Устаўныя граматы БНР
Устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі — дакумэнты, прынятыя Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду і Радай БНР у лютым і сакавіку 1918 году, у якіх абвяшчалася воля беларускага народу датычна сваёй нацыянальна-дзяржаўнай будучыні.
Першая Ўстаўная грамата
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прынятая Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду 21 лютага 1918 году ў Менску.
Першая Ўстаўная грамата заклікала беларускі народ зьдзейсьніць сваё права на «поўнае самавызначэньне», а нацыянальныя меншасьці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэньне, аўтары граматы сьцьвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыцьцяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.
Другая Ўстаўная грамата
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прынятая Выканаўчым камітэтам Ўсебеларускага зьезду 9 сакавіка 1918 году ў Менску.
У межах расьсяленьня й колькаснай перавагі беларускага народу абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.
Абвяшчаліся правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі: вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ страйкаў‚ хаўрусаў; вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы й памяшканьня; права народаў на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; роўнасьць усіх моваў народаў Беларусі. Скасоўвалася прыватная ўласнасьць на зямлю, абвяшчалася пра перадачу зямлі бяз выкупу тым‚ хто на ёй працуе; лясы‚ азёры й нетры зямлі абвяшчаліся дзяржаўнай уласнасьцю. Уводзілася найбольшая працягласьць працоўнага дню ў 8 гадзінаў.
Трэцяя Ўстаўная грамата
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прынятая Радай БНР 25 сакавіка 1918 году ў Менску.
Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.
Рада БНР выступіла з патрабаваньнем перагледзець Берасьцейскую мірную дамову. На землях былой Расейскай імпэрыі, дзе жыве й мае колькасную перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная, незалежная дзяржава; у склад яе ўвайшлі Магілёўская, Мінская, Віцебская, беларускія часткі Гарадзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губэрняў. Пацьвярджаліся таксама правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 году.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — 760 с. — ISBN 985-11-0295-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8