(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Амэрыканскі гісторык Снайдэр расказвае пра «новае паганства». Пры чым тут Маск, Пуцін і Трамп?

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі гісторык Снайдэр расказвае пра «новае паганства». Пры чым тут Маск, Пуцін і Трамп?


Тымаці Снайдэр, архіўнае фота
Тымаці Снайдэр, архіўнае фота

Амэрыканскі гісторык, прафэсар Ейльскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр у сярэдзіне ліпеня прачытаў у Вене лекцыю «Новае паганства: Як постмадэрнае зрабілася дамадэрным». Мы падаем ягоныя ідэі ў скарочаным пераказе.

У сваёй лекцыі Снайдэр прапануе альтэрнатыўны погляд на посьпех некаторых сучасных правых рухаў. На ягоную думку, іх нельга назваць кансэрватыўнымі і яны не прапануюць сваім прыхільнікам істотных эканамічных выгадаў. Снайдэр таксама праводзіць нечаканыя паралелі паміж ладам жыцьця ў паганскія часы — найперш у Паўночнай Эўропе тысячу гадоў таму — і такімі зьявамі, як глябальнае пацяпленьне ці альгарытмы сучасных сацыяльных сетак.

Паводле Снайдэра, звычайна посьпех такіх правых рухаў і матывацыю іх лідэраў спрабуюць патлумачыць выключна з рацыяналістычных пазыцыяў або як часовыя адхіленьні ад рацыянальнага. Але гэта ня надта плённы падыход, бо людзі рэгулярна ахвяруюць і ўласнымі інтарэсамі, і тым, што звычайна лічыцца «нацыянальнымі інтарэсамі» ці інтарэсамі дзяржавы.

Снайдэр кажа, што, напрыклад, для кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна не было рацыянальным пачынаць уварваньне ва Ўкраіну, бо Расея апынулася ў нашмат слабейшай пазыцыі адносна сваёй галоўнай праблемы — Кітаю. «Калі разважаць пра гэтую вайну ў геапалітычных катэгорыях, дык Пуціна трэба прызнаць геапалітычным дурнем», — кажа ён і дадае: няма чыста рацыянальнага абгрунтаваньня таму, што расейскія сем’і адна за адной аддаюць сыноў на вайну.

Таксама лічыцца, што зьмены клімату — гэта праблема калектыўных дзеяньняў. Маўляў, мы ўсе рацыянальныя і хацелі б спыніць зьмены клімату, але ня можам дамовіцца, як супрацоўнічаць дзеля гэтае мэты. Але магчыма, што праблема зусім ня ў гэтым, кажа Снайдэр.

Ён прапануе канцэпцыю так званага «новага паганства». «Калі ведаць, як паводзілі сябе эўрапейскія паганцы, дык мы зразумеем сябе нашмат ясьней, чым калі будзем разважаць у катэгорыях рацыянальных інтарэсаў або няздольнасьці да супрацоўніцтва», — тлумачыць амэрыканскі гісторык.

Снайдэр падкрэсьлівае, што ня мае на ўвазе вэрсію паганства з сучасных коміксаў. Сапраўдныя паганскія багі і героі вымагалі ахвяраў, былі пераменлівыя і загадкавыя. Яны маглі несьці разбурэньне ня толькі сваім ворагам, але і сябрам, і тым, да каго ставіліся прыхільна. Одын забівае тых людзей, якімі найбольш захапляецца, каб яны трапілі ў Вальгалу. Або Зэўс, які хоча, каб мы былі дурнымі, і таму прыкоўвае Прамэтэя ланцугамі да скалы — за тое, што той прынёс людзям веды.

Снайдэр прапануе чатыры асноўныя канцэпцыі для апісаньня жыцьця ў паганскія часы, якія, на ягоную думку, дапамагаюць лепш зразумець балючыя праблемы сучаснасьці. Ніжэй мы падаем іх у скарочаным пераказе.

Каштоўнасьць

— Востраў Готлянд у Балтыйскім моры прыблізна ад 800 да 1000 году нашай эры быў надзвычай заможным. Вікінгі з Скандынавіі прывозілі туды свае багацьці, здабытыя шляхам гандлю з ісламскім сьветам — гандлю воскам, мёдам, але ў асноўным нявольнікамі. Большасьць срэбра, датаванага 750–1050 гадамі і знойдзенага ў Паўночнай Эўропе, знайшлі менавіта на гэтым востраве. У пахаваньнях вікінгаў знаходзяць вялізныя скарбы, і гісторыкі лічаць: верагодна, вікінгі верылі, што гэтая багацьці можна забраць з сабой пасьля сьмерці.

Гэтая вера не павінна нам здавацца дзіўнай, бо яна тлумачыць тое, як сябе паводзяць нашыя найбагацейшыя людзі. Яны паводзяць сябе так, быццам багацьце можна забраць з сабой. Калі пачаць з такога дапушчэньня, дык шмат якія рэчы робяцца зразумелымі.

Як і паганцы, многія (хоць і ня ўсе) звышбагатыя людзі падсьвядома вераць у неўміручасьць — толькі ў гэтай вэрсіі праз дасягненьні сучаснай мэдыцыны. Награмаджэньне багацьцяў робіцца інстынктам. Фундацыя Біла Гейтса спрабуе пераканаць найбагацейшых людзей сьвету аддаць, пакуль жывыя, палову свайго багацьця на дабрачынныя мэты, але мала хто адгукаецца.

Ахвяраваньне

— Калі хавалі багатага і пасьпяховага правадыра вікінгаў, ён цягам 9 дзён да пахаваньня ляжаў у адмысловым «доме сьмерці», а падчас памінальных цырымоній адбываліся ахвяраваньні — забівалі курэй, сабак, каня, які належаў правадыру. Арабскі падарожнік Ібн-Фадлан апісаў, як падчас памінальнай цырымоніі вікінгаў дзяўчыну-нявольніцу «павысілі ў статусе» да жонкі памерлага правадыра, а потым забілі, каб яна магла далучыцца да свайго новага мужа ў іншым сьвеце.

Падчас раскопак такіх пахаваньняў знаходзілі і па некалькі чалавечых ахвяраў. Але што бяруць з сабой сучасныя алігархі? Яны спрабуюць забраць з сабой уласна Зямлю, у тым самым сэнсе, як іх папярэднікі забіралі з сабой карову ці казу. Усе яны ведаюць пра глябальнае пацяпленьне, але некаторыя з самых пасьпяховых і багатых алігархаў наўпрост спрыяюць глябальнаму пацяпленьню і паскараюць яго.

Мы разглядаем глябальныя зьмены клімату як доўгатэрміновы працэс, зьвязаны з індустрыяльнай эпохай, і гэта, вядома ж, праўда. Але большасьць вугляродных выкідаў трапіла ў атмасфэру за апошнія 30 гадоў, падчас жыцьця людзей, пра якіх мы размаўляем. І я кажу пра гэта ў літаральным сэнсе. Уладзімір Пуцін — адзін з галоўных вугляродных алігархаў сьвету. Багацьце Расеі, якое ён кантралюе, паходзіць з падземных радовішчаў у форме прыроднага газу і нафты.

— Адно з абгрунтаваньняў, якія Пуцін даваў для вайны супраць Украіны, сьведчыць, што ён разглядае сябе як нейкую рэінкарнацыю князя Вальдэмара (Уладзіміра) тысячагадовай даўніны. Гэта быў надзвычай жорсткі скандынаўскі гандляр нявольнікамі і зьбіральнік даніны. Хронікі сьведчаць, што першую партнэрку ён здабыў, забіўшы ўсю яе сям’ю, другую — забіўшы свайго брата. Трэцяя, паводле сагаў, была сястрой бізантыйскага імпэратара, але шлюбу зь ёю ён таксама ня ўзяў. Акрамя таго, ён меў каля 600 наложніцаў.

Гісторыя «еднасьці рускага народу», якую пераказвае Пуцін, гэта фактычна першыя тры параграфы любой ісьляндзкай сагі. Трое братоў (магічная лічба) прыходзяць у горад, куды іх запрасілі кіраваць. Яны паходзяць ад багоў, пераважна ад Одына (але гэтую частку пазьней выкінулі пад уплывам хрысьціянства), таму яны маюць права кіраваць. Увесь падмурак расейскай гісторыі, якую некаторыя з нас вучылі ў школе, гэта, па сутнасьці, ісьляндзкая сага, якая апісвае скандынаўскіх гандляроў нявольнікамі і іх спробы ўсталяваць палітычнае ўладараньне.

У падмурку цяперашняй вайны ва Ўкраіне ляжыць паганская фантазія, і сэнс гэтай вайны — ахвяраваньне. Сьмерць робіцца сэнсам. Гэтая вайна ня служыць расейскім дзяржаўным інтарэсам у звычайным разуменьні. Але яе можна апраўдаць, калі вы верыце, што ахвяры самі па сабе маюць сэнс.

— Уладальнік сацыяльнай сеткі Х Ілан Маск фактычна спрыяе вайне ва Ўкраіне. Х пашырае расейскую прапаганду і не дае ходу ўкраінскай інфармацыі пра вайну. Але яшчэ важней тое, што на фундамэнтальным узроўні гэтая плятформа падрывае мысьленьне і заахвочвае людзей чапляцца за стэрэатыпы і фантазіі.

Калі мы заходзім у інтэрнэт, мы звычайна ня думаем пра электрастанцыю, якая працуе на вуглі і якая робіць наш пошук у Гугле магчымым. Мы звычайна думаем пра інтэрнэт як пра чароўнае месца, адарванае ад фізычнага сьвету, дзе мы можам знайсьці тое, што дае нам задавальненьне. Пры гэтым мы ня думаем, што дапамагаем спаліць сьвет, хоць гэта так і ёсьць. Нашы дзеяньні нават у лічбавым сьвеце паскараюць глябальнае пацяпленьне. У нейкім сэнсе мы робімся ўдзельнікамі рытуалу ахвярапрынашэньня. Асабліва гэта сымбалічна таму, што вугляроднае паліва, якое мы спальваем — вугаль, прыродны газ, нафта, — гэта парэшткі жывых істотаў, ад расьлінаў да людзей.

— У паганскай міталёгіі бог козаў ці бог кароваў ня мае сваіх козаў ці кароваў, акрамя тых, якіх ім прыносяць у ахвяру. Тая ж самая сытуацыя зь мільярдамі даляраў Трампа. Ён мае вялізарныя даўгі. Калі разважаць рацыянальна і лічыць яго мільярдэрам, дык вас зьдзівіць, што ён просіць у вас грошай. Вы адкажаце: «Табе ня трэба мае грошы, бо ты ж мільярдэр». Але ягоныя прыхільнікі так не разважаюць. Яны прапануюць яму рэчы, якія патрэбныя ім самім. Для іх 5 ці 10 даляраў маюць значэньне. Яны ахвяруюць яму нешта і такімі ахвярамі ствараюць бога-мільярдэра.

Прывабнасьць такіх ахвяраў можна параўнаць з прыцягальнасьцю азартных гульняў. Калі ты даеш нешта богу-мільярдэру, часам ён ставіцца да цябе прыхільна, а часам не. Таму гэтыя невялікія ахвяраваньні настолькі прыцягальныя. Часам пасьля ахвяры здараецца нешта добрае, а часам не, таму нам трэба ўвесь час патроху нешта даваць, і мы робімся залежныя ад гэтага працэсу.

Харызма

— Маё (нэгатыўнае) вызначэньне харызмы — гэта здольнасьць расказаць вялікую хлусьню і зрабіць яе праўдай. Одын, галоўны бог у скандынаўскай міталёгіі, напэўна ня кажа праўды пра Вальгалу. Але, тым ня менш, вакол гэтага будуецца ўся структура жыцьця і нават тое, як чалавек памірае. Нашы алігархі рознымі спосабамі робяць цьверджаньні, што яны — багі ці прынамсі героі.

Апошнія дзесяць гадоў паказалі, што мы — амэрыканцы, расейцы ці іншыя людзі — можам жыць унутры нейкай «вялікай хлусьні», якая вызначае нашае жыцьцё. Трамп неаднаразова называў «пакутнікамі» ўдзельнікаў штурму Капітолію ў студзені 2021 году. Прадстаўнік Расейскай праваслаўнай царквы заяўляў, што расейскія вайскоўцы, якія гінуць на вайне ва Ўкраіне, насамрэч не паміраюць, а літаральна ўваскрасаюць.

Такая хлусьня — гэта ня проста нечае меркаваньне ці памылка. Гэта спосаб жыцьця, гэта як іншае вымярэньне.

Прароцкая ісьціна

— Сацыяльныя сеткі могуць увесь час хлусіць вам без намаганьняў і без эмоцый, так, як ня зможа хлусіць іншы чалавек. І, у адрозьненьне ад большасьці людзей, альгарытмы могуць вельмі добра вызначыць тую хлусьню, якая падыдзе асабіста вам. Тое, у што вы паверыце, і тое, што будзе ўвесь час прыцягваць вашую ўвагу.

У паганскім сьвеце, каб даведацца пра будучыню, мы зьвяртаемся да празарліўца. Калі гэта для нас сапраўды важна, мы будзем верыць таму, што кажа прарок. Часам ён кажа праўду, часам не, але ён накіроўвае нашыя дзеяньні ў нейкім напрамку.

— Лёгіка прароцкай ісьціны шмат у чым працуе як бігэйвіярызм. У бігэйвіярызьме я часам даю вам тое, чаго вы хочаце, а часам не. Вы ня ведаеце, як гэта працуе, таму ўвесь час вяртаецеся ў надзеі нешта атрымаць.

Бігэйвіярысцкія экспэрымэнты з жывёламі зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя — гэта падмурак цяперашніх альгарытмаў, якія структуруюць нашае пазнаньне і эмоцыі. Усё гэта літаральна паходзіць з экспэрымэнтаў з галубамі і пацукамі, дзе голубу трэба дзяўбсьці рычаг, і тады ён часам атрымлівае ежу, а часам не.

Альгарытмы шмат у чым працуюць як прароцкія ісьціны. Вы шукаеце праўду і верыце таму, што знаходзіце. Калі вы гледзіце ў мабільны тэлефон, вы бачыце прадукт высокіх тэхналёгій і таму схільныя верыць, што гэта месца розуму. Але дасьледаваньні паказваюць адваротнае — мы губляем паказьнікі IQ ды іншых тэстаў на замер інтэлекту. Мы робімся дурнейшымі па ўсіх вымяральных паказьніках.

— Наш мабільны тэлефон — гэта аракул. Вы там шукаеце нейкае праўды, а ён адказвае вам няяснымі фармулёўкамі, якія вас матывуюць на дзеяньні. Фактычна ён вяртае нас у паганскія часы. Ёсьць альгарытмы для матэматыкі, але няма альгарытмаў для сацыяльнай ці гістарычнай праўды. Тое, што штучны інтэлект выдае абсалютную лухту па гістарычных пытаньнях, гэта, на маю думку, не часовая хіба, а сыстэмная асаблівасьць.

У Лесі Ўкраінкі ёсьць драматычная паэма «Касандра», у якой дзейнічаюць два прарокі — сама Касандра і яе брат Гелен. Гелен заўсёды кажа людзям тое, што яны хочуць пачуць. Ён лічыць, што ў гэтым і ёсьць роля прароцтва. Касандра, як вы ведаеце, заўсёды кажа праўду і заўсёды мае рацыю, але ніхто яе ніколі ня слухае.

Гэтак жа працуе і прароцтва ў сучасным сьвеце. Праўда існуе, але пры гэтым ёсьць «праблема Касандры». Ваш тэлефон — гэта аракул таго ж тыпу, што й Гелен, а не Касандра. Ён ня скажа вам цяжкай праўды. Ён прыстасуецца да таго, чаго вы хочаце, і дасьць вам няясныя заданьні, якія насамрэч ня вашыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG