Асіповічы
Горад
Асіповічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Асіпо́вічы[2] (трансліт.: Asipovičy) — горад у Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Асіповіцкага раёна, на р. Сіняя. Размешчаны за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 3 км ад аўтамабільнай дарогі Мінск — Гомель. Буйны чыгуначны вузел: лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы. Насельніцтва 31 298 чал. (2017)[3].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паводле мясцовага падання назва горада звязана з асілкам Осіпам, які меў карчму паблізу цяперашніх Асіповічаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаванне
[правіць | правіць зыходнік]У адрозненне ад іншых мястэчак сучаснай Беларусі, Асіповічы з’яўляюцца параўнальна маладым населеным пунктам. Гісторыя мястэчка цесна звязаная з пракладкай праз Асіповічы Лібава-Роменскае чыгункі ў другой палове XIX ст.
На XVIII ст. прыпадае імаверны час узнікнення паселішча[4]. У 1777 годзе паводле тарыфа Слуцкай парафіі, у Асіповічах было 16 дымоў[4].
У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Асіповічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па падзеле ўвайшлі ў склад Бабруйскага павета Мінскай губерні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павета гэтага ж года з’яўляліся ўласнасцю Дамініка Гераніма Радзівіла, размяшчаліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэта ж рэвізіі, у тагачасных Асіповічах налічвалася 83 мужчынскія душы і 71 жаночая, існавала карчма[4].
У другой палове 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Мінскай губерні адбыўся рэйд 3-тысячнага атраду палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і цераз Асіповічы, аднак 4 верасня быў разбіты пад Любанню[5].
У 1872 годзе за 2 км ад Асіповічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала сорак чалавек. У 1880—1890 гадах у Асіповічах збудаваныя два лесапільныя заводы, млын, адкрыта паштовае аддзяленне[6]. Станам на 1890 год станцыя Асіповічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасля Рудзенска і Беразіна, а ў 1896 годзе была пракладзена вузкакалеўка Асіповічы — Дараганава. Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года засведчыў існаванне на месцы сучасных Асіповічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіповічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманнем 78 гаспадарак, чыгуначнай станцыі з насельніцтвам каля ста жыхароў і ўтрыманнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзвесце чалавек з утрыманнем 3 гаспадарак і наяўнасцю заезнага двара і чатырох крамаў. Пазней гэтыя населеныя пункты зліліся і ўтварылі сучаснае адзінае паселішча[6]. У 1899 годзе каля станцыі Асіповічы збудавалі лесапільны завод, праз 5 гадоў — яшчэ адзін, а таксама млын і некалькі жылых будынкаў. У 1900 годзе Асіповічам нададзены статус гарадскога паселішча [7].
Развіццё
[правіць | правіць зыходнік]На пачатак XX ст. у Асіповічах было каля 150 будынкаў, 246 двароў; працавалі школа для дзяцей чыгуначнікаў і царкоўна-прыходская школа, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; з прамысловых прадпрыемстваў — паравознае дэпо, і два лесапільныя заводы, два млыны, сукнаваляльня, воўнабітная майстэрня, піварозліўны завод, таксама шэраг дробных кавальскіх, бандарных, каўбасных, гандлёвых і іншых устаноў. У 1900 годзе засноўваецца шпалапрапітны завод, праз дзевяць гадоў — смаляны, таксама ў 1909 годзе адкрыўся тэлеграфны пункт. Існуюць звесткі пра існаванне ў тагачасных Асіповічах большай колькасці двароў (больш за трохсот), 41 вуліцы і аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек. У 1917 годзе перапіс насельніцтва засведчыў пражыванне ў Асіповічах прыкладна 4 200 чалавек[6]. На той момант у складзе Бабруйскага павета ўваходзілі ў склад Замашанскай воласці[8].
Рэвалюцыйны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1905 года працоўнымі Асіповічаў была зладжана першая забастоўка, працоўныя шпалапрапітачнага завода 17 сакавіка 1908 года арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы, якая, аднак, была здушана паліцыяй і салдатамі. Летам 1915 года адбыліся салдацкія хваляванні на чыгуначнай станцыі. Па рэвалюцыі ў Расіі 1917 года ў Асіповічах былі ўсталяваны савецкія органы ўлады, што адбылося ў лістападзе, у снежні гэтага ж года быў створаны мясцовы чырвонагвардзейскі атрад[6].
З 19 лютага па май 1918 года Асіповічы былі заняты польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, адразу ж пасля чаго ў рамках парушэння расійска-нямецкага міру ад 15 снежня 1917 года Германія акупавала мястэчка, што працягвалася да 4 снежня 1918 года[6]. Гэтыя змены на фронце былі замацаваны дзякуючы Брэсцкаму міру, заключанаму 3 сакавіка 1918 года. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Бабруйскі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў мястэчку дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР. Разам з тым, на фоне Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і адклікання нямецкіх войск у снежні 1918 года бальшавікі занялі большую частку Мінскай губерні, пасля чаго Асіповічы апынуліся ў складзе Заходняе вобласці Расіі.
1 студзеня 1919 года Заходняя вобласць распускаецца, Бабруйскі павет фармальна перадаецца ў склад абвешчанай ССРБ. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня наступнага года тэрыторыя горада знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай[6], дзе размяшчалася ў Бабруйскім павеце Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель, пасля чаго на кароткі час трапляе ў склад Бабруйскага павета Літоўска-Беларускай ССР, якая ўжо 31 ліпеня 1920 года была распушчана з перадачай земляў цэнтральнай Беларусі ў склад новаўтворанай БССР. У часы польскай акупацыі ў наваколлях горада дзейнічала партызанка агульным складам каля 200 чалавек[6], дзейнічаў асобны атрад на чале з Я. Багдановічам і А. Каральком[9].
Савецкі час
[правіць | правіць зыходнік]Са студзеня 1922 года Асіповічы становяцца цэнтрам воласці і праз два гады ўваходзяць у склад Бабруйскай акругі БССР, дзе становяцца цэнтрам раёна, 17 ліпеня 1924 года Асіповічы атрымліваюць статус мястэчка[6]. Варта адзначыць, што Асіповічы не былі закрануты перадачай земляў усходу беларускага этнічнага арэалу ў склад РСФСР, што адбылося праз два тыдні пасля абвяшчэння ССРБ у 1919 годзе. З 1930 года, пасля скасавання акруговага падзелу, Асіповіцкі раён стаў непасрэдна ўваходзіць у склад БССР, а 20 лютага 1938 года ўвайшоў у склад Магілёўскай вобласці[10].
У 1921 годзе пра чыгуначнай станцыі быў адкрыты клуб «Чырвоны кастрычнік», дзе існавала таксама бібліятэка-чытальня. У наступным годзе збудоўваюцца электрастанцыя, у 1923 годзе — бібліятэка. У 1925 годзе адкрытыя бальніца і амбулаторыя, у 1927 годзе — дзіцячы сад, праз пяць гадоў — маслазавод і маторна-трактарная станцыя[6].
15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць статус горада. Паводле даваеннага перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 1939 годзе, у Асіповічах пражывала 1 694 яўрэяў, якія складалі 12,34 % ад агульнай колькасці жыхароў горада. У 1941 годзе ў Асіповічах працавалі дзве сярэднія школы, два дзіцячыя сады, дзве амбулаторыі, бальніца, дванаццаць прамысловых прадпрыемстваў з каля дзвюх тысяч працаўнікоў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, маторна-трактарная станцыя, маслазавод, прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка і чатыры арцелі («Перадавік», «Прагрэс», «Звязда», «Чырвоны хімік»). З 1931 года дзейнічала чыгуначнае адгалінаванне ў бок Магілёву[6].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўначы з 22 на 23 чэрвеня 1941 года немцамі была дзейснена першая бамбардзіроўка Асіповічаў. Горад быў акупаваны 30 чэрвеня 1941 года падраздзяленнямі 2-й танкавай групы Гудэрыяна. Тэрыторыя Асіповічаў пры гэтым не знаходзілася ў складзе Генеральнай акругі Беларусь, а увайшла ў зону ваеннага тылу групы арміі «Цэнтр». У 1941 годзе на поўдні горада было створана яўрэйскае гета, куды нацыстамі была сагнана пераважная большасць пакінутых у горадзе яўрэяў. Гета ліквідавана ў 1942 годзе.
У ліпені 1941 года створаная падпольная суполка КП(б)Б, якой 14 кастрычніка 1942 года рушыла ўслед стварэнне суполкі ЛКСМБ, абедзве дзейнічалі да 2 ліпеня 1944 года. Таксама разгортвалі дзейнасць падпольнікі, якія распаўсюджвалі ў горадзе савецкія СМІ, і партызанскія групы: першая Асіповіцкая, першая Бабруйская, 161-я імя Р. І. Катоўскага партызанскія брыгады, з ліпеня 1943 года — Асіповіцкая ваенна-аперацыйная група. У 1943 годзе было створана каля дваццаці падпольных камсамольскіх груп. 30 ліпеня 1943 года на чыгуначнай станцыі Асіповічы была здзейснена дыверсія, падчас якой было знішчана чатыры эшалёны, у тым ліку эшалён з танкамі Тыгар. Наогул падчас падпольнай дзейнасці ў Асіповічах было знішчана трыццаць эшалёнаў і пашкоджана 70 паравозаў, рабіліся рэйды на адміністрацыйныя будынкі, знішчаліся прадпрыемствы[11]. 26 чэрвеня 1944 года над Асіповічамі ўзноўлены кантроль СССР дзякуючы войскам Першага Беларускага фронту[6].
У 1946 годзе на вуліцу Кастрычніцкую (паўднёвы ўсход Асіповічаў) з вёскі Зборск Асіповіцкага раёна пераносяць праваслаўную Царкву Узвышэння Святога Крыжа, якая была пабудавана ў 1826 годзе ў гэтай вёсцы ў стылі народнага дойлідства на сродкі графа Завішы і раней звалася Свята-Казьмадзям’янаўская. Як сведчаць жыхары горада, набажэнствы ладзіліся кожныя выходныя без перапынкаў не зважаючы на адмоўнае стаўленне савецкай улады да праяваў рэлігійнага жыцця вернікаў[12].
25 верасня 1944 года Асіповічы застаюцца раённым цэнтрам, пераходзячы ў падначаленне Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — зноў у складзе Магілёўскай вобласці. З 25 снежня 1962 года Асіповічы пераходзяць у склад Бабруйскага раёна, пасля 7 сакавіка 1963 года атрымліваюць статус горада абласнога падпарадкавання, але выходзяць са складу Бабруйскага раёна толькі 6 студзеня 1965 года. Станам на 1959 год у горадзе пражывала 15,8 тыс. чал.[6]
У часы другой паловы XX ст. горад значна пашырыў свае межы, у ім пачалі дзейнічаць або працягвалі сваю дзейнасць завод аўтаагрэгатаў, хлебазавод, маслазавод, кардонна-руберойдавы завод, завод жалезабетонных канструкцыяў, камбінат хлебапрадуктаў, кансервавы завод, фабрыка канцылярскіх тавараў; пяць сярэдніх агульнаадукацыйных школаў, школа-інтэрнат, музычная школа, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, сярэдняя вячэрняя школа, адзінаццаць дашкольных устаноў, міжшкольны вытворчы камбінат, дом піянераў і школьнікаў, два клубы, дзевяць бібліятэк, два кінатэатры[6].
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]З 25 жніўня 1991 года — у складзе незалежнай Беларусі. У 2002 годзе на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што ў цэнтры горада, быў усталяваны помнік у выглядзе раней дзеючага паравоза Эм726-23, перад якім усталяваная памятная шыльда (варта адзначыць, што на шыльдзе змешчаны надпіс, дзе сцвярджаецца пра заснаванне горада ў 1872 годзе; гл. фота ніжэй). 3 студзеня 2005 года былі зацверджаны два ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць выкарыстанне сцяга і герба Асіповічаў[13]. З гэтага ж перыяду вядзецца пабудова новых шматкватэрных дамоў на паўночным усходзе горада, здзейсненая рэканструкцыя пешаходнага мосту над чыгуначнымі шляхамі станцыі Асіповічы. З лета 2013 года з чыгуначнай станцыі Асіповічы ў бок Бабруйску працягнутыя кантактныя лініі, якія дагэтуль заканчваліся ў Асіповічах, што дазволіла фарміраванне цягнікоў па маршрутах Мінск — Бабруйск і Мінск — Жлобін на аснове электрычнай цягі.
У 2018 годзе з вёскі Цэль у Асіповічы перадыслакавана 465-я ракетная брыгада. У 2023 годзе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 1 лютага паведаміла, што брыгада атрымала для самастойнай эксплуатацыі аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Асіповічаў станам на 2010 год пражывае каля 34,4 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ўрбанізацыя СССР была выканана паспяхова і па сённяшні дзень у горад мігруюць патокі насельніцтва як з Асіповіцкага раёна, так і з суседніх раёнаў, аднак моладзь часцей выязджае на пастойнае жыхарства і заробкі ў Мінск.
- XVIII стагоддзе: 1793 год — 154 чал. (82 муж. і 71 жан.).[4]
- XIX стагоддзе: 1897 год — 526 чал. у вёсцы Асіповічы, 200 чал. у селішчы Асіповічы, 100 чал. у станцыі Асіповічы.[14].
- XX стагоддзе: 1904 год — 1 178 чал.; 1913 год — 1 244 чал.; 1917 год — 4 200 чал.[6]; 1939 год — 13,7 тыс. чал.[6]; 1959 год — 15,8 тыс. чал.[6]; 1974 год — 23 тыс. чал.[15]; 1991 год — 34,6 тыс. чал.[16]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 34,3 тыс. чал.; 2009 год — 32 543 чал.[17]; 2013 год — 32,3 тыс. чал.; 2016 год — 31 498 чал.[18]; 2017 год — 31 298 чал.[3]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У Асіповічах працуюць прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, перапрацоўцы драўніны, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Працуюць РУП «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», СП ААТ «Дах», ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат», Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый, РУП «Асіповіцкі завод камунальнага машынабудавання», ААТ «Асіповіцкі камбінат хлебапрадуктаў», Парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца», ЗАТ «Алтимед», ТАА «Кубокстрой».
Паблізу ад горада (на поўнач) на рацэ Свіслач размяшчаецца Асіповіцкая ГЭС.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Працуе рынак, існуе дзве гасцініцы, два кінатэатры, рэстараны («Радзіма»), клубы, вялікая колькасць дробных прадуктовых крамаў, некалькі ўніверсамаў, некалькі банкавых і паштовых аддзяленняў. Вагоннае і лакаматыўнае дэпо.
-
Будынак адміністрацыі
-
Аўтобусны вакзал
-
Паліклініка
-
Чыгуначны вакзал
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Працуюць гісторыка-краязнаўчы музей, Асіповіцкі раённы цэнтр культуры і клуб дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства. Дзейнічаюць чатыры бібліятэкі: адна дзіцячая і тры агульнага карыстання.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Асіповічах дзейнічаюць 4 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, Асіповіцкая беларуская гімназія, Асіповіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, 1 спецыяльная школа — інтэрнат, спартыўная школа, школа мастацтваў, дзве музычныя школы.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе працуюць стадыёны «Юнацтва», «Лакаматыў», «Алімпіец», фізкультурна-аздараўленчыя комплексы на АЗАА і Асіповіцкім заводзе «Камаш». Папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца клубы «Юны дэсантнік», прыхільнікаў цяжкай атлетыкі «Мускул», аэробікі, валейбола, «Бадзёрасць», мотавеласпорту, шахматна-шашачны «Дэбют».
У чэрвені 2003 года прайшла рэгістрацыя дзяржаўнай установы — фізкультурна-спартыўнага футбольнага клуба «Асіповічы».
Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Дамінуючым кампанентам у планіроўцы горада з’яўляецца лінія Лібава-Роменскай чыгункі, якая праходзіць цераз Асіповічы, гэтая лінія падраздзяляе мястэчка на дзве прыкладна роўныя часткі, паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю. Большая частка вуліц спланаваная перпендыкулярна. На захадзе горада, паміж вуліцамі Гарбатава і Сташкевіча, праходзіць аўтамабільны мост над чыгункай, які дублюе іншы аўтамабільны пераезд на ўсходзе горада, паміж вуліцамі Якуба Коласа і Крыловіча.
Крайнюю поўнач і паўночны ўсход мястэчка займаюць кварталы сучаснай забудовы. Агулам большая частка забудовы (асабліва ў паўднёва-заходняй палове горада) прыватная, існуе некалькі кварталаў «сталінскай» забудовы і некалькі спальных раёнаў са шматпавярховых жылых дамоў. На захадзе горада чыгуначныя магістралі падзяляюцца на два рукавы — пасажырскі (на поўначы) і таварны (на поўдні), між імі забудова адсутнічае за выняткам невялікага кварталу на крайнім усходзе Асіповічаў.
У цэнтральнай частцы горада, пры вуліцы Інтэрнацыянальная, размяшчаецца чыгуначная пасажырская станцыя Асіповічы, поруч з якой размешчаная аўтастанцыя. На крайнім захадзе Асіповічаў таксама дзейнічае станцыя Юбілейны.
Рэкрэацыйныя зоны
[правіць | правіць зыходнік]- Парк 50 гадоў Кастрычніка (вул. Абрасімава)
- Гарадскі парк (вул. Юбілейная)
На Свіслачы, за 5 км ад горада стварылі Асіповіцкае вадасховішча (1953), якое стала галоўнай зонай адпачынку гараджан.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Крыжаўзвіжанская царква (пабудаваная ў 1826 годзе ў в. Зборск, у 1946 годзе перавезеная ў Асіповічы)
- Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы (2000)
- Каталіцкі касцёл (2005)
- Пратэстанцкі храм
- Асабняк «Дом Жукава»
- Могілкі яўрэйскія.
- Гарадская забудова пачатку ХХ стагоддзя:
- Воданапорная вежа
- Службовыя карпусы на чыгуначнай станцыі
- Чыгуначная бальніца
- Чыгуначная школа
- Помнік Крыловічу
- Брацкая магіла (1944), вул. Абросімава, у парку — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000049
- Стаянка (3—2-е тысячагоддзі да н.э.), на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, за 0,5 км на поўдзень ад шашы Бабруйск — Мінск, на левым беразе р. Сіняя — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000662
-
Свята-Крыжаўзвіжанская царква
-
Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
-
Асабняк «Дом Жукава»
-
Пратэстанцкі храм
-
Чыгуначная школа
-
Чыгуначная бальніца
-
Помнік лакаматыву ЭМ 726-23, пастаўлены з нагоды 130-годдзя горада
-
Яўрэйскія могілкі
-
Помнік асіповіцкім яўрэям-ахвярам Халакосту, поўдзень горада, ля скрыжавання вуліц Працоўна-Сялянскай і Казлоўскай
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Генадзь Яфімавіч Булдаў (нар. 1928) — беларускі архітэктар.
- Зіновій Самуілавіч Гарэлік (1904—1968) — камандзір роты, Герой Савецкага Саюза.
- Юрый Альфрэдавіч Дарашкевіч (нар. 1962) — беларускі жывапісец.
- Ніна Васілеўна Каменская (1913—1986) — беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1959). Доктар гістарычных навук (1959), прафесар (1961).
- Яфім Якаўлевіч Клапер (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
- Уладзімір Крукоўскі (нар. 1937) — беларускі мастак-плакатыст.
- Фёдар Андрэевіч Крыловіч (1916—1959) — кіраўнік партызанскай дыверсійнай групы ў гады вайны. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Барыс Аляксандравіч Майстрэнка (1924—1945) — камандзір танка, Герой Савецкага Саюза. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Эма Віталеўна Новікава (нар. 1946) — беларускі архітэктар.
- Тамара Рыгораўна Раеўская — беларуская спявачка.
- Георгій Іванавіч Шпак (нар. 1943) — расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал-палкоўнік, камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі ў 1996—2003 гадах, 5-ы губернатар Разанскай вобласці (2004—2008)
- Аляксей Рыгоравіч Шчэрба (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ а б в г ЭнцВКЛ 2005, с. 257
- ↑ Грыцкевіч А. Паўстанне 1794 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п ЭГБ 1993
- ↑ Собрание узаконений и распоряжений Правительства, издаваемое при Правительствующем сенате. — СПб.: Сенат. тип., 1900. — С. 5116—5117
- ↑ SgKP 1886, s. 604
- ↑ Ладысеў, У. Ф. Беларусь на пераломе эпох // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. XIX—XX стст. — С. 318. — 655 с.
- ↑ Административно-территориальное деление Беларуси (руск.). Белорусский научно-исследовательский центр электронной документации. Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Літвін А. М. Асіповіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- ↑ Мордаунт, Юрий. Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крестовоздвиженская церковь (руск.). Radzima.org (22 кастрычніка 2009). Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Геральдические символы (руск.). Афіцыйны партал Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Исторические хроники Осиповичского района Архівавана 4 снежня 2009. на Могилевский областной исполнительный комитет Архівавана 4 снежня 2009.
- ↑ Осиповичи // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Осиповичи // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 года Архівавана 18 верасня 2010. // Белстат (руск.)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Асіповіцкага раёна. — Мн., 2002.
- Анішчанка Я. Асіповічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 257. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Валахановіч А. І., Дулеба Г. І. Асіповічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Асіповічы Архівавана 19 ліпеня 2010. // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- A. Jelski. Osipowicze (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 640.
- Осиповичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Зорин В. П. Осиповичи. Историко-экономический очерк. ― Мн. Беларусь, 1982. с. 94. 20000 экз.
- Осиповичи: история и современность (посвящается 140-летию города). Сост. А. Землянухина и др. ― Мн.: Белстан, 2012. с. 255.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Асіповічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Асіповічы на OpenStreetMap
- Асіповічы на сайце Radzima.org
- Надвор’е ў горадзе Асіповічы