Грыб-парасон пярэсты
Грыб-парасон пярэсты | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Грыбы |
Аддзел | Базыдыёмікота |
Кляса | Агарыкамікота |
Атрад | Агарыкавыя |
Сямейства | Печурыцавыя |
Род | Грыб-парасон |
Від | Грыб-парасон пярэсты |
Бінамінальная намэнклятура | |
Macrolepiota procera | |
Грыб-парасо́н пярэ́сты (па-лацінску: Macrolepiota procera; мясц. варона, капялюх, парасонік) — базыдыёмікотавы грыб роду печурыцавых зь вялікім, выпуклым пладовым целам, падобны з выгляду на жаночы парасон.
Шырока распаўсюджаны від у рэгіёнах з умераным кліматам. Часта растуць паасобку на добра ўвільгатнёных глебах, пашах, агародах, часам ва ўзьлесьсі. Сьпелыя грыбы могуць дасягаць 40 см у вышыню і ў дыямэтры шапачкі.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ножка 10—30 см, параўнальна тонкая, полая. Мае вельмі жылістую тэкстуру, што робіць яе неядомай. Дасягае поўнай вышыні перад разгортваньнем шапачкі. Паверхня пакрытая канцэнтрычнымі, падобнымі да зьмяінай скуры лускатымі наростамі, сьветла-бураватая.
Шапачка маладога грыба згорнутая, яйкавіднай формы, аддзеленая ад ножкі кальцом. Па меры вырастаньня мяжа зьнікае, пакідаючы мясістае, рухомае кальцо вакол ножкі. Шапачка дарослага грыба амаль пляскатая, 8—30 см[1] у дыямэтры, з карычневым навершам у цэнтры, па адчуваньнях падобны да скуры.
Пласьцінкі вольныя, вельмі шырокія, белыя, часам зь ледзь заўважным адценьнем ружовага колеру. Аддзеленыя ад ножкі кальцом (калярыюмам). Споры гладкія, бяз колеру. Мякаць белая, мае прыемны пах. На разломах можа паружавець.
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грыб вельмі папулярны праз свой вялізны памер, працяглы сэзон вырастаньня і шматпрыдатнасьць у кулінарыі. У ежу спажываецца толькі шапачка сьвежых грыбоў, якія маюць белыя пласьцінкі і мякаць.
Грыб-парасон цяжка зблытаць зь якім іншым грыбом, асабліва ва Ўсходняй Эўропе, дзе падобны да яго атрутны ілжэпарасон (лац. Chlorophyllum molybdites) не сустракаецца.
Можа ўжывацца ў ежу сырым. Часта замочваецца ў масьле. У краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы гэтыя грыбы звычайна гатуюць як катлеты: абмакаюць у яйкі і сухары і смажаць на алеі ці масьле. Падаюць з хлебам[2].
Падобныя віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Варта адрозьніваць пярэсты парасон і падобны па выглядзе, але меншага памеру грыб-парасон чырванеючы (лац. Chlorophyllum rhacodes), які выклікае лёгкую слабасьць у некаторых людзей, асабліва пры ўжываньні сырым. Чырванеючы парасон расьце ў тых самых мясьцінах. Адрозьніваецца меншымі памерамі, вострым смакам, пачырваненьнем мякаці на пераломах, адсутнасьцю лускі на ножцы і вельмі шурпатай шапачкай.
Грыб-парасон белы — таксама ядомы грыб, па памерах звычайна саступае пярэстаму. Сустракаецца значна радзей і мае менш заўважныя выступы на ножцы.
Печурыцы маюць карычневыя споры, і пласьцінкі дарослых грыбоў не бываюць белымі.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сяржаніна Г. Базідыяльныя грыбы Беларусі: Балетальныя, Агарыкалььныя, Русулальныя.. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — С. 246. — 1700 ас. — ISBN 5-343-01476-3
- ^ Józef Andrzej Bossowski — Czubajka kania (пол.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зуев Д. П. Дары русского леса. — 5-е изд.. — М.: Лесная промышленность, 1988. — 189 с. — 315 000 ас. — ISBN 5-7120-0088-1
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Macrolepiota рrосеrа (Fr.) Sing. (Lepiota procera Quel.) - Гриб-зонтик пестрый (бел. варона, капялюх, парасонік) (рас.) Макромицеты. «Библиотека о грибах». Праверана 16 лістапада 2010 г.