(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Варшава — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Варшава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Варшава
польск. Warszawa
Варшава
Герб Варшавы Сьцяг Варшавы
Першыя згадкі: XIII стагодзьдзе
Краіна: Польшча
Прэзыдэнт места: Рафал Тшаскоўскі
Плошча: 517,9 км²
Вышыня: 118 м н. у. м.
Насельніцтва (2016)
колькасьць: 1 753 977 чал.[1]
шчыльнасьць: 3386,71 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 22
Паштовыя індэксы: ад 00-xxx да 04-xxx
Нумарны знак: WA, WB, WD, WE, WF, WH, WI, WJ, WK, WN, WT, WU, WW...A/C/E/X/Y, WW...F/G/H/J/W, WW...K/L/M/N/P/R/S/U/V, WX...Y, WX, WY
Геаграфічныя каардынаты: 52°13′48″ пн. ш. 21°0′40″ у. д. / 52.23° пн. ш. 21.01111° у. д. / 52.23; 21.01111Каардынаты: 52°13′48″ пн. ш. 21°0′40″ у. д. / 52.23° пн. ш. 21.01111° у. д. / 52.23; 21.01111
Варшава на мапе Польшчы
Варшава
Варшава
Варшава
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.um.warszawa.pl/

Варша́ва (па-польску: Warszawa) — сталіца і найбуйнейшы горад Польшчы на рацэ Вісьле. Варшава стала сталіцай краіны дзякуючы каралю Жыгімонту Вазу, які ў 1596 распачаў сэрыю паездак да гэтага гораду. Канстытуцыйная сталіца Польшчы ад 1952 году.

Варшава зьўляецца важным эўрапейскім навуковым, культурным, палітычным і гаспадарчым цэнтрам. Тут мае сваю сядзібу Прэзыдэнт краіны, знаходзіцца Сойм Рэчыпаспалітай Польшчы (Sejm Rzeczypospolitej Polskiej), Рада Міністраў (Rada Ministrów) і іншыя цэнтры цэнтральнай улады. Апроч гэтага, Варшава зьяўляецца сталіцай Мазавецкага ваяводзтва.

Варшава — найбуйнейшы польскі горад паводле колькасьці насельніцтва (1 753 977 зарэгістраваных жыхароў у 2016 годзе) і займанай паверхні (517,24 км²).

Назва ўпершыню зьявілася ў сярэднявечных дакумэнтах як Warseuiensis (1321 год), Varschewia (1342 год) ды Warschouia (1482 год). У тыя часы яна вымаўлялася як Варшэва (Warszewa) ці Варшова (Warszowa) і канчаткова зьмянілася на Варшава толькі ў XVI стагодзьдзі. Паходзіць назва, праўдападобна, ад скарочанай формы папулярнага тады імя Варціслаў (Warcisław) ці Ўраціслаў (Wrocisław) — Варш (Warsz), якое тады шырока ўжывалася, між іншым, прадстаўнікамі роду Раваў (Равічаў) гербу Рава, уладальнікамі часткі тэрыторыяў у сёньняшнім цэнтры гораду.

Разьмяшчэньне і прырода

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вісла ў Варшаве

Варшава знаходзіцца па абодвух бакох Віслы на Сярэднемазавецкай нізіне, у адлегласьці каля 350 км да Карпат ды Балтыйскага мора і мае сярэднюю вышыню 100 м над узроўнем мора. Большасьць левабярэжнай часткі гораду ляжыць на высокім адхоне Віслы. Сярэдняя тэмпэратура паветра ў студзені складае −3,3 °C, у ліпені +18,0 °C (гадавая — +7,8 °C), колькасьць ападкаў складае каля 493 мм у год (максымум у чэрвені — 82 мм, мінімум у лютым — 18 мм). Найчасьцей Варшава знаходзііца пад уплывам палярна-марскога паветра (каля 60% дзён у год), а таксама палярна-кантынэнтальнага (каля 30% дзён у год). У сталіцы і яе прыгарадах яскрава адзначаецца вялікі ўплыў буйной гарадзкой аглямэрацыі на клімат («выспа цеплыні»). Гэта прыводзіць да таго, што ў цэнтры гораду назіраецца вышэйшая сярэдняя тэмпэратура, выпадае больш ападкаў, а таксама фіксуецца ніжэйшая хуткасьць ветру.

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і перад вайной, так і пачынаючы ад 1945 году, Варшава была вылучаным горадам (г. зв. гарадзкім ваяводзтвам); з 60-х гг. замацаваўся падзел на 7 раёнаў-гмінаў (у значэньні паветаў: Макотаў (Mokotów), Ахота (Ochota), Паўднёвая Прага (Praga Południe), Паўночная Прага (Praga Północ), Цэнтар (Śródmieście), Воля (Wola) ды Жалібаж (Żoliborz).

Пачынаючы ад красавіка 1994 году Варшава ўяўляла сабой саюз ужо 11 гмінаў. Такім чынам, на той момант фармальна не існавала цэласнага гораду пад назвай Варшава, але ў выніку рэформаў, якія былі ўведзены г. зв. варшаўскім статутам (Ustawa warszawska) у 2002, сталіца цяпер зьяўляецца адзінай гмінай на правах павету. Ранейшыя гміны маюць сёньня статус раёнаў, якія валодаюць абмежаванай кампэтэнцыяй у справах самакіраваньня. Акрамя таго, межы Варшавы былі пашыраныя за кошт незалежнай раней гміны Вэсола (Wesoła) і дасягнулі колькасьці ў 18 раёнаў.

Найбольш шчыльна заселены раён Ахота (Ochota) — 9448 асобаў/км², найменей шчыльна раён Вілянаў (Wilanów ) — 414 асобаў/км². Сярэдняя лічба для ўсяго гораду складае 3291 асобаў/км² (зьвесткі за 2006 год).

Адміністрацыйны падзел Варшавы з 2002 году
Раён Колькасьць жыхароў Шчыльнасьць (ас/км²) Плошча (км²)
Макотаў (Mokotów) 226911 6410 35,4
Паўднёвая Прага (Praga Południe) 185077 8262 22,4
Урсынаў (Ursynów) 143935 3286 43,8
Воля (Wola) 142025 7359 19,3
Бяляны (Bielany) 135307 4189 32,3
Цэнтар (Śródmieście) 134306 8609 15,6
Таргувэк (Targówek) 122872 5077 24,2
Бэмова (Bemowo) 107197 4288 25,0
Ахота (Ochota) 91643 9448 9,7
Бялолэнка (Białołęka) 76999 1055 73,0
Паўночная Прага (Praga Północ) 73207 6422 11,4
Вавэр (Wawer) 66094 829 79,7
Жалібаж (Żoliborz) 49275 5797 8,5
Урсус (Ursus) 47285 5030 9,4
Ўлохы (Włochy) 39778 1391 28,6
Рэмбэртаў (Rembertów) 22688 1176 19,3
Вэсола (Wesoła) 20749 918 22,6
Вілянаў (Wilanów ) 15188 414 36,7

Варшаўская аглямэрацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варшава зьяўляецца цэнтрам моцна разбудаванай аглямэрацыі, у скалад якой апроч самой сталіцы ўваходзіць шмат гарадоў і вёсак мазавецкага ваяводзтва. Але да сёньняшняга дня не існуе адзіных вызначаных ейных межаў. Некаторыя бачаць іх у адлегласьці ад 20 да 30 км ад цэнтру Варшавы, іншыя — нават да 40—50 км. Тэарэтычна аглямэрацыя павінна складацца з групы гарадоў, якія зьвязаны паміж сабой прасторава ды функцыянальна. Такі падыход дазваляе вызначыць дзьве граніцы варшаўскай аглямэрыцыі як гарадзкога комлексу:

Варшаўская аглямэрацыя згодна пляну 2004 году

1 — Прасторава-функцыянальны комплекс (Абшар Варшаўскай Мэтраполіі — Obszar Metropolitalny Warszawy):

Варшава, Легіянова (Legionowo), Маркі (Marki), Зомбкі (Ząbki), Зялёнка (Zielonka), Валомін (Wołomin), Сулеювэк (Sulejówek), Язэфаў (Józefów), Отвацк (Otwock), Карчаў (Karczew), Кабылка (Kobyłka), Канстанцін-Язёрна (Konstancin-Jeziorna), Пяшэчна (Piaseczno), Пястаў (Piastów), Прушкаў (Pruszków), Ажараў Мазавецкі (Ożarów Mazowiecki), Ламянкі (Łomianki).

Плошча — 1 239,28 км², колькасьць жыхароў — 2 136 090, шчыльнасьць — 1 723 ас./км².

2 — Функцыянальны комплекс:

Гарады зь першага пункту, а таксама: Новы-Двор-Мазавецкі (Nowy Dwór Mazowiecki), Радзымін (Radzymin), Гура Кальварыя (Góra Kalwaria), Мілянувэк (Milanówek), Брвінаў (Brwinów), Падкова Лесна (Podkowa Leśna), Гродзіск Мазавецкі (Grodzisk Mazowiecki), Блоне (Błonie), Галінаў (Halinów), Яблонна (Jabłonna).

Плошча — 2730,23 км², колькасьць жыхароў — 2 596 553, шчыльнасьць — 951 ас./км²

Рэшткі гарадзкога муру (1350 год)

Найстарэйшым паселішчам на тэрыторыі сучаснай Варшавы было заснаванае ў IX стагодзьдзі Старое Брудна, якое праіснавала да XI стагодзьдзя. Новае ўмацаванае паселішча — Яздуў — узьнікла ў XIII стагодзьдзі і было зьнішчана войскам Міндоўга ў 1262 годзе. Першыя пісьмовыя згадкі пра Варшаву належаць да пэрыяду з 1281 да 1321 гадоў. У 1334 годзе князь Трайдзень І надаў Варшаве Кульмскае права, і тады ў горадзе пасялілася шмат купцоў з Торуню.

У XIV стагодзьдзі Варшава ўваходзіць у склад аб’яднанай Польшчы і становіцца часткай Чэрскага герцагства. У гэты час у Старым горадзе былі пабудаваныя два шэрагі гарадзкога муру. У 1380 годзе быў заснаваны Новы горад, які ў 1408 годзе таксама атрымаў Кульмскае права. У 1413 годзе Януш І Старэйшы перанёс сталіцу мазавецкага Чэрскага герцагства з Чэрску ў Варшаву. Пасьля Крэўскай уніі горад хутка разьвіваецца, дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу паміж абедзьвюма сталіцамі — Вільняй і Кракавам. У 1548 годзе каралева Бона Сфорца пераносіць свой двор з Вавэлю ў Кракаве ў Уяздоўскі замак у Варшаве.

У складзе Рэчы Паспалітай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выгляд на Варшаву з прадмесьця Прага. Карціна Бэрнарда Бэлёта (1770 год)

У 1596 годзе, пасьля таго, як згарэў Вавэльскі замак, Жыгімонт Ваза вырашыў перанесьці рэзыдэнцыю польскіх каралёў у Варшаву. У 1607 годзе Стары горад Варшавы згарэў і пасьля гэтага быў адбудаваны ў стылі маньерызму. У XVI стагодзьдзі ў горадзе налічвалася 50 000 жыхароў. У 1568—1573 гадох быў пабудаваны першы ў горадзе мост цераз Віслу. У час Другой Паўночнай вайны горад быў разбураны швэдамі й брандэнбурцамі.

Але ўжо з 1673 году, у час кіраваньня Яна Сабескага, пачаўся новы росквіт гораду: тады зноў пачалі будавацца новыя палацы, касьцёлы, тэатры. Аднак, з прыходам да ўлады Аўгуста Моцнага ў гісторыі гораду пачаўся нешчасьлівы саксонскі пэрыяд: спачатку, у 1702 годзе горад зноў захапілі швэды, а ў 1734 — расейцы. Але і ў гэты час будаваліся палацы (ў прыватнасьці, Саксонскі палац), у 1748 годзе была адкрыта Варшаўская опэра. З 1764 году, ў час кіраваньня Станіслава Аўгуста Панятоўскага было пабудавана шмат будынкаў у стылі клясыцызму. З 1788 да 1792 году ў Каралеўскім замку праходзіў Чатырохгадовы Сойм, на якім 3 траўня 1791 году была прынятая першая ў сучаснай Эўропе канстытуцыя. У час Паўстаньня 1794 году ў красавіку абаронцы гораду здолелі зьнішчыць расейскі гарнізон, але ўжо ў лістападзе апошнія, на чале з Аляксандрам Суворавым атрымалі перамогу ў бітве ў Варшаўскім прадмесьці Прага і зьнішчылі яго насельніцтва. Па Трэцім падзеле Рэчы Паспалітай Варшава становіцца часткай прускай правінцыі Паўднёвая Прусія.

Штурм Арсэналу паўстанцамі ў 1830 годзе

У 1807 годзе Варшава становіцца сталіцай Варшаўскага герцагства, войскі якога прынялі ў 1812 годзе ўдзел у паходзе Напалеона на Расею. Па выніках Венскага кангрэсу Варшаўскае герцагства спыніла сваё існаваньне ў 1815 годзе, і Варшава становіцца сталіцай Царства Польскага, якое складала унію з Расеяй.

У 1830 годзе стала вядома, што цар зьбіраецца адправіць польскае войска супраць рэвалюцыянэраў у Бэльгію. 30 лістапада 1830 паўстанцы штурмавалі варшаўскі палац Бэльвэдэр: пачалося Лістападаўскае паўстаньне. Але праз год паўстаньне было здушана, і тысячы варшаўцаў былі вымушаны эміграваць у Заходнюю Эўропу ды ЗША, сярод якіх — Фрэдэрык Шапэн. З 1832 году пачаўся час рэпрэсіяў.

У 1840 да Варшавы была пракладзена чыгунка, якая неўзабаве злучыла горад зь Венай. Па здушэньні Паўстаньня 1863—1864 гадоў Царства Польскае канчаткова спыніла сваё існаваньне. У 1866 годзе ў Варшаве зьявілася конка, якую ў 1908 годзе зьмяніў электрычны трамвай. У 1881 годзе была пракладзена сучасная каналізацыйная сыстэма.

Панарама Варшавы

Падчас Першай сусьветнай вайны Варшава была занятая немцамі, якія ўвайшлі ў горад 5 жніўня 1915 году. 11 лістапада горад быў вызвалены арміяй маршала Пілсудзкага, дата, якая лічыцца пачаткам Другой Польскай рэспублікі. У 1920 годзе гораду пагражала нашэсьце Чырвонай Арміі, але дзякуючы Цуду над Віслай войска Юзэфа Пілсудзкага здолела адкінуць бальшавікоў ад гораду.

У міжваенны пэрыяд Варшава перажывае культурны й будаўнічы бум. Па стане на 1939 год у горадзе жыло 1 350 000 чалавек. Але пачалася Другая сусьветная вайна, і 28 верасьня 1939 горад зноў занялі немцы. Фашыстоўцы тэрарызавалі жыхароў, габрэяў загналі ў гета, у якім 18 красавіка 1943 году выбухнула паўстаньне. 31 ліпеня 1944 Чырвоная Армія вызваліла ўсходнія раёны гораду, і лінія форнту прайшла па Вісьле. Толькі 17 студзеня 1945 году горад быў вызвалены цалкам.

Пасьля Другой сусьветнай вайны была ўтворана Польская Народная Рэспубліка, і Варшава стала яе сталіцай. У 1946—1953 гадох быў адбудаваны гістарычны цэнтар гораду. Адначасова былі пабудаваны цэлыя раёны ў стылі сацыялістычнага рэалізму. У 1968 годзе адбылося студэнцкае паўстаньне, якое стала пачаткам канца эпохі Гамулкі. У 1976 годзе ў Варшаве быў заснаваны Камітэт Абароны Працаўнікоў, які ў 1980 годзе ператварыўся ў прафсаюз Салідарнасьць. У 1979 і 1987 гадох горад наведваў папа Ян Павал II. 13 сьнежня 1981 году генэрал Войцех Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча, якое прадоўжылася да 1983 году. У чэрвені-ліпені 1989 адбыліся (адносна) свабодныя выбары ў парлямэнт краіны і прэзыдэнта.

У 1995 годзе пачала працу Варшаўскае мэтро. У 1990-я быў пабудаваны шэраг хмарачосаў. З 2005 году Варшава зьяўляецца штаб-кватэрай Агнецтва Эўразьвязу па бясьпецы зьнешніх граніцаў — Frontex.

Варшава зьяўляецца найбуйнейшым польскім горадам паводле колькасьці насельніцтва (1 753 977 зарэгістраваных жыхароў у 2016 годзе) ды займаванай паверхі (517 км²). Акрамя таго, вялікую частку жыхароў польскай сталіцы складаюць незарэгістраваныя асобы (нават каля 500—700 тысячаў чалавек).

Цягам апошніх стагодзьдзяў Варшава зьяўлялася інтэрнацыянальным горадам, дзе каля 20% насельніцтва складалі жыды ды людзі іншых нацыянальнасьцяў. Вялікія страты панесла польская сталіца ў выніку II сусьветнай вайны: з 1 289 000 жыхароў у 1939 годзе — да 478 755 чалавек у 1946 годзе. Напачатку 50-х гадоў прырост насельніцтва складаў каля 5-7% штогод (45 000 — 60 000 асобаў на 41 000 новых кватэраў, пабудаваных згодна шасьцілеткі 1950—1955 гадоў). Такім чынам былі ўведзены абмежаваньні для абавязковай рэгістрацыі, якія прывялі да спадку тэмпу міграцыі (толькі 22 000 асобаў у 1976 годзе). Гэтыя абмежаваньні паспрыялі разьвіцьцю варшаўскіх прыгарадаў, дзе пасяляліся людзі, якія прыязджалі з усёй Польшчы. Скасаваньне абмежаваньняў для рэгістрацыі прывяло да новага некантраляванага наплыву людзей да сталіцы.

Зьмена колькасьці насельніцтва:

  • 1700: 30 000
  • 1792: 120 000
  • 1800: 63 400
  • 1830: 139 700
  • 1850: 163 600
  • 1882: 383 000
  • 1900: 686 000
  • 1925: 1 003 000
  • 1939: 1 300 000
  • 1945: 422 000
  • 1950: 803 800
  • 1955: 1 000 577
  • 1960: 1 136 000
  • 1970: 1 315 600
  • 1980: 1 596 100
  • 1990: 1 655 700
  • 2000: 1 672 400
  • 2010: 1 710 398
  • 2014: 1 740 119
  • 2016: 1 753 977

У 2011 годзе Варшава займала 46-ы радок у сьпісе самых дарагіх для жыцьця гарадоў сьвету[2]. Яна была клясыфікавана як альфа-горад дасьледчай камісіяй унівэрсытэту Лафбаро, разьмясьціўшыся на адным узроўні з такімі гарадамі, як то Вашынгтон, Сан-Францыска, Сэул і Нью-Дэлі[3].

Бізнэс і камэрцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Варшаўская фондавая біржа зьяўляецца адной з самых вялікіх у цэнтральнай Эўропе

Варшава, асабліва ейны цэнтар, зьяўляецца месцам разьмяшчэньня ня толькі шматлікіх нацыянальных інстытутаў і ўрадавых установаў, але і многіх айчынных і міжнародных кампаніяў. У 2006 годзе ў горадзе было зарэгістравана 304 016 кампаніяў[4]. У Варшаве стала пашыраецца бізнэс-супольнасьць як на рэгіянальным і нацыянальным, гэтак і на глябальным узроўні. Фінансавы ўдзел замежных інвэстараў у разьвіцьці эканомікі гораду быў ацэнены ў 2002 годзе ў больш за 650 мільёнаў эўра. Варшава вырабляе 12% нацыянальнага даходу Польшчы, які ў 2008 годзе склаў 305,1% ад сярэдняга польскага паказчыка, альбо 160% ад сярэдняга паказчыка па ЭЗ. СУП на душу насельніцтва ў Варшаве склаў 64 тысячы злотых у 2008 годзе (каля 23 800 эўра). Агульны намінальны СУП гораду ў 2010 годзе складаў 191,766 млрд злотых. Варшава зьяўляецца вядучым рэгіёнам Цэнтральна-ўсходняй Эўропы ў пляне прыцягненьня замежных інвэстыцыяў, а ў 2006 годзе рост СУП апраўдаў чаканьні і склаў 6,1%.

У той жа час узровень беспрацоўя зьяўляецца адным з самых нізкіх у Польшчы. Паводле афіцыйных зьвестак на люты 2016 году такі паказчык склаў 3,5%[5]. Сам горад зьбірае каля 8,74 млн злотых у выглядзе падаткаў і прамых датацыяў.

Варшаўская фондавая біржа

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Варшаўская фондавая біржа

Першая фондавая біржа Варшавы была заснавана ў 1817 годзе і працавала да пачатку Другой сусьветнай вайны. У сацыялістычны пэрыяд падчас разьвіцьця плянавай эканомікі біржа была зачыненая, але ў красавіку 1991 году зь пераходам на рынкавыя адносіны была зноўку адчынена. Сёньня Варшаўская фондавая біржа (WSE), згодна з многімі паказчыкамі, зьяўляецца самай вялікай у рэгіёне, маючы ў сваім рэестры 374 кампаніі, агульная капіталізацыя якіх па стане на 31 жніўня 2009 году складала 162 584 мільёнаў эўра. Найбольшыя прадпрыемствы ўваходзілі ў «ВБІ20», у тым ліку «Ўсеагульнае прадпрыемства страхаваньня».

Цэнтральная брама Варшаўскага ўнівэрсытэту

У Варшаве разьмешчаны чатыры буйныя ўнівэрсытэты і больш за 62 невялікіх школаў вышэйшай адукацыі[6]. Агульная колькасьць студэнтаў і вучняў на 2002 дасягала амаль 500 тысячаў чалавек, альбо 29,2% ад агульнага гарадзкога насельніцтва. Колькасьць студэнтаў вышэйшых навучальных установаў складала больш за 280 тысячаў чалавек[7]. Большасьць аўтарытэтных унівэрсытэтаў зьяўляюцца дзяржаўнымі, але ў апошнія гады назіраецца таксама ўздым шэрагу прыватных унівэрсытэтаў.

Варшаўскі ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1816 годзе, пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, калі Варшава і Кракаў, які зьяўляецца адным з найстарэйшых і найбольш уплывовых польскіх акадэмічных цэнтраў, апынуліся ў розных краінах[8]. Варшаўскі тэхналягічны ўнівэрсытэт зьяўляецца другім самым уплывовым тэхнічным унівэрсытэтам краіны і адным з самых вялікіх у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. У ім працуюць каля 2 тысячаў прафэсараў. Іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі гораду ўключаюць у сябе Варшаўскі мэдычны ўнівэрсытэт, найбуйнейшая ў Польшчы мэдычная школа і адзін з самых прэстыжных унівэрсытэтаў краіны, Нацыянальны ўнівэрсытэт абароны, Музычны ўнівэрсытэт Фрыдэрыка Шапэна, найстарэйшая і найбуйнейшая музычная школы ў Польшчы, Варшаўская школа эканомікі, найстарэйшы і самы вядомы эканамічны ўнівэрсытэт краіны, і Варшаўскі ўнівэрсытэт прыродазнаўчых навук, найбуйнейшы сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1818 годзе.

Варшава мае мноства бібліятэкаў, многія зь якіх утрымліваюць шырокія калекцыі гістарычных дакумэнтаў. Самай важнай бібліятэкай з пункту гледжаньня дакумэнтальных гістарычных калекцыяў зьяўляецца Нацыянальная бібліятэка Польшчы. Бібліятэка мае 8,2 млн тамоў у сваёй калекцыі. Гэтая бібліятэка была заснаваная ў 1928 годзе і зьяўляецца пераемніцай бібліятэкі Залускіх, самай вялікай у Польшчы і адной зь першых і найбуйнейшых бібліятэк у сьвеце[9].

Выгляд на Стары горад Варшавы
Палац Культуры і навукі — адзін з сымбаляў Варшавы
  1. ^ http://warszawa.stat.gov.pl/warszawa/
  2. ^ The most expensive and richest cities in the world. UBS.
  3. ^ The World According to GaWC 2012. GaWC
  4. ^ Podmioty gospodarki narodowej (PDF). Urząd statystyczny w Warszawie
  5. ^ Warszawa. Statistical Office in Warszawa
  6. ^ Statistical Yearbook of the Republic of Poland 2008 (PDF). Ministerstwo Edukacji Narodowej
  7. ^ Studia w liczbach: Warszawa bije Kraków. Gazeta Wyborcza
  8. ^ About. University of Warsaw
  9. ^ Maria Witt (15 September — 15 October 2005). «The Zaluski Collection in Warsaw». The Strange Life of One of the Greatest European Libraries of the Eighteenth Century. FYI France.
  10. ^ Chicago Sister Cities  (анг.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Кася Сырамалот (10 жніўня 2012) Варшава Гайды. Мультымэдыя-часопіс «34». Праверана 12 жніўня 2012 г.