Авантуры Пранціша Вырвіча
Авантуры Пранціша Вырвіча | |
---|---|
| |
Жанр | гісторыка-прыгодніцкі раман |
Аўтар | Людміла Рублеўская |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата першай публікацыі | 2012 |
Выдавецтва | Выдавецкі дом «Звязда» |
Цыкл | Святло мінуўшчыны |
Носьбіт | Кніга |
Электронная версія | |
ISBN | 978-985-90277-6-5 |
«Авантуры Пранціша Вырвіча» — серыя раманаў беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай, гепталогія, гістарычнае беларускае фэнтэзі[1][2]. Галоўныя героі — шляхціч Пранціш Вырвіч і доктар Баўтрамей Лёднік. Падзеі адбываюцца ў XVIII стагоддзі[3].
Галоўныя героі
[правіць | правіць зыходнік]Пранціш Вырвіч — галоўны герой. Сын праваслаўнага ваколічнага (шарачковага, загонавага) шляхціча Вырвіча з Падняводдзя гербу «Гіпацэнтаўр», бедны і горды, пазбаўлены магчымасці пасля навучання ў Менскім езуіцкім калегіуме працягваць адукацыю[4]. Характар эмацыянальны і няўрымслівы[3].
Баўтрамей Лёднік — полацкі доктар і алхімік, захоплены ідэямі Асветніцтва. Вучыўся ў Празе і Лейпцыгу. Праваслаўны.
Змест кніг
[правіць | правіць зыходнік]Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
[правіць | правіць зыходнік]Першая кніга гепталогіі. Выдадзена ў 2012 годзе выдавецкім домам «Звязда» ў Мінску. Перавыдадзена ў 2018 годзе.
У 1759 годзе небагаты шляхціц, збеглы вучань Менскага езуіцкага калегіуму, васямнаццацігадовы Пранціш Вырвіч трапляе ў неверагодныя прыгоды. За медны шэлег ён набывае алхіміка доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацку, разам з якім яны акунаюцца ў віхуру магнацкіх інтрыг і барацьбы за сталец Рэчы Паспалітай. Героі пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку. Яны выратуюць Сільфіду, паездзяць у жалезнай чарапасе Леанарда да Вінчы, здабудуць дзіду Святога Маўрыкія. Выканаюць даручэнне Аляксандра Сапегі, пабываюць на абедзе ў князя Гераніма Радзівіла, паўдзельнічаюць у раскрыцці змовы менскага магістрату супраць Пане Каханку[5].
У 2013 годзе кніга намінавана на прэмію Ежы Гедройца[5].
Авантуры студыёзуса Вырвіча
[правіць | правіць зыходнік]Другая кніга гепталогіі. Выдадзена ў 2014 годзе выдавецкім домам «Звязда» у Мінску.
Полацкі доктар Баўтрамей Лёднік і студыёзус (студэнт) Пранціш Вырвіч падарожнічаюць праз усю Еўропу XVIII стагоддзя. Пранціш ужо студэнт Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік — суровы яе прафесар. Падчас падарожжаў ім давядзецца ажыўляць ляльку-аўтамат на імя Пандора, забіваць цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе, а таксама выблытвацца з магнацкіх інтрыг вакол стальца Рэчы Паспалітай[6].
«Авантуры студыёзуса Вырвіча» абрана «Кнігай года — 2015» (арганізатар праекта Беларускі ПЭН-цэнтр)[7].
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
[правіць | правіць зыходнік]Трэцяя кніга гепталогіі. Выдадзена ў 2014 годзе выдавецкім домам «Звязда» ў Мінску.
Героі шукаюць езуіцкія скарбы ў сутарэннях пад Менскам, падарожнічаюць разам з чорным магам і егіпецкай прынцэсай у адной карэце, і нават апынуцца на балі ў палацы расійскай імператрыцы. Яны будуць высвятляць каму павінна належыць карона святога Альфрэда. Падзеі ў кнізе адбываюцца ў першыя гады праўлення Станіслава Панятоўскага, у век плашча і шаблі.
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
[правіць | правіць зыходнік]Чацвёртая кніга гепталогіі. Выдадзена ў 2017 годзе выдавецкім домам «Звязда» ў Мінску.
Першапачаткова раман часткова быў надрукаваны ў трох нумарах часопіса «Полымя» — № 8, 9, 10 за 2015 год. Затым раман быў цалкам выдадзены ў электронным фармаце ў выдавецтва «Янушкевіч» у 2016 годзе.
Падзеі напачатку рамана адбываюцца ў Францыі, а затым пераносяцца ў Беларусь. Галоўныя героі шукаюць спосаб выжыць у падводнай лодцы, выратоўваць на судзе Саламею Лёднік, б’юцца з Германам Ватманам, працуюць як двайныя агенты і на канфедэратаў, і на караля. Апроч усяго, ізноў сваю ролю сыграе карона святога Альфрэда. А ў канцы Пранціш Вырвіч нарэшце становіцца шчаслівым — бярэ шлюб, які робіцца новай авантурай[8].
«Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» ў 2017 годзе адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Найлепшы празаічны твор».
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
[правіць | правіць зыходнік]Пятая кніга гепталогіі. Выдадзена ў 2019 годзе выдавецкім домам «Звязда» ў Мінску[9].
Першапачаткова ўрывак з рамана друкаваўся ў часопісе «Полымя» у 2018-м[10][11]. Урывак з яшчэ неапублікаванай пятай кнігі стаў тэкстам «Агульнанацыянальнай дыктоўкі», якая прайшла 2 чэрвеня 2018 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[12].
Падзеі адбываюцца ў час пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на тое, што Лёднік — член усёмагутнай Адукацыйнай камісіі (якая дзейнічае пад патранажам караля), яму не пазбегнуць непрыемнасцей. Галоўныя героі ўцягнуты ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, які пайшоў па стопах бацькі. Бандзе Чорнага Доктара давядзецца разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка — панны Праксэды. Герояў апынуцца ў сутарэннях Ашмянскага замка, палётаюць на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, трапяць у снежную лавіну ў Татрах, пагасцююць у Пацучынага Караля і апынуцца ў жалезнай клетцы ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл.
Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі
[правіць | правіць зыходнік]Шостая кніга гепталогіі. Выдадзена ў 2020 годзе выдавецкім домам «Звязда» ў Мінску[13].
Падзеі адбываюцца ў XVIII стагоддзі. Шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка ўцягваюць у палітычныя інтрыгі апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай. Героі абараняюць камень з кароны Карла Вялікага, вандруюць па падземнай рацэ, ажыўляюць механічнага шахматыста, удзельнічаюць у страшнай гульні Святога Пятра і пазнаёмяцца з Чорнай Меланхоліяй.
Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка Менскага
[правіць | правіць зыходнік]Сёмая, заключная кніга гепталогіі.
Першапачаткова ўрывак з рамана друкаваўся ў часопісе «Полымя» ў 2022-м годзе (№ 8—10)[1][14].
Доктар Лёднік, амаль зламаны пад цяжарам папярэдніх трагічных падзей, усё ж вяртаецца ў вір палітычных хітраспляценняў апошніх гадоў Рэчы Паспалітай. Побач з доктарам — вартая яго жанчына Чорная Меланхолія. Ізноў каханне афарбоўвае свет герояў у свае непаўторныя адценні… Даводзіцца не толькі ратаваць сваіх блізкіх са зняволення, але і абараняць таямніцу полацкіх сутарэнняў, якую зноў хочуць прыўлашчыць хціўцы[15].
Пераклады на рускую мову
[правіць | правіць зыходнік]Пераклад твора на рускую мову здзейсніў Павел Ляхновіч.
- Рублевская Л. Авантюры Прантиша Вырвича. — М.: Престиж Бук, 2017. — 448 с. — ISBN 978-5-371-00609-7.
- Рублевская Л. Авантюры студиозуса Вырвича. — М.: Престиж Бук, 2019. — 400 с. — ISBN 978-5-371-00694-3.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- 2015 год — другая кніга серыі «Авантуры студыёзуса Вырвіча» абрана «Кнігай года — 2015» (арганізатар праекта Беларускі ПЭН-цэнтр)[7].
- 2016 год — серыя раманаў пісьменніцы «Авантуры Пранціша Вырвіча» ўвайшла ў ТОП-5 кніг аўтараў-жанчын ад Выдавецкага Дома «Звязда»[2].
- 2017 год — чацвёртая кніга серыі, «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Найлепшы празаічны твор»[16]
- 2019 год — Пяцікніжжа пра прыгоды Пранціша Вырвіча ўвайшло ў «Топ-10 найлепшых кніг часоў беларускай незалежнасці» паводле партала Onliner.by[17]
Экранізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Летам 2018 года «Беларусьфільм» анансаваў пачатак здымак фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча» паводле рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», першай кнігі з серыі[18]. Кастынг на галоўныя ролі завяршыўся ў кастрычніку[19]. Дыялогі ў фільме будуць гучаць на рускай мове з далейшай мэтай прадаць кіно ў Расію і для паказу на кінафестывалях[20]. Для паказу ў беларускіх кінатэатрах фільм будзе прадубляваны на беларускай мове, дзякуючы чаму поўнаэкранная версія пойдзе на беларускай. Да здымання прыступілі 18 лютага, у гэты дзень была ўрачыста разбітая талерка з імёнамі здымачнай групы[18]. Праца над карцінай завяршылася ў снежні 2019 года[18][20].
Адмыслова для здымак быў створаны танк на паравым рухавіку[21], які апісваецца ў кнізе як «жалезная чарапаха», танк паводле чарцяжоў Леанарда да Вінчы. Здымкі праходзілі ў гістарычных лакацыях Беларусі — у Мірскім, Нясвіжскім і Лідскім замках[22], у Смалявічах, Снове, Бабруйску, Гальшанах[23].
Адлюстраванне вобразу і кнігі ў культуры
[правіць | правіць зыходнік]Кнігу згадвае ў сваёй дзённікавай прозе «Заўтра была адліга—2»[K 1] Віктар Шніп:
«2.12.2014. Удзельнічаў у прэзентацыі трэцяй кнігі „Авантуры Пранціша Вырвіча“ Людмілы Рублеўскай. Дзякуючы Ярашу Малішэўскаму і ягоным музычным інструментам у „Кніжным салоне“ быў створаны антураж XVIII стагоддзя, і я праз некалькі хвілін забыўся, што на вуліцы мароз і вечар. У імпрэзе ўдзельнічалі Адам Мальдзіс, Алесь Карлюкевіч, Ганна Запартыка, Ганна Кісліцына, Ганна Бутырчык, Дзяніс Марціновіч, Андрэй Жвалеўскі, Алег Грушэцкі, Наста Грышчук, Ксенія Шталянкова, дырэктар „Кніжнага салона“ Ала Зміёва. Падчас прэзентацыі адбыўся віртуальны кастынг на ролі галоўных герояў „Авантур“. Большасць прысутных выказалася за тое, каб у цыкла пра прыгоды Вырвіча быў працяг. Прапаноўвалі пазбавіцца ад жонак і нявест галоўных герояў рознымі садысцкімі спосабамі. Адаслаць герояў у Рым, Амерыку, Афрыку. Зрабіць сенатарамі, піратамі, вандроўнікамі. На працягу ўсёй прэзентацыі я адчуваў няёмкасць з-за таго, што некаторым Людміліным чытачам давялося стаяць больш за дзве гадзіны, бо, на жаль, у кнігарні ім не хапіла крэслаў…»[24].
Рэцэнзіі
[правіць | правіць зыходнік]- Аляшкевіч Маргарыта. Лара Крофт у полацкіх сутарэннях . Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца (8 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
- Бязлепкіна Aксана. Шкаляр і алхімік супраць постмадэрнізму(недаступная спасылка). Звязда (20 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2012. Праверана 29 лістапада 2014.
- Весялуха Марына. Новыя прыгоды Вырвіча і Лёдніка // Звязда (Мінск), 31 ліпеня 2014 — с.11
- Весялуха Марына. 5 прычын пасябраваць з Вырвічам і Лёднікам(недаступная спасылка) (24 сакавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2017.
- Грышчук Наста Шпацыр над вялікім вірам // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 12 снежня 2014. — В. 4798. — № 49. — С. 7. Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2014.
- Грышчук Наста Трэсачкі на беларускіх хвалях // Літаратура і мастацтва : Газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 11 ліпеня 2014. — В. 4776. — № 27. — С. 7. Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2015.
- Кісліцына Ганна. Беларускі раман плашча і шпагі(недаступная спасылка). Bookster.by (24 чэрвеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 4 снежня 2014.
- Елена Чижевская «Рублевский» жанр нашей литературы // Нёман : часопіс. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 2019. — № 2.
- Янкута Ганна. Як напісаць гісторыю . Будзьма беларусамі! (21 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2013. Праверана 30 лістапада 2014.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б Грушэцкі А.. Шляхціц Вырвіч завяршыў свае прыгоды . Новы Час (18 кастрычніка 2022). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2022. Праверана 19 кастрычніка 2022.
- ↑ а б Топ-5 кніг аўтараў-жанчын ад Выдавецкага Дома “Звязда” . Звязда (5 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2016. Праверана 5 сакавіка 2016.
- ↑ а б Бязлепкіна А.. Шкаляр і алхімік супраць постмадэрнізму(недаступная спасылка). Звязда. Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2012. Праверана 20 снежня 2012.
- ↑ Прэзентацыя новай кнігі Людмілы Рублеўскай — 24 студзеня . Саюз беларускіх пісьменнікаў. Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2016. Праверана 29 лістапада 2014.
- ↑ а б Пра кнігу(недаступная спасылка). Беларускі ПЭН-цэнтр. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 17 лістапада 2014.
- ↑ Авантуры студыёзуса Вырвіча . LiveLib. Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2014. Праверана 17 лістапада 2014.
- ↑ а б ПЭН-цэнтр абраў пераможцаў першай прэміі "Кнігі года"(недаступная спасылка). TUT.BY (25 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2015. Праверана 28 мая 2015.
- ↑ Весялуха М.. Экслібрыс «Звязды». Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата . Звязда (27 студзеня 2017). Праверана 19 лютага 2017.
- ↑ Грушэцкі А.. Цікавосткі на XXVI Міжнароднай кніжнай выставе . Новы Час (5 лютага 2019). Праверана 19 лютага 2019.
- ↑ Рублеўская Л.. Пранціш Вырвіч вяртаецца! Пятая кніга “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара” . Сайт пісьменніцы Людмілы Рублеўскай (26 ліпеня 2018). Праверана 19 лютага 2019.
- ↑ Авантуры Вырвіча з банды чорнага доктара . Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (22 кастрычніка 2018). Праверана 29 снежня 2018.
- ↑ Брушко Д.. У некалькіх месцах хацелася падглядзець, як правільна пісаць”. Як прайшла “Агульная дыктоўка(недаступная спасылка). TUT.BY (2 чэрвеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2018. Праверана 29 снежня 2018.
- ↑ Шыцька Я. У кожнага выдавецтва ёсць свая ніша, у якой хочацца развівацца // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: 13 снежня 2019. — В. 5054. — № 48. — С. 10.
- ↑ Берлеж М.. Надрукавана ў «Полымі»: Жнівеньскі нумар . Звязда (16 жніўня 2022). Праверана 22 верасня 2022.
- ↑ Шпакоўская Т. Няспраўджаны манах і сапраўдны кіт // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Звязда», 2023-06-16. — В. 5233. — № 24. — С. 10.
- ↑ Цімошык Л. СЛОЎныя перавагі // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 8 верасня 2017. — В. 4939. — № 36. — С. 4.
- ↑ Культавы Станкевіч, нобелеўская Алексіевіч, народны Быкаў. Топ-10 найлепшых кніг часоў беларускай незалежнасці . Onliner.by (5 лютага 2019). Праверана 5 лютага 2019.
- ↑ а б в Грушэцкі А.. Пачаліся здымкі фільма пра прыгоды Пранціша Вырвіча . Новы Час (19 лютага 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2019. Праверана 19 лютага 2019.
- ↑ Папова В.. На «Беларусьфильме» продолжаются кастинги к фильму «Авантюры Прантиша Вырвича» (руск.). СБ. Беларусь сегодня (2 кастрычніка 2018). Праверана 29 студзеня 2019.
- ↑ а б Леановіч Ю.. На "Беларусьфильме" началась работа над "Авантюрами Прантиша Вырвича" по роману Людмилы Рублевской (руск.). СБ. Беларусь сегодня (18 жніўня 2018). Праверана 29 студзеня 2019.
- ↑ Лукашэвіч В.. Танк . youtube (15 лістапада 2018). Праверана 29 студзеня 2019.
- ↑ Панкратава Н.. Авантуры не аднаго дня(недаступная спасылка). Культура (16 сакавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2019. Праверана 20 сакавіка 2019.
- ↑ Молакава В.. У сутарэннях гісторыі і фантазій(недаступная спасылка). Культура (16 сакавіка 2019). Праверана 20 сакавіка 2019.
- ↑ Шніп, В. А. Заўтра была адліга—2 // Полымя : часопіс. — 2015. — № 7. — С. 96. Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Грышчук Наста Не забі ў сабе падлетка, або Чаму людзям падабаюцца авантуры? // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 17 ліпеня 2015. — № 28. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2018.