Калоніі аспергіла — налёты плесні роэнага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны, светлаафарбаваны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрата. Іншы раз з клетак міцэлія ўтвараюцца склероцыі. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі, розных памераў, галоўчатаўздутыя, са стэрыгмамі. Канідыі розных колеру, формы, памераў, гладкія, шурпатыя ці шыпаватыя, у простых ланцужках на вяршыні кожнай стэрыгмы, складаюць радыяльную галоўку або калонку. Некаторым відам уласціва сумчатая стадыя споранашэння, якая належыць да відаў парадку эўрацыяльных. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, танкасценныя, звычайна светлага колеру. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Сумкаспоры больш-менш дыскападобныя.
Аптымальная тэмпература для развіцця большасці відаў і рас аспергіла вышэй 30 °C і нярэдка каля 38 °C.
Большасць — сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, на розных субстратах, асабліва на раслінных прадуктах. Некаторыя віды — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.