Камандорскія астравы
Камандорскія астравы | |
---|---|
руск. Командорские острова | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 2 |
Найбуйнейшы востраў | востраў Берынга |
Агульная плошча | 1 846 км² |
Найвышэйшы пункт | 755 м |
Насельніцтва | 676 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 0,37 чал./км² |
Размяшчэнне | |
54°45′ пн. ш. 167°00′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Алеуцкія астравы |
Акваторыя | Берынгава мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Камандорскія астравы (руск.: Командорские острова) — група з 2 буйных астравоў (Берынга і Медны) і мноства дробных астраўкоў і скал у Берынгавым моры. Уваходзяць у склад Камчацкага края Расіі, дзе фарміруюць адміністрацыйную адзінку — Алеуцкі раён. Агульная плошча — 1846 км². Адзіны населены пункт — Нікольскае. Насельніцтва (2010 г.) — 676 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Камандорскія астравы фактычна з’яўляюцца заходняй ускраінай Алеуцкай астраўной дугі. Знаходзяцца ў 340 км на захад ад астатняй часткі Алеуцкіх астравоў, якія ўваходзяць у склад ЗША, у 537 км на паўночны ўсход ад Петрапаўлаўска-Камчацкага, у 6832,3 км ад Масквы і 7309,3 км ад Мінска. Архіпелаг складаецца з 2 буйных астравоў — Берынга (1667 км²) і Меднага (186 км²). Паміж імі прасціраецца праліў Адмірала Кузняцова. Астатнія астравы (Тапаркоў, Арый Камень, Камень Алеут, Сівучыя Камяні, Бабровыя Камяні і інш.) уяўляюць сабою невысокія надводныя скалы, населеныя марскімі птушкамі.
Камандорскія астравы маюць вулканічнае паходжанне. Сфарміраваліся ў выніку субдукцыі тэктанічных пліт (гл. Тэктоніка пліт). На іх знешняе аблічча паўплывалі буйныя разломы паўночна-ўсходняга і субшыротнага прасцірання. Яны вызначылі розніцу ў складзе паўночнай і паўднёвай частак вострава Берынга, а таксама ў накіраванасці рачных далін.
Лічыцца, што вулканічная актыўнасць у мінулым падзялялася на 3 перыяды:
- Глыбакаводны (50 — 40 млн гадоў таму)
- Плыткі (20 — 15 млн гадоў таму)
- Завяршальны (5 — 2 млн гадоў таму)
На поўнач ад вострава Берынга знаходзіцца група падводных вулканаў, якія, відавочна, застаюцца актыўнымі. У наш час назіраецца паступовае падняцце сушы. Яно суправаджаецца землятрусамі.
Карысныя выкапні: гіпс, пуцалан, медзь (на востраве Медным), агат, яспіс, зялёныя туфы і г. д. Яны не маюць прамысловага значэння, але могуць выкарыстоўвацца ў мясцовым будаўніцтве і рамеснай вытворчасці.
Для паўднёвай часткі вострава Берынга і вострава Меднага ўласцівы скалісты ўзгоркавы рэльеф. На поўначы вострава Берынга высокія горы спалучаюцца з далінамі. Найвышэйшы пункт — гара Стэлера (755 м) — знаходзіцца на востраве Берынга.
На Камандорскіх астравах шмат рэк і азёр. Асабліва вылучаецца вялікае возера Саранае на поўначы вострава Берынга.
Клімат марскі вільготны. Знаходзіцца ў залежнасці ад халодных акіянічных плыняў. Зіма пачынаецца ў кастрычніку і працягваецца да канца красавіка. Для яе характэрна вялікая колькасць снежных ападкаў, аднак узровень тэмператур адносна высокі. Сярэднія тэмпературы вагаюцца ад −4 °C у лютым да +10 °C у жніўні.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Флора астравоў бедная. Пераважаюць травяністыя і хмызняковыя расліны. Спробы вырасціць на астравах прывезеныя дрэвы скончыліся няўдачай. Хмызняковыя формы бяроз, верб і рабіны сустракаюцца пераважна ўздоўж рэк і рэдка перавышаюць 1,5 м. Астатнія землі заняты тундрай, дзе можна знайсці палеглыя формы хвояў і ядлоўца.
На Камандорскіх астравах адсутнічаюць земнаводныя і рэптыліі. Затое мясцовая фаўна багата на марскіх птушак і ластаногіх. На сушы сустракаюцца блакітныя пясцы, амерыканскія норкі, чырвоныя палявыя мышы, пацукі і паўночныя алені. У рэках і азёрах нерастуюць ласосепадобныя.
Для аховы ўнікальнай прыроды астравоў у 1993 г. быў арганізаваны біясферны запаведнік, які ахоплівае большую частку Камандораў, акрамя паўночнай часткі вострава Берынга, дзе жывуць людзі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Камандорскія астравы атрымалі сваю назву ў гонар капітана-камандора Вітуса Берынга, які адкрыў іх 4 лістапада 1741 г. падчас сваёй другой экспедыцыі. Сам В. Берынг і значная частка экіпажа былі хворыя на цынгу. Экспедыцыя спынілася ў адной з бухт вострава Берынга і разбіла лагер. 8 снежня 1741 г. В. Берынг памёр. Асноўныя даследаванні вострава, які быў ненаселены, правёў Георг Вільгельм Стэлер. Экспедыцыя пакінула востраў Берынга толькі 14 жніўня 1742 г.
У 1874 г. на месцы смерці В. Берынга быў усталяваны драўляны крыж, у 1966 г. — мемарыял у форме крыжа. У 1991 г. былі праведзены археалагічныя раскопкі, экзгумавана цела В. Берынга. Вывучэнне яго чэрапа паказала, што партрэт, які звычайна прыпісваюць камандору, на самой справе належаў яго сваяку.
Востраў Медны быў адкрыты расійскімі здабытчыкамі футра ў 1748 г. Атрымаў сваю назву дзякуючы знойдзенаму на ім радовішчу медзі.
У 1799 г. Камандорскія астравы трапілі ў карыстанне Руска-Амерыканскай кампаніі. З 1805 г. тут пачалася здабыча футра ластаногіх. У 1825—1826 гг. для арганізацыі сталых паселішчаў былі завезены алеуты і руска-алеуцкія крэолы. Аднак варварскія метады здабычы прывялі да значнага збяднення мясцовай фаўны і непрыбытковасці здабычы футра.
У 1866 г. Алеуцкія астравы разам з Аляскай былі прададзены ЗША. Аднак Камандорскія астравы фармальна засталіся ў складзе Расіі. Згодна паданню, гэта адбылося выпадкова, паколькі падчас размежавання Аляксандр II абапёрся на карту локцем, і выява астравоў на ёй не была заўважана. Таксама існуе версія, што Камандорскія астравы на карце зусім не былі пазначаны. У краязнаўчым музее ў Нікольскім захоўваецца амерыканская карта таго перыяда, на якой Камандорскія астравы атсутнічаюць.
У 1871—1891 гг. Камандорскія астравы здаваліся ў арэнду прыватнай амерыканскай кампаніі «Gutchinson, Cool & Co». У 1892—1916 гг. арандаваліся расійскімі прыватнымі кампаніямі.
У 1917—1923 гг. насельніцтва Камандорскіх астравоў фактычна апынулася ў ізаляцыі. Савецкая ўлада была ўсталявана толькі ў 1923 г., аднак доўгі час мела фармальны характар. Астравы часта наведвалі гандляры і здабытчыкі з ЗША і Японіі. У 1943 г. у раёне астравоў адбылася марская бітва паміж амерыканцамі і японцамі.
У пасляваенны час Камандорскія астравы былі пераўтвораны ў памежную зону. У 1958 г. была забаронена ўсялякая гаспадарчая дзейнасць у 30-мільнай зоне вакол астравоў. На востраве Берынга і Медным існавалі памежныя заставы. У Нікольскім дзейнічаў саўгас. Пасля 1991 г. памежнікі пакінулі Камандорскія астравы, хаця памежны статус быў ліквідаваны толькі ў 2006 г. У 1993 г. быў арганізаваны біясферны запаведнік. У наш час на астравах развіваецца экалагічны турызм.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Камандорскія астравы
- Запаведнік
- Востраў Берынга, Камандорскія астравы Архівавана 9 лютага 2011.
- Камандорскія астравы на kamchatka.org.ru Архівавана 2 студзеня 2013.
- Камандорскія астравы на marshruty.ru
- Востраў Берынга
- Аскепак рускай Амерыки(недаступная спасылка)