Ўільям Мартын (прыродазнавец)
Ўільям Мартын | |
па-ангельску: William Martin | |
Дата нараджэньня | 1767[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 31 траўня 1810 |
Месца сьмерці |
|
Занятак | палеантоляг |
Навуковая сфэра | палеанталёгія, прыродазнаўства |
Вядомы як | аўтар першай навуковай публікацыі па вывучэньні выкапнёвых скамянеласьцяў на ангельскай мове[4] |
Ўільям Мартын (па-ангельску: William Martin) — ангельскі прыродазнавец і палеантоляг, які выказаў здагадку, што навука павінна выкарыстоўваць выкапні ў якасьці доказаў у падтрымку вывучэньня прыродазнаўства[5]. Мартын апублікаваў першыя каляровыя выявы выкапняў і першае навуковае дасьледваньне скамянеласьцяў на ангельскай мове.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мартын нарадзіўся ў Мэнсфілдзе ў 1767 годзе. Яго бацька працаваў у трыкатажным бізнэсе, але зьехаў, каб стаць акторам у Ірляндыі са сцэнічным імем Джозэф Бут (Joseph Booth). Ён быў таксама вынаходнікам і партрэтыстам; памёр у Лёндане ў 1797 годзе[4]. Маці, якая адмовілася ад Мартына, у дзявоцтве Малатрат (Mallatratt), таксама была акторкай[6].
Дзіцем Мартын зьяўляўся на сцэне, спачатку, ува ўзросьце пяці гадоў, як танцоўшчык, а затым — даючы дэклямацыі. Для Мартына былі арганізаваныя ўрокі красьленьня пад настаўніцтвам Джэймза Болтанпа ў Галіфаксе. З 1782 па 1785 гады ён быў у Дэрбішыры з акторскай трупай, калі сустрэў Ўайта Ўотсана, зь якім ён супрацоўнічаў у рабоце па скамянеласьцях Дэрбішыру[4]. Яго работа са скамянеласьцямі і прыродазнаўствам урэшце прывяла Мартына да абраньня чальцом Лёнданскага Лінэеўскага таварыства. Як і Ўотсан, Мартын знаходзіўся пад уплывам працаў дэрбішырскага геоляга Джона Ўайтгэрста. Ўайтгэрст апублікаваў «дасьледваньні зыходнага стану і фармаваньня Зямлі» (An Inquiry into the Original State and Formation of the Earth) у 1778 годзе, у якім утрымліваюцца істотныя зьвесткі датычна «Агульных зацемак па стратах Дэрбішыру» (General Observations on the Strata in Derbyshire)[5]. Аднак Абрагам Мілз пераключыў Мартына ад заалёгіі да палеанталёгіі дзесьці да 1789 году[4]. Мартын апублікаваў «Figures and Descriptions of Petrifications collected in Derbyshire» у 1793 годзе[7].
Мартын працаваў з Ўайтам Ўотсанам для стварэньня сумесных публікацыяў[8], але партнэрства ня ладзілася, бо Ўотсан заявіў, што не атрымлівае належнага даходу. Мартын пазьней апублікаваў некаторыя работы Ўотсана па скамянеласьцях, пазначаючы толькі сваё імя, а ня Ўотсана[9]. У Мартына было шасьцёра дзяцей зь яго «няшчаснай, але цікавай» жонкай[4], якая, як і яго бацькі, была на сцэне, перш чым быў заключаны яе другі шлюб з Мартынам у 1797 годзе[6]. У 1798 годзе нарадзіўся іх сын Ўільям Чарлз Лінэй Мартын. Яму далі імя Лінэй (Linnaeus) у гонар цікавасьці Мартына да клясыфікацыі жывых істотаў. Яго сын напісаў мноства кнігаў па прыродазнаўстве, стаўшы навуковым супрацоўнікам Заалягічнага таварыства Лёндана[10].
Мартын працаваў настаўнікам спачатку ў Бэртан-он-Трэнтэ ў 1798 годзе, пасьля ў Бакстане. Зрэшты, у 1805 годзе, ён пераехаў у Макелсфілд, дзе выкладаў у гімназіі[4]. Цікавасьць Мартына да прыроды не паменшылася, і ён пасылаў Джэймзу Саўбэры знаходкі для ілюстраваньня.
Мартын выканаў некалькі правінцыяльных пастановак[6] да 1809 году, ён валодаў чвэрцю ў тэатры Бакстану. У 1809 годзе ён апублікаваў «Petrifacta Derbiensia», якое ён прысьвяціў Джозэфу Банксу[11]. Ілюстрацыі, якія зьмяшчаліся ў «Petrifacta Derbiensia», упершыню былі каляровымі, што дапамагала Мартыну апісваць выкапні і каменнавугальныя вапнякі, якія ён дасьледваў у Дэрбішыру. Ідэнтыфікацыя была па-ранейшаму сумнёўная. Чатырохпрамянёвы карал, прыведзены на малюнку, лічыўся невядомым відам бамбуку[11]. Petrifacta Derbiensia утрымлівае іншую згадку імавернай памылкі: дзядзя Ўайта Ўотсана і работнікі шахты лічылі знойдзены кавалак эшфардзкага чорнага мармуру кавалкам хваста невялікага кракадзіла, у той час як Мартын лічыў, што ў яго кнізе няма нічога, што магло б быць такімі парэшткамі[12].
У 1809 годзе Мартын апублікаваў «Outlines of an Attempt to establish a Knowledge of Extraneous Fossils on Scientific Principles»[13]. Гэта было першае навуковае дасьледваньне скамянеласьцяў і палеанталёгіі на ангельскай мове[4][7]. Мартын сустракаўся з Джонам Фары для абмеркаваньня імавернасьці сумесных высілкаў па стварэньні геалягічнай мапы Дэрбішыру. Аднак плянам перашкодзіў тубэркулёз Мартына; у канцы траўня 1810 году ён памёр. Ён быў пахаваны ў Царкве Хрыста, завяшчаўшы клапаціцца пра яго калекцыю сваім дзецям і маці[4].
У гонар Мартына названы род Martinia і Lithostrotion martini[4].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Меркаваны хвост кракадзіла ў калекцыі ілюстрацыяў скамянеласьцяў Мартына
-
Эрызмаліт (Erismolithus) — адна з каляровых ілюстрацыяў «Petrificata derbiensia» 1809 году[11]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Swartz A. William Martin // Open Library (анг.) — 2007.
- ^ William Martin // The Stuttgart Database of Scientific Illustrators 1450–1950
- ^ William Martin // Biodiversity Heritage Library — 2006.
- ^ а б в г д е ё ж з і H. S. Torrens, ‘Martin, William (1767—1810)’, Oxford Dictionary of National Biography, Oxford University Press, 2004 accessed 13 Feb 2011
- ^ а б Malcolm Dick John Whitehurst and 18th Century Geology. http://www.revolutionaryplayers.org.uk/. Праверана 12 February 2011 г.
- ^ а б в Philip H. Highfill; Kalman A. Burnim, Edward A. Langhans Belfort to Byz and. — 1973. — С. 487. — P. 232–3.
- ^ а б R.J. Cleevely World palaeontological collections. — 1983. — С. 365.
- ^ Derbyshire's Men of Science. Derbyshire.gov.uk. Праверана 13 February 2011 г.
- ^ Michael P. Cooper The Devonshire Mineral Collection of Chatsworth House // Mineralogical Record.
- ^ J. Parker The Gentleman's Magazine // The gentleman's magazine and historical review p.536. — 1864. — № 216.
- ^ а б в Petrificata Derbiensia, William Martin, 1809, retrieved 15 February 2011
- ^ William Martin Petrificata Derbiensia p33-34. — 1809.
- ^ Outlines of an Attempt to establish a Knowledge of Extraneous Fossils on Scientific Principles., William Martin, Retrieved 15 February 2011
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ўільям Мартын (прыродазнавец) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў