Выдра, або звычайная выдра, або парэшня (Lutra lutra) — від драпежных млекакормячых сямейства куніцавых, які вядзе паўводны спосаб жыцця; адзін з трох відаў роду выдр (Lutra).
Выдра — даволі буйны звер з выцягнутым, гнуткім целам абцякальнай формы. Даўжыня цела — 55-95 см, хваста — 26-55 см, маса — 6-10 кг. Тулава гнуткае, мускулістае, лапы кароткія, пальцы злучаны перапонкамі. Хвост мускулісты, непухнаты.
Афарбоўка поўсці: зверху цёмна-бурая, бліскучая, знізу светлая, серабрыстая. Асцёвыя валасы грубыя, але апушша вельмі густое і пяшчотнае. Будова яе цела прыстасаваная для плавання пад вадой: плоская галава, кароткія лапы, доўгі хвост і гідрафобная поўсць.
Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўночна-Заходняй Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, найбольш у паўночных і цэнтральных зонах; нешматлікая.
Сустракаюцца на захламленых рэках з абрывістымі берагамі, незамярзаючымі ямамі і перакатамі, каля старыц, па азёрах з густой расліннасцю па берагах, буйных каналах і ў іншых мясцінах, багатых рыбай.
Тэрытарыяльны від, межы сваіх участкаў рэгулярна маркіруе. Селіцца ў норах або іншых укрытых сховішчах. Актыўная пераважна ноччу. Добра плавае і нырае. Корміцца пераважна рыбай, зрэдку ракамі, вадзянымі пацукамі, жабамі.
Жыве да 11 гадоў. Палавой спеласці самкі дасягаюць на дргім, самцы — на трэцім-чацвёртым годзе жыцця. Цяжарнасць 61—63 сутак, дзіцяняты (2—5) нараджаюцца найчасцей у красавіку — чэрвені. Малыя кормяцца малаком самкі да 2,5 месяцаў, плаваць яны пачынаюць у двухмесячным узросце. На працягу 8—10 месяцаў трымаюцца разам з самкай, якая яшчэ падкормлівае дзіцянят.
Аб’ект промыслу дзеля цёплага і прыгожага футра.