(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Вольга Гапеева пра сваю новую кнігу на эміграцыі: «Сапраўдная радзіма бывае толькі ў марах»

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Гапеева пра сваю новую кнігу на эміграцыі: «Сапраўдная радзіма бывае толькі ў марах»


Беларуская пісьменьніца Вольга Гапеева, архіўнае фота
Беларуская пісьменьніца Вольга Гапеева, архіўнае фота

У лёнданскім выдавецтве Skaryna Press выйшла новая паэтычная кніга Вольгі Гапеевай «Пад асобнымі коўдрамі». Пачыталі разам з аўтаркай ейныя вершы апошніх гадоў ды пагаварылі пра самоту і адзіноту ў выгнаньні, межы чужых земляў, страх у сваёй краіне ды мары пра сапраўдную радзіму.

«Адзінота — гэта страшна і бесчалавечна»

— Давайце пачнем нашу гаворку з цытаты зь верша, які даў назву кнізе: «усё радзей // хочацца засынаць з чалавекам // бок у бок // пад асобнымі коўдрамі». Ці гэтая кніга пра ваша жыцьцё апошніх гадоў як суцэльную самоту? І што для вас самота?

— Напэўна, можна і так сказаць. Я вось толькі цяпер заўважыла, што гэтыя радкі можна іначай прачытаць, як «ня хочацца засынаць пад асобнымі коўдрамі, хочацца пад адной» (😊). Калі я пісала гэты верш, то толькі пачынала ўсьведамляць, што як бы я ні кахала іншага чалавека, які б шчыльны ні быў кантакт, усё адно застаецца невымоўная самота. Спачатку гэта троху пужае, але потым усё наладжваецца. Цяпер я прымаю сябе такой, якая я ёсьць, і, адпаведна, іншых таксама.

Кніга Вольгі Гапеевай «Пад асобнымі коўдрамі»
Кніга Вольгі Гапеевай «Пад асобнымі коўдрамі»

Варта ўсё ж падзяляць адзіноту і самоту, добра, што ў нас ёсьць два словы. Для мяне самота больш пра мэлянхолію, пра нейкую крохкасьць і нават прыгажосьць, пра тое, як істотна мець мажлівасьць быць з сабой сам-насам. Для творчых людзей гэта звычайны стан, таксама як і для інтравэртаў або эмпатаў. Адзінота ж, у сваю чаргу, — гэта калі ты адчуваеш закінутасьць, калі больш няма сацыяльных сувязяў, калі здаецца, што на цябе забыліся. Таму адзінота — гэта страшна і бесчалавечна.

«Нямецкіх гарадоў я ўжо наведала значна больш, чым беларускіх»

— «У выгнаньні // хочацца рабіць бачнай // сваю рэальнасьць каб не пачувацца // самотніцай без гісторыі». Якая цяпер ваша рэальнасьць? І якая сямейная гісторыя найбольш дапамагае не пачувацца самотніцай у выгнаньні?

— Верш, зь якога паходзяць гэтыя радкі, я пачала пісаць яшчэ ў Грацы ў 2019 годзе да ўсіх падзеяў (пэўна, тое было нейкае прадбачаньне), скончыла яго толькі недзе ў 2022-м. Шмат чаго зь мінулага жыцьця знаходзіць месца ў цяперашнім часе, але шмат і новага — напрыклад, выступы і пераезды. Нямецкіх гарадоў я ўжо наведала значна больш, чым беларускіх. І так, большасьць часу я баўлю ў самоце, але гэта не замінае, цяпер я ўжо хутка стамляюся, калі доўга бываю зь людзьмі ці на публіцы. Таксама шмат плянаваньня, бо штодзённасьць вольнай мастачкі (у шырокім сэнсе гэтага слова) вымагае дысцыпліны і пралічваньня наперад, як я буду жыць наступны год. Напрыклад, яшчэ ў мінулую восень я пачала думаць пра выставу, якая прайшла ў траўні гэтага году ў Грацы, цяпер рыхтую матэрыялы для выставы ў Ене ў кастрычніку. Тое ж і зь літаратурай — дапрацоўваю кніжку, якая павінна выйсьці ў 2026 годзе.

Кніга Вольгі Гапеевай «Пад асобнымі коўдрамі»
Кніга Вольгі Гапеевай «Пад асобнымі коўдрамі»

«Эўфарыя саступіла месца ціхай радасьці, якую можна заўважаць паўсюль»

— «Радасьць // дзе ты цяпер». Што вас радуе апошнім часам?

— Мяне радуе шмат чаго, але думаю, што сам рэгістар радасьці зьмяніўся. Зноў жа, калі я пісала гэты верш, то мела на ўвазе нейкую іншую радасьць, ня тую, якую я адчуваю цяпер. Вось тут не зашкодзіла б нейкае іншае слова (😊) — паспрабую азначыць гэтыя станы як «ціхая радасьць» і «эўфарыя». Тады можна сказаць, што эўфарыя саступіла месца ціхай радасьці, якую можна заўважаць паўсюль: калі птушка перабягае дарогу, калі смачны абед атрымаўся, калі чую, што ў мамы добры настрой, калі зьяўляецца жаданьне нешта намаляваць, калі бачу чмялёў, што корпаюцца ў кветкавым пылку, і так да бясконцасьці.

— «Я — адсюль і дасюль // далей чужыя землі». Як вы вызначаеце для сябе межы паміж сваёю зямлёй і чужою? І ці было за апошнія гады вам як дома? Калі так, то дзе і чаму?

— У гэтых радках я пісала пра стасункі зь іншымі людзьмі. Раней мне было цяжка вызначаць свае межы, я расплывалася і распускалася ў іншых, дазваляючы часам «несанкцыянаваныя» дзеяньні. 😊 Потым я пачала вучыцца выбудоўваць уласныя межы, і жыцьцё зрабілася значна больш прыемным.

За апошнія гады я зьмяніла сем адрасоў, і дзесьці было больш утульна, дзесьці менш. Але тыя месцы, дзе было не зусім камфортна, я ўспрымала як выклік — маўляў, вось гэта маё заданьне — зрабіць тое месца домам. Потым, калі я зьяжджала, наступным стыпэндыятам заставалася мая ўтульнасьць, і гэта таксама пра радасьць.

«Лепш не чакаць нічога, а жыць, пакуль ёсьць такая мажлівасьць»

— Пра радзіму вы скрушна напісалі ў вершы «Няпростая арытмэтыка»: «Гэтая чысьціня — беспаветраная прастора // дзе нічога жывога // дзе адно // ЧЫСЬЦІНЯ // і // STRACH // што спыніў гадзіньнік на лічбах 19:95». Як і калі, па-вашаму, можа ажывіцца гэты гадзіньнік?

— Тут можна разважаць лягічна, і тады можна было б адказаць — «калі зьменяцца людзі і абставіны». Але, мне здаецца, гісторыя вучыць нас трошку іншаму, ніколі ня ведаеш, што адбудзецца ў наступную хвіліну. Таму мой падыход сёньня — лепш не чакаць нічога, а жыць, пакуль ёсьць такая мажлівасьць.

— «Сапраўдная радзіма бывае толькі ў марах». Якія вашы мары пра радзіму? І ці верыце вы, што хутка вашы мары стануць рэальнасьцю?

— На самой справе гэта цытата з малюнку на кітайскім сувоі, які я пабачыла ў адной кніжцы па сумі-э. Для мяне тут процьма сэнсаў, шматзначнасьць такога кшталту вельмі захапляе і пасуе паэзіі.

Сёньня, калі людзі шмат вандруюць, многія пераяжджаюць і мяняюць краіну пражываньня. У кожнай і кожнага сваё стаўленьне. Хтосьці думае пра такія сытуацыі пазытыўна і кажа: «Цяпер у мяне дзьве радзімы». Нехта, наадварот, пачувае сябе ў выгнаньні і ня можа прыняць новую рэальнасьць, іншыя зусім пра гэта ня думаюць. У мяне ўзьнікаюць, аднак, ня самыя лёгкія думкі, калі я разважаю пра панятак радзімы — у тым сэнсе, што часам дзяржавы граюць на патрыятычных пачуцьцях грамадзянаў, і тады пачынаюцца дыскурсы кшталту «радзіму трэба бараніць ад ворагаў» і г.д. Таму ў агульначалавечым сэнсе можна разважаць пра радзіму, але калі яна выкарыстоўваецца як сродак прапаганды, істотна не губляць крытычнага стаўленьня.

«З вайной прыходзяць новыя словы»

Чым далей тым бялёсей робіцца краявід

сьнег соль сьнег соль і туман забыцьця

калі застаесься сам-насам з сабой

мнэмазіна шукае здымак

пара скрынак

дзе месьцяцца дзесяцігодзьдзі

здымкі ляжаць тварам да зямлі як жаўнеры на полі

сьведкі тых, хто ведае мову

што гэтая мова робіць з табой?

эвакуацыя, фронт, бомбы

з вайной прыходзяць новыя словы

і новы закон — па адным яйку на дзіця

пакуль афіцэры змагаюцца за далікатэсы з францыі

памяць штурхае ў плечы,

давай, давай, бяжы, пасьпявай

але я гляджу і ня памятаю

чаму на мне тая сукенка, што я раблю сярод гэтых людзей

і чый гэта цень?

сьлівы ў ранцы

пёры індычкі кратае далонь

атака сьнежкамі і мары пра афрыку

леты і зімы паціху сьціраюць свае межы

робячыся адным вялікім сэзонам

сэзонам дзяцінства

дзе ты сама з сабой

сама па сабе

у сабе

як ніколі пасьля

сьляпыя плямы робяцца часам false memories

дзе тонка там і рвецца — абавязкова скажа нехта

і мы цыруем гэтыя дзіркі

перакройваючы памяць

нібы старое паліто

каб яго яшчэ магла апрануць тая

што крочыць сьледам

чым далей тым бялёсей робіцца краявід

над шклянкай разьлітага малака

схіліла сваю галаву

мнэмазіна

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG