(Translated by https://www.hiragana.jp/)
Люблін — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Люблін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Люблін
польск. Lublin
Люблін
Герб Любліну Сьцяг Любліну
Першыя згадкі: 1198
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Люблінскае
Прэзыдэнт места: Кшыштаф Жук[d]
Плошча: 147,5 км²
Вышыня: 163 м н. у. м.
Насельніцтва (2019)
колькасьць: 339 770 чал.
шчыльнасьць: 2303,53 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +(48) 81
Паштовыя індэксы: 20-001 да 20-999
Нумарны знак: LU
Геаграфічныя каардынаты: 51°15′0″ пн. ш. 22°34′0″ у. д. / 51.25° пн. ш. 22.56667° у. д. / 51.25; 22.56667Каардынаты: 51°15′0″ пн. ш. 22°34′0″ у. д. / 51.25° пн. ш. 22.56667° у. д. / 51.25; 22.56667
Люблін на мапе Польшчы
Люблін
Люблін
Люблін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.um.lublin.pl/

Люблін (па-польску: Lublin, Аўдыё Pl-Lublin.ogg ) — горад ва ўсходняй Польшчы, адміністрацыйны цэнтар Люблінскага ваяводзтва. Насельніцтва — 339 770 чалавек (30 чэрвеня 2019 году, дзявятае месца ў краіне).

Люблін знаходзіцца ў паўночнай частцы Люблінскага ўзвышша. Праз горад працякае рака Быстрыца (Bystrzyca) — левы прыток Вепру.

Адлегласць па простай паміж гарадамі Люблін — Менск 441 км, да Варшавы — 152 км[1].

Сярэдняя тэмпэратура паветра ў студзені складае −5 °C, у ліпені +18,5 °C. Колькасьць ападкаў не перавышае 600 мм.

У межах гораду знаходзяцца тры лесы: найвялікшы — Las Dąbrowa (закладзены каля збудаванага ў 1974 годзе штучнага вадасховішча — Зэмбарыцкай Бухты (Zalew Zemborzycki)), Stary Gaj і Las Prawiedniki. Таксама Люблін багаты на паркі. Найстарэйшы зь іх — Саксонскі парк (Ogród Saski) знаходзіцца ў самым цэнтры гораду і паўстаў у 1837 годзе. Парк Бранавіцкіх (Park Bronowicki) трошкі саступае яму па веку. Цяпер ён занядбаны. Пасьля Другой сусьветнай вайны на балоцістай тэрыторыі каля Быстрыцы быў створаны Народны парк (Park Ludowy).

Засяленьне тэрыторыі сёньняшняга гораду пачалося яшчэ ў VI стагодзьдзі, калі разьвілося пасяленьне на ўзгорку Czwartek (Чацьвер), якое потым пашыралася на суседнія ўзгоркі. На замкавым узгорку ў X ст. паўсталі абаронныя збудаваньні: спачатку драўняныя — потым мураваныя. У XII стагодзьдзі замак атрымаў правы каштэляніі. Побач, на Старамейскім (Staromiejskim) узгорку, паўстаў горад.

Люблін упершыню ўзгадваецца ў 1198 годзе.

Настарэйшы люблінскі касьцёл у гонар Арханёла Міхаіла згодна легендзе быў пабудаваны ў 1282 годзе князем Лешакам Чорным, які вяртаўся пасьля пераможнага паходу на яцьвягаў. Касьцёл разабраны ў XIX стагодзьдзі.

Магдэбурскае права атрымана падчас панаваньня Ўладзіслава Лакатка 15 жніўня 1317 году. У 1341 годзе Казімер III Вялікі атрымаў пад Люблінам перамогу над татарамі, а годам пазьней выдаў гораду чарговае права — рэгуляцыйнае, згодна якому Люблін атачылі мурамі.

XV—XVII стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тыповая камяніца ў стылі люблінскага рэнэсансу
Помнік Люблінскай уніі

У 1474 годзе Казімер IV Ягелончык прызначыў Люблін сталіцай навастворанага Люблінскага выяводзтва, вылучанага з Сандамірскага ваяводзтва. У XV—XVI стагодзьдзі горад перажывае росквіт дзякуючы гандлёвым шляхам з Чорнага мора ў заходнюю Эўропу. У 1569 годзе ў Любліне падпісана Люблінская унія.

У XVI і XVII стагодзьдзях Люблін зьяўляўся адным з галоўных цэнтраў рэфармацыі. Тут дзейнічала вялікая суполка польскага брацтва (Bracia polscy). Таксама ў Любліне існаваў кальвінскі збор. У горадзе ў XVI ст. ужо працавала габрэйская друкарня, недзе ад 1630 г. — польская друкарня, а ад 1687 г. — езуіцкая друкарня.

XVII ст. — цяжкі этап у гісторыі Любліну. На хвалі агульнапольскіх міжнацыянальных і гаспадарчых канфлікаў занепадаюць люблінскія кірмашы. У 1630 годзе горад пакутуе ад эпідэміі чумы, якая забрала жыцьці 5 тыс. чалавек. Пасьля вайны з казакамі (1648—1650 гг.) горад пакідае большасьць купцоў з Эўропы. У 1655 годзе Люблін спусташае расейска-казацкае войска, асабліва моцна пацярпелі габрэі. У 1656 годзе горад рабуюць швэды, зьнішчая будынкі і насельніцтва.

Ад 1686 году пачынаецца традыцыя Люблінскага Хэйналу (Hejnał Miasta Lublina).

XVIIІ— XІX стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак XVIIІ стагодзьдзя прыносіць новыя зьнішчэньні падчас Вялікай Паўночнай вайны. У 1703 годзе Аўгуст II надае гораду прывілей, які ўраўноўвае Люблін у правах з Кракавам. Пасьля войнаў горад нарэшце паступова разбудоўваецца (у асноўным магнацкія сядзібы і касьцёлы). Афармляецца аблічча сёньняшняга Krakowskiego Przedmieścia (Кракаўскага прадмесьця) і Litewskiego (Літоўскага) пляцу, але горад усё яшчэ выглядае досыць убога. Падчас польскай эпохі Асьветніцтва (1780 г.) паўстае фундацыя «Boni Ordinis», якая сваёй дзейнасьцю прыводзіць да рэстаўрацыі гарадзкіх камяніцаў і выбрукаваньня вуліцаў, а таксама аднаўленьня ратушы.

У 1788 годзе, пасьля стогадовага перапынку, адраджаецца пратэстанцкі рух, праяўленьнем якога было будаўніцтва касьцела сьв. Троіцы (św. Trójcy), які існуе і сёньня.

Пасьля абвяшчэньня Канстытуцыі 3 траўня, Люблін абраў сваяго першага прэзыдэнта — Тэадора Груэля-Грэцца (Teodora Gruell-Gretza), які шмат зрабіў для разьвіцьця гораду. У 1792 годзе па загаду імпэратрыцы Кацярыны II Люблін заняло расейскае войска, чым скончыла нядоўгі пэрыяд росквіту.

Згодна трэцяму падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе горад перайшоў да Аўстрыі.

У 1809 годзе Люблін быў далучаны да Варшаўскага Княства. У 1815 годзе апынуўся ў складзе Царства Польскага пад расейскай уладай, у 1837 годзе Люблін — сталіца губэрні.

Насельніцтва гораду ў 1873 годзе складала 28,9 тысячаў чалавек, а ў 1897 годзе ўзрасло да 50,2 тыс. чал. У 1877 годзе пабудавана першае чыгуначнае злучэньне. Падчас Першай сусьветнай вайны пасьля расейскага адступленьня горад займаюць нямецкія і аўстра-вугорскія войскі. Такім чынам, улетку 1915 году канчаткова скончваецца пэрыяд расейскае ўлады ў Любліне.

XX—XXІ стагодзьдзі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік Марыі Складоўскай-Кюры

У 1918 годзе закладзены Каталіцкі ўнівэрсытэт. Ад лістападу 1918 году горад зноў знаходзіцца ў складзе незалежнай Польшчы, ізноў становіцца сталіцай ваявводзтва. У 1939 годзе налічвае 120 тыс. жыхароў. Ад верасьня 1939 да ліпеня 1944 году Люблін пад нямецкай акупацыяй. Нацысты стварылі тут канцэнтрацыйны лягер — Майданэк (Majdanek), а таксама габрэйскае гета. Падчас Галакосту загінула каля 40 тыс. люблінскіх габрэяў, якія ў 1939 годзе складалі больш за 1/3 насельніцтва гораду. Таксама зьнікла цэлае г. зв. Miasto Żydowskie (Габрэйскі Горад), комплекс будынкаў вакол замку, гэта значыць — 3/4 старамейскай забудовы і цэлы раён Wieniawa, у якім збольшага жылі габрэі. Ад 23 ліпеня 1944 году Люблін 164 дні выконваў ролю сталіцы камуністычнай Польшчы.

У пэрыяд Польскай Народнай Рэспублікі адбывалася імклівае разьвіцьцё Любліну. У 1944 годзе паўстае Ўнівэрсытэт імя Марыі Складоўскай-Кюры (Uniwersytet Marii Curie-Skłodowskiej — UMCS ). Пабудаваны шэраг прадпрыемстваў, напрыклад — Фабрыка грузавых аўтамабіляў (Fabryka Samochodów Ciężarowych w Lublinie — FSC Lublin) і фабрыка гелікоптараў (WSK PZL Świdnik) у суседнім Сьвідніку . Да 1989 году насельніцтва гораду ўзрасло больш чым у тры разы ў параўнаньні з 1939 годам. 2 лютага 1945 году ў Любліне пачаў дзейнасьць Польскі народны банк.

У ліпені 1980 году ў Любліне і Сьвідніку адбываліся першыя вялікія страйкі рабочых, зьвязнаныя зь дзейнасьцю «Салідарнасьці».

Ад 2001 году Люблін мае свой блізьнячы горад — вёска Люблін у штаце Вісконсін, ЗША.

Плян гораду

У цэнтры гораду знаходзяцца два найстарэйшыя раёны Любліна — Stare Miasto, Śródmieście (у асноўным турыстычныя, гандлёвыя і паслуговыя функцыі), Wieniawa і Czwartek (жылыя функцыі). Наўкола ад цэнтру разрасьліся новыя раёны, у асноўным пабудаваныя ў 1945—1989 гадах — на поўначы адныя з найвялікшых — Czechów і Kalinowszczyzna, на поўдні — Czuby, Osiedle Nałkowskich (у непасрэднай блізасьці ад Зэмбарыцкай Бухты) і раён Lubelskiej Spółdzielni Mieszkaniowej (Люблінскі жыльлёвы каапэратыў), на ўсходзе — Tatary і Bronowice. Найдалей ад цэнтру на ўсход высунуты раён Felin. Акрамя жылых дамоў, там знаходзяцца частка будынкаў Сельскагаспадарчай Акадэміі (Akademia Rolnicza) і жывёлагадоўчая база навучальнай установы.

Прамысловасьць знаходзіцца галоўным чынам у паўночна-ўсходняй частцы гораду (Zadębie, Majdan Tatarski), а таксама ў ваколіцах чыгуначнага вакзала (на поўдні).

Раёны аднасямейных дамоў (Zimne Doły, Ponikwoda, Osiedle Świt, Szerokie, Sławinek, Sławin, Botanik, Węglin, Konstantynów, Dziesiąta, Abramowice, Zemborzyce) чаргуюцца з раёнамі шматпавярховак.

Рэкрэацыйныя тэрыторыі знаходзяцца вакол Зэмбарыцкай Бухты i Старага Лесу (Stary Las).

Кампактна забудаваны абшар Студэнцкага гарадку Ўнівэрсытэту імя Марыі Складоўскай-Кюры (Uniwersytet Marii Curie-Skłodowskiej — UMCS ) разам з прылеглымі тэрыторыямі іншых Люблінскіх ВНУ (Каталіцкага Люблінскага ўнівэрсытэту (Katolicki Uniwersytet Lubelski — KUL) i Сельскагаспадарчай акадэміі. Кілямэтар далей знаходзіцца гарадок Палітэхнікі).

Насельніцтва Любліну складае 339 770 чалавек (30 чэрвеня 2019 году). Вялікую групу насельнікаў складюць прыежджыя студэнты, якія не залічаны да насельніцтва Любліна. Згодна розных падлікаў, падчас навучальнага году іх колькасьць складае каля 95 тысячаў.

У 2006 годзе ўзровень беспрацоўя ў Любліне раўняўся 10,8% (што зьяўляецца менш, чым у папярэдніх гадах).

Дынаміка насельніцтва:

  • 1970—238 500
  • 1980—304 400
  • 1990—351 400
  • 2000—355 800
  • 2004—355 998
  • 2006—354 967
  • 2009—349 440
  • 2019—339 770
Люблінскі тралейбус
Люблінскі аэрапорт

Празь Люблін праходзяць дзьве важныя нацыянальныя і міжнародныя дарогі — дарога №17 з Варшавы да Кіева, дарога №19 зь Беластоку да Жэшава, а таксама дарога №82 зь Любліна да Ўладава. Вельмі дрэннае спалучэньне зь Беларусьсю, адсутнічаюць прамыя аўтобусы.

Гарадзкі транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарадзкую камунікацыю ў Любліне абслугоўвае камунальнае Гарадзкое Транспартнае Прадпрыемства (Miejskie Przedsiębiorstwo Komunikacyjne), а таксама прыватныя перавозчыкі, аб’яднаныя ў Люблінскі Аўтобусны Кансорцыюм. У Любліне існуе 45 звычайных аўтобусных лініяў, 4 лініі сэзонных аўтобусаў, 1 лінія школьных аўтобусаў і 9 бясплатных лініяў да гіпэрмаркетаў. Акрамя таго, таксама існуе 4 лініі (галоўным чынам прыгарадныя), якія абслугоўваюцца мікрааўтобусамі. Люблін адзін з трох польскіх гарадоў, у якіх курсуюць тралейбусы (8 лініяў).

Люблін зьяўляецца важным чыгуначным вузлом. Праз горад праходзіць чыгуначная лінія, якая злучае Варшаву зь мяжой у Дарагуску і далей з Кіевам і Адэсай. Дзьве іншыя лініі выходзяць зь Любліна ў напрамках: на поўдзень (да Пшэварску праз Сталёву-Волю) і на поўнач (да Лукава — сёньня не выкарыстоўваецца для пасажырскіх перавозак).

У адмінстрацыйных межах гораду знаходзяцца тры чыгуначныя вакзалы: Główny (Галоўны Вакзал), Północny (Паўночны Вакзал), Zemborzyce, а таксама разьмеркавальная станцыя Tatary. Дадаткова існуе два неўжывальныя прыпынкі: Lublin-Rudnik і Lublin-Zalew. У заходняй частцы гораду функцыянуе чыгуначны прыпынак Stasin Polny.

Аўтобусны транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Люблін таксама зьяўляецца важным вузлом аўтобуснай камунікацыі. У горадзе знаходзяцца два аўтавакзалы: Dworzec Główny (Галоўны аўтавакзал) каля замку (у цэнтры гораду), а таксама Dworzec Południowy (Паўднёвы аўтавакзал), які знаходзіцца насупраць Галоўнага чыгуначнага вакзалу. Але большасьць аўтобусаў ад’яжджае з Галоўнага аўтавакзалу — Паўдёвы аўтавакзал кантралюе адзінкі маршутаў да Сьвідніку і да іншых невялічкіх гарадоў на поўдні Люблінскага ваяводзтва. Аўтобуснае злучэньне абслугоўваецца праз PKS (Państwowa Komunikacja Samochodowa — Дзяржаўны аўтамабільны транспарт), Transped, Polski Express, а таксама прыватныя фірмы.

Люблінскі аэрапорт знаходзіцца за 10 км на паўднёвы ўсход ад гораду. У 2018 годзе ён абслугоўваў 8 кірункаў.

Недалёка ад гораду існуюць два маленькія аэрадромы для невялікага авіяруху. Аэрадром, які належыць да Люблінскага Аэраклюбу (Aeroklub Lubelski), знаходзіцца каля вёскі Радавец (Radawiec). Другі аэрадром — каля Сьвідніку. У асноўным там прызямляюцца толькі лёгкія самалёты і гелікоптары.

Arena Lublin

У горадзе праводзіўся Моладзевы чэмпіянат сьвету па футболе 2019

Кракаўская брама


Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]