная экспазыцыя.
Адна з цэнтральных вуліц гораду Пружаны носіць ягонае імя, а ў 2008 імем Рыгора Шырмы названая вуліца і ў Менску.
Мэмарыяльныя дошкі павешаныя на хатах, дзе ён жыў, у Вільні, Горадні[14], Менску.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень.
- «Беларускія народныя песні» (1929)
- Мастацкая песьня ў Заходняй Беларус. // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 58—62.
- «Наша песня» (1938)
- «Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі» (1947)
- «Беларускія песні» (1955)
- «Школьны спеўнік» (1957)
- «Выбраныя песні з репертуару Дзяржаўнага хору БССР» (1958)
- «Дзвесце беларускіх народных песень» (1958)
- «Беларускія народныя песні» (т. 1, 1959; т. 2, 1960; т. 3, 1962; т. 4, 1976)
- «Спявае Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР» (1966)
- «Беларускія народныя песні (для хору)» (т. 1, 1971; т. 2, 1973)[15]
- «Песня — душа народа: Публіцыстыка; Фальклёр; Музыка; Літаратура: 1929—1939; 1944—1974» — Мн., 1976;
- «Песня — душа народа: З літаратурнай спадчыны». Мн., 1993.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Identifiants et Référentiels (фр.) — ABES, 2011.
- ^ дзядзькава жонка
- ^ Рыгор Шырма / складальнік В.Дз.Ліцьвінка. — Мн.: «Беларусь», 1990. — С. 5.
- ^ а б Евгений Днепровский. Красный псаломщик (рас.). Гістарычная брама №1 (25) 2010 г.. Праверана 11 студзеня 2012 г.
- ^ а б в г Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… Ч. 2 // Раённыя будні. — 21 сакавіка 2012. — № 23 (9469). — С. 5.
- ^ Рыгор Шырма / складальнік В. Дз. Ліцьвінка. — Мн.: «Беларусь», 1990. — С. 6.
- ^ Народная Дзяляціцкая капэла Культура. Замкавая гара. Праверана 13 лютага 2012 г.
- ^ Андрэй Вашкевіч. Віктар Роўда: «Шырма „пілаваў“ на скрыпцы, аднак хор у яго спяваў ідэальна» // Народная воля. — 20 студзеня 2010.
- ^ а б Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… Ч. 3 // Раённыя будні. — 4 красавіка 2012. — № 27 (9473). — С. 5.
- ^ ШИРМА Григорий Романович (рас.) Белорусский хоровой портал Праверана 13 лютага 2012 г.
- ^ Владимир Глазов. Партитура жизни Рыгора Ширмы. К 120-летию уроженца музыкальной Пружанщины // Брестский курьер. — 25 студзеня 2012. — № 04 (1092).
- ^ а б Інеса Галаўніцкая. Дзве пяцёркі прафесіяналаў // Культура.
- ^ Постановление Кабинета Министров Республики Беларусь от 12 августа 1994 г. №14 «О присвоении имени Григория Ширмы Брестскому музыкальному колледжу». (рас.) Права — заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Валеры Леванеўскі. Праверана 13 лютага 2012 г.
- ^ Віктар Парфёненка, Ганна Васілевіч. (20 студзеня 2012) Рыгору Шырме — 120 гадоў. Радыё Рацыя. Праверана 13 лютага 2012 г.
- ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 406.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Песня на ўсё жыццё: Успаміны пра Р.Р.Шырму / Аўтар-складальнік В.Ліцвінка. — Мн.: 1983.
- Рыгор Шырма / Аўтар-складальнік В.Дз.Ліцвінка. — Мн.: «Беларусь», 1990. — 64 с. — 1600 ас.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Нисневич И.Г. Р.Р.Шырма: Агляд жыцьця й творчасьці = Г.Р.Ширма: Очерк жизни и творчества. — 2 выданьне. — Л.: 1971.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭ, 1992. — 456 с. — 7500 ас. — ISBN 5-85700-094-7
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 20 студзеня
- Нарадзіліся ў 1892 годзе
- Памерлі 23 сакавіка
- Памерлі ў 1978 годзе
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Народныя артысты СССР
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Нарадзіліся ў Пружанскім павеце (Гарадзенская губэрня)
- Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
- Беларускія грамадзкія дзеячы
- Беларускія дырыгенты
- Беларускія кампазытары
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Беларускія публіцысты
- Беларускія фальклярысты
- Савецкія дырыгенты
- Савецкія кампазытары
- Савецкія фальклярысты
- Народныя артысты Беларускай ССР
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР
- Сябры Саюзу кампазытараў БССР
- Сябры Саюзу кампазытараў СССР
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР
- Асобы Пружанаў
- Дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Сябры Таварыства беларускай школы
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Вязьні Лукіскай турмы
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы
- Асобы на марках