(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Ізраіль атакаваў аб’екты «Хезбалы» ў Лібане ў адказ на ўдар па футбольным полі, які забіў 12 маладзёнаў

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль атакаваў аб’екты «Хезбалы» ў Лібане ў адказ на ўдар па футбольным полі, які забіў 12 маладзёнаў


На месцы атакі па футбольным полі ў горадзе Мадждаль-Шамс, 27 ліпеня 2024 году
На месцы атакі па футбольным полі ў горадзе Мадждаль-Шамс, 27 ліпеня 2024 году

У адказ на ўдар 27 ліпеня па футбольным полі на Галянскіх вышынях ізраільскія зьнішчальнікі ў ноч на нядзелю 28 ліпеня атакавалі шэраг абʼектаў тэрарыстычнай арганізацыі «Хезбала» ў глыбіні і на поўдні Лібану, заявілі раніцай 28 ліпеня Вайскова-паветраныя сілы Ізраілю.

Авіяўдар стаў адказам на ракетную атаку «Хезбалы» па горадзе Мадждаль-Шамс на падкантрольных Ізраілю Галянскіх вышынях 27 ліпеня. Ракета патрапіла на спартовую пляцоўку.

Паводле апошніх зьвестак, у выніку атакі загінулі 12 дзяцей і падлеткаў ва ўзросьце ад 10 да 20 гадоў. Акрамя таго, пры выбуху шмат дзяцей былі параненыя. Пасьля атакі ў бальніцы паступіла 35 чалавек, каля двух дзясяткаў зь іх шпіталізавалі, паведмляе The Times of Israel са спасылкай на дырэктараў дзьвюх шпіталёў на поўначы краіны, куды прывозілі пацярпелых. Шэсьць зь іх цяпер у цяжкім стане ў рэанімацыі.

Поўнач Ізраілю і Галянскія вышыні апошнім часам рэгулярна абстрэльвала лібанская радыкальная групоўка «Хэзбала». Улады Ізраілю ўсклалі адказнасьць за абстрэл на «Хэзбалу» — да высновы аб тым, што менавіта яна выпусьціла ракеты, прыйшлі вайскоўцы. Міністар замежных спраў Ісраэль Кац заявіў, што «Хэзбала» «перайшла ўсе чырвоныя лініі» і гаворка ідзе пра «поўнамаштабную вайну».

Тэрарыстычная групоўка «Хезбала» адразу ж узяла на сябе адказнасьць за ўдары па ваенных абʼектах Ізраіля на Галянскіх вышынях, у тым ліку па штабе брыгады «Хермон» на схілах гары Хермон (усяго за тры км ад футбольнага поля ў Маджаль-Шамсе), але заявіла аб сваёй недатычнасьці да абстрэлу Мадждаль-Шамсу.

Сытуацыя на мяжы Ізраілю і Лібану абвастрылася пасьля нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка летась і пачатку баявых дзеяньняў у сэктары Газа. Абмены ўдарамі з «Хэзбалой» адбываюцца амаль кожны дзень. Раней у суботу стала вядома, што пасьля аднаго з ізраільскіх удараў былі забітыя трое (па іншых дадзеных чацьвёра) байцоў «Хэзбалы».

Пры гэтым групоўка заяўляла, што пакуль не вядзе шырокамаштабнай вайны супраць Ізраілю. Злучаныя Штаты і шэраг іншых краін выказвалі засьцярогі ў сувязі з магчымым перарастаньнем інцыдэнтаў у такую вайну.

Мадждаль-Шамс — горад, населены галоўным чынам друзамі, самае высакагорнае паселішча на Галянскіх вышынях. Галянскія вышыні ад 1967 году знаходзяцца пад кантролем Ізраілю, які абвясьціў аб іх фармальнай анэксіі. Большасьць краін сьвету анэксію не прызнае, дэ-юрэ працягваючы лічыць вышыні тэрыторыяй Сырыі. Друзы — асаблівая этнаканфэсійная арабская група, прадстаўнікі якой жывуць у прыватнасьці ў Лібане, Сырыі і Ізраілі. Сярод друзаў Галянскіх вышыняў нямала грамадзян Ізраілю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG