(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Эдзі Агняцьвет — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Эдзі Агняцьвет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эдзі Агняцьвет
лац. Edzi Ahniaćviet
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Эдзі Каган
Нарадзілася 28 верасьня (11 кастрычніка) 1913
Памерла 17 ліпеня 2000(2000-07-17) (86 гадоў)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, перакладніца, паэтка, дзіцячая пісьменьніца, пісьменьніца
Гады творчасьці 1929—2000
Жанр дзіцячая літаратура[d]
Мова беларуская мова
Дэбют 1929
Узнагароды
ордэн «Знак Пашаны»

Э́дзі Агняцьве́т, сапр. Эдзі Кага́н, (11 кастрычніка 1913, Менск — 17 ліпеня 2000) — беларуская дзіцячая паэтка, перакладчыца.

Нарадзілася ў сям’і служачых. Скончыла 7-годку, працавала на менскім заводзе «Камунар» (1930), год вучылася ў менскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленьне літаратурнага факультэта Менскага вышэйшага пэдагагічнага інстытуту (1934). Завочна вучылася на пэдагагічным аддзяленьні літфака пэдінстытуту (1934—1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934—1938), кансультантам у кабінэце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940—1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Ўзбэкістане. У 1945—1946 працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1937).

Дэбютавала вершамі ў 1929 годзе. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленьне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданьне» (1971), «Спадзяваньне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянэрскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госьць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянэрская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Сьмех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песьня пра піянэрскі сьцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданьне ў 1979), кніга для чытаньня ў 4 клясе «Роднае слова» (з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Аўтарка лібрэта опэраў для дзяцей «Джанат» (1962), «Марынка» (1956).

Пераклала на беларускую творы Пушкіна, Някрасава, Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г. Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М. Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985).

У яе перакладзе з францускай выйшлі кнігі П.-Ж. Бэранжэ «Выбраныя песьні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталёгія францускай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюпэры «Маленькі прынц» (1969), Г. Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П. Элюара «З табою» (1980).

Эдзі Каган пісала даносы на беларускага пісьменьніка Станіслава Шушкевіча, сасланага ў высылку. Гэтая гісторыя апісваецца сынам пісьменьніка, Станіславам Шушкевічам, у кнізе «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР»:

«У вестыбюлі гасцініцы „Расія“ была ў мяне яшчэ адна няпростая сустрэча з беларускай дзіцячай паэткай Эдзі Агняцвет… Мая маці, бацька і Эдзі былі аднакурснікамі і закончылі літаратурны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Маці неаднойчы мне казала, што Эдзі Сямёнаўна — адзіная яе сяброўка, якая засталася з ёю ў самых добрых адносінах пасля зняволення бацькі. Некаторыя іншыя адвярнуліся ад жонкі „ворага народа“ або проста перасталі заўважаць. А вось Эдзі не змяніла свайго стаўлення: сустракалася, прыходзіла да нас, маці — да яе і г. д. „Эдзі — прыстойны, вельмі вартасны чалавек“, — гаварыла маці.

Потым з высылкі вярнуўся бацька і расказаў наступнае. У турме ад яго патрабавалі напісаць даносы на некалькіх чалавек. Абяцалі за гэта вызваліць. Бацька катэгарычна адмовіўся. Яго пачалі пераконваць: не будзь святым, усе так робяць. Маўляў, такі крок — узаемавыгодны. Усіх пастрашаць і адпусцяць на свабоду. Бацька не паверыў і працягваў адмаўляцца. Тады следчы паказаў даносы на яго, напісаныя Эдзі Каган (Агняцвет) і Алесем (Айзікам) Кучарам. Следчы сказаў: напішаш на ўсіх, выйдзеш на волю, усе разам зберыцёся і пасмяецеся ўволю. Мы ўсіх адпусцім і справы вашыя закрыем. Бацька адмовіўся.»