(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Азулежу — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Азулежу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Азулежу на будынку ў Алівейра-дзі-Аземейш  (руск.)

Азулежу (парт.: azulejo) — назва партугальскай кафлі  (руск.). Традыцыйны партугальскі азулежу ўяўляе сабой распісаную цагляную плітку, часцей за ўсё квадратнай формы, абпаленую, паліваную, памерам 14 см на 14 см.

Першапачаткова слова zulaycha або zuleija («маленькі паліраваны каменьчык») прыйшло ў партугальскую мову з арабскай. Керамічныя кафлі выраблялі на старажытным Усходзе і выкарыстоўвалі для абліцоўвання сцен. Арабы прынеслі з сабой паліваную кафлю (зуляйдж  (руск.)) у Іспанію (дзе яна стала называцца «асулехас») і Партугалію (дзе тое ж самае слова прамаўлялася «азулежу»).

Самыя старыя азулежу ў Партугаліі (Каралеўскі палац у Сінтры, манастыр Кансейсан  (парт.) у Бежы) прыйшлі з Севільі і адносяцца да XV стагоддзя. Іх паверхня рэльефная, перагародкі і канаўкі прадухілялі непажаданае змешванне фарбаў. Арнамент, па мусульманскай традыцыі, складаўся ў асноўным з зорак.

Далейшая эвалюцыя

[правіць | правіць зыходнік]
Азулежу на гарадскіх варотах Обідуша  (укр.)

У XVI стагоддзі ў італьянцаў была перанятая тэхніка маёлікі з нанясеннем фарбаў на плоскую паверхню, пакрытую цынкавай глазурай. З Італіі прыйшлі таксама і новыя тэмы, напрыклад, сцэны з антычных міфаў. Матывы жывапісу — часткай арнаментальныя, часткай натуралістычныя — станавіліся ўсё больш разнастайнымі і маляўнічымі.

З сярэдзіны XVII стагоддзя ў тэхніцы азулежу адбываюцца змены, звязаныя з нарастальным імпартам з Галандыі. Замест звыклай шматколернасці мастакі пачалі выкарыстоўваць выключна кантраст паміж белым колерам і кобальтавым сінім, а ў якасці сюжэтаў аддавалі перавагу выкарыстоўванню жанравых кампазіцый. У перыяд ракако (другая палова XVIII стагоддзя) азулежу зноў сталі паліхромнымі з перавагай далікатных тонаў (напрыклад, у палацы Келуш).

Сапраўды народным гэта мастацтва стала ў сярэдзіне XIX стагоддзя дзякуючы масавай прамысловай вытворчасці. З гэтага часу бліскучымі кафлямі пачынаюць упрыгожваць не толькі палацы і храмы, але таксама вонкавыя і ўнутраныя сцены самых розных пабудоў[1].

Музей азулежу

[правіць | правіць зыходнік]

У Лісабоне ёсць музей керамікі  (укр.), дзе наглядна прадстаўлена развіццё гэтак характэрнага для Партугаліі кафлянага мастацтва ад пачатковых этапаў да нашых дзён. Адзін з экспанатаў уяўляе сабой панараму Лісабона даўжынёй 40 м, выкананую ў 1730 годзе, якая паказвае, якім быў горад да яго разбурэння пры землятрусе 1 лістапада 1755 года.

Зноскі

  1. "Азулежу - Португалия, Лиссабон. Здесь человек счастлив"(руск.). 2017-05-22. Архівавана з арыгінала 11 лістапада 2017. Праверана 2017-07-11. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 лістапада 2017. Праверана 4 красавіка 2022.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 лістапада 2017. Праверана 4 красавіка 2022.
  • Азулежу.рф Міні-партал аб азулежу
  • azulejos.fr Гісторыя і галерэя азулежу