Чэрыкаў
Горад
Чэрыкаў
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Чэ́рыкаў[3] (трансліт.: Čerykaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чэрыкаўскага раёна, на рацэ Сож, на скрыжыванні аўтадарог Магілёў — Касцюковічы і Бабруйск — Крычаў. За 77 км ад Магілёва, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў. Насельніцтва 8165 чал. (2017)[4].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]У форме «Чериков» назва сустракаецца ўжо ў 1699 г. Назва Чэрыкаў антрапанімічнага, адыменнага паходжання. На ўсходзе цяперашняй Беларусі частыя прозвішчы з фармантам -ік- (> -ык-), пасля якога можа быць канцавы суфікс -аў.
Асновы, якія пашыраюцца фармантам -ік-, могуць пашырацца і іншымі фармантамі або самастойна ўтвараць аснову прозвішча, як у шэрагу: Біба — Бібоў — Бібель — Бібік, Бібікаў[5]. Мяркуецца, што гэты фармант з дымінутыўным (памяншальным) значэннем[6]. Паводле паходжання ён балцка-славянскі, бо ёсць таксама ў літоўскай і прускай мовах[7][8].
Корань Чэр- таксама ў такіх прозвішчах з усходу Беларусі тыпу Чэ́ранда, Чэ́расеў, Чэ́рачэнь. Этымалогія гэтага кораня ў беларускай антрапаніміі недастаткова прасветленая[9]. Той жа корань у балцкіх азёрных назвах Чэрас (каля Мёраў і ў вярхах ракі Таропы), ад кораня Ker-[10].
Асабістае імя, што легла ў аснову назвы Чэрыкаў, В. Жучкевіч прапаноўваў звязваць са словамі чертить, чертало[11], але пакідаў па-за ўвагай скарачэнне Чэр-т- у Чэр-. Згодна з народна-этымалагічнай версіяй, на месцы пазнейшага Чэрыкава «рэзалі авечак», каб аплаціць даніну татарам, і назва паселішча пайшла ад выразу «чырык (авечак)»[12].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўпамін пра Чэрыкаў датуецца 1460[12]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) ён увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1578 годзе мястэчка стала цэнтрам староства Магілёўскай эканоміі.
У пачатку XVII стагоддзя Чэрыкаў атрымаў статус горада[13]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду Магдэбургскае права[13] і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам з дзідай у руцэ»[14].
У кастрычніку 1648 года казакі на чале з Крывашапкай занялі Чэрыкаў, адкуль рабілі набегі на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяводства. Неўзабаве казакоў разбіў аддзел полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад спустошылі маскоўскія захопнікі[13].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус горада і стаў цэнтрам павета Мсціслаўскай правінцыі (у 1796—1802 гадах — Беларускай, пазней — Магілёўскай губерні). У 1781 годзе расійскія ўлады даравалі яму новы герб. На 1787 год у горадзе было 300 дамоў, дзейнічалі 2 царквы, працавала школа. У 1789 годзе адкрылася 2-класнае вучылішча. У канцы XVIII стагоддзя праз Чэрыкаў прайшоў тракт Магілёў — Чавусы — Крычаў — Мсціслаў, у XIX стагоддзі — Маскоўска-Варшаўская шаша. У гэты час на Сажы існавалі тры прыстані; праводзіліся конныя кірмашы, працаваў цукровы завод. На 1811 год у горадзе было 364 двары, на 1839 год працавалі 2 плісавыя, 1 палатняная, 1 гарбарная, 1 паташная і 2 медзеплавільныя мануфактуры. У пачатку 1840-х гадоў — 380 драўляных і 2 мураваныя будынкі, працавалі 39 крамаў, на 1848 год — 407 дымоў.
У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) Я. Жукоўскі сфарміраваў у Чэрыкаве паўстанцкі аддзел, які пазней злучыўся з Горацкім аддзелам Л. Звяждоўскага. На 1865 год у горадзе было 15 мураваных (астрог, 2 адміністрацыйныя будынкі, паштовая станцыя, застаўны шашэйны дом, 9 крамаў і 2 жылыя дамы) і 566 драўляных будынкаў (царква, касцёл, 4 малітоўныя школы, 54 крамы, гарадскі млын, 505 жылых дамоў). План складаўся з 4 плошчаў, 12 вуліц, 13 завулкаў, частка з якіх была брукаванай. На 1880 год у Чэрыкаве было 564 будынкі. У 1886 годзе пачала дзейнічаць метэаралагічная станцыя[15]. У 1904 годзе ў горадзе працавалі 23 дробныя прадпрыемствы, 162 рамеснікі, бальніца на 20 ложкаў. У 1913 годзе працавалі вінны завод, лесапільна-мукамольны завод, млыны.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чэрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чэрыкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай, у 1927—1930 гг. Магілёўскай акругі, з 1938 года — у Магілёўскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 17 ліпеня 1941 года да 1 кастрычніка 1943 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1959—1962 і 1965—1966 гадах Чэрыкаў уваходзіў у склад Крычаўскага раёна, у 1962—1965 гадах — у склад Краснапольскага раёна. У 2002 годзе адбылося афіцыйнае зацвярджэнне гістарычнага гарадскога герба[16].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVII стагоддзе: 1649 год — 2 тыс. чал.[13]
- XVIII стагоддзе: 1777 год — 906 чал.[17]; 1787 год — больш за 3 тыс. чал.
- XIX стагоддзе: 1811 год — 355 муж.[18]; 1861 год — 3 877 чал.; 1880 год — 3 853 чал.[19]; 1897 год — 5,2 тыс. чал.[20]
- XX стагоддзе: 1910 год — 6 198 чал.[21]; 1939 год — 6,4 тыс. чал.; 1959 год — 4,9 тыс. чал.; 1965 — 5 тыс. чал.[22]; 1970 год — 5,4 тыс. чал.[20]; 1991 год — 8,3 тыс. чал.; 1995 год — 9,0 тыс. чал.[20]
- XXI стагоддзе: 2002 год — 8,6 тыс. чал.[23]; 2006 год — 8,5 тыс. чал.; 2008 год — 8,5 тыс. чал.; 2015 год — 8184[24]; 2016 год — 8149 чал.[25]; 2017 год — 8165 чал.[4]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прамысловасці. База юных турыстаў. Гасцініца.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць дом культуры, Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, бібліятэкі.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Чэрыкаве працуюць 2 сярэднія, вячэрняя, спартыўная школы, школа мастацтваў.
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]У сучасным плане горада галоўныя вуліцы з’яўляюцца працягам аўтамагістраляў. У цэнтры ўтварылася 3—5-павярховая забудова. У цэлым жа пераважаюць будынкі сядзібнага тыпу. Вядзецца будова 5-павярховых дамоў.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1862—1869 г., дзейнічае).
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (XIX ст., дзейнічае ў прыстасаваным будынку).
- Шпіталь (канец XIX — пачатак XX ст.)
- Гістарычная забудова (XIX — пач. XX ст., захавалася часткова).
- Геалагічнае агаленне «Чэрыкаў» — помнік прыроды республіканскага значэння.
- Помнікі: землякам, савецкім воінам, партызанам, ахвярам фашызму.
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква (2-я пал. XIX ст.)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Меер Велькавіч Басін — рэвалюцыянер.
- Аляксандр Аўксенцевіч Варончанка — наркам асветы БССР.
- Іван Герасімавіч Зубовіч (1901—1956) — савецкі дзяржаўны дзеяч, міністр прамысловасці сродкаў сувязі СССР (1946—1947).
- Віктар Філімонавіч Карамазаў (1934—2023) — беларускі пісьменнік.
- Сяргей Кузьміч Качаеў (1953—2011) — беларускі архітэктар.
- Нінэль Сяргееўна Краўкова (нар. 1935) — беларускі архітэктар.
- Дзмітрый Яфімавіч Лур’е (1921—1993) — савецкі архітэктар.
- Ісак Ісакавіч Любан (1907—1975) — беларускі кампазітар.
- Аркадзь Якаўлевіч Хесін — спецыяліст па прыкладным тэлебачанні.
- Леанід Фёдаравіч Яўменаў — філосаф, пісьменнік, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 53.
- ↑ М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 7.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 329.
- ↑ G. Gerullis. Balt.-slav. Suffix -īĸ- // Zeitschrift für vergleichende Sprachforschung auf dem Gebiete der Indogermanischen Sprachen. 50. Bd., 3./4. 1922. C. 248.
- ↑ М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 457.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 153—154.
- ↑ В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 401.
- ↑ а б История на Чериковский районный исполнительный комитет
- ↑ а б в г Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 748. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 252.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ Геральдика на Чериковский районный исполнительный комитет
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. С. 334.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. С. 335.
- ↑ Chmara A. Czeryków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 850.
- ↑ а б в Беларусь 1995.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. С. 337.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. С. 339.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. С. 335.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Чэрыкаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 763. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 748. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 544 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0452-5.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрыкаўскага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 1994. — 660 c.: іл. — ISBN 985-06-0020-9.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чэрыкаў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Чэрыкаў на OpenStreetMap
- м. Чэрыкаў на Radzima.org
- Чэрыкаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Афіцыйныя дакументы і матэрыялы аб раёне // Магілёўская абласная бібліятэка(недаступная спасылка)
- Надвор’е ў горадзе Чэрыкаў